viasna on patreon

Скраб з турэмных каш, мыла як духі і пінцэт з запалак. Былыя палітзняволеныя жанчыны распавялі пра догляд за сабой у зняволенні

2023 2023-02-13T12:25:41+0300 2023-02-13T12:50:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vjasna_13_palitvjazynki_facebook-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Гомельская калонія. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч / "Вясна"

Гомельская калонія. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч / "Вясна"

"Для мяне гэта была сувязь з воляй і мінулым жыццём, і свайго роду пратэст, таму што гэта адна з нямногіх рэчаў, якой пазбавіць нельга", — кажа былая палітзняволеная пра макіяж у калоніі.

У палітычных камерах Ізалятара часовага ўтрымання і Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў апошнія два з паловай гады ўлады стварылі такія ўмовы, каб здушыць у затрыманых усё чалавечае: іх пазбавілі перадач са зменнай бялізнай і сродкамі гігіены, душа, шпацыру, спальных месцаў і абмежавалі нават у кіслародзе. У следчых ізалятарах устаноўлены абмежаванні для перадач сродкаў для догляду і дэкаратыўнай касметыкі, а выкарыстанне некаторых з іх дыктуецца вялікай чаргой да рукамыйніцы ў камеры. У калоніі забароненая ў перадачах дэкаратыўная касметыка, а часу на догляд за сабой вельмі мала. Але беларускія палітзняволеныя нават у такіх умовах прыдумляюць, як даглядаць за сабой з дапамогай дэкаратыўнай касметыкі і сродкаў для догляду, а таксама падручных рэчаў. Часам падтрымліваць базавы ўзровень гігіены атрымліваецца ў зняволенні з цяжкасцю — бывае, што нават за пракладкі трэба змагацца. Былыя палітзняволеныя называюць догляд за сабой і макіяж у няволі рытуалам, які зазямляе і звязвае іх са свабодай, для некаторых гэта — свайго роду тэрапія, а для кагосьці — нават пратэст.

"Вясна" распытала былых палітзняволеных жанчын аб тым, як ім удавалася даглядаць за сабой і захоўваць гігіену ў ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна, ІЧУ Магілёва, СІЗА № 1 на Валадарскага, турме № 8 у Жодзіне і гомельскай жаночай калоніі № 4.

ЦІП на Акрэсціна. "Калі я пару разоў памыла галаву кавалачкамі акрэсцінскага мыла, то вырашыла, што лепш наогул не мыць галаву"

Былая арыштантка ЦІП [імя не называецца ў мэтах бяспекі] на Акрэсціна ўтрымлівалася ў лістападзе 2022 года. Яна была ў сумна вядомай двухмеснай камеры № 15, дзе адначасова знаходзілася ад 11 да 18 чалавек. Дзяўчына распавядае, як яна там падтрымлівала гігіену:

"Там у нас не было нічога для догляду за сабой. Было толькі мясцовае мыла, але такое, ад якога валасы пасля мыцця робяцца горшымі. І гэта не перабольшанне. Таму ў камеры былі людзі, якія не мылі валасы і па дзесяць дзён. Наста Лойка ў нас была рэкардсменка: яна не мыла галаву два тыдні, але было адчуванне, што памыла ўчора — у яе так добра валасы выглядалі.

Я не магла столькі не мыць галаву. Праз чатыры-пяць дзён у мяне пачыналася гістэрыка праз тое, што я не магу памыць валасы. Я пачынала ўсіх даставаць, каб далі мне мыла. Але калі я пару разоў памыла галаву кавалачкамі акрэсцінскага мыла, то вырашыла, што лепш наогул не мыць галаву. Заставалася толькі чакаць выхаду, каб памыць нармальна галаву і памыцца самой. Я спрабавала мыць твар мылам, якое там выдавалі, але яно вельмі сцягвала скуру, таму адмовілася ад гэтай ідэі.

На Акрэсціна медсёстры выдавалі максімум дзве гігіенічныя пракладкі на дзень на чалавека, але гэтага было мала.

У нас была ў камеры дзяўчынка, якая рабіла масаж твару іншым. Гэта было вельмі дабратворна. Але на Акрэсціна рэальна палепшылася скура, таму што ты не ясі салодкага і іншай гадасці, нягледзячы на тое, што ежа на Акрэсціна сама з'яўлялася гадасцю. У мяне на "сутках" была чыстая гладкая скура. Пасля арышту я схуднела на шэсць кілаграмаў.

Але наогул там знішчаецца ўсё жаноцкае. У двухмеснай камеры нас было да 18 чалавек. І дзяўчаты спрачаліся, каб не мыліся моцна, каб не было выпарэння. Але як там можна ўсім не мыцца? Я ўвесь час мылася, мыла рэчы, як янот-паласкун. Я заходзіла ў туалет, брала бутэльку з вадой, намыльвала цела гэтым няшчасным мыльцам на два грамы, а потым аблівалася вадой. Я намагалася ўвесь час вось так падтрымліваць гігіену, нягледзячы на тое, што там не было ўмоваў".

ІЧУ на Акрэсціна. "Нам было ўсё адно, што ў камеры былі відэакамеры, — мы проста хацелі памыцца"

Былая палітзняволеная Дар'я Кароль
Былая палітзняволеная Дар'я Кароль

20-гадовая былая палітзняволеная Дар'я Кароль, якую затрымалі ў канцы чэрвеня 2022 года ў межах крымінальнай справы паводле "народнага" артыкулу 342, узгадвае ўмовы ўтрымання ў Ізалятары часавага ўтрымання на Акрэсціна:

"Там усё вельмі дрэнна з гігіенай. Разлічваць на тое, што штосьці дадуць, наогул не выпадала. Раз на тыдзень давалі чвэртачку гаспадарчага мыла. Яно было для ўсяго: для мыцця посуду, для рук, для мыцця рэчаў. Таксама давалі на дзень нарэзаную туалетную паперу, але яе было мала. Мы перыядычна прасілі, але прыносілі не заўсёды. Са сродкаў гігіены — гэта ўсё, што было там. На Акрэсціна была гарачая вада, але гэта не моцна ратавала".

У двухмеснай камеры ў ІЧУ на Акрэсціна ўтрымліваліся адначасова да 13 жанчын. Паводле дзяўчыны, некаторым падчас затрымання ўдавалася ўзяць рэчы і сродкі гігіены.

"Так, у Вікторыі Навіцкай была з сабой сумка з рэчамі — яна адседзела да гэтага 26 сутак на ЦІПе. Таму ў нас на камеру былі тры зубныя пасты, а зубы мы чысцілі пальцамі. Але гэта было лепш за нічога. І можна было б рот прапаласкаць зубной пастай. У нас была пара бутэлек мыла. Мы мыліся вечарамі ў гэтым незразумелым туалеце гэтым мылам. Ім жа мы мылі і рэчы. Я некалькі разоў мыла сваю цішотку, каб яна прыемна пахла. Я яе сушыла цэлы дзень рукамі — проста махала ёй па камеры, усё адно не было чым заняцца. Тым мылам і мыліся, таму што скура вельмі моцна брудзілася, і хацелася хоць чымсьці ачысціцца. Нам было ўсё адно, што ў камеры былі відэакамеры, — мы проста хацелі памыцца.

З пракладкамі было ўсё складана. Было неяк, што на трох чалавек на суткі выдалі дзве пракладкі — і што нам з імі зрабіць?! Таму мы ўсе заўжды прасілі пракладкі і збіралі іх. На вячэрніх "шмонах" у нас выварочвалі пакеты, вытрасалі з пачкаў пракладкі".

ІЧУ Магілёва. "Калі мне выдалі зубную шчотку, то я расчэсвала ёй бровы і чубок"

Яшчэ адна арыштантка [яе імя не называецца ў мэтах бяспекі] распавяла "Вясне", як ёй удавалася падтрымліваць хаця бы базавы ўзровень гігіены ў ІЧУ ў Магілёве, дзе яна адбывала "суткі" ў лістападзе 2022 года:

"Там мяне вельмі злавала не стаўленне супрацоўнікаў, не здзекаванні, а менавіта тое, што мне не давалі галаву памыць і зубы пачысціць. Але калі мне выдалі ўсё ж зубную шчотку, то я расчэсвала ёй бровы і чубок, таму што ў мяне валасы кучаравяцца.

Калі была вільготная ці звычайная сурвэтка, то на яе наносіла мыла, каб хоць трошкі асвяжыцца. Штодня я мыла адзенне ў халоднай вадзе. Але высвятлялася, што мыла не вымывала нават пот, таму даводзілася перамываць. Пасля трэніроўкі цяжка было вымыць адзенне. Калі мяне пераводзілі ў іншую камеру, дзе ёсць гарачая вада, то я хутка мыла рэчы, і за дзве гадзіны магло штосьці высахнуць, як, напрыклад, станік.

Там не выдавалі пракладкі. У мяне былі два разы на месяц месячныя праз стрэс. Я прасіла ў супрацоўнікаў пракладкі, але яны сказалі, што ў іх такога няма. Тады я папрасілася да доктара, а той мне даў марлю і вату. Я іх скруціла — і гэта было маёй пракладкай.

Падчас "сутак" у мяне пачалі вельмі трэскацца вусны, таму што не ўвільгатняла іх. Доктарка мне дала мазь календулы, каб я хоць неяк мазала вусны".

Турма № 8. "Мылам прамазвалі швы знутры адзення — і нейкі час вельмі смачна пахлі"

57-гадовая Наталля П. утрымлівалася ў жодзінскай турме № 8 да суда больш за паўгода. Былая палітзняволеная, распавядаючы пра догляд за сабой у жодзінскай турме, адзначыла найперш, што яе, як і астатніх зняволеных, ратавала жаночая ўзаемадапамога і падтрымка:

"Калі пасля Акрэсціна дзяўчынкі трапляюць у турму і ведаюць, што гэта на пару месяцаў мінімум, то пачынаюць абжывацца. Як бы там ні было, гэта робіцца тваім домам на некаторы час, дзе трэба наладжваць побыт. І калі абжываешся, знаёмішся з іншымі, то хочацца прыгожага. Трэба дзесьці знаходзіць прыгажосць, а гэта, у першую чаргу, у сабе і ў дзяўчынках-сукамерніцах. Але гэта квэст яшчэ той, таму што як з нічога рабіць нешта? Дэкаратыўная касметыка для перадач забароненая ў жодзінскай турме, але калі дзяўчат вывозілі на допыты ў раённыя цэнтры, то родным нешта ўдавалася перадаць ім з касметыкі, напрыклад, цені або туш. З гэтага можна было зрабіць макіяж і стварыць нейкі вобраз. 

Жанчынам усё ж складаней, чым мужчынам. У турму, на "Валадарку" і Акрэсціна трапляеш голы і невясёлы, так бы мовіць, таму што на этапах забіраюць усё: расчоскі, гумкі для валасоў, зубныя шчоткі, пасты. Каму як пашанцуе, але, натуральна, палітычным шчасціць менш. Дзяўчынкі дзеляцца ўсім: пракладкамі, дарагім духмяным мылам і нават бялізнай. Гаспадарчае мыла выдавалі ў турме, і ў дзяўчынак быў запас, каб падзяліцца з новенькімі. Я прыехала без нічога. Мяне дзяўчынкі сустрэлі і таксама падзяліліся. Калі выходзіш, то трэба пакінуць усё — іншым спатрэбіцца.

Але самае галоўнае ў турме — гэта не дэкаратыўная касметыка, а сродкі для догляду. Там я зразумела, што гаспадарчае мыла — наша ўсё. Наша бабуля называла яго простым мылам. Дык гэта простае, амаль чорнае мыла, аказваецца, выдатна прамывае валасы ў гарачай вадзе. Добра намыльваць пад гарачай вадой, а потым прамываць у ледзяной вадзе — і валасы робяцца бліскучымі і добра расчэсваюцца. 

Замест скраба для цела выкарыстоўвалі турэмныя кашы з аўсянкі і рысу. Яны выдатна замянялі скраб. Крэм для твару не ўсе маглі атрымаць. Некаторыя, як я, былі пазбаўлены пасылак і перадач. Тады крэм замянялі алеем, а калі быў аліўкавы — то гэта наогул супер-люкс! Яго мы выкарыстоўвалі і для масажу, які рабілі адна адной. Гэта было карысна для скуры твару. 

З дарагога мыла атрымаліся выдатныя сухія духі, якія вельмі смачна пахлі. Мы ім прамазвалі швы знутры адзення — і нейкі час вельмі смачна пахлі. Добра парфумаваны гель для душа выкарыстоўвалі як універсальны сродак, у тым ліку, як асвяжальнік для паветра. Мы разводзілі яго ў вадзе, узбоўтвалі, налівалі ў бутэлечку з распырсквальнікам і пырскалі на валасы, адзенне, па камеры. 

Што тычыцца дэкаратыўнай касметыкі, то моладзь эксперыментавала і рызыкавала, і падводзіла стрэлкі звычайным фламастарам. Цені можна было зрабіць з алоўкаў для малявання. Тут мы ўпадалі ў дзяцінства: слюнявілі аловачак, рабілі кропачкі на павеках і пальцам расціралі, або рабілі стрэлку ў стылі "smoky eyes". Гэтак жа фарбавалі і вусны — хто алоўкам, а хто фламастарам. 

У турме мы круцілі валасы. Хтосьці на ноч заплятаў мноства касічак — атрымліваліся афракудзеры. Хтосьці завіваў валасы бабуліным спосабам — "на анучкі". Іх мы рабілі з адзення, якое прыходзіла ў непрыдатнасць. У турме я ўдасканаліла гэтую методыку: з кардонных утулак ад туалетнай паперы рабілі бігудзі. Калі ўтулку туга скруціць і прасунуць якую-небудзь анучку, то атрымліваліся бігудзі. І кудзеры можна было рабіць розных памераў. Хочаш завіток паменш — значыць, утулку скручваць мацней. Калі хочаш проста хвалі — галівудскія кудзеры — то можна было пакідаць ўтулку звычайнага памеру, якога яна ёсць. Вось так рабілі сабе прычоскі.

Многія дзяўчынкі стараліся сябе падрыхтаваць, выдатна выглядаць, калі ішлі на сустрэчу з адвакатам або на шпацыр. Я не скажу, што яны гэта рабілі для кагосьці. Гэта была свайго роду псіхатэрапія. Так дзяўчынкі адшуквалі ўнутраны рэзерв, каб трымацца. 

Некаторыя дзяўчынкі нават вязалі там. Распускалі нешта старэнькае на ніткі і вязалі на стрыжнях або на шарыкавых асадках. Вязалі тэпцікі — у іх было спаць вельмі цёпленька. Некаторыя вязалі вяхоткі. На нейкія святы або дні нараджэння былі такія маленькія прэзенцікі.  

Некаторыя нават настойвалі цыбулевае шалупінне і мылі валасы, каб надаць ім адценне. Галоўнае, што нічога ў нас не выкідвалася. Перад тым як нешта выкінуць, мы трымалі гэта ў руках і пыталіся: "Дзяўчынкі, а вось гэта трэба камусьці?" І дзяўчынкі адказвалі: "Пачакай-пачакай, не выкідвай, мы падумаем, што з гэтага можна зрабіць. Выкінуць заўсёды паспеем!" Я ад гэтай звычкі да гэтага часу не магу адмовіцца. 

Некаторыя рабілі дэпіляцыю. Але гэта былі Марыі-мастачкі! Напрыклад, бровы можна было вышчыпвацт запалкамі, вастрыць іх канцы. Дзяўчынкі неяк умела трымалі іх у руках, што атрымліваўся пінцэт. Так карэктавалі бровы. А ўжо дэпіляцыі ног дзяўчынкі-разумніцы так віртуозна рабілі ніткай, што пальцы толькі мільгалі. Быў выдатны вынік і хапала вельмі надоўга. 

Жанчына застаецца жанчынай незалежна ад абставінаў. Калі да нас траплялі маргінальныя асобы, то, гледзячы на іншых жанчын, якія даглядалі за сабой, яны таксама пачыналі за сабой сачыць. Калі сыходзілі алкагольныя ацёкі, то ў іх не толькі фізічна расплюшчваліся вочы, але і ўнутраны погляд. 

Падтрымліваць гігіену і даглядаць за сабой — не цяжка, калі ў цябе гэта ўвайшло ў звычку і стала тваёй натурай. А ўсё астатняе залежыць ад тваёй фантазіі і крэатыўнасці, талентаў і здольнасцяў".

СІЗА № 1. "Можна было вярнуцца ў момант, калі твая руціна, якая была на волі, засталася з табой"

Былая палітзняволеная Дар'я Кароль
Былая палітзняволеная Дар'я Кароль

20-гадовая Дар'я Кароль правяла ў СІЗА № 1 на Валадарскага чатыры месяцы. У камеры яна сядзела з палітзняволенымі Вольгай Петух, Палінай Палавінкай і Вікторыяй Навіцкай. Дар'я распавяла пра тое, як дзяўчыны даглядалі за сабой на "Валадарцы" і якая касметыка ў іх была ў СІЗА.

"Калі я прыехала ў СІЗА, то вельмі сумавала па касметыцы і па доглядзе за целам, таму што за дзесяць дзён на "Валадарцы" твар проста высах, з'явілася вельмі шмат высыпанняў на твары праз стрэс. Наогул была абязводжаная скура. Вельмі хацелася неяк падаглядаць за сабой нейкімі слоічкамі, але я думала, што наўрад ці такое можна там, але, як выявілася, можна. У камеры ў дзяўчат былі туш, аловачкі для броваў, напрыклад. У некаторых бачыла хайлайтары ў сціках і румяны. У Паліны Палавінкі былі каляровыя падводкі, якія ёй сястра перадала. Яна малявала стрэлкі запалкамі, а потым зрабіла пэндзлік са сваіх валасоў. Яна малявала прыгожыя стрэлкі рознымі ўзорамі. У Паліны яшчэ быў бляск для вуснаў, фіялетавая ці зялёная туш. Вольга Петух амаль штодзень малявала чорныя стрэлкі на вачах падводкай-маркерам. А ў Вікі Навіцкай была туш з сінімі бліскаўкамі. Калі не было настрою і хацелася абстрагавацца і ні пра што не думаць, то мы фарбаваліся і так забаўляліся.

Мяне вельмі здзівіла, што ў СІЗА можна касметыку, і я напісала ў лісце сваім сяброўкам, каб яны таксама мне перадалі што-небудзь. Так на "Валадарцы" ў мяне з'явілася туш, якая служыла мне верай і праўдай усе чатыры месяцы, таксама быў аловак для вачэй, а пад канец тэрміну мне перадалі аловак для броваў. Аловак для вачэй у мяне быў светла-карычневы — ім я падводзіла лінію павека, каб зрабіць акцэнт на вачах. Я пару разоў на тыдзень фарбавала вейкі тушшу. На судах хацелася выглядаць больш-менш ахайнай, вылучыць вочы, твар. У СІЗА рэдка прапускалі алоўкі для броваў са шчотачкамі. Часам іх адрывалі — не ведаю, у чым была іх праблема.

Гэтыя 15-20 хвілінаў, калі ты фарбуеш вочы ці падводзіш бровы, вельмі моцна ратавалі. Можна было адключыцца і вярнуцца ў момант, калі ўсё добра, твае звыклыя рэчы, твая руціна, якая была на волі, засталася з табой. Калі малявалі стрэлкі запалкамі, то каля люстэрка можна было затрымацца на хвілінаў 40, таму што запалкамі нязручна было фарбавацца. Мы падводкі разводзілі вадой, але ў працэсе, калі фарбуешся, яна высыхае. Гэта было не вельмі зручна, але затое яны доўга трымаліся. Памятаю, неяк я з фіялетавымі стрэлкамі расплакалася праз здымак сабакі, і мне дзяўчынкі ў камеры казалі, што я вельмі прыгожа плачу фіялетавымі слязьмі".

"Кожны панядзелак у нас быў SPA-дзень"

Адна з былых сукамерніц Дар'і паведаміла ёй у лісце, што цяпер на "Валадарку" пачалі прапускаць BB- і СС-крэмы.

"Пудру не прапускаюць туды. Але нейкі мінімум дэкаратыўнай касметыкі можна, каб выкарыстоўваць як адпачынак і забаву. Са сродкаў для догляду ў мяне быў гель для ўмывання і крэм для твару. Мае сяброўкі расказвалі, як яны мучаліся з гелем падчас перадачы да мяне. Таму што мой улюбёны гель ідзе ў ёмістасці з помпай-дазатарам. З такой накрыўкай на "Валадарцы" не прымаюць сродкі, і ў іх тады не ўзялі. Тады дзяўчынкі пабеглі ў ГУМ, таму што ён побач з "Валадаркай", купілі там нейкі тонік ад Bielita з накрыўкай, якая адкручваецца, вылілі яго кудысьці і пералілі туды гель.

Часам да нас траплялі гліняныя маскі для твару — тканінныя нельга. Кожны панядзелак у нас быў SPA-дзень, як мы яго называлі. Гэта быў дзень душа, на які адводзілася дзесьці 20 хвілінаў. Калі было холадна, то мы грэліся пад гарачым душам. Мы прыходзілі ў камеру ўсе чырвоныя. У нас распарвалася скура і мы рабілі маскі. У мяне таксама быў вялікі слоік крэму для цела і майго ўлюбёнага геля для душа. Гэта вельмі моцна адцягвала ўвагу і як быццам бы зазямляла праз тое, што рэчы, якімі ты прызвычаіўся карыстацца кожны дзень: крэм для цела з улюбёным пахам, улюбёны гель для душа, прыгожы цюбік крэму для рук — гэтыя рэчы як быццам кажуць табе, што ўсё ў парадку, ты ёсць, ты існуеш, усё добра. Яны вельмі падбадзёрвалі.

У камеры ў нас былі асобна крэмы для ног і для рук, таму што вельмі моцна сохла скура праз халодную ваду, бо гарачай у камеры не было. Дэзадарантамі мы замянялі парфуму і наносілі іх на шыю і запясце рук. Было прыемна пахнуць хоць чымсьці. А ў Волі Петух быў вельмі смачны крэм для рук, які пахнуў парфумай на ўсю камеру. Яна яго таксама выкарыстоўвала як парфуму.

Усе дзяўчаты мелі гігіенічныя памады, якімі карысталіся ўвесь час. Перад мной сядзела Воля Петух, якая мазала ёй губы разоў 15 на дзень. Думаю, яна гэта рабіла ад нерваў і так сябе супакойвала. І яна заўсёды казала: "Зараз я намажу губу і пойдзем". Мне здаецца, я запомніла гэту фразу на ўсё жыццё.

У нас у камеры была чырвоная памада, але ёй ніхто не карыстаўся. Напэўна, чырвоная памада ў СІЗА — занадта, хаця фіялетавыя стрэлкі — чаму б і не. Мы з дзяўчатамі ўвесь час жартавалі, што як-небудзь мы абавязкова нафарбуемся ўсёй камерай гэтай чырвонай памадай перад вечаровай праверкай у пятніцу".

"Я прасіла сукамерніцу, каб яна мне заплятала шчыльныя каласочкі, каб не так было бачна, што валасы брудныя"

"На чацвёрты месяц зняволення праз нервы і адсутнасць нармальнага мыцця галавы — напэўна, у тазіку дрэнна вымываліся з валасоў шампунь і бальзамы — у мяне пачала развівацца моцная перхаць. У мяне вельмі свярбела галава, і дзяўчаты за два тыдні да суда правяралі маю галаву — думалі, што ў мяне вошы. Я на нервах расчэсвала галаву часам да крыві. І мне дапамог шампунь Незафарм, які мне дала Паліна. А потым Паліне сястра перадала літровыя бутэлькі шампуня і бальзама Insight ад перхаці — ён рабіў штосьці неверагоднае з валасамі. Яны рабіліся мяккімі і добра расчэсваліся. Гэта было так прыемна — сядзець з мяккімі і чыстымі валасамі, якія добра ляжаць. Каб валасы прыгожа высыхалі, мы іх сушылі грабянцамі. Я над сваім ложкам магла часаць валасы хвілінаў 30. Яны высушваліся дзесьці на 70% і прыгожа ляжалі.

У шмат якіх дзяўчат афарбаваныя валасы і патрэбныя адмысловыя шампуні, каб падтрымліваць колер. Ад дрэннай вады валасы ператвараюцца ў незразумелую пухнатую субстанцыю. Наогул калі хтосьці мыў галаву ў тазіку, то на ўсю камеру разносіўся такі смачны водар, асабліва ад такіх шампуняў як Elseve, Pantene. Дарэчы, на "Валадарку" не прымаюць фіялетавыя бальзамы, якія выкарыстоўваюцца для асвятлення валасоў. Але Паліне раз пашчасціла атрымаць такі, і яна затанавала сабе валасы. Яна хадзіла красуняй з затанаванымі валасамі.

Таксама праз адсутнасць вітамінаў і ўсіх неабходных рэчываў валасы пачалі выпадаць. Таму што там у арганізме няма патрэбных мікра- і макраарганізмаў, а ёсць куча валяр'янкі. У нас у камеры было правіла: вычэсваць валасы над сваім ложкам ці над каленамі, каб яны не падалі на падлогу. Нягледзячы на тое, што мы прыбіраліся штодня, у камеры ўсё адно было шмат валасоў.

А яшчэ мы накручвалі валасы на шкарпэткі. Я ўзгадала гэты спосаб з Tik-Toka, які пабачыла даўно, але ў СІЗА ён прыдаўся. Мне на "Валадарку" перадалі шкарпэткі з фота майго сабакі. Мне было вельмі шкада ў іх хадзіць. Яны былі беленькія — я на іх проста любавалася. І ў нейкі момант я пачала круціць на шкарпэткі валасы. Мы з дзяўчатамі круцілі на ноч, а зранку ў кагосьці атрымліваліся сапраўдныя кучаравінкі, напрыклад, у Вікі Навіцкай, а ў кагосьці проста хвалі былі. Віка перад судом зрабіла сабе шыкоўную ўкладку, а дзяўчаты рабілі так на працягу дня, каб пачувацца прыгожай і дагледжанай.

Часам з дзяўчатамі мы запляталі адна адной каласкі, калі не было магчымасці памыць галаву. У СІЗА ў мяне рабілася вельмі тлустай галава: я ўвесь час кратала рукамі валасы, ляжала на брудных навалачках. Валасы чыстымі трымаліся адзін-два дні. І я прасіла сукамерніцу Алу, каб яна мне заплятала шчыльныя каласочкі, каб не так было бачна, што валасы брудныя. У СІЗА я мыла галаву тры разы на тыдзень, але мне гэтага было недастаткова. Але больш гэта рабіць было складана: 40 хвілінаў трэба кіпяціць тазік вады і яшчэ 20 хвілінаў мыць галаву. У нас з дзяўчатамі быў графік: мы зранку дамаўляліся, каб мы ўпяцёх паспелі памыць галовы".

"20 хвілінаў вылучаецца на тое, каб памыцца, праэпілявацца, вымыць валасы, нанесці ўсе бальзамы"

Як расказвае Дар'я, на "Валадарцы" ёсць два душы — там іх называюць "лазнямі". Ёсць вялікі душ на шэсць кранаў і маленькі — на чатыры краны. Перад самім душам ёсць прылазнік, дзе можна распрануцца і пакінуць усе рэчы. Наглядчыцы не прысутнічаюць падчас прыняцця душа.

"У вялікую "лазню" водзяць вялікія і мужчынскія камеры. Там адзін кран аддзелены сценкай — хто першы паспее, той мыецца адзін камфортна. Нас звычайна вадзілі ў маленькі душ — на нас хапала чатыры краны. Краны — гэта ў прамым значэнні краны. Там няма рассейвальнікаў, а ёсць проста труба з двума рэжымамі: кіпень і ледзяная вада. І важна ўсім разам наладзіць ваду ў кранах, таму што калі мяняеш у адным, то мяняецца вада і ў суседнім. Калі ты робіш гарачэйшай сабе ваду, то ў суседнім кране робіцца ці то зусім гарачай, ці то халоднай. І ўсе заўжды папярэджваюць астатніх у душы, калі хтосьці рэгулюе ваду ці выключае яе.

Я ненавідзела "лазні", таму што гэта жудаснае відовішча: усюды пена, чужыя валасы, пахне цвіллю. Гэта непрыемная працэдура, але затое прыемна быць потым чыстай. З панядзелка па суботу ў гэтым памяшканні ўвесь час мыюцца зняволеныя, таму там волка і вільготна, а нядзеля адводзіцца на яго прасыханне. Мы жартавалі, што душ — гэта 20 хвілінаў пастаяць у грыбе. Столькі часу вылучаецца на тое, каб памыцца, праэпілявацца, вымыць валасы, нанесці ўсе бальзамы і г. д. Мы ўсе голыя знаходзімся ў адным памяшканні, але там не да таго, каб на кагосьці глядзець — галоўнае, паспець пагаліць нагу і каленку. На эпіляцыю ёсць толькі гэты дзень на тыдзень.

Мы мыліся досыць хутка і клікалі наглядчыцу, каб яна нас хутчэй адвяла адтуль, каб не стаяць у гэтым грыбе. А так наглядчыцы грукаюць у дзверы, калі надыходзіць час. За мае чатыры месяцы было толькі два разы, калі яны трохі прыадчынілі дзверы, але не заходзілі.

Неяк у нас адключылі гарачую ваду і нам выдалі па тазіку гарачай вады. Так мы мыліся ў тазіках. Але гэта не так дрэнна, як гучыць.

Калі чалавек прапускае чаргу на "лазню", напрыклад быў на судзе ці на следчых дзеяннях, то яго павядуць у душ у суботу. І вось усе, хто не памыўся на працягу тыдня, пойдуць у душ у суботу. Але аднаго чалавека з камеры не пускаюць туды — з ім хтосьці павінен ісці, напэўна, каб ён нічога не зрабіў там адзін з сабой.

Астатнія шэсць дзён на тыдзень мы з дзяўчатамі па чарзе мыліся ў рукамыйніцы. У нас былі вяхоткі, як для мыцця посуду, якімі мы мыліся пасля шпацыраў. Над унітазам мы мылі ногі і падмываліся, каб падтрымліваць гігіену".

Жаночая калонія. "Тыя, хто сядзяць доўга, прыстасаваліся выкарыстоўваць у макіяжы бліскаўкі і стразы з паштовак, адзення, заколак"

Марыя Калеснікава

Былыя палітзняволеныя [іх імёны не называюцца ў мэтах бяспекі], якія правялі ў калоніі каля года, распавялі пра догляд за сабой. Адна ўзгадала Марыю Калеснікаву, якая нават у калоніі заўсёды хадзіла з нафарбаванымі чырвонымі вуснамі. Дзяўчаты адзначаюць, што ў калоніі з доглядам за сабой складаней, чым у следчых ізалятарах. Напрыклад, у калонію ў перадачах забароненая дэкаратыўная касметыка, таму хтосьці купляе ў турэмнай краме, а камусьці родныя перадалі яе перад самым этапам.

"Там, вядома, усё больш складана. Але вельмі многае залежыць ад атрада. У калоніі мала вольнага часу, і часам няма ўмоваў для догляду. Афіцыйна можна мыцца адзін раз у тыдзень ("лазня"). Таксама адзін дзень адводзіцца на прамыванне галавы.

У калонію касметыку асабліва не перадасі: толькі крэмы для рук, цела і твару. Перадаюць касметыку толькі з такім надпісам на пакунку. Усякія мусы, тонікі, і пенкі не падыдуць. Напрыклад, калі хочаце перадаць сонцаахоўны крэм, варта шукаць крэм, на якім вялікімі літарамі напісана "крэм для твару", "крэм для цела".

Усялякія якасныя доглядавыя штукі для твару і скуры цела, у тым ліку скуры галавы, можна перадаваць праз дазвол ад дэрматолага. У краме можна набыць усе базавыя рэчы для догляду: дэзадаранты, зубныя пасты, зубныя шчоткі, гелі для душа і г.д. Але звычайна там прадстаўлены два-тры брэнды. 

Акрамя гэтага, у краме калоніі прадаецца і доглядавая, і дэкаратыўная касметыка сярэдняй коштавай катэгорыі. Там можна купіць і бальзамы, і кандыцыянеры, і маскі, і алей для валасоў, і скрабы для цела і г. д. Шампуні мне там не падабаліся, таму я прасіла перадаваць мне нешта больш якаснае. Усё астатняе наогул задавальняла.

Дэкаратыўная касметыка ў краме таксама прадстаўлена ў адносна шырокім асартыменце. Было шмат разнавіднасцяў прадуктаў: цені, туш, памада, бляск, цінт, алоўкі для вачэй, броваў, вуснаў, танальнік. Але яны былі толькі аднаго брэнда або аднаго адцення, але ў наступным месяцы магло быць іншае адценне або іншы брэнд, у залежнасці ад таго, як раскуплялі".

"Даводзілася рабіць выбар: выпіць кавы ці нафарбавацца. Так што каву я не піла"

Іншая былая палітзняволеная дадае, што ў некаторых атрадах нават няма магчымасці схадзіць у душ у іншы дзень, калі прапусціў "лазневы" дзень.

"У краме ёсць базавыя гігіенічныя прадукты: шампуні, крэмы, гелі. Дэкаратыўнай касметыкі было мала, яна вельмі базавая, толькі беларуская (Вітэкс, BELKOSMEX, Bielita), з нацэнкай у параўнанні з крамамі на волі і па адным-двух відаў: туш, пудра, алоўкі, памады. Часам які-небудзь прадукт рэзка знікаў, такое здаралася нават з туалетнай паперай, часам яе не было некалькі тыдняў. Як правіла, дзяўчынкі карыстаюцца касметыкай, з якой прыехалі. Тыя, хто сядзяць доўга, прыстасаваліся выкарыстоўваць у макіяж бліскаўкі і стразы з паштовак, адзення, заколак.

У калоніі вельмі папулярная хна для броваў і вейкаў. Яна вельмі эканомная ў расходзе і трымаецца некалькі дзён. Шмат каму перадаюць хну, таму што ў краме яна дрэннай якасці. Часам ладзілі сабе SPA-дзень, звычайна ў нядзелю. Рабілі маскі з аўсянкі, хны, скрабы з кавы.

Родныя мне закупілі шмат касметыкі перад этапам у калонію, падлічылі колькасць на ўвесь тэрмін. Мне падабалася фарбавацца. На зборы ў першую змену фабрыкі было часу прыкладна 30 хвілін: трэба паспець памыцца, заслаць канверт [заправіць ложак], апрануцца. Даводзілася рабіць выбар: выпіць кавы ці нафарбавацца. Так што каву я не піла. Мой штодзённы макіяж складаўся з танальніка, тушы, пудры і яркай памады. З часам да гэтага прыстасоўваешся, і пачынаеш паспяваць. Для мяне гэта была сувязь з воляй, з мінулым жыццём, і свайго роду пратэст, таму што гэта адна з нямногіх рэчаў, якой пазбавіць нельга".


Каб распавесці сваю гісторыю пераследу журналістам "Вясны" , можна напісаць нам у тэлеграме Viasnainfo

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства