"Самы звычайны ціск". Як і для чаго палітвязняў у калоніях робяць "злоснікамі"
Пераслед затрыманага па палітычных матывах не сканчваецца вынясеннем судовага рашэння. У месцах зняволення на палітвязняў працягваюць аказваць ціск рознымі спосабамі. Адным з такіх метадаў у калоніях і турмах з'яўляецца прысваенне вязню статусу "злоснага парушальніка рэжыму". Адміністрацыі імкнуцца зрабіць "злоснікамі" амаль усіх палітвязняў, бо гэта накладае на іх дадатковыя абмежаванні і ўскладняе жыццё за кратамі, а таксама пазбаўляе іх права, напрыклад, на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. "Вясна" распавядае, як у зняволенні надаюць статус "злоснага парушальніка рэжыму" і якія наступствы гэта мае для вязня, былыя палітзняволеныя дзеляцца ўласным досведам і тлумачаць, чаму статус "злосніка" можна лічыць ціскам, а юрысты каментуюць гэтую заганную практыку.
Хто такі "злосны парушальнік рэжыму"?
Паводле арт. 117 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, злосным парушальнікам рэжыму прызнаюць вязня, які за адпаведны перыяд здзейсніў адразу некалькі парушэнняў вызначанага парадку адбыцця пакарання. А менавіта, калі ў яго ёсць не меней за:
- чатыры вымовы ці чатыры пазачарговыя дзяжурствы па прыбіранні памяшканняў ці тэрыторыі папраўчай установы;
- тры спагнанні, адно з якіх — пазбаўленне чарговай пасылкі ці перадачы, а таксама пазбаўленне чарговага працяглага ці кароткатэрміновага спаткання;
- два спагнанні, адно з якіх — змяшчэнне асуджанага ў ШІЗА.
Як адзначае праваабаронца і былы палітзняволены віцебскай калоніі № 3 Леанід Судаленка, злоснымі парушальнікамі асуджаных робіць адміністрацыя калоній, і тлумачыць парадак гэтай працэдуры:
"Вязню выпісваюць два-тры парушэнні, потым вядуць яго ў штаб на камісію, дзе начальнік калоніі ці яго намеснік робіць выгляд, што разглядае справу ўважліва, пры гэтым, можа задаць пытанне (але гэта ўсё фармальна), нават калі ты адмаўляеш парушэнні. Пасля гэтага проста даюць падпісацца пад новым статусам і тлумачць, што цяпер на атаварку (краму ў калоніі) ў месяц замест шасці базавых велічыняў ты маеш права толькі дзве. Таксама пазбаўляюць спаткання з блізкімі".
Статус "злосніка" як дадатковы ціск на палітвязня і пачатак новага пераследу
Адміністрацыі калоній імкнуцца перавесці ў "злосныя парушальнікі рэжыму" амаль усіх палітычных зняволеных. Гэта робіцца дзеля таго, каб не выпускаць іх па ўмоўна-датэрміновым вызваленні, каб не было замены рэжымаў на мякчэйшыя і, вядома, каб не падпасці пад амністыю. Акрамя гэтага, гэты статус накладае дадатковыя абмежаванні на вязня. Праваабаронцы і самі палітзняволеныя расцэньваюць такую практыку як дадатковы ціск на асуджаных па палітычных матывах.
"Канешне, гэта ціск. Бывае, у каго сканчваецца тэрмін другога парушэння, яго працягваюць, каб у вязня пастаянна вісела два. Гэта нагода змясціць яго ў ШІЗА. Сярэднестатыстычны палітвязень у "Віцьбе" сядзеў там не менш 20 сутак, хаця за адно пакаранне могуць выпісаць максімальна 10 сутак, але іх працягваюць колькі хочуць. Напрыклад, Дзіму Дубоўскага зрабілі "злоснікам" за некалькі тыдняў і адправілі на "крытую". Зняволеныя, якіх асудзілі не па палітычных матывах, зазвычай былі там без працягвання", — распавядае былы палітзняволены Леў Антанюк, які таксама адбываў у калоніі № 3 тэрмін паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Гэтай жа думкі прытрымліваецца і другі былы палітвязень з "Віцьбы" Леанід Судаленка:
"Гэта і ёсць самы звычайны ціск, які выгадны адміністрацыі. Апера могуць рабіць з тым ці іншым асуджаным, што хочуць. Ад мяне, як і ўсіх палітычных, чакалі прызнанне віны, таму і статус такі далі адразу, бо я публічна яе не прызнаваў і не прызнаў. У "Віцьбе" пасля абвяшчэння амністыі ў снежні 2022 года, быў такі выпадак, калі прыбягае зранку опер у атрад, пастроіў у лакальным участку ўсіх 28 палітвязняў і кажа: "Хто прызнае віну — крок наперад". Выйшлі амаль усе, засталіся — я і яшчэ два хлопцы".
Мой статус быў "злосны парушальнік". Леанід Судаленка — пра зняволенне, ад’езд з Беларусі і салідарнасць
Адзначым, што прызнанне "злоснікам" набліжае вязняў да новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК або да перавода на "турэмны рэжым". Згодна з п. 5 арт. 69 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, асуджаныя да пазбаўлення волі, што злосна парушаюць устаноўлены парадак адбыцця пакарання, могуць быць пераведзеныя з папраўчай калоніі для асобаў, упершыню адбываючых пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, і папраўчай калоніі для асобаў, што раней адбывалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, у турму на тэрмін не звыш трох гадоў з адбыццём астатняга тэрміну пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах таго рэжыму, які быў прызначаны па выніку суда.
"Адміністрацыя рыхтуе паперы ў раённы суд па месцы калоніі, які дабаўляе новы тэрмін", — адзначае Леанід Судаленка.
Па даных "Вясны", за апошнія тры гады супраць мінімум 33 палітвязняў узбудзілі крымінальныя справы паводле гэтага артыкула, а супраць некаторых з іх — двойчы.
Сон на падлозе і расшпілены гузік: як палітвязняў пераследуюць за "злоснае непадпарадкаванне" ў зняволенні
"Я напрыклад да апошняга баяўся, што не выйду "па званку" [па адбыцці тэрміну], хоць блізкім аб гэтым і не казаў. То бок жывеш увесь час у стрэсе ад гэтага", — дзеліцца Леанід.
Дзве базавыя на краму, зрыў трохкутніка з рукава. Якія абмежаванні маюць "злоснікі"
Статус "злоснага парушальніка рэжыму" накладае на вязняў дадатковыя абмежаванні, галоўнае з якіх — змяншэнне "атаваркі" да дзвюх базавых велічыняў (74 рублі ў месяц). На гэтыя грошы, як адзначаюць зняволеныя, без заробку і з пазбаўленнем пасылак у калоніі вельмі цяжка выжываць.
"З улікам, што табе трэба мыла, шампунь, паста і г.д., на харчаванне ў цябе не застаецца грошай, нават калі яны ў цябе ёсць у наяўнасці", — дзеліцца досведам былы палітзняволены Леў Антанюк.
Таксама "злоснікі" не могуць афіцыйна ўваходзіць у склад розных секцый — ім зрываюць трохкутнік [жоўтую нашыўку] з рукава.
"Як толькі ты заязджаеш у рэжымныя ўстановы, то з табой праводзяцца гутаркі з удзелам начальніка ці яго намесніка, "апероў". Потым цябе размяркоўваюць у атрад, а пасля запісваюць у секцыю. Напрыклад, у секцыю аховы працы ці ў секцыю ўнутранага парадку. Табе выдаюць трохкутнік з пазначэннем адпаведнай секцыі. Калі ты робішся злосным парушальнікам, то з цябе паказальна зрываюць гэты трохкутнік, каб усе бачылі, што ты не варты знаходзіцца ў гэтай секцыі. І па калоніі ты ходзіш без гэтага трохкутніка — усе разумеюць, што ты з'яўляешся "злоснікам". Такая гульня на публіку і запалохванне іншых зняволеных", — распавядаў былы палітзняволены з бабруйскай калоніі № 2 Віталь Жук.
Былая палітзняволеная (імя не называецца ў мэтах бяспекі) адзначае, што сітуацыя з перводам у "злосніцы" ў жаночай гомельскай калоніі № 4 дастаткова жорсткая і "хвалявытворчая":
"У нас складвалася ўражанне, што гэта ўсё робіцца па званку па патрабаванні ці начальства калоніі, ці вышэй. Але магло быць месяц усё ціха-спакойна, нікога нікуды не выклікалі, а потым працяглы час адбываюцца "рэйды" па палітзняволеных. Я лічу, як і многія іншыя палітзняволеныя, што гэта адзін са спосабаў ціску, які насамрэч вельмі добра спрацоўвае, бо для ўсіх вязняў вельмі важна захоўваць нейкую сувязь са сваякамі. І гэта вельмі моцны рухавік там, каб не з'ехаць зглузду, бо без падтрымкі родных — як псіхалагічнай, так і матэрыяльнай — там вельмі складана.
Адміністрацыя калоніі часта ладзіць такія "брудныя гульні" — яны рукамі іншых зняволеных падкідываюць забароненыя рэчы (напрыклад, таблеткі, лязо, іголкі), каб палітвязням выпісаць парушэнні. Падаецца, толькі ў палітвязняў такое ўзорна-паказальныя паводзіны: рэдка вядуцца на правакацыі, не ўдзельнічаюць у нейкіх прыгодах і плётках. Яны стараюцца ад гэтага ўсяго адасобіцца, таму што ведаюць, якія гэта ўсё можа мець наступствы. Тым не менш, іх імкнуцца ўсімі высілкамі ўвязаць у гэтыя гісторыі, каб у палітзняволеных былі праблемы з парушэннямі, а значыць меў як мага болей абмежаванняў па перадачах, пасылках, спатканнях, краму".
Былая палітзняволеная ўзгадвае выпадкі жорсткага пераследу ў калоніі палітзняволеных жанчын Паліны Шарэнды-Панасюк і Вікторыі Кульшы.
Беларусы на "крытай": як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях
"З такой паперкай мне дарога толькі ў карцар"
Былы палітзняволены Леў Антанюк у калоніі № 3 таксама меў статус "злоснага парушальніка рэжыму". Прычынамі гэтага сталі — некалькі лішніх капертаў і шкарпэтак у торбе, хлеб і тумбачцы і тое, што не павітаўся з атраднікам у яго за спінай. Былы палітвязень распавёў, як гэта адбывалася:
"Першае "парушэнне" я атрымаў яшчэ на каранціне. Адразу. Гэта сталая практыка — выпісаць адразу вязню парушэнне, калі ён трапляе ў калонію. Бо ў многіх, пакуль знаходзяцца ў СІЗА, падыходзіць тэрмін умоўна-датэрміновага вызвалення (УДВ). І гэтаепершае фармальнае "парушэнне" — нагода, каб вязню адмовіць у УДВ.
У мяне ў торбе было на некалькі канвертаў і шкарпэткаў больш, чым было пазначана ў вопісе рэчаў. Я насамрэч не моцна спраўджаў гэты вопіс, і думаў, што не буду марнаваць свой час, бо ўсё роўна напішуць паперку [аб парушэнні]. Мяне выклікалі да намесніка начальніка Ігнатоўскага. Я сказаў яму, што ў яго цікавая прозвішча — такое было ў першага старшыні Інбелкульта (прататыпа Акадэміі навук). Ён мне адказаў, што гэта можа быць яго сваяком і пасмяяўся. А я распавёў, што ён быў рэпрэсаваны ў сталінскія гады, але не сказаў, што той скончыў жыццё самагубствам. Мы разашліся на легкім пакаранні ў выглядзе дадатковай уборкі тэрыторыі.
Другое парушэнне я атрымаў за тое, што не павітаўся з атраднікам. На "лакалке" (лакальным участке), атраднік падыйшоў да Сяргея Пятрухіна, з ім паразмаўляў, а я стаяў за імі, і пасля размовы з Сяргеям, ён развярнуўся да мяне і спытаў, чаму я не павітаўся, хоць на лакальным участке тады было чалавек 50. Я сказаў, што ён не звяртаўся непасрэдна да мяне, але ён сказаў, што "мяне аформіць". Праз два тыдні, мяне выклікалі на прахадную "промкі" (прамысловай зоны). Там быў атраднік, які сказаў, што ён напісаў на мяне рапарт за гэтае "парушэнне". Ён пачаў браць у мяне тлумачэнні і дыктаваць тэкст, што мне напісаць. Але я яму сказаў, што сам гэта зраблю. Я напісаў на ўсю старонку, чаму я з ім не павітаўся са спасылкамі на правілы ўнутранага распарадку (ПУР), і скончыў тэкст словамі: "Віну не прызнаю, чыстасардэчна не каюся". Але атраднік мне сказаў, што з такой паперкай мне дарога толькі ў карцар, дадаўшы: "Запытай у Вінярскага, як такія паперы пісаць". Я вярнуўся ў прамзону, вязні сабралі мне рэчы ў карцар: тапкі, туалетную паперу і іншае. Але па выніку мне далі толькі вымову.
Трэцяе парушэнне я атрымаў за хлеб у тумбачцы. У супрацоўнікаў была такая практыка: прыходзіць па канкрэтнаму адрэсу да канкрэтнага чалавека. Тут было тое ж самае. Гэта сведчыла аб тым, што я "чымсьці не тым" займаюся і "не тое кажу" сярод зняволеных. Да мяне так прыходзілі некалькі разоў. Гэта адбываецца так: яшчэ з калідора ты чуеш "Анта-а-а-анюк", і прыходзяць біба і боба з пытаннем: "Ты Антанюк?" Пасля гэтага ў прысутнасці актывіста (зняволенага, які на пасадзе) аглядае тваю тумбачку і рэчы ў торбе. Тады ў мяне знайшлі хлеб. Было бачна, што ім асабліва не хацелася, штосьці знаходзіць, проста мяне "пакрэпіць", а мне было абыякава. Потым мяне выклікалі і далі строгую вымову, а таксама пазбавілі спаткання. Так я стаў "злосным парушальнікам". Але мне не хапіла тэрміна трапіць у штрафны ізалятар".
"Пусціўся ў слэм пад "Груз", а ў галаве — ўспаміны пра тыдзень у халодным ШІЗА" Вялікая размова з экс-следчым, асуджаным па "справе карагодаў"
Праваабаронцу Леаніда Судаленку ў "Віцьбе" таксама перавялі ў статус "злоснага парушальніка" без змяшчэння ў штрафны ізалятар:
"Мне далі тры спагнанні на роўным месцы: "неахайны" знешні выгляд, незашпілены верхні гузік і не прадставіўся кантралёру, які паўстаў ззаду з ніадкуль.
Я адсядзеў увесь тэрмін без адзінага спаткання з сям'ёй. Таксама зрэзаў нарукаўную нашыўку аб прыналежнасці да секцыі аховы працы, але гэта было фармальнасцю. Мне вельмі не хапала дазволенай сумы грошай на атаварку. Але, самае галоўнае, я не стаў на шлях выпраўлення, значыць на мяне не распаўсюджваліся ніякія плюшкі: умоўна-датэрміновае вызваленне, замена рэжыму, амністыя, нават прашэнне аб памілаванні, каб я яго напісаў".
Што парушае такая практыка?
Праваабаронца Леанід Судаленка, адзначае, што такое стаўленне да палітвязняў парушае не толькі міжнародныя стандарты, а нават нацыянальнае заканадаўства:
"Бо гэта нічым не прыкрытая дыскрымінацыя па палітычных матывах. Аспрэчыць такое стаўленне практычна не магчыма. Бо калі прыязджаюць розные правекі ці камісіі ў калонію, усе палітычныя знаходзяцца на працы ў цэхах, куды камісію не павядуць. Праверку павядуць у атрад, дзе звычаынйя асуджаныя — пенсіянеры, якія глядзяць тэлевізар, скажуць: "Дзякуй, што пасадзілі!"
Леанід Судаленка спрабаваў у калоніі абскарджваць праз адваката, але замест абароны сваіх правоў ён атрымаў пагрозы:
"Да мяне завітаў опер і папярэдзіў, што калі яшчэ хоць раз адбудзецца нешта падобнае, то я згнію ў штрафным ізалятары..."
Юрысткі "Вясны" падкрэсліваюць, што міжнародныя стандарты замацоўваюць, што ніводны зняволены не можа быць пакараны без папярэдняга інфармавання і магчымасці абараніць сябе згодна з законам, кампетэнтныя ўлады мусяць падрабязна разглядаць такія справы.
"Але фактычна супрацоўнікі папраўчых устаноў у Беларусі з’яўляюцца тымі, хто вырашае лёс палітзняволеных, у якіх няма магчымасці аспрэчыць законнасць і неаобходнасць пэўных дзеянняў адносна сябе.
Неабмежаваныя паўнамоцтвы супрацоўнікаў і адмінстрацый папраўчых устаноў прывяло да свавольства і тыраніі. Менавіта супрацоўнікі, якія непасрэдна маюць справу са зняволенымі, уплываюць і на вынясенне прысудаў паводле арт. 411 КК.
Пенітэнцыярная сістэма мусіць быць выбудавана так, каб любыя дзеянні супрацоўнікаў у дачыненні да зняволеных маглі падлягаць ацэнцы на прадмет адпаведнасці законам і правам чалавека. Такі парадак рэчаў мусіць быць забяспечаны магчымасцю пісаць скаргі і заявы, падаваць іх начальніку калоніі, у суды і іншыя дзяржаўныя органы, напрыклад, у пракуратуру, якая мусіць сачыць за выкананнем законаў (Мінімальныя стандартныя правілы абыходжання са зняволенымі ААН). Пры гэтым, судовая сістэма мусіць быць цалкам незалежная, суддзі – непрадузятымі і кожнаму і кожнай мусіць быць гарантавана права на справядлівае і публічнае судовае разбіральніцтва.
Пакуль у краіне паўсюдна парушаюцца асноўныя правы чалавека, складана казаць пра магчымасць абараніць свае правы на яе ўзроўні".
Юрыдычная служба "Вясны" заклікае па магчымасці паспрабаваць абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў папраўчых установаў:
"Абскарджанне, нават калі яно не працуе, будзе садзейнічаць расследаванню злачынстваў супраць дзяржаўных служачых Беларусі ў будучыні. Усе скаргі павінны быць зарэгістраваны і на іх павінны рэагаваць суддзі. Але адзначым, што падача скаргі на дзеянні супрацоўнікаў можа прывесці да ўзмацнення рэпрэсій, а таму кожнае рашэнне аб абскарджанні павінна прымацца індывідуальна чалавекам і з улікам усіх абставін выпадку".
Калі вам патрэбна дапамога з абскарджаннем рэпрэсіруючых дзеянняў прадстаўнікоў улады або абскарджванні на міжнародным узроўні, звяртайцеся ў Telegram: @zvarot96 і Email: zvarot@spring96.org.