Жанчыны ў палітзняволенні: хто яны і за што сядзяць
Праваабаронцы "Вясны" сабралі і прааналізавалі дадзеныя па палітычна матываваным крымінальным пераследзе ў дачыненні да жанчын у Беларусі.
Хто за кратамі?
Усяго паводле праваабаронцаў на 25 снежня 2023 года ў Беларусі налічвалася 1496 палітвязняў, з іх 174 жанчын.
З 2020 года да крымінальнай адказнасці па палітычных матывах было прыцягнута не менш за 895 жанчын, у тым ліку сямёра былі асуджаныя ў парадку спецыяльнай вытворчасці (“завочна”) на тэрміны ад 12 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Гэта Аляксандра Герасіменя, Яніна Сазановіч, Валерыя Занямонская, Вольга Высоцкая, Вольга Кавалькова, Марыя Мароз і Святлана Ціханоўская.
Пры гэтым 750 жанчын было прад’яўлена абвінавачванне па адным артыкуле, 92 жанчынам — па двух, 33 жанчынам — па трох, 27 жанчынам — па чатырох і больш артыкулах.
Каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова была асуджаная паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса да 15 гадоў зняволення. Па выніках разгляду апеляцыйнай скаргі тэрмін зняволення быў скарочаны ўсяго на тры месяцы — 14 гадоў і 9 месяцаў пазбаўлення волі.
Таццяна Курыліна таксама была асуджаная па 12 артыкулах, але ёй у віну ставіліся менш цяжкія злачынствы, прысуд склаў чатыры з паловай гады зняволення.
Да дзесяці гадоў зняволення паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса асудзілі Аляксандру Каско, якая вярнулася ў Беларусь з Польшчы.
За кратамі знаходзіцца тыя, хто пацярпелі за дапамогу іншым:
- дзевяць журналістак і прадстаўніц медыя — Кацярына Андрэева, Ксенія Луцкіна, Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Валерыя Касцюгова, Ірына Леўшына, Ірына Слаўнікава, Іна Можчанка, Ларыса Шчыракова;
- дзве адвакаткі — Анастасія Лазарэнка і Юлія Юргілевіч;
- дзве праваабаронцы — Марфа Рабкова і Наста Лойка.
У зняволенні 35 маладых дзяўчат ва ўзросце да 31 года, 13 — пенсіянерак. Самая маладая — 20-гадовая Аніта Бакуновіч, самая старэйшая — 75-гадовая Наталля Таран.
Па якіх артыкулах судзілі?
За перыяд 2020-2023 гг. не менш за 505 жанчын былі прыцягнутыя да адказнасці паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), пры гэтым не менш за 50 жанчын было асуджаная дадаткова па іншых артыкулах.
Яшчэ 151 жанчына была асуджаная за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), з іх 36 — у звязку з іншымі абвінавачваннямі паводле арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варажнечы), арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) ці арт. 391 (абраза суддзі).
59 абвінавачванняў жанчынам было прад’яўлена паводле арт. 368 КК — “абраза Лукашэнкі”, з іх васьмі жанчынам дадаткова ставіліся ў віну і іншыя “злачыствы” (арт. 367, 188, 130).
29 жанчын судзілі нібыта за хуліганства (10 з іх - таксама і па іншых артыкулах), 26 — за “паклёп на Лукашэнку”, 21 — за “супраціў” (арт. 363 КК) або “гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту” ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК). Таксама 21 жанчына была абвінавачана ў распальванні варожасці да супрацоўнікаў міліцыі (11 з іх у звязку з іншымі абвінавачваннямі па артыкулах Крымінальнага кодэкса: 179 — “незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці”, 203-1 — “незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных” , 352 — “неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй” і 426 — “перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў”).
За датычнасць да “экстрэмісцкіх фармаванняў” агулам было асуждана 48 жанчын. Паводле арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) асудзілі 18 жанчын, паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання) — 13, а па. арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) — 17.
Яшчэ 15 жанчынам было прад’яўлена абвінавачванне за “заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь” (арт. 361 КК). Па 10 жанчын было асуджана за “арганізацыю” (ч. 1 арт. 293 КК) і “ўдзел у масавых беспарадках” (ч. 2 арт. 293 КК).
Дзевяць жанчын абвінавацілі ў “акце тэрарызму” (арт. 289 КК).
Пры гэтым, 55 жанчын былі ўнесеныя ў так званы пералік асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці; 42 — з іх з такім статусам знаходзіцца ў зняволенні.
Да якога пакарання жанчын асуджалі?
За тры гады — 2020-2023 гг. — праваабаронцы "Вясны" сабралі наступныя даныя:
- 441 жанчыны асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія");
- 69 жанчын — да абмежавання волі з накіраванням ва ўстанову адкрытага тыпу ("хімія");
- 224 жанчыны — да пазбаўлення волі;
- 2 жанчыны — да пазбаўлення волі з адтэрміноўкай.
Да арышту тэрмінам ад 3 да 6 месяцаў асуділі 5 жанчын, да штрафу — 17. Да прымусовага лячэння ў закрытых лякарнях асудзілі 2 жанчын. Яшчэ 92 вынікі судоў у дачыненні да жанчын застаюцца невядомымі.
Варта адзначыць, што колькасць прысудаў да пазбаўлення волі і “хіміі” ў 2022 годзе вырасла ўдвая ў параўнанні з 2021 годам. У 2023 годзе колькасць прысудаў да гэтых відаў пакарання зменшылася. Пры гэтым колькасць прысудаў да “хатняй хіміі” на працягу 2021, 2022 і 2023 года ўтрымлівалася прыблізна на адным узроўні.
На якія тэрміны палітзняволеныя жанчыны пазбаўленыя волі?
Большасць палізняволеных жанчын было асуджана на пазбаўленне волі на тэрмін да 2,5 гадоў — такіх не менш за 50 чалавек. Яшчэ па меншай меры 43 жанчыны прыгавораныя судом на тэрміны ад трох гадоў да 5,5 гадоў зняволення. Не менш за 20 палітзняволеных адбываюць пакаранне тэрмінам ад шасці да дзевяці гадоў. 14 жанчынам прысудзілі ад 10 да 15 гадоў калоніі, а тром — тэрміны ад 17 да 20 гадоў.
Самыя вялікія тэрміны ў Галіны Дзербыш і Вольгі Маёравай – па 20 гадоў зняволення.
Умовы ўтрымання
У Беларусі асуджаныя жанчыны адбываюць тэрміны ў шасці месцах зняволення:
- чатырох папраўчых установах адкрытага тыпу (“хімія”): Брэст, Віцебск, Гродна, Мінск;
- дзвюх папраўчых калоніях: Гомель і Зарэчча.
Вядома, што ў гомельскай папраўчай калоніі № 4 існуе 20 атрадаў, у 17 з іх у сярэднім утрымліваецца 90 зняволеных. Усяго ў гэтай калоніі знаходзіцца 124 палітзняволеныя жанчыны. У зарачанскай калоніі № 24, якая прадназначана для раней судзімых, утрымліваюцца тры жанчыны: Алена Гнаук, Алена Маўшук і Вікторыя Кульша.
Скраб з турэмных каш, мыла як духі і пінцэт з запалак. Былыя палітзняволеныя жанчыны распавялі пра догляд за сабой у зняволенні
Спосабы ціску на палітзняволеных
Усе асужданыя па палітычных матывах жанчыны ў калоніях абазначаныя жоўтымі “экстрэмісцкімі” біркамі. Такі статус накладае абмежаванні, напрыклад, яны павінны спаць толькі на другім паверсе ложкаў, быць у першых шэрагах на пастраенні і г.д. Акрамя таго, да палітзняволеных чапляюцца па надуманых прычынах: не зашпіленыя гузікі, не так завязаная хустка ды інш. За гэта супрацоўнікі калоніі складаюць рапарты, а начальнік — выносіць спагнанне: пазачарговае дзяжурства, пазбаўлення чарговай перадачы, пазбаўленне званкоў блізкім, пазбаўленне доўгатэрміновага спаткання, змяшчэння ў штрафны ізалятар, а за некалькі “парушэнняў” за год — наданне статусу “злоснай парушальніцы”, перавод у памяшканне камернага тыпу, а пасля – перавод на турэмны рэжым ці новы тэрмін па арт. 411 КК.
У ПКТ змяшчалі як мінімум Марыю Калеснікаву, Паліну Шарэнду-Панасюк, Вікторыю Кульшу, Алену Гнаук.
Ёсць сведчанні, што палітзняволеных жанчын перыядычна змяшчаюць у штрафны ізалятар — але дакладныя звесткі не заўсёды вядомыя, а часам пра гэта нельга публічна казаць.
Статус "злосніцы" накладае на зняволеных дадатковыя абмежаванні, галоўнае з якіх — змяншэнне "атаваркі" да дзвюх базавых велічынь (74 рублі ў месяц). На гэтыя грошы, як адзначаюць зняволеныя, без заробку і з пазбаўленнем пасылак у калоніі вельмі цяжка выжываць. Таксама "злосніцы" не могуць афіцыйна ўваходзіць у склад розных секцый.
На дадзены момант на турэмным рэжыме ўтрымліваецца Таццяна Канеўская, давераная асоба Святланы Ціханоўскай па Гомелі, асуджаная да шасці гадоў зняволення.
Асуджаныя на дадатковы год калоніі нібыта за злоснае непадпарадкаванне распараджэнням адміністрацыі папраўчай калоніі — 3 жанчыны: Алена Гнаук, Паліна Шарэнда-Панасюк, Вікторыя Кульша.
Спісы ваеннаабавязаных жанчын, праца без выходных, блакаванне ліставання: што адбываецца ў гомельскай жаночай калоніі
Як падтрымліваць?
Праваабаронцы падрыхтавалі шэраг матэрыялаў, дзе падрабязна распавядаецца пра спосабы падтрымкі палітзняволеных.
"Наша сіла — у салідарнасці!" Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням
Практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны”
Што класці ў перадачы, як іх перадаваць, якія лайфхакі ёсць – у дапаможніку ад "Вясны".
Бязмежная салідарнасць: гайд па падтрымцы палітвязняў з-за мяжы
Як рабіць грашовы перавод, як атаварваюцца вязні і што адбываецца з грашыма пасля вызвалення чалавека?