Мікіта Емяльянаў спыніў галадоўку, але яго працягваюць утрымліваць у ШІЗА Дакумент
24 лютага стала вядома, што палітзняволенаму анархісту Мікіту Емяльянаву дадалі яшчэ 10 сутак штрафнога ізалятара. Цяпер ён прабудзе там да 4 сакавіка. Вядома, што хлопец спыніў галадоўку, якую трымаў з 3 лютага.
Вечарам 23 лютага ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў з’явілася відэа, на якім бачна, што Мікіта пачаў прымаць ежу.
Разам з тым, 25 лютага маці палітзняволенага атрымала два адказы на свае скаргі ад адміністрацыі турмы №4 за подпісам начальніка Аляксандра Лауэра.
У першым адказе значыцца, што сапраўды Мікіта Емяльянаў абвясціў галадоўку, яго паводзіны носяць "установачны, дэманстратыўна-шантажны характар, што ў наступстве можа нанесці шкоду яго здароўю".
"На 23.02.2022 г. стан Емяльянава М. У. здавальняючы. <...>
У цяперашні момант Емяльянаў М. У. не паддаецца рацыянальнаму псіхатэрапеўтычнаму перакананню спыніць галадоўку, што робіць мэтазгодным выкарыстанне сацыяльнай падтрымкі значных для яго асобаў", - падкрэслівалася ў адказе.
Родным Мікіты прапаноўвалася ў пісьмовай форме паведаміць сыну пра неабходнасць спынення галадоўкі з мэтай захавання здароўя.
Пасля гэтага кіраўніцтвам турмы быў дасланы ліст, дзе было ўказана, што першы адказ на зварот – памылковы. Затым быў дасланы другі адказ, у якім ужо адзначалася, што Мікіта спыніў галадоўку і на 25.02.2022 г. яго стан задавальняючы, за ім працягваюць назіраць медыкі, хлопцу былі дадзеныя рэкамендацыі па далейшай арганізацыі харчавання.
Тым часам, Беларускі Хельсінкскі Камітэт праінфармаваў пра сітуацыю з Мікітам Емяльянавым Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання, Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб праве кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя і Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
“Мы звярнулі ўвагу спецыяльных працэдур на тое, што беларускія палітвязні пастаянна сутыкаюцца з ціскам з боку турэмнай адміністрацыі, бесчалавечным і прыніжаючым годнасць абыходжаннем.
Гэта не першы выпадак, калі скаргі на ўмовы ўтрымання пад вартай не даходзяць да адрасатаў (органаў, якія па законе павінны разглядаць скаргі і прымаць эфектыўныя меры рэагавання), фактычна сродкі прававой абароны не працуюць. Палітычныя зняволеныя вымушаныя звяртацца ў якасці апошняга сродку абароны сваіх правоў да галадоўкі, у тым ліку галадоўкі без вады”, - адзначаецца ў паведамленні БХК.
Нагадаем, палітзняволены бесперапынна знаходзіцца ў ШІЗА з 18 студзеня, а 27 студзеня Мікіту пачалі судзіць на тэрыторыі турмы №4 па абвінавачванні ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнні правілаў унутранага распарадку (ч. 2 арт. 411 КК). Палітвязню пагражае да 2 гадоў зняволення.
3 лютага хлопец абвясціў сухую галадоўку і трымаў яе 10 дзён. Праз дрэннае адчуванне ён пачаў піць ваду, але не спыніў галадоўку.
Са жніўня 2021 года гэта ўжо пяты раз, калі палітвязня караюць суткамі ў ШІЗА: у жніўні-верасні 2021 ён адбыў у ізалятары 42 дні, у кастрычніку-лістападзе 2021 — 30 дзён, у снежні-студзені 2022 — 13 дзён.
Падтрымаць палітвязня лістамі і паштоўкамі можна па адрасе:
Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А Емяльянаву Мікіту Уладзіміравічу |