viasna on patreon

Пераслед праваабаронцаў — з'ява інтэрнацыянальная: дайджэст міжнародных навінаў  

2023 2023-11-14T14:20:00+0300 2023-11-14T17:47:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/butkevich-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У першай палове лістапада, па-ранейшаму, працягваюцца рэпрэсіі супраць праваабаронцаў, актывістаў і праваабарончых арганізацый не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах: іх дзейнасць моцна раздражняе мясцовыя ўлады: лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру за 2023 год пачала галадоўку ў іранскай турме, няма вестак ад украінскага праваабаронцы, зняволенага ў расійскай турме, а асуджанага крымскага праваабаронцу перавялі на строгія ўмовы ўтрымання.

Зняволеная іранская праваабаронка абвясціла ў турме галадоўку

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру за 2023 год Наргіз Махамадзі пачала некалькі дзён таму галадоўку ў іранскай турме, дзе яна адбывае пакаранне. Пра гэта паведамілі родныя і прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі за яе вызваленне, паведамляе AFP.

Наргіз Махамадзі.
Родныя і прадстаўнікі кампаніі за яе вызваленне паведамляюць, што Махамадзі, якая была асуджаная да 31 года турэмнага зняволення і 154 ударам кнутом, пратэстуе супраць умоваў утрымання ў турме Эвін, а таксама супраць патрабавання іранскіх уладаў, каб жанчыны насілі хіджаб. Якія менавіта патрабаванні яна выставіла, не паведамляецца.

Раней улады Ірану адмовіліся перавесці праваабаронцу з турмы ў шпіталь. Па словах яе мужа Тага Рахмані, турэмныя чыноўнікі праігнаравалі меркаванне турэмнага лекара, які агледзеў Махамадзі, выявіў «крытычны ціск у лёгкіх і дрэнны стан артэрый» і даў рэкамэндацыю перавесці яе для лячэння ў шпіталь.

Нагадаем, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі таксама знаходзіцца ў зняволенні. Нядаўна яго змясцілі ў крытую турму, у яшчэ больш жахлівыя ўмовы ўтрымання.


Няма вестак ад украінскага праваабаронцы Максіма Буткевіча

Родныя і адвакат украінскага праваабаронцы Максіма Буткевіча два месяцы не могуць яго знайсці. Пра гэта Медыязоне распавяла яго маці.

У пачатку вайны Буткевіч пайшоў на фронт і праз некалькі месяцаў трапіў у палон. У сакавіку суд у самаабвешчанай ЛНР прызначыў яму 13 гадоў калоніі.

Расейская прапаганда называла яго "перакананым фашыстам” і "галоўным падрывальнікам рэжымаў" у Казахстане і Беларусі.

Максім Буткевіч, каардынатар і сузаснавальнік праекта “Без межаў”, які выступае супраць мовы варожасці і дапамагае ўкраінскім перасяленцам, вядомы не толькі сярод украінскіх праваабаронцаў. Ён меў зносіны і з беларускімі калегамі-прыязджаў з семінарамі ў Мінск, чытаў лекцыі, дзяліўся экспертызай у міграцыйных пытаннях і раўнапраўі.

Расейская прапаганда называла яго "перакананым фашыстам” і "галоўным падрывальнікам рэжымаў" у Казахстане і Беларусі.


Журналістку расійскай "Свабоды" якая пісала пра парушэнні правоў чалавека, пакінулі пад арыштам

Савецкі раённы суд Казані не стаў абіраць меру стрымання журналістцы "Радыё Свабода” Алсу Курмашавай, затрыманай 18 кастрычніка па крымінальнай справе аб непрадстаўленні дакументаў для ўключэння ў рэестр "замежных агентаў". Следства хадайнічала аб яе арышце, але суддзя Марс Ганееў пакуль толькі падоўжыў тэрмін затрымання.

Рэдактарку татара-башкірскай службы "Радыё Свабода" Алсу Курмашаву затрымалі 18 кастрычніка — па крымінальнай справе аб непрадстаўленні дакументаў, неабходных для ўключэння ў рэестр "замежных агентаў".

Дзяржаўнае агенцтва "Татар-Інфарм" са спасылкай на крыніцы пісала, што, паводле версіі следства, журналістка "праз Інтэрнэт наўмысна вяла мэтанакіраваны збор вайсковых звестак аб дзейнасці Расеі для перадачы інфармацыі замежным крыніцам", а таксама "выкарыстала пры падрыхтоўцы альтэрнатыўных аналітычных матэрыялаў для профільных міжнародных інстанцый і правядзення дыскрэдытуючых Расею інфармацыйных кампаній".


Асуджанага крымскага праваабаронцы перавялі на строгія ўмовы ўтрымання

Асуджанага на 14 гадоў пазбаўлення волі крымскага праваабаронцу Сервера Мустафаева перавялі на строгія ўмовы ўтрымання ў Тамбоўскай калоніі № 1. Пра гэта ён паведаміў у лісце актывістам "Letters of Freedom".

Як піша "ОВД-Інфарм", у снежні 2022 года Мустафаева этапавалі ў Тамбоўскую калонію. У траўні стала вядома, што ён пакутуе болямі ў сэрцы, але яму не даюць кансультацыю кардыёлага.

У 2020 годзе фігурантаў другой бахчысарайскай справы "Хізб ут-Тахрыр" Сервера Мустафаева, Марлена Асанава, Мемета Бялялава, Цімура Ібрагімава, Сервера Зекір'яева, Сейрана Саліева і Эдэма Смаілава прысудзілі да тэрмінаў ад 13 да 19 гадоў калоніі па артыкулах аб арганізацыі дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзеле ў ёй  (чч. 1 і 2 арт.205.5 КК), а таксама па артыкуле аб падрыхтоўцы да гвалтоўнага захопу ўлады (арт. 278 з ужываннем ч. 1 арт. 30 КК).

Праваабарончы цэнтр "Мемарыял" прызнаў фігурантаў бахчысарайскай справы "Хізб ут-Тахрыр" палітвязнямі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства