viasna on patreon

"Медыцына ў турме – чорнае люстэрка, у якое заглянуў кожны з нас"

2023 2023-11-30T09:35:00+0300 2023-12-04T12:56:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/medycyns-turma-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадская ініцыятыва "Лекары за праўду і справядлівасць" правяла 29 лістапада ў Вільні канферэнцыю "Пенітэнцыярная медыцына і псіхалогія ў Беларусі". Каманда экспертаў, у якую ўвайшлі юрысты, медыкі, былыя адвакаты і псіхолагі, падрыхтавалі серыю дакладаў, у якіх распавялі аб тым, з якімі праблемамі сёння сутыкаюцца зняволеныя, у тым ліку на аснове анкетавання былых асуджаных ды іх родных, і абмеркавалі, што трэба змяніць у сістэме. Былі прэзентаваныя вынікі анкетавання былых зняволеных, іх родных і блізкіх, а таксама зборнік артыкулаў і дакументаў па тэме.

“Падрыхтаваны першы этап да распрацоўкі канцэпцыі рэфармавання арганізацыі медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі зняволеным, а сёння мы прадстаўляем шырокае бачанне шматграннай працы ў гэтым накірунку”, – так акрэсліў зробленае за апошні час доктар і былы начальнік медслужбы ДВП МУС Васіль Завадскі.

medycyna-turma-41.jpg
Васіль Завадскі

У апошні час была створаная група экспертаў, вывучаныя і класіфікаваныя існуючая нарматыўна-прававая база і дакументацыя, праведзена анкетаванне, у якім на працягу апошніх двух месяцаў прынялі ўдзел 70 рэспандэнтаў з ліку былых палітзняволеных, вызначаны шэраг першачарговых задач, сярод іх:

  • пытанне вызвалення ад адбыцця пакарання па стане здароўя;
  • забеспячэнне медыцынскай таямніцы;
  • арганізацыя псіхалагічнай і псіхіятрычнай дапамогі;
  • выдача лекаў у зняволенні, атрыманне іх з волі, моманты набыцця лекаў за ўласныя сродкі;
  • нормы і парадак забеспячэння харчаваннем, у тым ліку для вегетарыянцаў і веганаў;
  • сітуацыя з медыцынскім страхаваннем;
  • аналіз смяротнасці і летальнасці ў пенітэнцыярных установах;
  • пытанні функцыянавання лячэбна-працоўных прафілакторыяў і іншыя.

Больш падрабязна Васіль Завадскі прааналізаваў, колькі і чаго каштуе медыцына ў месцах пазбаўлення волі. Цікавы факт: ёсць сведчанні, што за кратамі складана атрымаць добрую  дапамогу стаматолага. Васіль Завадскі паведаміў, што напрыклад у адной з калоній, дзе зняволеныя разбіраюць каляровыя металы, яны самі сабе рабілі каронкі для зубоў.

Эксперты прадставілі свае даклады па канкрэтных накірунках даследвання і гучных кейсах. Так, юрыст і былы супрацоўнік Генпракуратуры Алег Талерчык спыніўся на справе Ігара Пцічкіна, якая выявіла шэраг існуючых праблем. Кейс  Пцічкіна – адзін з нешматлікіх выпадкаў, калі за смерць зняволенага быў асуджаны фельчар СІЗА. Выявілася, напрыклад, што рамні фіксацыі, якімі ўтрымлівалі памерлага, не павінны былі выкарыстоўвацца, а фельчар рабіў працу, якую не меў права ажыццяўляць, у ягоныя абавязкі уваходзіла толькі выклікаць дзяжурнага лекара.

Адзін з экспертаў, які пажадаў застацца ананімным, спыніўся на праблеме накіравання хворых з месцаў зняволення ў лякарні. Ён перакананы, што трэба мяняць сістэму падпарадкавання СІЗА і калоній, перадаўшы іх, скажам, Міністэрству юстыцыі. Паколькі зараз большасць кантактаў хворага зняволенага адбываецца праз следчага, хаця ён ніякі не спецыяліст у медыцыне. У гэтым лёгка пераканацца на справе Марыі Калеснікавай, якой выратавалі жыццё практычна ў апошні момант, калі яна ўжо не магла перасоўвацца на допыты. А вось палітзняволенаму Алесю Пушкіну з аналагічным дыягназам жыццё ўратаваць не паспелі.

Праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка падзяліўся сваім уласным досведам знаходжання ў месцах несвабоды з цукровым дыябетам, параўнаўшы сітуацыю ў СІЗА і калоніі “Віцьба”, дзе ён адбываў пакаранне. Судаленка адзначыў, што у калоніі існуюць складанасці з прыняццем неабходных лекаў, а само іх атрыманне ў медпункце вымагае шмат часу. І гэта пры тым, штот зняволены мусіць працаваць, а вызваленне ад цяжкай працы не выдаецца. Таксама адсутнічае магчымасць адпачыць днём.

medycyna-turma-3.jpg
Леанід Судаленка.

Асобная праблема – вымярэнне ўзроўню цукру ў крыві, што неабходна рэгулярна праводзіць. Для гэтай працэдуры выкарыстоўваецца глюкамер, якім нельга карыстацца ні ў СІЗА, ні ў калоніі. За ўвесць час адбыцця пакаранне ён толькі адзін раз змог скарыстацца такой магчымасцю.

Псіхалагіня Вольга Вялічка распавяла аб тым, якімі выходзяць на волю зняволеныя папраўчых устаноў, падкрэсліўшы, што несвабода не выпраўляе, а хутчэй наадварот: адбываецца ўнутраная дэфармацыя асобы. Так, пасля трох год зняволення ў чалавека пачынаюцца незваротныя змены, а пасля 5-7 год яны робяцца ўстойлівымі. У выніку чаго кожны трэці з былых зняволеных здзяйсняе злачынства паўторна, так і не паспеўшы адаптавацца да змененага за час “адсідкі” асяроддзя.

medycynf-turma-2.jpg
Вольга Вялічка

Доктар і былы начальнік медчасткі СІЗА Павел Перапёлкін спыніўся на тэме “Залежныя за кратамі. Арт. 328 і медычная дапамога ў турме”.

“Наркатычны” 328-мы артыкул Крымінальнага кодэкса звычайна ўжываецца з арт. 108, які прадугледжвае прымусовае лекаванне. Аднак у турме лячэнне залежнасцяў фактычна адсутнічае, проста выключаецца магчымасць ужывання наркотыкаў. У выніку суд прымае рашэнне, што зняволены знаходзіцца ў стане рэмісіі, здымае артыкул 108, а на самой справе нарказалежны не меў магчымасці іх ужываць.

Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка акцэнтаваў увагу на скаргах, якія падаюць зняволеныя, а скардзяцца яны практычна на ўсё. Тым не меней, значная частка скаргаў паступае менавіта на стан здароўя. А часам і на тое, што разам са здаровымі людзьмі знаходзяцца побач людзі з псіхалагічнымі захворваннямі. Скардзяцца на нізкую якасць медыцыны, на недахоп спецыялістаў.

На аснове іх аналізу можна канстатаваць, што элементы платнай медыцыны не прыжыліся, няма рэабілітацыі, існуе праблема з лекамі і вітамінамі, а прафілактычныя агляды праводзяцца фармальна і іншыя.

Пра стандарты аказання медыцынскай дапамогі асуджаным да смяротнага пакарання, абапіраючыся на свой уласны вопыт распавяла юрыстка і былая адвакатка Людміла Казак. У яе адвакацкай практыцы былі справы Сяргея Хмялеўскага, Андрэя Жыльнікава і аднаго з братоў Косцевых і таму выступ юрысткі выклікаў вялікую цікавасць і шмат пытанняў ва ўдзельнікаў канферэнцыі.

medycyna-turma-5.jpg
Людміла Казак.

Праваабаронца і былы палітычны зняволены Алег Граблеўскі падзяліўся сваім вопытам зносін з псіхолагам у СІЗА. Галоўная выснова, што на сёння псіхалагічная дапамога ў зняволенні – гэта не дапамога чалавеку, а дапамога самой пенітэнцыярнай сістэме ўбудаваць яго ў турэмны быт.

“Адзіны момант, калі я зразумеў, што маю гутарку з псіхолагам у СІЗА, было пытанне, якое ён мне задаў: “Ну ты ж не збіраешся тут павесіцца?”, – узгадаў Алег.  – Сукамернікі перасцерагалі мяне ад размоў “мне цяжка”, ці “я не вытрымаю болей”, бо тады могуць паставіць на ўлік як схільнага да суіцыду."

Напрыканцы канферэнцыі псіхалагіня Вольга Вялічка азнаёміла з вынікамі анкетавання былых палітычных зняволеных, а таксама іх родных і блізкіх.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства