Затрыманні і ціск на палітвязняў: хроніка рэпрэсій 15-16 лістапада Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-16 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу змясцілі ў ПКТ
Вікторыю двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі.
За першыя паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгады ў ПКТ. Па інфармацыі праваабаронцаў, адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю логцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Акрамя гэтага, жанчына некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
22 чэрвеня жанчыну зноў этапавалі ў жаночую калонію № 24. Вядома, што доўгі час яе ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары, а цяпер змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Тэрмін і прычыны спагнання пакуль невядомыя.
Адрас для падтрымкі: ПК № 24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Вікторыя Аляксандраўна Кульша
У Віцебску ліквідавалі грамадскую арганізацыю, якая аказвала дапамогу людзям з інваліднасцю і сталага ўзросту
Рашэннем Віцебскага абласнога суда 24 кастрычніка падверглася прымусовай ліквідацыі Міжнароднае грамадскае аб'яднанне рэабілітацыі падлеткаў, інвалідаў і пажылых людзей "Алмаз". Ініцыятарам такога рашэння стала кіраўніцтва беларускага Міністэрства юстыцыі.
МГА "Алмаз" было зарэгістравана ў лютым 2000 года. Кіраўніцтва і члены арганізацыі садзейнічалі ў вырашэнні пытанняў сацыяльна-медыцынскай дапамогі і працоўнай рэабілітацыі падлеткаў, людзей з інваліднасцю і сталага ўзросту.
Для дзяцей і моладзі сябры грамадскага аб’яднання і валанцеры праводзілі аздараўленчыя і забаўляльныя мерапрыемствы, што дазваляла пажылым людзям і людзям з інваліднасцю пашырыць сацыяльныя кантакты або атрымаць псіхалагічную дапамогу.
Таксама грамадскія актывісты аказвалі сацыяльна-бытавую дапамогу, садзейнічалі рэабілітацыі і працоўнай занятасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі, піша "Віцебская Вясна".
Васіля Палякова не выпусцілі пасля адміністрацыйнага арышту, а зноў змясцілі ў ІЧУ
16 лістапада скончыўся тэрмін адміністрацыйнага арышту ў гомельскага грамадскага актывіста Васілія Палякова, які быў затрыманы 1 лістапада. Аднак на свабоду яго не выпусцілі, паведамляе "Гомельская Вясна". 3 лістапада суд прызначыў яму 15 сутак арышту за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Арышт Васіль Палякоў адбываў у ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі.
Вядома, што 16 лістапада яго даставілі ў РАУС, а адтуль зноў адправілі ў ІЧУ. Гэта азначае, што яго зноў затрымалі альбо па іншай адміністрацыйнай справе, альбо па крымінальнай. Падрабязнасці высвятляюцца.
У Мазыры затрыманы праваабаронца Уладзімір Целяпун — цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ
Прычыны і абставіны затрымання Уладзіміра невядомыя. Крыніца, абазнаная ў сітуацыі, распавяла "Гомельскай Вясне", што ўчора мужчына планаваў ісці на прыём да суддзі Канстытуцыйнага суду ў Мазырскім выканкаме. Але на сустрэчы так і не з'явіўся і на сувязь увечары не выходзіў.
Уладзімір — ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС і мазырскі праваабаронца, які неаднаразова спазнаваў пераслед з боку сілавікоў.
Сілавікі затрымалі жыхара Гродзенскага раёну
На "пакаяльным" відэа затрыманы "прызнаецца" ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту, падчас якіх ён нібыта выкрыкваў лозунгі і выходзіў на дарогу, а таксама ў тым, што ў Telegram-чатах абражаў службовых асоб і Лукашэнку.
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала "Суды, задержания. Гродно и область", затрыманы — Павел Піліпенка.
Палітвязня Ігара Аліневіча 20 сутак утрымлівалі ў ШІЗА
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал "Право на восстание".
Ігар— актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Пасля гэтага яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. На знак пратэсту ён трымаў галадоўку.
Падтрымайце Ігара лістамі, тэлеграмамі і паштоўкамі: Турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Ігару Уладзіміравічу Аліневічу
ГУБАЗіК затрымаў фітнэс-трэнера за меркаваны ўдзел у акцыях пратэсту
На "пакаяльным" відэа ад 16 лістапада затрыманы Аляксандр Якута кажа, што ўдзельнічаў у трох паслявыбарчых акцыях пратэсту, падчас адной з якіх быў "у вобразе шатландскага вікінга".
Па інфармацыі "Наша Ніва", затрыманаму Аляксандру Якуце 37 гадоў. Ён мінчук, працуе ў фітнэс-цэнтры "Адрэналін" у Малінаўцы. Таксама Аляксандр — сертыфікаваны нутрыцыёлаг (эксперт па здаровым харчаванні). Цікавіцца гісторыяй, а таксама любіць ездзіць на матацыкле.
Аляксандр Вайцешык абвясціў за кратамі галадоўку
Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку баранавіцкі актывіст Юрый Казакевіч. Што стала прычынай галадоўкі, пакуль невядома.
Аляксандра Вайцешыка і яшчэ больш за 10 чалавек з Баранавічаў затрымалі 9 лістапада. Вядома, што Вайцешыка затрымалі каля пад'езда свайго дома сілавым метадам. Падчас ператрусу вынялі ноўтбук і тэлефон. 10 лістапада Аляксандра асудзілі на 15 сутак. Па пастанове суда, гэтыя тэхнічныя прылады канфіскаваны.
Лекара і "Чалавека года Віцебшчыны" агулам арыштавалі на 30 сутак
Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Уладзімір Царыкаў 2 лістапада за распаўсюд «экстрэмісцкіх» публікацый у сацыяльнай сетцы паўторна арыштаваў на 15 сутак "Чалавека года Віцебшчыны — 2014", загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі абласной бальніцы Аляксандра Ганчарова.
Першы раз Аляксандру прызначылі 15 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у сярэдзіне кастрычніка.
Пры паўторнай праверцы работнікамі міліцыі гаджэтаў Ганчарова імі быў складзены яшчэ адны пратакол. На падставе яго суддзя Царыкаў пастанавіў пакараць доктара арыштам яшчэ на 15 сутак, піша "Віцебская Вясна".
Аляксандр Валер'евіч мае стаж працы больш за 25 гадоў, быў уганараваны званнем "Чалавек года Віцебшчыны", а ў 2020-ым годзе атрымаў падзяку ад Лукашэнкі за ўнёсак у барацьбе з COVID-19.
ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, які нібыта пакінуў больш за 200 "абразлівых" каментароў
У праўладных тэлеграм-каналах 15 лістапада сцвярджалася, што затрыманы абражаў сілавікоў і прадстаўнікоў улады.
Палітзняволеную Алену Лазарчык у чарговы раз змясцілі ў ШІЗА
Пра гэта стала вядома праваабаронцам 15 лістапада.
Нагадаем, актывістку "Еўрапейскай Беларусі" асудзілі да васьмі гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Вядома, што Алена ў калоніі мае праблемы з зубамі, яна схуднела. Раней паведамлялася, што жанчыну змяшчалі ў ШІЗА.
Падтрымаць палітзняволеную: ПК №4. 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Алене Мікалаеўне Лазарчык
Сілавікі затрымалі жыхара Мінска за "экстрэмісцкую" татуіроўку
На "пакаяльным" відэа, якое праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі 15 лістапада, яго прымусілі паабяцаць "пасля адбыцця пакарання" вывесці яе.