Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Лістапад 2023
Высновы:
- Праваабаронцы працягваюць фіксаваць адвольны палітычна матываваны пераслед у крымінальным і адміністрацыйным парадку, а таксама іншыя формы рэпрэсій, катаванні і іншыя віды забароненага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў вулічных пратэстаў 2020-2021 гадоў, палітычных супернікаў рэжыму і іншадумцаў; сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму з'яўляецца крытычнай;
- на канец лістапада 2023 года ў Беларусі налічвалася 1 447 палітзняволеных, прызнаных такімі праваабарончай супольнасцю; за месяц палітзняволенымі прызнаны 20 чалавек; акрамя таго, каля 1 350 палітзняволеных з 2020 года вызвалены ў сувязі з адбыццём тэрміна пакарання, зменай меры стрымання, прызначэннем у судзе пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, ці ў сувязі з памілаваннем;
- палітзняволеныя ў калоніях зазнаюць асабліва высокія рэжымныя патрабаванні, жорсткае абыходжанне; ім адвольна і выбарачна прызначаюць пакаранні ў дысцыплінарным парадку, некаторым з іх рэгулярна падаўжаюць тэрмін пазбаўлення волі падчас ці пасля адбыцця пакарання паводле прысуду;
- сябры ПЦ "Вясна": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк — асуджаныя да пазбаўлення свабоды і адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях;
- праваабаронца Наста Лойка, асуджаная да сямі гадоў пазбаўлення волі паводле адвольнага палітычна матываванага абвінавачвання, утрымліваецца ў калоніі;
- не спыняюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у лістападзе "Вясне" стала вядома пра не менш як 465 адміністрацыйных судоў, у тым ліку 105 з прызначэннем штрафу і 69 — з прызначэннем адміністрацыйнага арышту паводле палітычна матываваных адміністрацыйных спраў;
- праваабаронцы "Вясны" і іншых праваабарончых арганізацый рэгулярна выяўляюць і дакументуюць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання з затрыманымі ў адміністрацыйным працэсе;
- працягваецца пераслед грамадзян паводле палітычных матываў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам;
- кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" абвесціла аб пачатку працы экспертнай місіі па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, што пройдуць у Беларусі 25 лютага 2024 года.
Палітычныя зняволеныя. Пераслед праваабаронцаў
На 30 лістапада 2023 года ў Беларусі налічвалася 1 446 палітычных зняволеных, 163 з іх — жанчыны. Агулам з траўня 2020 года нам вядома пра 5 523 чалавек, якія сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным пераследам (сюды ўваходзяць і тыя, хто не былі затрыманы). З тых часоў у Беларусі праваабарончай супольнасцю 2 823 чалавекі, у тым ліку 492 жанчыны, былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі. 1 377 з іх вызвалены ў сувязі з адбыццём пакарання, зменай меры стрымання, ужываннем акту амністыі.
У лістападзе праваабарончая супольнасць прызнала 20 чалавек палітычнымі зняволенымі.
Прызнаны палітычным зняволеным былы журналіст Андрэй Толчын, які неаднаразова да 2020 года зазнаваў пераслед за сваю прафесійную дзейнасць. Ён знаходзіцца пад вартай згодна з крымінальным абвінавачваннем у стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім. Праваабаронцы мяркуюць, што гэтае абвінавачванне было выстаўленае паводле палітычных матываў у межах мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам.
Прызнаныя палітычнымі зняволенымі 13 чалавек, якія знаходзяцца ў няволі паводле дыфамацыйных абвінавачванняў: за абразу ці паклёп у дачыненні да службовых асоб, знявагу дзяржаўных сімвалаў, выказванне пагроз у дачыненні да службовай асобы ў каментарах у інтэрнэце і інш. Дыфамацыйныя правапарушэнні павінны быць дэкрыміналізаваныя і не павінны надаваць службовым асобам узровень абароненасці вышэйшы, чым у іншых асобаў.
Таксама былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі шэсць чалавек, утрыманне пад вартай ці асуджэнне да пазбаўлення волі якіх ажыццяўляецца згодна з крымінальнымі абвінавачваннямі ў падтрымцы (ахвяраванні, перадача інфармацыі і інш.) пратэсных ініцыятыў, а таксама беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны. За падобныя негвалтоўныя дзеянні ім прад'яўляюць такія сур'ёзныя абвінавачванні, як, напрыклад, здрада дзяржаве і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
У лістападзе стала вядома пра тое, што цалкам адбылі свой тэрмін крымінальнага пакарання і выйшлі на волю не менш за 32 палітычныя зняволеныя.
У месцах пазбаўлення волі палітвязні працягваюць сутыкацца з рознымі праявамі пагоршанага абыходжання: блакаванне перапіскі, абмежаванні ў атрыманні пасылак, пазбаўленне тэлефанаванняў і доўгатэрміновых спатканняў з сям'ёй. Напрыклад, стала вядома, што ў Папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку зняволеныя, якіх адміністрацыя калоніі прызнала "схільнымі да экстрэмізму і дэструктыўнай дзейнасці" (большасць палітычных зняволеных падпадаюць пад гэтую катэгорыю) на ўвесь лістапад 2023 года пазбаўлены тэлефанаванняў.
У якасці спосабу ціску ўжываецца змяшчэнне ў штрафны ізалятар (ШІЗА) за нязначныя правіннасці. Напрыклад, стала вядома пра ўжыванне такога спосабу ціску да Максіма Зіневіча, Алены Лазарчык і Ігара Аліневіча. Вядома таксама, што Андрэй Герасімовіч, які выйшаў на волю 8 лістапада, перад вызваленнем утрымоўваўся ў ШІЗА.
Пасля неаднаразовых змяшчэнняў у штрафны ізалятар больш строгая мера — перавод у памяшканне камернага тыпу — была ўжытая да Ігара Аліневіча, Аляксандра Францкевіча, Вікторыі Кульшы, Паўла Вінаградава і да лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.
Стала таксама вядома пра тое, што Аляксею Храловічу і Сяргею Трацюку ўзмацнілі жорсткасць рэжыму адбывання пакарання — іх перавялі на турэмны рэжым.
У месцах пазбаўлення волі палітычныя зняволеныя сутыкаюцца з пагаршэннем здароўя. Гэта злучана як з неаказаннем або няякасным ці несвоечасовым аказаннем медыцынскай дапамогі, так і проста з дрэннымі ўмовамі ўтрымання. У лістападзе такая інфармацыя з'явілася, напрыклад, пра Таццяну Канеўскую, Рыгора Кастусёва, Алу Зуеву і Аляксандра Любенчука.
Таксама праваабаронцам стаў вядомы выпадак пераследу сваяка палітзняволенага. Прызнаны у канцы лістапада палітычным вязнем Анатоль Старасвецкі быў затрыманы адразу пасля спаткання з жонкай — палітычнай зняволенай Віталіяй Бандарэнкай. Вядома, што яму ставяць у віну "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
Згодна са звесткамі праваабаронцаў, практычна ўсе палітычныя зняволеныя сутыкаюцца з больш ці менш выяўленым адвольным абмежаваннем ліставання. На фоне гэтага важна адзначыць, што сёлета ў лістападзе ў Cпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў патрапіла Facebook-група "Письма солидарности Беларусь 2020", у якой людзі дзяліліся сваім досведам ліставання з палітычнымі зняволенымі. Таксама з'явілася інфармацыя, што ў некаторых палітвязняў у розных папраўчых установах забіраюць лісты і шукаюць у іх інфармацыю пра ахвяраванні арганізацыям грамадзянскай супольнасці, прызнаным экстрэмісцкімі фармаваннямі.
Працягваюць знаходзіцца ў зняволенні асуджаныя да пазбаўлення волі праваабаронцы "Вясны" Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк.
У лістападзе стала вядома пра затрыманні праваабаронцаў Аляксандра Вайцешыка і Уладзіміра Целяпуна.
У няволі застаецца таксама асуджаная да пазбаўлення волі за сваю праваабарончую дзейнасць Наста Лойка.
Па-ранейшаму няма дакладных звестак пра лёс вядомых апазіцыйных палітыкаў, якіх улады ўтрымоўваюць у строгай ізаляцыі, у сувязі з чым ад іх не паступае карэспандэнцыі, яны пазбаўлены права на тэлефонныя перамовы і спатканні, у тым ліку спатканні з адвакатамі, родныя не маюць інфармацыі пра стан іх здароўя: Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку і некаторых іншых палітвязняў працягла — на працягу некалькіх месяцаў — утрымліваюць інкамунікада. Таксама практычна ўсе палітзняволеныя істотна абмежаваныя ў ліставанні і спатканнях з роднымі і адвакатамі.
Сусветны дзень дзіцяці, прысвечаны прыняццю Дэкларацыі правоў дзіцяці і Канвенцыі правоў дзіцяці, адзначаўся 20 лістапада. З пачатку пратэстаў у Беларусі тысячы дзяцей адчулі на сабе рэпрэсіі ў сувязі з затрыманнем і крымінальным пераследам бацькоў, а дзясяткі апынуліся за кратамі. Паводле стану на 29 лістапада 2023 года ў краіне налічвалася дзесяць палітвязняў, якія сустрэлі 18-годдзе за кратамі ці якія цяпер з'яўляюцца непаўнагадовымі: Мікіта Залатароў, Сяргей Гацкевіч, Эдуард Кудынюк, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Дзяніс Хазей, Аляксандр Вінярскі, Павел Піскун, Алег Дабрыднёў, Мікіта Бруй. "Вясна" распавяла, як беларускія ўлады пераследуюць дзяцей паводле палітычных матываў.
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў
Мінулі амаль тры з паловай гады пасля пачатку мірных пратэстаў у перыяд правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, але ўлады Беларусі працягваюць весці крымінальны пераслед іх удзельнікаў.
Як паведамілі расійскія інфармацыйныя рэсурсы, генпракурор Беларусі Андрэй Швед, выступаючы на пасяджэнні генеральных пракурораў краінаў ШАС, заявіў пра 16 тысяч распачатых крымінальных спраў, якім улады надалі статус экстрэмісцкіх, гэта значыць, як правіла, злучаных з удзелам у пратэстах ці іншымі формамі выказвання меркаванняў. Нягледзячы на тое, што далёка не па кожнай з такіх спраў уладам вядомыя і даступныя фігуранты, тым не менш, гэта практычна невычэрпная крыніца нагодаў для далейшага крымінальнага пераследу грамадзян за пратэсную дзейнасць.
Так, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска 1 лістапада за ўдзел у акцыі пратэсту асудзілі палітвязня са Светлагорска Дзяніса Галаўко. Як паведаміла "Гомельская Вясна", суддзя Юлія Крэпская прызначыла яму паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса тры гады абмежавання волі. Амаль пасля чатырох месяцаў за кратамі Дзяніса вызвалілі ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду.
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 2 лістапада вынесены прысуд сямейнай пары са Смалявічаў — Кірылу і Вікторыі Пракопавым, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарных акцыях пратэсту ўвосень 2020 года (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала суддзя Ала Скуратовіч. Пакаранне — абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады і шэсць месяцаў кожнаму.
Суд Брэсцкага раёна пад старшынствам суддзі Вольгі Сухадольскай 20 лістапада прызначыў тры гады абмежавання волі 51-гадовай палітзняволенай Алене Дзмітрыевай. Як піша "Берасцейская Вясна", жанчыну прызналі вінаватай згодна з ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) паводле масавай палітычна матываванай "справы карагодаў", у межах якой ужо асуджана больш як 130 чалавек. Алену затрымалі падчас перасячэння польска-беларускай мяжы і змясцілі да суда пад варту.
Працягваецца паслядоўнае задушэнне свабоды выказвання меркавання і, шляхам крымінальнага пераследу, за розныя формы выказвання іншадумства, у тым ліку крытыку сілавікоў. Не спыняюцца затрыманні за каментары ў сацыяльных сетках у адрас сілавікоў, падпіскі на прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі медыя-рэсурсы і г. д. Так, у лістападзе адбыліся масавыя затрыманні на Гродзеншчыне: у Лідзе, Ваўкавыску, Шчучыне, Гродне, Навагрудку, Міры; і ў іншых абласцях.
За абразу Лукашэнкі ў судзе Ленінскага раёна Гродна суддзя Наталля Козел 30 кастрычніка вынесла прысуд жыхару Мінска Вячаславу Чарнецкаму, якога абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.
У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавічаў вынесены прысуд Вользе Казлоўскай, якая абвінавачвалася ў абразе Аляксандра Лукашэнкі ў сетцы Інтэрнэт паводле ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Іна Паўлоўская, якая асудзіла Вольгу Казлоўскую да пазбаўлення волі на тэрмін шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі.
Парушэнне правоў журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў
Згодна са звесткамі БАЖ, на канец лістапада ў месцах пазбаўлення волі ўтрымоўваецца 31 журналіст і супрацоўнік медыя.
У судзе Маладзечанскага раёна 3 лістапада суддзя Аляксей Іршын вынес прысуд галоўнаму рэдактару "Рэгіянальнай газеты" — палітзняволенаму Аляксандру Манцэвічу. Журналіста абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь згодна з арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса. Пакаранне — пазбаўленне волі тэрмінам на чатыры гады ў папраўчай калоніі і штраф у памеры 14 800 беларускіх рублёў.
Вярхоўны суд 22 лістапада разгледзеў апеляцыйныя скаргі на прысуд Віцебскага абласнога суда палітзняволенай сямейнай пары — Таццяне Пыцько і Вячаславу Лазараву, якіх асудзілі да трох і пяці з паловай гадоў зняволення адпаведна. У выніку суддзя Юрый Руткоўскі пастанавіў прызначыць палітзняволенай тыя ж тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Таццяна правяла ў віцебскім СІЗА амаль паўгода. Вячаславу паменшылі тэрмін на шэсць месяцаў, паведаміла "Беларуская асацыяцыя журналістаў".
Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці зневажальныя годнасць віды абыходжання і пакарання
Праваабаронцы працягваюць фіксаваць катаванні і іншыя акты жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага годнасць абыходжання.
Жорсткае абыходжанне, правакацыі, нярэдка — катаванні зазнаюць затрыманыя, зняволеныя пад варту і асуджаныя паводле палітычных матываў.
У ноч з 24 на 25 красавіка 2023 года былога кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі — палітзняволенага Віктара Бабарыку — даставілі ў гарадскую лякарню з наваполацкай калоніі № 1, дзе ён адбывае 14-гадовы тэрмін. У лякарні яго пратрымалі некалькі дзён і, меркавана, вярнулі ў калонію. Пазней стала вядома, што палітвязня перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), паведамлялася, што доўгі час узімку Бабарыка ўтрымліваўся ў штрафным ізалятары. Праваабаронцам "Вясны" ўдалося атрымаць падрабязнасці інцыдэнту. Віктар Бабарыка быў дастаўлены ў хірургічнае аддзяленне Наваполацкай гарадской лякарні моцна збітым, яго лячэнне праводзілася пад кантролем спецслужбаў.
Працягваецца супрацьпраўная практыка запісу публічных выбачэнняў ("пакаяльных відэа").
Парушэнне свабоды выказвання меркавання пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам
Спіс экстрэмісцкіх фармаванняў папоўніўся на пяць адзінак: "Ex-press.livе", "Гомель за Никиту Золоторева", Telegram-чат "Окрестина задержанные", Telegram-канал "Коалиция протестных дворов" і Youtube-канал "Жопа с усами".
Спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, павялічыўся за лістапад на 61 чалавека і цяпер у ім знаходзіцца 3 541 чалавек.
Дваццаць чалавек былі ўнесены ў спіс 10 лістапада, сярод іх асуджаная да 12 гадоў калоніі Яна Пінчук, палітзняволеныя адвакатка Анастасія Лазарэнка і выкладчыца МДЛУ Наталля Жлоба.
17 лістапада ў спіс дадалі 22 чалавекі. Сярод іншых, у яго былі ўнесеныя палітзняволены айцішнік Дзмітрый Маставы, які нібыта наладзіў відэатрансляцыю з аэрапорта ў Мачулішчах; журналіст Павел Мажэйка і адвакатка Юлія Юргілевіч; сын палітыка Анатоля Лябедзькі — Арцём Лябедзька.
24 лістапада спіс папоўніўся на 21 чалавека. Сярод іншых, у яго дадалі зваршчыка з Белаазёрска Вадзіма Говіна, футбольнага трэнера Артура Мустыгіна, асуджанага пасля вяртання з Польшчы Міхаіла Мякеку.
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапляюць самыя разнастайныя сродкі незалежнай інфармацыі і грамадскай камунікацыі. Асобна можна вылучыць наступныя тэмы, якія падпалі пад цэнзурную забарону ў лістападзе.
Лістапад адзначыўся кропкавымі рэпрэсіямі ў дачыненні да асобных людзей ва ўмовах, калі асноўныя незалежныя СМІ ўжо былі ўнесеныя ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Прызнаныя экстрэмісцкімі асабістыя старонкі актывістаў і аўтарскія выданні, сярод якіх Instagram-акаўнт Каці Пытлевай; TikTok-старонкі "Пра Віцебск", "ksenia.mija", "timur5212"; TikTok-старонка "BIELARUSKI SAL"; старонка Анатоля Лябедзькі ў "Аднакласніках"; старонка спявачкі Маргарыты Ляўчук у Instagram (у другі раз); TikTok-старонкі "Просто Jason", "АНАТОЛЬ_ANATOLE"; Telegram-канал "Кепскiя Гены", які вядзецца беларускім ваяром ва Украіне; Facebook-старонка былога палітвязня Іллі Міронава.
Сярод медыйных рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі ў лістападзе, — Telegram-канал "Беларусь Сейчас"; YouTube-канал "Маяк Беларускі" і Instagram-старонка "mayakby"; Facebook-старонка "МАЯ Радзiма Беларусь"; Telegram-канал "belonews".
Працягваецца ціск на рэгіянальныя выданні і чаты. Сярод прызнаных экстрэмісцкімі ў лістападзе — Telegram-каналы і чаты "Пастаўскія падзеі"; "28 марта. Жгем"; "Верхнедвинск за перемены livе"; суполка ва "УКантакце" "Пошукі старога Гомеля"; Тelegram-канал "Вільне Рівне"; "Ганцавіцкі час"; "Информ-Прогулка Лунінец" у сацсетцы "УКантакце"; суполкі ва "УКантакце" "Информ-Прогулка Лунинец", "Вiцебск Вольны"; Facebook-група "Это Минск, детка" і Telegram-бот "Это Минск, детка", а таксама электронная пошта thisminsk@protonmail.cоm; сацсеткі праекту "Пра Вiцебск".
Працягваюць забараняцца і актыўнасці за мяжой, сярод якіх Telegram-каналы і лагатыпы праектаў "Народная Амбасада Беларусi ў Iзраiлi"; "Народное посольство Беларуси в Литве"; "Канал народного посольства Беларуси в Черногории"; Instagram-старонкі "beldomua", "bsdp_hramada", "bmhuborg", "dapamogalt".
Былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыялы палітычных партый: сацсеткі «Руху "За Свабоду"», Instagram-акаўнт "za_svabodu" (каля 600 падпісчыкаў), а таксама сацсеткі і сайт штаба Віктара Бабарыкі і партыі "Разам".
Трапіў пад забарону збор твораў класіка беларускай літаратуры Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча.
Таксама былі прызнанымі экстрэмісцкімі рэсурсы, прысвечаныя апублічванню інфармацыі пра палітвязняў і каардынацыі людзей вакол іх падтрымкі: суполка ў Facebook "Письма солидарности Беларусь 2020"; Instagram-старонка "politzek.mе" і сайт пра палітвязняў politzek.me цяпер таксама з’яўляюцца экстрэмісцкімі матэрыяламі.
На канец лістапада 99 палітвязняў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці паводле артыкула 361-4 КК — "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Абвінавачванне паводле яго выстаўляюць у дадатак да іншых палітычных артыкулаў і ўжываюць як інструмент ціску. Наяўнасць у заканадаўстве такога артыкула разам з адпаведнай практыкай прызнання экстрэмісцкім усяго незалежнага з’яўляецца важным фактарам рэпрэсій пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам.
Паводле гэтага артыкула 1 лістапада распачалі крымінальную справу супраць былога палітвязня, праваабаронцы Леаніда Судаленкі.
13 лістапада стала вядома, што ў Гомельскім абласным судзе 18 кастрычніка вынесены прысуд палітзняволенай Жанне Волкавай. Жанчыну абвінавацілі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку і "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
Прызнанне любой незалежнай інфармацыі экстрэмісцкай дае ўладам магчымасць прыцягваць да адміністратыўнай адказнасці, што працэдурна значна прасцей за прыцягненне да крымінальнай адказнасці і ахоплівае большую колькасць людзей. У лістападзе ўлады шырока прымянялі арт. 19.11 КаАП — "Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (не менш за 396 разоў), што азначае пакаранне за падпіскі на экстрэмісцкія крыніцы інфармацыі, удзел у экстрэмісцкіх суполках, перасылку экстрэмісцкіх матэрыялаў і г. д.
Улады актыўна пераследуюць людзей паводле гэтага артыкула паўторна, некалькі разоў запар і ў адносінах да аднаго і таго ж чалавека, нягледзячы на тое, што, згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных парушэннях, паўторныя правапарушэнні павінны разглядацца ў адным пасяджэнні і, адпаведна, арышт не можа быць большы за 15 сутак.
Так, паводле гэтага артыкула 3 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбыўся чарговы суд над Міхаілам Лапуновым згодна з ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Суддзя Віктар Казачок прызначыў яму чарговыя 15 сутак, напісала "Гомельская Вясна". Міхаіл быў затрыманы 8 жніўня і з таго часу бесперапынна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Агулам мужчына правядзе за кратамі больш за тры месяцы.
Лістапад асабліва адзначыўся масавымі затрыманнямі ў рэгіёнах Беларусі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".
У Рэчыцы і Рэчыцкім раёне 9 лістапада затрымалі як мінімум шасцярых чалавек нібы за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў і падпіскі на адпаведныя сайты і сацсеткі.
Таксама 9 лістапада стала вядома пра затрыманне жыхара Брэста, які жыве і працуе ў Польшчы. У праўладных Telegram-каналах паведамлялася, што мужчына нібыта напісаў больш за 5 тысяч паведамленняў у "экстрэмісцкіх" каналах і чатах.
Затрыманні адбыліся 11 лістапада на шчучынскім заводзе "Аўтапровад". У гэты ж дзень таксама затрымлівалі людзей у гарадскім пасёлку Мір і горадзе Ваўкавыску — пры гэтым у Ваўкавыску было затрымана не менш за 10 чалавек.
У Навагрудку 11 лістапада таксама адбыліся затрыманні. Раённая газета "Новае жыццё" ў сваіх сацсетках адсправаздачылася аб тым, што сілавікі затрымалі шэраг супрацоўнікаў ААТ "Навагрудскі завод газавай апаратуры".
12 лістапада адбыліся затрыманні на Лідскім заводзе электравырабаў. Меркаваная прычына арыштаў — "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Сілавікі 23 лістапада затрымалі мінімум 6 чалавек за інтэрнэт-каментары і падпіскі ў сацсетках на "экстрэмісцкія" старонкі. "Пакаяльнае" відэа з імі з'явілася ў праўладным Telegram-канале.
Бацьку пісьменніка Сашы Філіпенкі, які знаходзіцца за мяжой, арыштавалі на 13 сутак за рэпост з прызнанага экстрэмісцкім "Люстэрка".
За лістапад Камітэт дзяржаўнай бяспекі два разы абнавіў Спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. З восені 2020 года згаданы спіс перастаў выконваць сваю функцыю і пачаў прымяняцца як рэпрэсіўны інструмент супраць іншадумцаў.
КДБ 3 лістапада дадаў у спіс чатырох чалавек: Арцёма Янкоўскага, фігуранта "справы ЧКБ" Рамана Цыганкова, намесніка старшыні праўлення "Тэхнабанка" Дзмітрыя Богуша, прадпрымальніка і рэзідэнта Гомельскага тэхнапарка Юрыя Ташкінава.
28 лістапада КДБ дадаў у спіс яшчэ васьмярых чалавек. Сярод іх асуджаная да 12 гадоў калоніі Яна Пінчук, 68-гадовая пенсіянерка Наталля Пятровіч, адвакатка Анастасія Лазарэнка, 69-гадовы пенсіянер Барыс Вітко, Андрэй Ігнатовіч, Андрэй Лаўрыновіч, 65-гадовы пенсіянер Пётр Старацітараў, а таксама Віктар Жаваранак.
Цяпер у "тэрарыстычным спісе" налічваецца 1138 чалавек, з іх 383 — беларусы (у спісе КДБ 1147 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
Парушэнне свабоды асацыяцый
Ініцыятыва "Dissidentby", шырока вядомая сваёй актыўнай і бескампраміснай дзейнасцю дзеля падтрымкі палітвязняў і барацьбой за іх вызваленне, якая вядзе паслядоўную і дбайную працу па зборы звестак пра палітычна матываваны пераслед, прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем". Гэта пагражае крымінальным пераследам супрацоўнікаў і неабыякавых беларусаў, якія аказваюць падтрымку ініцыятыве.
Падтрымка беларускімі ўладамі агрэсіі РФ, ваенных злачынцаў, пераслед за падтрымку Украіны і антываенную пазіцыю
Няма звестак пра поўны вывад з Беларусі падраздзяленняў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі "Група Вагнера", якая знаходзіліся там паводле запрашэння Аляксандра Лукашэнкі і якім для размяшчэння і стварэння вайсковай базы прадстаўлена тэрыторыя і будынкі былой вайсковай часткі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Размяшчэнне ў Беларусі наймітаў, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці, з'яўляецца актам падтрымкі ваенных злачынстваў, дапамагання расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, уносіць новы элемент у пагрозы бяспекі ў Еўропе, ставіць пад пагрозу бяспеку грамадзян Беларусі, а таксама стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы і суверэнітэту.
Адначасова беларускія ўлады бязлітасна караюць прадстаўнікоў уласнага народу за антываенную пазіцыю, падтрымку барацьбы ўкраінскага народу і войска з агрэсарам. Гэта аспрэчвае памылковае меркаванне пра вырашальную ролю і заслугі А. Лукашэнкі ў недапушчэнні ўдзелу Беларусі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны: сапраўднай прычынай з'яўляецца пераважная пазіцыя непрымання агрэсіі беларускім народам і рашучасць шматлікіх яго прадстаўнікоў уключацца ў актыўную барацьбу на баку і ў падтрымку Украіны.
Суд Ленінскага раёна Магілёва 1 лістапада асудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі Дзмітрыя Пашына, паведаміў MAYDAY TEAM. Суддзя Наталля Панасенка прызнала яго вінаватым у абразе Аляксандра Лукашэнкі згодна з ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Прычынай пераследу стаў відэаролік у TikTok у сакавіку 2023 года ў падтрымку Украіны, у якім у рэзкай форме таксама быў раскрытыкаваны Лукашэнка.
ГУБАЗіК працягвае пераслед сваякоў беларусаў, якія ваююць на баку Украіны: сілавікі прымусілі бацьку прадстаўніка палка Каліноўскага Паўла Кухты запісаць зварот да сына з просьбай вярнуцца ў Беларусь і "адседзець столькі, колькі трэба". Адпаведнае відэа з'явілася ў праўладным Telegram-канале 20 лістапада.
Сілавікі апублікавалі "пакаяльнае" відэа з Ігарам Соладавым, сузаснавальнікам фірмы па гарадскіх маршрутных перавозках. На камеру ён сказаў, што быў затрыманы за каментары ў Telegram-каналах пра беларускіх і расійскіх вайскоўцаў, паведаміў Grodno_grab.
Магілёўскі абласны суд 22 лістапада разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Бараноўскага, якога абвінавацілі ў "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-2 КК) і "ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні ці ўзброеным канфлікце" (ч. 2 арт. 361-3 КК). Справу ў закрытым судовым пасяджэнні разглядала суддзя Ірына Цяплова. Згодна з абвінавачваннем, Аляксандр Бараноўскі прадастаўляў грашовыя сродкі для забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама для фінансавання дзейнасці па выкарыстанні грамадзян Рэспублікі Беларусь для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні і ваенных дзеяннях — так улады звычайна кваліфікуюць ахвяраванні ў розныя пратэсныя ініцыятывы і падраздзяленням беларусаў, што ваююць за Украіну. Пакаранне — пазбаўленні волі на тэрмін пяць гадоў у папраўчай калоніі.
Баранавіцкая пракуратура распачала крымінальныя справы супраць заснавальніцы "Саюза маці Беларусі" і яе мужа паводле фактаў стварэння і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем, публічнай абразы Лукашэнкі і паклёпу на яго, а таксама садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці. КДБ прызнаў "Саюз маці Беларусі" "экстрэмісцкім фармаваннем" 29 верасня. Арганізацыя вядомая выступамі супраць расійскай ваеннай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, беларускага дапамагання гэтай агрэсіі, мілітарызацыі школьнікаў.
Пераслед адвакатаў
22 лістапада 2023 г. Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці прыняла рашэнні: пра немагчымасць выканання сваіх прафесійных абавязкаў адвакаткай Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Тарасюк Н. І. і пра магчымасць спынення ліцэнзій у сувязі са здзяйсненнем правіннасцяў, не сумяшчальных са званнем адваката (здзяйсненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру), у дачыненні да адвакатак Мінскай абласной калегіі адвакатаў Карачун Ю. М. і Пучкоўскай А. В.
Згаданыя меры з'яўляюцца адвольным і празмерным умяшаннем у дзейнасць адвакатуры, не адпаведным ролі адвакатуры ў грамадстве; шмат якія з іх прынятыя выключна паводле палітычных матываў.