viasna on patreon

Затрыманні нібыта за пагрозы і заклікі да "радыкалізацыі пратэстаў": хроніка пераследу 26 студзеня Дапоўнена

2024 2024-01-26T14:31:01+0300 2024-01-26T17:47:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_26_01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

За «экстрэмізм» у «Аднакласніках» аштрафавалі жыхарку Наваполацка

Суддзя Зінаіда Балаболава 11 студзеня за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» пакарала штрафам у памеры 600 рублёў удзельніцу Школы ўсходняга танца «Джан» Вольгу Сачыўку.

У судовым пасяджэнні стала вядома, што Вольга на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» мела спасылкі на інтэрнэт-супольнасць з назвай «STOP LUKA» і інтэрнэт-старонку з назвай «Belsat». Жанчына ў судзе віну прызнала, на даследаванні доказаў па справе не настойвала, піша «Віцебская Вясна».


Паляванне на родных актывістаў працягваецца 

«Віцебскай Вясне» стала вядома, што 23 студзеня ў Полацку была затрымана Людміла Воўк — гэта маці Ганны Тукавай, якая 1 верасня 2022 году падчас лінейкі ў наваполацкай гімназіі №1 зладзіла антываенную акцыю. Тады Ганну тройчы аштрафавалі — агулам яна павінна была заплаціць дзяржаве 7 360 рублёў.

Прычына затрымання Людмілы і яе далейшы лёс — невядомыя.


Палачанку Людмілу Анашкевіч арыштавалі на 15 сутак за «экстрэмісцкую» спасылку ў прыватнай перапісцы

65-гадовая спадарыня Людміла трапіла пад «хапун» 23 студзеня. Супрацоўнікі КДБ забралі ў яе мабільны тэлефон і лісты Вольгі Брыцікавай, лідаркі незалежнага прафсаюза «Нафтана».

Падставай для складання пратакола стала прыватная перапіска са знаёмым, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы: жанчына пераслала яму спасылку на артыкул з рэсурса, які прызналі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».

25 студзеня жанчыну асудзілі да 15-ці сутак арышту. Справу, распачатую паводле ч.2 арт.19.11 КаАП РБ, у судзе Полацка і Полацкага раёна разглядаў суддзя Андрэй Дзергачоў, піша «Віцебская Вясна».


У Мінску затрымалі мужчыну, які нібыта пагражаў фізічнай расправай міліцыянту

Паведамляецца, што 39-гадовы майстар вытворчага навучання сталічнага каледжа ў адным з «дэструктыўных telegram-чатаў» апублікаваў пагрозы фізічнай расправы на адрас супрацоўніка Савецкага РУУС Мінска.

Супраць мінчука распачалі крымінальную справу за пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.


ГУБАЗіК затрымаў мужчыну за заклікі да радыкалізацыі пратэстаў

«Пакаяльнае відэа» з ім апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Сілавікі сцвярджаюць, што затрыманы таксама «падтрымліваў сувязь з экстрэмісцкім фармаваннем», таму яму пагражае два артыкулы крымінальнага кодэксу.


Супраць былой палітзняволенай распачалі крымінальную справу за інтэрв'ю «экстрэмісцкаму фармаванню»

У пракуратуры заявілі, што жанчына ў 2021 годзе была асуджаная на 2,5 года калоніі за ўдзел у пратэстах. Пасля таго, як адбыла свой тэрмін, яна з'ехала з Беларусі і дала інтэрв'ю «экстрэмісцкаму фармаванню» аб абставінах яе затрымання, асуджэння і ўмовах адбыцця пакарання ў папраўчай калоніі.

Жанчыне інкрымінуюць аказанне садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК РБ). Адзначаецца, што фігурантка справы знаходзіцца за мяжой.

Мяркуючы па апісанні, верагодна, гаворка ідзе пра былую палітзняволеную Ганну Вішняк.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства