"Не мной правілы прыдуманыя, не мне іх парушаць". Як існуюць няпісаныя правілы камунікацыі ў месцах зняволення
У Беларусі ў месцах зняволення даўно існуюць негалосныя правілы камунікацый зняволеных паміж сабой. Яны адрозніваюцца ў тых, што напісаныя ў дакументах, а мова камунікацыі і турэмны слэнг часта зразумелы толькі ягоным носьбітам.
Каб зразумець, якія негалосныя правілы камунікацыі існуюць у месцах зняволення, а таксама, як самі палітвязні ўпісваюцца ў чужую для іх сістэму, "Вясна" пагутарыла з палітвязнямі, якія прайшлі праз СІЗА і калоніі. У мэтах бяспекі іх імёны не называюцца. Пасля гэтага мы папрасілі пракаментаваць іх псіхатэрапеўтку, якая працавала ў пенетенцыярнай сістэме Беларусі.
"Гэта было свайго роду паказальным прыніжэннем"
Іерархія ў месцах зняволення
Асаблівым чынам у месцах зняволення ўтвараецца пэўная іерархія. Гэта не датычна, напрыклад, ЦІП Акрэсціна: усё залежыць ад канцэнтрацыі палітычных і “крымінальнікаў” у камеры, але агулам камунікацыя грунтавалася на ветлівасці з улікам турэмнай спецыфікі. У астатніх месцах зняволення пэўная іерархія прасочваецца. На Валадарцы ў кожнай камеры ёсць “сматрашчы” (некаторыя адзначаюць, што ў гэтым месцы такі чалавек называецца “старэйшым па камеры”). Звычайна гэта той чалавек, які сядзіць дольш за ўсіх, альбо самы дасведчаны (паводле іншых звестак, яны прызначаюцца міліцыянтамі, каб было зручней “трымаць” камеру). Па спецыяльных “шляхах” (праз вокны ці туалет) ён атрымлівае паведамленні (“м-кі” ці “малявы”) ад “старэйшага” па СІЗА. Калі чалавека, які чымсьці правініўся (трапіў у СІЗА за гвалтоўныя артыкулы, скарыстаўся рэчамі, якія ўпалі ў зоне прыбіральні, не падпарадкаваўся “старэйшаму”), “адсаджваюць” (пазбаўляюць спальнага месца і кідаюць яму матрац каля дзвярэй), менавіта ён вырашае, ці ўзнавіць яго ў правах ( “адшаптаць” ). Часам такія справы разглядае нават “сматрашчы” па СІЗА. З такімі правіламі “новапрыбыўшых” знаёмяць, калі раптам чалавек упершыню нешта робіць не так — могуць заплюшчыць вочы.
На Валадарцы існуюць як “рэжымныя” камеры (каля 5-6 камераў), якія цалкам падпарадкоўваюцца рэжыму турмы. У гэтым выпадку часам супрацоўнікі могуць параіцца са “старэйшым”, каго “падкінуць” у камеру. Нерэжымныя камеры могуць пратэставаць: напрыклад, абвяшчаць галадаванні.
Вязні адзначаюць, што СІЗА фактычна рыхтуе чалавека да калоніі, усім тлумачацца “турэмныя парадкі”. Гэтым нават прыгражаюць у СІЗА: калі хтосьці парушае правілы, яго папярэджваюць, што наперадзе ўсе могуць сустрэцца ў калоніі — а там ужо іншыя ўмовы. Але, напрыклад, у 15-й калоніі не існуе пэўнай паралельнай іерархіі, бо там утрымліваюць гэтак званых “першаходаў”: людзей, хто знаходзіцца ў зняволенні ўпершыню. Таму там па вызначэнні не бывае “злодзеяў у законе” і “аўтарытэтаў”. Затое пэўная іерархія вызначаецца іншым чынам. Ёсць звычайныя актывісты — старшыня савету атрада, кіраўнікі камісій (спартовай, бытавой, культмасавай), ёсць брыгадзіры вытворчых брыгад. Таксама існуюць гаспадарчыя пасады, якія даюць пэўныя гаспадарчыя паўнамоцтвы (загадчык лядоўкі, загадчык складу рэчаў). У пэўнай ступені ад кожнага з іх можа нешта залежыць, і зняволеныя мусяць будаваць свае стасункі з імі з ўлікам гэтага, але могуць не звяртаць ўвагі.
Каментар псіхатэрапеўткі:
— У нармальным грамадстве ёсць законы, якія ахоўваюць яго інтарэсы. А ёсць крымінальны закон, калі людзі робяць, што хочуць, і не прытрымліваюцца правілаў не чыніць шкоду іншым. Гэта і трымае крымінальную структуру, бо любой групе патрэбныя правілы. Але гэтая сістэма дастаткова скажоная. Варта адразу зразумець, што злачынная псіхалогія — заўсёды перверзная. Гэта значыць, што пэўныя маральныя нормы грамадства ў крымінальным свеце перакручаныя. Напрыклад, мужнасць палягае не ў тым каб абараніць, а ў тым, каб забіць.
Палітзняволеныя, якія трапляюць у гэтую сістэму і вымушаныя прытрымлівацца такіх правілаў, выглядаюць тут асобнай групай, бо яны не належаць да крымінальнага свету. Калі чалавек знаходзіцца ў зняволенні не так доўга (прыкладна да года), у яго можа атрымацца дыстанцыянавацца і знаходзіць мову з крымінальным светам. Калі ты знаходзішся там больш за год, то мусіш ужо ўбудавацца ў гэтую сістэму. Гэта падобна да таго, што адчувае ўся краіна: калі ты мусіш падпарадкоўвацца парадкам, якія супрацьстаяць прыродзе, здароваму сэнсу, дзе ўсё перакулена. Табе прыходзіцца быць тым, кім ты не з’яўляешся, і тады выратаваць можа, калі ты ўнутры сябе пераўтвараеш гэта ў гульню. Дысацыюешся ад сябе, убудоўваешся ў сістэму і жывеш паводле яе правілаў, але памятаючы ўнутры, які ты. Але ты жывеш толькі на палову.
Пасля такой траўмы чалавек губляе частку сябе, эмоцый і перажыванняў, веру ў справядлівасць і чалавечнае стаўленне да цябе іншага чалавека. І далей ужо залежыць, як ён будзе праходзіць гэты досвед. Ад выкліканага зняволеннем пачуцця спустошанасці могуць выратаваць крышкі чалавечага стаўлення, якое можна вылавіць у турме, кантакты з людзьмі пасля вызвалення. Агромністы кошт за тое, што ты быў чалавекам, а цябе за гэта пакаралі, прыводзіць да абесчалавечвання і цынізму. Пасля турмы страчваецца вера ў чалавечыя стасункі, таму можа быць шмат недаверу, ізаляцыі, бо чалавек адчувае, што ніхто не зразумее ягоны досвед. Таму вельмі важна выцягваць людзей цікаўнасцю да іх гісторыі, спробамі зразумець яе.
Псіхалагічная дапамога: Цяжкасці адаптацыі палітвязняў і спосабы ім дапамагчы
Асобныя групоўкі
Ва ўсіх месцах зняволення вылучаюцца пэўныя групы людзей. Напрыклад, існуе негалоснае правіла не ўступаць ні ў якія зносіны з людзьмі сацыяльна нізкага статусу (у асноўным, гэта тыя, хто сядзіць за пэўныя злачынствы сэксуальнага характару, аднак у гэтую "групу" могуць і "перавесці"), забараняецца нават браць у іх штосьці з рук: у такім выпадку ты мог перайсці ў тую ж групу. Але пры гэтым частаваць іх можна. Такім людзям забаронена ўступаць ў кантакт з звычайным асуджаным, бо той можа і не ведаць, хто перад ім: тады людзі з гэтай групы (іх часта называюць "апушчанымі") мусіць папярэдзіць. Яшчэ ў СІЗА здараюцца выпадкі, што не дасведчаны чалавек выпадкова дакранецца да ўнітазу (гэта таксама нефармальна дазволена толькі людзям з нізкім сацыяльным статусам). Тады яго адсаджваюць у бок, пакуль адміністрацыя СІЗА ці “сматрашчы” не вырашаюць, што з ім рабіць. Ва ўсіх згаданых суразмоўцамі “Вясны” выпадках справы “спускалі на тармазах”. Адзін з былых зняволеных адзначаў, што небяспека палягае ў тым, што калі пасля СІЗА ў калоніі даведаюцца, што ты сядзеў з такім чалавекам, пазбаўленне ў правах можа распаўсюдзіцца і на цябе.
Ціск зазнаюць і прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці, якіх таксама абмяжоўваюць у правах, у дачыненні да іх ёсць шэраг абмежаванняў у паводзінах і камунікацыі. Аднак у “палітычных” камерах у ЦІП на Акрэсціна часта нават не адчужаюць прадстаўнікоў. Ім забаранялася толькі чапаць кран як месца агульнага карыстання — воду для іх налівалі ў бутэльку. Таксама яны займалі палову камеры бліжэй да дзвярэй. Іншага ціску яны не адчувалі. Распаўсюджваецца пэўныя правілы і агулам на зону прыбіральні: у СІЗА на Валадарцы ўсё, што ўпала ў гэтай зоне выкідаецца (“адсажваецца”). А ў пэўных месцах зняволеным забараняецца нават зліваць за сабой ваду, бо гэта занятак для людзей з нізкім сацыяльным статусам. У адной з калоній для іх ёсць пэўнае месца пад лесвіцай, дзе яны жывуць (раней яны ўвогуле жылі на вуліцы), для іх ёсць асобная лаўка ззаду ў агульных месцах — напрыклад, дзе глядзяць тэлевізар. Для іх ёсць асобнае месца і на прамысловай зоне, у іх ёсць асобны кут у жылой зоне.
Апроч гэтага, існуюць і іншыя групоўкі. У ПК-15 існуюць пэўныя нефармальныя групоўкі — прыкладам, "цыганы". Іх шмат, яны заўсёды разам, і з імі трэба лічыцца іншым. Іншая суполка — "наркаманы" (арт. 328, асуджаныя па іншых наркатычных артыкулах), яны таксама часцей групуюцца разам, яны падобныя і паводле ўзросту і адукацыі. Групуюцца і аматары "футболу", і "спартоўцы" — хто ў спорт-гарадку цягае "жалеза", аматары розных настольных гульняў, як нарды ці даміно. Асобнай супольнасцю ў месцах зняволення сталі палітвязні, хаця камунікацыя паміж імі часта забароненая.
Псіхалагічная дапамога: Правілы аказання першай дапамогі людзям, якія сутыкнуліся з гвалтам і катаваннямі
Каментар псіхатэрапеўткі:
— У перверсіўным свеце ніколі не дапушчаная іначасць. Усе мусяць быць аднолькавыя і падпарадкаваныя іерархіі. Таму вылучаюцца пэўныя групоўкі, бо важна, каб гэтая іначасць таксама была ў межах іерархіі. Таму яны сябе дзеляць, стараюцца не трапіць з аднаго клас у другі.
У норме гомасэксуалізм — гэта толькі пра тое, каго я выбіраю ў якасці аб’екта, падобнага ці не падобнага да мяне. І ў людзей сэксуальны акт — гэта пра блізкасць ці задавальненне сваіх жаданняў па ўласнай згодзе, гэта нармальная сэксуальнасць. Але калі ў крымінальным свеце існуе перверсія, там няважна, ці гэта гома- , ці гетэрасэксуальны акт, там іншы чалавек успрымаецца як рэч. І стаўленне апынаецца, каб падпарадкаваць сабе іншага і ўсталяваць над ім уладу. Тыя, хто ўсталяваў уладу, у такім успрыманні — “малайцы”, і пеніс у гэтым свеце з канкрэтным прадметным мысленнем — зброя, з дапамогай якой гэтая ўлада дасягаецца. Гэта перверсіўны сэксуальны акт, ты на самай нізкай іерархіі, бо над табой усталявалі ўладу, а не выказванне кахання.
Мова месцаў зняволення
Амаль кожная рэч у зняволенні мае сваю назву. Часта мова ў месцах зняволення ўзнікае праз зручныя скарачэнні, там працягваюць выкарыстоўваюць словы, якія ўзніклі яшчэ ў савецкія часы. Таксама ёсць скарачэнні па сэнсе: напрыклад, тых, хто “стучыць” на іншых называюць “барабаны”. “Мокрая дарога” — шляхі камунікацыі праз каналізацыю (у адрозненні ад звычайнай, дзе сувязь адбываецца праз вокны). “Кармушка” — вакенца, праз якое зняволеныя атрымліваюць ежу.
Паводле сведчанняў былых палітвязняў, на Валадарцы і ў ПК-15 у Вейна супрацоўнікі фармальна змагаюцца са “злодзеяўскімі традыцыямі”. Напрыклад, прадугледжанае пакаранне за слэнг: за словы "кешар" (торба), "кліф" (куртка) і гэтак далей могуць пакараць, даўшы нават ШІЗА. Фармальна могуць скласці пратакол і пакараць таксама за лаянку і гэта выкарыстоўваецца адміністрацыяй. Варта адзначыць, што неабавязкова, што зняволены сапраўды гэтак сказаў: дастаткова сігналу “стукача”, і ў пратакол запішуць, што такое было ды пакараюць. Гэтак часта выкарыстоўваюць у дачыненні да палітычных. Змагаюцца і з пэўнымі традыцыямі: напрыклад, як піць “чыфір” (крута завараны чай), зладжваць провады і ўводзіны ў атрад. У СІЗА на Валадарцы можна адхапіць за слова “прадольны”, бо гэта ўспрымаецца як сінонім сэкс-працаўніцы. Часам могуць даваць рапарт адказным за “дарогі”, а часам нават адзначаць, што яна паламалася.
Чаму так зручна адміністрацыі?
Суразмоўцы “Вясны” адзначаюць, што часта адміністрацыі зручна прытрымлівацца такіх няпісаных правілаў, часам яны выкарыстоўваюць іх у сваіх інтарэсах, бо праз пагрозу пераводу людзей у нізкі статус можна пагражаць, ціснуць, дамагацца нечага, ў тым ліку і згоды на стукацтва. Напрыклад, у адной з калоній гэта таксама выкарыстоўвалася для ціску над палітвязняў: падчас так званай “прыборкі, якая кантралюецца”, калі зняволеныя кожны ў свой час прыбіраюць памяшканне, да палітвязняў падыходзіў супрацоўнік калоніі і пад відэазапіс пытаўся ў іх, ці не будуць яны прыбіраць прыбіральню. Калі яны адмовіліся, іх адправілі ў ШІЗА.
— У зэкаў нейкая іерархія складваецца, калі ёсць пагроза апынуцца ў нізе, атрымліваецца нейкая самаарганізацыя. Мы неяк на Валадарцы пра гэта размаўлялі, гучала версія, што правіла "нельга нічога браць з таго, што ўпала на падлогу" з'явілася яшчэ ў старых турмах, дзе была была вялікая антысанітарыя. І гэта захавалася як лагічная перасцярога, — адзначае адзін з вязняў.
Іншы дадае, што СССР зрабіў шмат, каб людзі былі знаёмыя з турэмнай культурай. Таму шмат для каго з супрацоўнікаў гэта блізкая культура. Ён адзначае: — Гэта сістэма ўзаемных саступак, і яе хутка не змяніць, бо гэта выгадна і адміністрацыі. Турэмныя правілы — гэта спосаб у тым ліку аказваць на зняволеных дадатковы ціск: ШІЗА, дрэнныя камеры, з якіх табе трэба выбрацца за некалькі хвілін.
Яшчэ адзін суразмоўца дадаў, што “рэжымныя” камеры на Валадарцы, напрыклад, штотыдзень скідваюцца некалькімі пакетамі ежы і кудысьці адпраўляюць праз міліцыянтаў. Фармальна гэта называецца “дапамогай тым, хто мае патрэбу”, але ці асядае гэта ў кішэнях тых жа супрацоўнікаў, невядома. “Але не мной гэтыя правілы прыдуманыя, не мне іх парушаць”, — рэзюмуе ён. Іншы былы палітвязень дадае, што праз шэраг такіх своеасаблівых нормаў у камунікацыі ў зняволеных ёсць адчуванне, што яны знаходзяцца ў грамадстве — няхай і своеасаблівым і не вельмі прыемным.
Псіхалагічная дапамога: Наступствы для псіхікі агрэсараў і саўдзельнікаў гвалту
Каментар псіхатэрапеўткі:
— Нажаль, міліцыя і супрацоўнікі пенітэнцыярнай сістэмы часта надзеленыя той жа самай злачыннай псіхалогіяй. У Беларусі крымінальны і міліцэйскі светы не вельмі адрозніваюцца адзін ад аднаго, бо крымінальны закон устанавіўся агулам у краіне: кіруе той, у каго сіла і ўлада. Гэта таксама перверсія: нам падсоўваюць законы, толькі каб усталяваць крымінальны парадак. Крымінальная псіхалогія ім адпавядае, таму яны прытрымліваюцца гэтай сістэмы і нават заахвочваюць да яе.
Калі адміністрацыя пагражае турэмным парадкам, я ўпэўнена, што гэта падобна на сітуацыю, калі гвалт ёсць у сям’і. Нават калі гвалтаўнік кажа, што не сарвецца, калі жанчына будзе сябе добра паводзіць, ён маніць. Калі чалавек ужо трапіў у турму, на ім будуць зрывацца. Будзе ці не будзе ён падпарадкоўвацца, гвалтаўнік працягне чыніць гвалт, проста яму трэба скінуць з сябе адказнасць і пакласці віну на ахвяру.
ДЭ-ЮРЭ
Такія правілы існуюць у рэчаіснасці, але юрыдычныя нормы прапаноўваюць іншыя спосабы камунікацыі. Юрыдычная служба “Вясны” тлумачыць, як мусяць будавацца стасункі паміж зняволенымі дэ-юрэ.
— Якія нормы і правілы рэгулююць паводзіны ў камерах і атрадах у СІЗА і калоніях?
— Агулам паводзіны зняволеных рэгулююцца некалькімі нормамі: Крымінальна-выканаўчым кодэксам, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад вартай”, Правіламі ўнутранага распарадку следчых ізалятараў і папраўчых устаноў. Адзін з абавязкаў асобаў — быць ветлівымі паміж сабой. Гэта зафіксавана ў правілах унутранага распарадку адразу некалькіх устаноў — папраўчых устаноў, СІЗА, следчых ізалятараў КДБ.
Акром гэтага, шмат дзе асобна прапісана, што зняволеныя маюць права на асабістую бяспеку. Гэта права мусяць забяспечваць супрацоўнікамі ўстаноў, Таму калі зняволеныя падпадаюць пад небяспеку з боку іншых зняволеных, яны мусяць паведаміць пра гэта любой службовай асобе. І яны абавязаныя прыняць пэўныя захады, каб забяспечыць зняволеным асабістую бяспеку. Напрыклад, паводле арт. 11 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, начальнік установы па заяве асуджанага ці па ўласнай ініцыятыве прымае рашэнне перавесці зняволенага ў бяспечнае месца ці іншыя меры, якія ліквідуюць пагрозу асабістай бяспецы асуджанага.
Паводле арт. 11 Закона “Аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад вартай”, калі ўзнікае пагроза для жыцця і (ці) здароўя зняволеных альбо пагрозы здзяйснення супраць яго злачынства з боку іншых зняволеных, супрацоўнікі мусяць неадкладна прыняць меры па забеспячэнні асабістай бяспекі асобы, якая змяшчаецца пад вартай.
— Ці могуць быць нейкія санкцыі, калі зняволеныя не выконваюць правілы камунікацыі адзін з адным?
— Асуджаныя, якія парушылі абавязак быць ветлівымі паміж сабой, могуць быць прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці (гл.ч. 1 і 4 артыкула 9 УВК). За невыкананне ўстаноўленых абавязкаў да асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, могуць прымяняцца такія меры спагнання, як папярэджанне; вымова; змяшчэнне ў карцэр або адзіночную камеру на гаўптвахце на тэрмін да дзесяці сутак (ч.1 арт. 33 Закона «аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай»).
За выкананне абавязкаў зняволенымі сочаць супрацоўнікі ўстаноў і месцаў утрымання пад вартай. Але варта адзначыць, што калі справа тычыцца ветлівых зносін асуджаных і асоб, якія знаходзяцца пад вартай, часам бывае цяжка вызначыць, ці сапраўды было парушэнне. Аднак, калі адзін зняволены прыніжае, абражае іншага зняволенага, то-бок прыніжае чалавечую годнасць, то пра гэта можна заявіць любой службовай асобе праз вусны альбо пісьмовы зварот. Вядома, гаворка ідзе пра нормы закона: зняволены сам вырашае, як і ў якіх сітуацыях можна скарыстацца дадзенай нормай.
— Як дапамагчы зняволеным даць рады канфліктам?
— Па факце мы назіраем, што цяпер няма калоній, дзе сітуацыю кантралюе хтосьці, акрамя адміністрацыі, але тым не менш няпісаныя правілы існуюць, і зняволеныя вымушаныя іх прытрымлівацца. Адпаведна, улічваюцца не толькі пісаныя правілы, але і няпісаныя.
Таму варта нагадаць, што зняволеныя маюць права на псіхалагічную дапамогу ў пераадоленні канфліктаў і выказванні агрэсіі, калі яна яму неабходная. Псіхалагічная дапамога мусіць дабраахвотна аказвацца кваліфікаванымі псіхолагамі. Артыкул 107 Крымінальна-выканаўчага кодэкса вызначае кола сітуацый, калі можа быць аказаная дапамога: гэта адаптацыя да ўмоў утрымання, пераадольванне канфліктаў, нармалізацыя псіхалагічнага стану і нейтраліхацыя адмоўных установак асобы.
Як ў міжнароднай практыцы?
У краінах Еўрапейскага Саюза — напрыклад, у Эстоніі, у заканадаўстве не змяшчаецца асобнага пункта, што зняволеныя абавязаны быць ветлівымі паміж сабой. Гэта вынікае з іншых правоў, уласцівых чалавечай асобы: напрыклад, права на павагу чалавечай годнасці або забароны на бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне. Таму, калі зняволенага зневажаюць іншыя зняволеныя ці іншым чынам ужываюць псіхалагічны або фізічны гвалт, то супрацоўнікі турмы абавязаны яго абараніць. Гэта значыць, асаблівая ўвага надаецца не манеры зносін паміж пазбаўленымі волі, а бяспекі гэтых асоб. Увядзенне такога абавязку, як быць ветлівым, супярэчыць правілу імкнення зводзіць да мінімуму розніцу паміж жыццём у турме і жыццём на волі. Пра гэта можна пачытаць у Правілах Нэльсана Мандэлы.
— Калі яны выходзяць з месцаў зняволення, мусіць адбыцца рэсацыялізацыя, яны мусяць зноў стаць чальцамі грамадства, — рэзюмуе псіхатэрапеўтка. — Але ў беларускіх турмах працягваюць захоўвацца крымінальныя парадкі, якія пераносяцца нават за сцены турмаў. Гэта не мае нічога агульнага з сістэмай выпраўлення — гэта лагер, зламаць і падавіць чалавека, пакінуць яго маргіналам. Толькі калі ў Беларусі будзе ўсталёўвацца закон як закон, то і турэмная сістэма можа гуманізавацца. Бо тое, як выглядае турма ў краіне, апісвае, што адбываецца ў гэтай краіне.