Алеся Бяляцкага ў калоніі змясцілі ў ПКТ
Палітзняволенага старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна", лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру-2022, асуджанага да 10 гадоў зняволення, Алеся Бяляцкага ў калоніі змясцілі па надуманных прычынах у памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Таксама да праваабаронцы працяглы час не пускаюць адваката. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Наталля Пінчук падчас выступу ў Страсбургу на Сусветным форуме за дэмакратыю-2023.
Тэма сёлетняга Сусветнага форума за дэмакратыю-2023, які праходзіць з 6 па 8 лістапада ў Страсбургу (Францыя), — "Дэмакратыя = мір?". На ім Наталля Пінчук чарговы раз нагадала еўрапейскай супольнасці пра палітычны тэрор у Беларусі і пра тое, што беларусы не жадаюць быць часткаю новай Расійскай імперыі. Таксама яна распавяла апошнія навіны з калоніі пра Алеся Бяляцкага і ціск на праваабаронцаў:
"Тым часам лукашэнкаўскае міністэрства ўнутраных справаў абвясціла створаны Алесем Праваабарончы цэнтр "Вясна" і яго інфармацыйныя рэсурсы "экстрэмісцкім фармаваннем". Гэта значыць, што дыктатар лічыць "экстрэмізмам" абарону правоў чалавека. Сёнья дамагацца безумоўнай свабоды для Алеся Бяляцкага, для ўсіх беларускіх палітычных вязняў, дамагацца свабоды для Беларусі — гэта значыць адстойваць мірную будучыню Беларусі. І Украіны, і нашага рэгіёну, а значыць, і свету ў цэлым. Свабода — гэта мір",— сказала Наталля.
Нагадаем, 2 траўня 2023 года стала вядома, што праваабаронцу Алеся Бяляцкага перавялі з СІЗА-1 у папраўчую калонію № 9 у Горках. Там ён працаваў на дрэваапрацоўцы. Цяпер стала вядома, што па надуманных прычынах яго змясцілі ў ПКТ і не даюць сустрэцца з адвакатам.
"Такія пакутныя выпрабаванні прыпалі не толькі на долю праваабаронцаў, але і на долю ўсяго беларускага народу", – Наталля Пінчук