viasna on patreon

"Пакажыце ўсіх, з кім няма сувязі". Узгадваем, каго з палітвязняў улады паказвалі ў турмах

2023 2023-11-17T15:36:00+0300 2023-11-20T16:29:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kolesnikova.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі шэраг палітвязняў знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі без сувязі са знешнім светам. У рэжыме "інкамунікада" ўтрымліваюць як вядомых палітвязняў, так і не публічных беларусаў і беларусак. Сваякі, адвакаты і грамадскасць доўгі час не могуць атрымаць інфармацыю пра стан і здароўе некаторых палітзняволеных. Да гэтага часу пасля лякарні так і не паказалі, у якім стане знаходзіцца ў калоніі палітык Віктар Бабарыка. За гэтыя тры гады афіцыйныя ведамствы і праўладныя тэлеграм-каналы паказалі ў турмах і шпіталях толькі каля дзесяці палітычных зняволеных. Гэта былі кадры палітвязняў з СІЗА-1, жодзінскай, гарадзенскай і магілёўскай турмаў, баранавіцкага СІЗА і іншых месцаў зняволення. Іх публікавалі як афіцыйныя ведамствы Міністэрства ўнутраных справаў, Следчы камітэт — так і прапагандысты, праўладныя тэлеграм-каналы. Найчасцей такія публікацыі з’яўляліся як "антыфэйкі" аб абвешчаных галадоўках палітвязняў. Узгадваем гэтыя рэдкія выпадкі, а праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе, чаму важна дамагацца ў дзеючай улады, каб сваякам і грамадству паказвалі, у якім стане знаходзяцца палітвязні.

"Прыкладаем усе магчымыя намаганні, каб факты злачынстваў рэжыму былі ў свеце вядомыя"

Па стане на 17 лістапада 2023 года, няма звестак ад Міколы Статкевіча 283 дні, Максіма Знака 281 дзень, Марыі Калеснікавай 277 дзён, Ігара Лосіка 271 дзень, Віктара Бабарыкі 208 дзён, Сяргея Ціханоўскага 136 дні. Вядома, што некаторых з іх адміністрацыі калоній змясцілі ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Але спіс вязняў, з якімі ў сваякоў няма аніякай сувязі, значна больш. Бо праз спагнанні палітвязняў пазбаўляюць тэлефонных званкоў, а таксама блакуюць ім ліставанне. Таму часта відэа з папраўчых установаў, якія публікуюцца прапагандыстамі як "антыфэйкі", з’яўляюцца адзінай крыніцай для сваякоў, каб пабачыць свайго блізкага. 

Праваабаронцы перакананыя ў тым, што ўтрыманне палітвязняў без сувязі са знешнім светам стварае спрыяльную глебу для любых злоўжыванняў уладаў, у тым ліку катаванняў і забароненага звароту. Між тым, Камітэт супраць катаванняў ААН адзначыў, што кожная дзяржава-ўдзельніца Канвенцыі супраць катаванняў абавязана прымаць дзеянні, якія ўмацоўваюць забарону катаванняў з дапамогай заканадаўчых, адміністрацыйных, судовых або іншых мер, якія ў канчатковым рахунку павінны быць эфектыўнымі з пункту гледжання іх папярэджання, нагадвае праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка 

Павел Сапелка

"Дзяржавы-ўдзельніцы абавязаны ліквідаваць любыя юрыдычныя ці іншыя перашкоды, якія замінаюць выкараненню катаванняў і жорсткага абыходжання, а таксама прымаць пазітыўныя эфектыўныя меры ў мэтах забеспячэння таго, каб рашуча спыняць такія акты і іх паўтарэнне. Да такіх мер можна аднесці надзяленне грамадскасці сродкамі і правамі ажыццяўляць назіранне і, у выпадку неабходнасці, аспрэчваць як дзеянні, так і бяздзейнасць дзяржавы, якія ўяўляюць сабой парушэнне Канвенцыі. Таксама важную ролю адыгрывае магчымасць рэгулярных зносінаў зняволеных і членаў іх сем'яў. Гэта тым больш важна ў адсутнасць бесстаронніх судовых і іншых дзяржаўных механізмаў для інспектавання і наведвання месцаў утрымання пад вартай і месцаў пазбаўлення волі і забеспячэнне доступу асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і асоб, якія рызыкуюць падвергнуцца катаванням або жорсткаму абыходжанню, да судовых і іншых сродкаў прававой абароны, якія гарантуюць своечасовы і бесстаронні разгляд іх скаргаў.

Усё выкладзенае выцякае з абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека. Міжнародныя арганізацыі павінны аказваць ціск на ўлады, заклікаючы іх да захавання міжнародна прызнаных правоў і свабод. Гэта факт, што ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій мы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, не можам дамагацца гэтага ад дзяржавы самастойна, у рамках унутранай палітыкі, з выкарыстаннем уласных магчымасцяў: іх, такіх магчымасцяў, цяпер проста няма. Аднак мы па-ранейшаму прыкладаем усе магчымыя намаганні, каб факты злачынстваў рэжыму і сур'ёзных парушэнняў ім правоў чалавека былі ў свеце вядомыя, і каб у сувязі з гэтым рабіліся знешнепалітычныя меры ў дачыненні да Беларусі як дзяржавы-парушальніцы і ў дачыненні да канкрэтных вінаватых".

Узгадваем выпадкі, калі афіцыйныя ведамствы, прапагандысты і сілавікі паказвалі грамадству палітвязняў. Такіх выпадкаў няшмат, і ўсе яны здараліся пасля грамадскіх рэзанансаў у незалежных СМІ.

Сяргей Ціханоўскі і відэа з жодзінскай турмы

Чацвёртага ліпеня 2023 года Святлана Ціханоўская атрымала ад невядомага чалавека паведамленне нібыта ейны муж памёр у турме. Ціханоўская паведаміла, што не мае ніякіх звестак пра свайго мужа ад 9 сакавіка. 

Але ў хуткім часе прапагандысты ў тэлеграм-канале "ЖС Premium" апублікавалі відэа датаванае 5 лютага 2023-га года з Сяргеем Ціханоўскім з жодзінскай турмы з абразлівым допісам. У чалавеку на відэа даволі цяжка пазнаць Сяргея Ціханоўскага, але ягоная жонка Сьвятлана Ціханоўская, убачыўшы відэа, пазнала яго.

Святлана Ціханоўская тады адрэагавала так:

"Сэрца радуецца бачыць Сяргея. Жывы. І моцным. 

Калі паказалі яго, то наступнымі пакажыце Віктара Бабарыкі, Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Паўла Севярынца, Ігара лосіка, Вольгу Маёраву і ўсіх, з кім цяпер няма сувязі. І дапусціце адвакатаў да ўсіх палітвязняў".

Раней Ціханоўскага паказвалі 28 красавіка 2021 года на праўладным тэлебачанні АНТ у прапагандысцкім фільме "Убить Лукашенко". У ім былі прадэманстраваныя кадры размовы палітвязня і ягонай адвакаткі Наталлі Мацкевіч у СІЗА на Валадарскага. Гэта відэа выклікала вялікае абурэнне ў самой адвакаткі і грамадства, паколькі парушае адвакацкую таямніцу.

cihanouski_turma_1.png
Сяргей Ціханоўскі ў СІЗА-1. Скрыншот з фільма АНТ

Нагадаем, блогер Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня 2020 года на перадвыбарчым пікеце ў Гародні пасля правакацыі. Гэты дзень стаў пачаткам масавых перадвыбарных рэпрэсій 2020-га. Ціханоўскі быў асуджаны закрытым судом на 18 гадоў пазбаўлення волі. Потым яго перавялі на турэмны рэжым і прызначылі яшчэ 1,5 года пазбаўлення волі.

Мікалай Аўтуховіч і відэа з гродзенскай турмы

Падчас суда 11 ліпеня 2022 года палітвязень абвесціў сухую галадоўку праз тое, што яму перадавалі лісты толькі ад маці, а не выдавалі газеты. Аўтуховіч трымаў “сухую” галадоўку ажно 23 дні. За гэты час ён схуднеў на 20 кілаграмаў, моцна асунуўся і не мог самастойна перасоўвацца. 1 жніўня вязень спыніў галадоўку і папіў гарбаты. Праз тры дні тэлеграм-канал "ЖС Premium"апублікаваў відэа, у якім сцвярджаецца, што Мікалай піў сок падчас галадоўкі. Відэа датавана 28 ліпеня.

У кадры бачна траіх мужчын у маленькай камеры гродзенскай турмы. Адзін з іх, па сцвярджэнні канала, ставіць кубак з сокам на адкідное акенца "кармушкі" — яго не відаць на запісе, верагодна, яно трапляе ў "сляпую зону" камеры. Пасля чаго Аўтуховіч нібыта падыходіць і незаўважна п’е сок, пасля чаго вяртаецца на ложак, а сукамернік мые кубак.  

autuchovich_90.png
Мікалай Аўтуховіч знізу

Уладзімр Гундар і відэа з баранавіцкага СІЗА

Баранавіцкі актывіст і краязнаўца, якога ўжо тройчы асудзілі паводле трох крымінальных справаў, неаднаразова абвяшчаў галадоўкі ў зняволенні. Першы раз гэта адбылося пасля першага прысуду, калі Гундара змясцілі ў карцар. 30 чэрвеня 2021 года пра галадоўку паведаміла дачка палітвязня: 

"Адвакат змагла трапіць да яго на спатканне. Высветлілася, што тату з 25.06 адправілі ў карцар на 10 дзён за адмову прамаўляць фразу "схільны да экстрэмізму" ... і г.д па гэтай стандартнай фармулёўцы. У карцары тата абвясціў галадоўку, у яго павышаны ціск, 160 на сённяшні дзень. 

Як мы зразумелі, што хутчэй за ўсё неабходныя яму лекі не прадастаўляюцца (а яму патрэбныя на пастаяннай аснове таблеткі ад ціску і яшчэ ад яго захворвання). Без гэтых таблетак ў яго зноў можа здарыцца гіпертанічны крыз, які ён ужо перанёс у СІЗА КДБ, а таксама ёсць пагроза пазбавіцца другой нагі".

Ужо 2 ліпеня 2021-га Міністэрства ўнутраных справаў апублікавала відэа з подпісам, што інфармацыя пра галадоўку Уладзіміра не адпавядае рэчаіснасці. На відэа бачна, што актывіст прымае ежу, але даты на відэа няма, таму дакладна не вядома, калі яно было зроблена.

Марыя Калеснікава і фота з медчасткі калоніі

Палітзняволеную Марыю Калеснікаву 28 лістапада 2022 года шпіталізавалі з штрафнога ізалятара гомельскай калоніі № 4 у бальніцу. У яе дыягнаставалі прободную язву. Марыю адразу прааперавалі. 1 снежня яе перавялі з рэанімацыі ў хірургічнае аддзяленне. У хуткім часе яе вярнулі ў калонію ў медыцынскую частку.

Там ёй прадаставілі спатканне з бацькам, якое доўжылася каля 10 хвілін у прысутнасці лекара і супрацоўнікаў калоніі. 5 снежня 2022 года праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі фота Марыі Калеснікавай на сустрэчы з бацькам. Першапачаткова прапагандысцкі тэлеграм-канал "ЖС Premium" апублікаваў фота Марыі Калеснікавай з размытым тварам, але пазней абнавілі фотаздымак. Бачна, што Марыя Калеснікава ўсміхаецца. 

kolesnikova.jpeg
Марыя Калеснікава з бацькам у санчастцы бальніцы

Мікіта Емяльянаў і відэа з магілёўскай турмы

Напачатку лютага 2022 года палітвязень, знаходзячыся ў ШІЗА, абвесціў сухую галадоўку на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі магілёўскай турмы № 4 – яны не прымалі заявы і скаргі ад Мікіты. Сухая галадоўка цягнулася 10 дзён, а потым Мікіта праз дрэннае самаадчуванне пачаў піць толькі ваду. 

Родным Мікіты ў адказ на іх скаргі адміністрацыя турмы ў пісьмовай форме прапанавала паведаміць сыну пра неабходнасць спынення галадоўкі з мэтай захавання здароўя. У лісце было пазначана, што на 23 лютага Мікіта ўсё яшчэ трымаў галадоўку. Пасля гэтага кіраўніцтвам турмы быў дасланы ліст, дзе было ўказана, што першы адказ на зварот – памылковы. Затым быў дасланы другі адказ, у якім ужо адзначалася, што Мікіта спыніў галадоўку і на 25 лютага яго стан характырызаваўся як задавальняючы.

24 лютага 2022 года тэлеграм-канал, набліжаны да сілавікоў "#знайанархиставлицо" апублікаваў відэа з магілёўскай турмы № 4, на якім бачна, што Мікіта пачаў прымаць ежу. Відэа датанавана 23-ага лютага. 

emelianau_89.png
Як сцвярджаецца, Мікіта Емяльянаў прымае ежу

Уладзімір Мацкевіч і відэа з "Валадаркі"

Увечары 3 лютага 2022 года палітзняволены філосаф Уладзімір Мацкевіч у мінскім СІЗА № 1 пачаў галадоўку, патрабуючы змены меры стрымання на не звязаную са зняволеннем, завяршэння следства па справе і прызначэння даты суда. 15 лютага Мацкевіч перайшоў да “сухой галадоўкі”. Галадоўка філосафа выклікала вялікі грамадскі рэзананс. 16 лютага праз рэкае пагаршэнне здароўя і сустрэчу са следчым палітвязень спыніў галадоўку.

Днём 17 лютага  прапагандыст  Рыгор Азаронак апублікаваў у сваім тэлеграм-канале відэа з падобным на Мацкевіча чалавекам, які прымае ежу ў камеры СІЗА. Датай здымкі пазначана 19 гадзін 16 лютага. Крыху пазней праўладны тэлеграм-канал "Harakiri" апублікаваў фотаздымак заявы начальніку СІЗА №1 аб спыненні галадоўкі, падпісанай імем Мацкевіча. 

siza-macyk-3.png
Уладзімір Мацкевіч. Скрыншот з відэа

Вольга Такарчук і відэа са спіны ў карцары

9 чэрвеня 2021 года стала вядома, што палітзняволеная блогерка Вольга Такарчук у карцары жодзінскай турмы абвясціла галадоўку.

"Яна абвясціла галадоўку праз надуманую падставу для змяшчэння яе ў карцар. Тэрмін 7 сутак, з 7 па 14 чэрвеня. Воля ў цэлым адчувае сябе нядрэнна, але карцар ёсць карцар. З ёй працуе псіхолаг", казаў тады яе бацька.

На наступны дзень МУС апублікавала відэа, якое нібыта абвяргала тое, што зняволеная блогерка Вольга Такарчук трымае галадоўку. Але многія паставілі пад сумнеў тое, што на відэа сапраўды Вольга, бо на відэа не было даты і часу, а таксама жанчына на відэа ўвесь час сядзела спіной да відэакамеры. Немагчыма зразумець, ці сапраўды гэта была Вольга Такарчук.

Алег Рубец і відэа з баранавіцкага СІЗА

З 4 па 9 лютага 2021 года палітзняволены па "пінскай справе" Алег Рубец трымаў галадоўку ў баранавіцкім СІЗА № 6. Потым яго змясцілі ў карцар. Праз два дні Міністэрства ўнутраных справаў апублікавала абвяржэнне таго, што палітзняволены з Пінска трымае галадоўку, і заявілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. На відэа без даты і часу бачна, як Алег у карцары прымае ежу. 

Сваякі Алега тады так пракаментавалі гэтае відэа:

"Пра галадоўку сына даведалася наўпрост ад адваката ў аўторак, 9 лютага. У той дзень яна наведвала Алега. Галадоўка доўжылася да карцара пяць дзён, з 4 лютага па 9 лютага. Пасля яго змясцілі ў карцэр, і там галадаць ён перастаў. Відэа МУС, хутчэй за ўсё, ужо з карцара. Так што інфармацыя пра галадоўку не фэйк".

Вітольд Ашурак і апошняе відэа

21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17 пры нявысветленых абставінах памёр палітзняволены актывіст Вітольд Ашурак. 25 траўня Следчы камітэт апублікаваў змантаванае відэа з камер назіранняў у ШІЗА, дзе ўтрымліваўся палітвязень. Цяпер відэа па спасылцы, размешчанай у тэлеграм-канале СК, недасяжнае.

Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальную справу. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, але ўжо маецца каля дзясятка сведчанняў былых вязняў ПК № 17 пра ціск і жорсткія ўмовы ўтрымання Вітольда, а таксама катаванні ў гэтай калоніі. 

Адпаведных відэа няма з Алесем Пушкіным і Міколам Клімовічам, якія сёлета памерлі ў месцах зняволення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства