viasna on patreon

Для даследвання беларускія эксперты просяць былых зняволеных і сваякоў асуджаных прайсці анкетаванне

2023 2023-11-07T16:00:16+0300 2023-11-07T16:02:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/burakou_turma_magileu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускія юрысты, медыкі і псіхолагі аб'ядналіся, каб вывучыць, як функцыянуе турэмная медыцына і псіхалогія ў Беларусі, і якія змены патрэбныя пенітэнцыярнай сістэме, каб правы зняволеных выконваліся і злачыннасць зніжалася. Для даследавання яны просяць дапамогі ў былых зняволеных і сваякоў асуджаных – трэба прайсці анкетаванне. 

Аляксандр Буракоў каля сцен магілёўскай турмы. Фота: spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Беларусь знаходзіцца на першым месцы ў Еўропе і адзінаццатым у свеце па колькасці зняволеных. У нашай краіне функцыянуе больш за 60 месцаў пазбаўлення волі, у якіх утрымліваецца больш за 35 тысяч чалавек. Каля паўтары тысячы асуджаных праваабаронцы прызналі палітвязнямі, аднак рэальная лічба можа і больш – улады хаваюць інфармацыю аб палітычных працэсах. Былыя зняволеныя сведчаць аб псіхалагічным і фізічным гвалце, аб адсутнасці прымальнага ўзроўню медыцынскай дапамогі ў месцах зняволення. Факты паказваюць, што нагляд за выкананнем правоў зняволеных застаецца фармальным, доступ у месцы несвабоды маюць толькі сілавікі і прадстаўнікі праўладных арганізацый, іх дзейнасць не празрыстая.

Каб лепш даведацца, як функцыянуе турэмная медыцына і псіхалогія, эксперты распрацавалі анкету для былых зняволеных і анкету для сваякоў зняволеных. Дзякуючы апытальніку, спецыялісты змогуць зразумець, з якімі праблемамі сутыкаюцца людзі ў зняволенні – ці аказваецца на іх псіхалагічны або фізічны гвалт, ці ёсць у іх доступ да медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, ці забяспечаны яны лекамі падчас адбыцця пакарання, ці могуць яны трапіць на абследаванне ў медустанову за межамі калоніі або СІЗА, ці атрымліваюць сваякі поўную інфармацыю і стане іх здароўя, што варта змяніць у аказанні дапамогі, каб яна была эфектыўнай.

Анкета для былых зняволеных

Анкета для сваякоў асуджаных

Праеĸт прадугледжвае збор і аналіз эĸспертных заключэнняў, распрацоўку прапановаў па змене сістэмы і публічнае абмеркаванне высноваў.

У працоўную групу праекта ўвайшлі былы супрацоўнік Генпраĸуратуры Алег Талерчыĸ, юрыст і праваабаронца Павел Сапелĸа, былы начальнік медыцынскай часткі СІЗА ў Брэсце Павел Перапёлĸін, псіхалагіня Вольга Велічĸа і былы начальніĸ медслужбы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Васіль Завадскі. У эĸспертнай групе прадстаўлены таксама вядомыя беларускія юрысты і праваабаронцы, псіхолагі і лекары, сярод якіх Алег Граблеўскі, Людміла Казак, Леанід Судаленка і іншыя.

"Чым больш былых асуджаных і іх родных пройдуць апытанне, тым больш поўнай будзе інфармацыя ў грамадскасці аб тым, што адбываецца ў месцах несвабоды. Гэта таксама дапаможа экспертам выпрацаваць дзейсныя рэкамендацыі, як змяніць пенітэнцыярную сістэму ў будучыні. Мы абавязкова паведамім аб выніках анкетавання і рэкамендацыях, якія эксперты падрыхтуюць па выніках праекта", – кажуць эксперты.

Звязацца з удзельнікамі рабочай і экспертнай групы можна па электроннай пошце pallpom@gmail.com

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства