viasna on patreon

Агляд навінаў палітвязняў з 10 па 18 кастрычніка

2023 2023-10-18T13:48:04+0300 2023-10-18T13:51:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pavel-mazheika_julija-jurhilevicz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

На мінулым тыдні палітзняволенымі былі прызнаны 14 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1486 чалавек. Таксама стала вядома, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю 12 палітвязняў, у тым ліку Дзмітрый Малашанка, Яўген Туравец, Аляксандр Сячко, Антон Якавук, Андрэй Чудзінаў, Іна Панова, Міа Міткевіч, Рыта Зотава і Мікіта Хількевіч.

Апроч гэтага, праваабаронцы даведаліся пра прысуды па палітычна матываваных справах чатыром палітвязняволеным: 

Пенсіянера Васіля Дземідовіча праз тыдзень пачнуць судзіць ужо сёмы раз 

Васіль Дземідовіч

У Старых Дарогах 19 кастрычніка распачнецца суд над 71-гадовым палітзняволеным. Яго абвінавачваюць паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Справу будзе разглядаць суддзя Наталля Зык.

Гэта ўжо сёмы суд над пенсіянерам. Агулам яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх двух судоў пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць ужо амаль год і чатыры месяцы.

У сувязі з тым, што палітзняволенага ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў", яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Апроч гэтага, у Васіля няма сваякоў, якія маглі б яго падтрымаць. Адзначым, што за апошні год пенсіянер перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах — таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.

(Не) апошняе слова Васіля Іванавіча на адным з судоў

"Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра крымінальны пераслед пенсіянера з Нясвіжа.

Палітвязня Рамана Марусава збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым

Раман — кантрактнік з 103-й віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады, нарадзіўся ў Касцюковічах. Палітвязень быў затрыманы 23 сакавіка 2021 года. Яго асудзілі да шасці гадоў калоніі па арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) за перадачу інфармацыі BYPOL.

Праваабаронцам вядома, што яго збілі пры затрыманні. Сляды збіцця, кроў бачны і на "пакаяльным відэа". Адбываць тэрмін Рамана адправілі ў віцебскую калонію № 3.

Па інфармацыі праваабаронцаў, 17 кастрычніка ў судзе Віцебскага раёна адбудзецца суд па замене Раману рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Міхаіла Зубені, палітвязня могуць перавесці на турэмны рэжым.

Палітвязня Алега Рубца пасля 90 дзён у ШІЗА перавялі ў санчастку

Алег Рубец

У чэрвені 2022 года па рашэнні наваполацкага суда пінчука, асуджанага да 5,5 гадоў калоніі, перавялі на 3 гады з калоніі ў жодзінскую турму № 8. Агулам у штрафным ізалятары за апошні год яго ўтрымлівалі больш за 200 сутак.

Цяпер сваякі палітвязня напісалі ў сацсетках, што Алега пасля ШІЗА перавялі ў санчастку:

"После трех месяцев отсутствия каких либо вестей от Олега пришло долгожданное письмо. В нем он сообщил, что находится в санчасти, но причину написать не может...

Также сообщил, что после его отправят досиживать оставшиеся сутки в изолятор.

Администрация тюрьмы отказалась объяснять причину нахождения Олега в санчасти и медицинский диагноз с которым он туда попал.

На данный момент Олег снова находится в ШИЗО, сколько он там пробудет неизвестно. Духом он не сломлен, но написал, что сильно похудел".

Апеляцыйныя скаргі журналіста Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч пакінулі без задавальнення

Палітзняволеных абвінавацілі па ч. 2 арт. 361-4 КК за "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове" і асудзілі да 6 гадоў калоніі. Справу ў Гродзенскім абласным судзе разглядаў суддзя Максім Філатаў.

Паводле матрыялаў справы, Юлія перадала Паўлу інфармацыю пра пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзіі, а таксама звесткі пра разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Пушкіна і прызначэнне яму пакарання. Абвінавачванне было ўпэўненае, што Мажэйка перадаў гэтыя звесткі для публікацыі на "Белсат".

Вярхоўны суд 17 кастрычніка ў закрытым рэжыме разгледзеў апеляцыйныя скаргі Паўла і Юліі. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча пакінула прысуд у сіле, а скаргі — без задавальнення, піша тг-канал "Право имеют". Палітвязняў хутка перавядуць у калоніі.

Вярхоўны суд пакінуў прысуд былому выкладчыку БДУІР Мікалаю Банькову без зменаў 

Мікалай Васільевіч Банькоў

У Мінскім гарадскім судзе 28 ліпеня агучылі прысуд 52-гадоваму палітвязню — 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле арт. 361-2 КК (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) за тры данаты, якія мужчына зрабіў у жніўні 2020 года. Крымінальную справу разглядала суддзя Святлана Бандарэнка.

Мікалай — былы выкладчык кафедры сувязі БДУІР. Гэтая кафедра прызначана для падрыхтоўкі кадравых афіцэраў для Узброеных Сіл і іншых сілавых структур і ведамстваў Рэспублікі Беларусь. Мужчыну затрымалі 18 студзеня 2023 года ў Мінску. 

Сёння судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова пакінула прысуд Мікалаю ў сіле, а скаргу — без задавальнення.

Былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча хочуць перавесці на турэмны рэжым 

Аляксей Храловіч

Аляксей — былы падпалкоўнік КДБ. У Мінскім гарадскім судзе 30 сакавіка 2022 года яго асудзілі да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў па ч. 2 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Таксама ён пазбаўлены вайсковага звання "падпалкоўнік". Пад вартай да суда ён утрымліваўся каля году.

Згодна з інфармацыяй, агучанай у фільме на дзяржтэлебачанні, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыя размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі.

Па інфармацыі праваабаронцаў, 24 кастрычніка ў Наваполацку адбудзецца суд па замене Аляксею рэжыма ўтрымання на турэмны. Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Хрыпач.

Палітвязня Дзяніса Хахлова, якога выдварылі з Расіі ў Беларусь, будуць судзіць за ўдзел у пратэстах 

Дзяніс родам з Круглага, ён айчым асуджанага за ўдзел у пратэстах Уладзіслава Лагуценкі.

Мужчына жыў у Расіі з лютага 2023 года, туды ён з'ехаў ад пераследу ў Беларусі. З Расіі ён збіраўся з'ехаць у Грузію, але 11 чэрвеня быў затрыманы ў Кабардзіна-Балкарыі праз тое, што знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку на запыт Беларусі. На час праверкі яго змясцілі ў ІЧУ, аднак пракуратура прыйшла да высновы, што ягоныя дзеянні не лічыцца злачынствам на тэрыторыі Расіі.

Але яго не вызвалілі і склалі адміністрацыйны пратакол за перавышэнне тэрміну знаходжання ў Расіі без рэгістрацыі. Суд прызначыў яму адміністрацыйнае выдварэнне ў Беларусь.

Стала вядома, што 26 кастрычніка ў Шклове Дзяніса пачнуць судзіць за ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342 КК). Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Тараканаў.

"Кожны месяц сядзіць у ШІЗА". Як у зняволенні ціснуць на анархістаў Ігара Аліневіча і Мікіту Емяльянава

Ад Ігара Аліневіча, асуджанага да 20 гадоў калоніі, звестак з турмы даходзіць вельмі мала.

"Трымаюць яго не ў адзіночнай камеры, але ўсё роўна сытуацыя з сувяззю складаная. Кожны месяц сядзіць у ШІЗА. Званкоў і перадач, у тым ліку мэдычных, пазбаўлены. Лісты да яго даходзяць, але толькі ад сваякоў. І то з пераменным поспехам", паведаміла крыніца "Свабодзе".

Да Емяльянава, які амаль 4 гады знаходзіцца ў зняволенні, зноў не пускаюць святара каталіцкай канфесіі.

"У камеры ён адзін. На здароўе ня скардзіцца. Перапіска толькі з сям’ёй. Настрой нармальны. Трапляў у ШІЗА. Карыстаецца турэмнай бібліятэкай, але яму дагэтуль не перадалі кнігі, якія заказаў праз Белкнігу", — паведамілі родныя палітвязня.

У жніўні не прынялі перадачу для палітзняволенай Алены Лазарчык 

Алена Лазарчык. Фота: kp.by

Гэта, хутчэй за ўсё, сведчыць аб тым, што яе пазбавілі перадач. Апошні ліст ад Алены прыйшоў у пачатку верасня — з таго часу лістоў ад жанчыны няма. З моманту пераводу Лазарчык у калонію ні разу не быў атрыманы дазвол ад адміністрацыі ўстановы на сустрэчу з адвакатам. Што зараз адбываецца з Аленай, у якім яна стане — невядома.

Нагадаем, актывістцы "Еўрапейскай Беларусі" прысудзілі 8 гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Вядома, што Алена ў калоніі мае праблемы з зубамі, яна схуднела. Раней паведамлялася, што жанчыну змяшчалі ў ШІЗА.


Агляд навінаў палітвязняў з 26 верасня па 10 кастрычніка

"Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства