Заўтра 71-гадовага палітзняволенага Васіля Дземідовіча будуць судзіць ужо ў шосты раз
У судзе Нясвіжскага раёна 23 жніўня пачнуць разглядаць крымінальную справу супраць 71-гадовага палітзняволенага Васіля Дземідовіча, якога судзяць за каментары ў "Карніках Беларусі". Справу будзе разглядаць суддзя Дзмітрый Гвозд. Гэта ўжо шосты суд над пенсіянерам. Агулам яго асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік пятага суда пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць ужо 16 месяцаў. "Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра крымінальны пераслед пенсіянера з Нясвіжа.
За што пераследуюць Васіля Дземідовіча?
Васіль Дземідовіч нарадзіўся ў 1952 годзе ў вёсцы Стальбоўшчына, што ў Уздзенскім раёне Мінскай вобласці. Мужчына доўгі час жыў у Расіі, у Наўгародскай вобласці. Шмат гадоў палітзняволены працаваў юрысконсультам. Апошнія гады жыў у Нясвіжы.
Пенсіянера затрымалі, меркавана, у чэрвені 2022 года Спачатку ўтрымлівалі пад хатнім арыштам, а потым змянілі меру стрымання і змясцілі пад варту. Прычынай крымінальнага пераследу сталі шматлікія каментары ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" і групы "Чат групы Карнікі" ў перыяд з верасня 2021 года па студзень 2022 года.
У жніўні 2022 года ў Гродне над ім распачаўся суд па першай крымінальнай справе. Тады яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса і асудзілі на шэсць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічыняў (1 600 рублёў). З абвінавачанага таксама на карысць пацярпелых спагнаная грашовая кампенсацыя маральнай шкоды на агульную суму 32 000 беларускіх рублёў.
З 23 лістапада 2022 года Васіля змясцілі пад варту ўжо ў межах новай крымінальнай справы паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). 13 лютага суд Дзяржынскага раёна агучыў прысуд пенсіянеру — адзін год зняволення са штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (1 110 рублёў), а шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова яго асудзілі да шасці з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыма і штраф у памеры 2 710 рублёў.
71-гадовага пенсіянера Васіля Дземідовіча асудзілі яшчэ да 2,5 гадоў калоніі
Судом Драгічынскага раёну ў сакавіку 2023 Васілю, паводле яго словаў, было прызначана яшчэ 15 сутак пазбаўлення волі.
У судзе Савецкага раёна Гомеля 20 красавіка 2023 года пачалі разглядаць ужо чацвёртую крымінальную справу пенсіянера паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 391 КК (абраза суддзі).
Паводле паказанняў пацярпелых, усе яны знайшлі свае асабістыя звесткі ў тг-канале "Карнікі Беларусі" і пабачылі пад гэтымі допісамі абразлівыя каментары, напісаныя Дземідовічам. Частка з пацярпелых нават заявілі грамадзянскія пазовы да абвінавачанага.
Сваю віну Васіль прызнаў, але адзначыў, што некаторыя каментары пакідаў не ён, а ягоны знаёмы, з якім яны разам калісьці былі ў камандзіроўцы ў Афганістане.
Суддзя Аляксандр Мохараў прызначыў палітвязню два з паловай гады калоніі са штрафам у памеры 30 базавых велічыняў. Канчаткова суд прызначыў Дземідовічу сем гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 4 930 рублёў.
Ужо 5 траўня над Дземідовічам распачаўся ўжо пяты суд — яго абвінавацілі зноў па арт. 369 КК. Працэс прахадзіў у Пухавічах, працэс вяла суддзя Вольга Бабук. Вынік судовага разгляду пакуль невядомы.
Цяпер стала вядома, што 23 жніўня ў судзе Нясвіжскага раёна будзе разгледжана ўжо шостая крымінальная справа супраць Васіля Дземідовіча. У гэты раз яго зноў абвінавачваюць паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Справу будзе разглядаць суддзя Дзмітрый Гвозд.
"На мяне глядзяць як на тэрарыста". Што казаў пенсіянер на адным з судоў?
Вядома, што адным з пацярпелых па справе Дземідовіча быў прызнаны пракурор Дзяніс Мікушаў, які падтрымліваў абвінавачанне па справе палітвязня Сяргея Ціханоўскага. Пад пастом з асабістай інфармацыяй Мікушава пенсіянер напісаў: "Зноў чарговы маскаль".
"І я прызнаю, што каментар я размясціў у дачыненні да Мікушава ў адказ на тое, што была неадназначная ягоная пазіцыя ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага. Ціханоўскага я лічыў і лічу прыстойным чалавекам, які выказаў сваю пазіцыю, які не здзейсніў ніякага асабліва цяжкага злачынства, за якое ён цяпер сядзіць, але гэта, зноў жа, мая пазіцыя. Таму я і выказаўся з гэтай нагоды.
Што тычыцца астатніх выказванняў, то я ў дачыненні да іх не выказваўся, таму што там такія дадзены каментары, якія б мне нават і ў галаву не прыйшлі, гэта каментары майго знаёмага. У яго складаныя адносіны, як украінца, з савецкай уладай, з расейскай уладай, таму што ў яго дзед сядзеў у Сібіры, бацька пасля вайны таксама сядзеў за антысавецкую агітацыю, таму ён асацыяваў беларускую ўладу і расійскую ўладу як роднасныя ўлады і ўвесь час крытыкаваў, размяшчаў усе гэтыя выказванні.
... Вось мяне з чэрвеня месяца трымаюць тут за кратамі па такім цяжкім артыкуле, як арт. 293, удзел у масавых беспарадках, звязаных там з пагромамі, падпаламі машын і ўсё астатняе. На мяне глядзяць як на тэрарыста, калі канвойныя міліцыянты мяне вязуць, яны кажуць: "Слухай, што там у цябе за артыкул, 293?". Я кажу: "Так і так". "А што там ты падрываў?" І гэтак далей, разумееце? Проста недарэчнасць нейкая страшная.
Вядома, непрыемна, я ўсведамляю ў дачыненні да Мікушава, што я распаўсюдзіў гэтую інфармацыю, хацеў бы папрасіць прабачэння, але, тым не менш, так здарылася. У сувязі з пратэстным рухам у Беларусі ў 2020 годзе я размяшчаў у інтэрнэце розныя каментары, і ў пачатку 2021 года я нават адправіў ліст у адміністрацыю прэзідэнта, прапаноўваў у гэтым лісце садзіцца за стол перамоваў і неяк дамаўляцца апазіцыі, як гаворыцца, з уладай. Як у звычайных цывілізаваных краінах, якія б падзеі ні адбываліся звязаныя з пагромамі, як у Францыі, Германіі, яшчэ дзе-небудзь, садзяцца апазіцыя і паліцыя і дамаўляюцца. У нас жа атрымалася трошкі ўсё па-іншаму. Апазіцыя аказалася няправая, апазіцыянеры аказаліся ізаляваныя ад грамадства, а ўладныя структуры апынуліся на вышыні.
Мне цяжка судзіць, таму што я ў палітыцы зусім не цямлю, і я меркаваў, што тыя дзеянні, якія я здзейсніў, і якія мне паставілі, празмерна суровыя. У маім узросце атрымаць шэсць гадоў пазбаўлення волі за нібыта ўдзел у масавых беспарадках — гэта наогул нейкі абсурд. І мне яшчэ адвакат, які першы прыходзіў, сказаў, што "я табе нічым дапамагчы не магу". Вось ён прыехаў з Мінска, са мной размаўляў, доўга мы з ім размаўлялі і ён кажа "Я табе не дапамагу". Я кажу: "Чаму?". "Ну цяпер такія спецыфічныя ўмовы, што адвакатура ніякай ролі не грае". Таму ён з'ехаў, сказаў: "Дзейнічай па сваім меркаванні". Па сваім меркаванні я і дзейнічаю".
"Мне пагражалі і павесіць, і забіць, і зарэзаць"
"...Я меркаваў, што калі я там маю зносіны ў Інтэрнэце з кімсьці, мяне таксама ж абражаюць, мне таксама пагражаюць. Мне пагражалі і павесіць, і забіць, і зарэзаць, і ўсё астатняе, мне пагражалі, я ім адказваў, мяне абражалі, я ім адказваў, гэта значыць нейкая палеміка была. Хоць, вядома, трэба было плюнуць на ўсё, не звяртаць на ўсе ўвагі, але ў кожнага былі свае эмоцыі. Я свае эмоцыі праявіў на 6 гадоў. І апошняе, што я хацеў сказаць: я разумею пазіцыю пракуратуры, але ў маім узросце атрымліваць два гады да шасці гадоў, я не ведаю, гэта наогул нейкі абсурд. Я думаю, што дастаткова гэтых шасці гадоў, якія ёсць, шляхам паглынання менш строгага больш строгім пакараннем, і гэта будзе па самую завязку.
Я нікога не абрабаваў, не забіў, не згвалціў, не здзейсніў ніякіх тэрарыстычных актаў, нічога не скраў, тым не менш, такія прапануюць тэрміны адседзець. За што? Я не разумею проста. Тым больш пацярпелыя, якія не з'явіліся, яны напэўна таксама дзесьці ў душы разумеюць, што ўсё ж такі строга да мяне паставіліся. Што тычыцца пазоваў. Пазовы, вядома, залімітавыя. У параўнанні з тымі пазовамі, якія былі ў Гродзенскім судзе, там 500 рублёў, максімум 1000 рублёў, па пяць там, па шэсць тысяч рублёў — гэта наогул велізарныя пазовы. Потым, пазоў — гэта кампенсацыя маральнай шкоды. Яны ніякіх даведак не далі, што яны хварэлі, што яны перажывалі, што хтосьці там у бальніцы ляжаў, яшчэ што-небудзь. То бок любы пазоў неабходна пацвярджаць доказамі, а доказаў няма зусім. Паведамляць, што "я прачытаў, я знерваваўся" — гэтага мала. Суду неабходныя дакладныя доказы, на якія суд бы абапіраўся і сказаў, што пазоў, які заяўлены на суму 5000 рублёў, вось ён не абгрунтаваны і ён не падлягае задавальненню", — сказаў на судзе Дземідовіч.
"Чатыры міліцыянты вывалаклі проста з дому, прымусілі мяне здымаць бела-чырвона-белы сцяг, але я не стаў гэтага рабіць". (Не) апошняе слова Васіля Дземідовіча
На адным з судовых пасяджэнняў пенсіянер выступіў з (не) апошнім словам:
"Я сумленна пражыў усё сваё жыццё. Я ніколі не ўступаў у канфлікт з дзяржавай. Пасля заканчэння, пасля дэмабілізацыі з войска, я служыў у войску ў ПДВ, даслужыўся да звання малодшага лейтэнанта. Наскакаў 136 разоў з парашутам — люблю гэты від спорту. Чатыры з паловай месяцы працаваў парашутыстам-пажарным па тушэнні пажараў у Сібіры і на Далёкім Усходзе. Ведаю, што гэта за праца. Потым вучыўся ў політэхнічным інстытуце, у нас былі льготы, звязаныя з тым, хто з войска сыходзіў, на працягу двух гадоў мы маглі здаць экзамены на ўсе чацвёркі, былі залічаны. Пасля інстытута я працаваў на розных пасадах, жыў і ў Краснаярскім краі, і ў Ніжнім Ноўгарадзе, тады была адна краіна, потым пераехаў пасля смерці маёй жонкі, яна ў мяне працавала хірургам дзіцячым да апошняга дня.
Потым я пераехаў на сваю радзіму — не ва Уздзенскі раён, а ў Беларусь — і не займаўся ніякай палітыкай, не займаўся ніякімі такімі пытаннямі залімітавага характару, не ставіў перад сабой ніякіх мэтаў, каб там уступаць у саперніцтва з уладай і гэтак далей. Меркаваў, што любое грамадства павінна дамаўляцца, члены, якія жывуць у гэтым грамадстве, павінны дамаўляцца, і ні ў якім разе нельга супрацьстаяць адзін аднаму, а то атрымалася, што пасля жніўня 2020 года грамадства раскалолася на дзве паловы. Там, дзе я жыў па вуліцы Карла Маркса, восем сем'яў з'ехала пасля жніўня 2020 года. З'язджаюць усе, наўпрост збіраюцца і з'язджаюць, гэта ж таксама не справа. На працягу трох з паловай гадоў над маім домам вісеў бела-чырвона-белы сцяг. Нікому ён не перашкаджаў, зусім нікому не перашкаджаў. Я люблю сваю гісторыю, люблю сваю краіну, ведаю сваю гісторыю добра, ведаю гісторыю сваёй краіны, трагічныя там, урачыстыя моманты і гэтак далей, і думаю, што лепш, чым Беларусь, на постсавецкай прасторы краіны няма, таму што я аб'ездзіў і Сярэднюю Азію, і Каўказ аб'ездзіў, і Сібір, і Украіну, усюды свая спецыфіка. У нас, я лічу, самы талерантны народ, лічу, што самы памяркоўны народ у добрым сэнсе гэтага слова, і я меркаваў, што…
Ну, праўда, мяне сталі трохі прыгнятаць, калі 25 сакавіка 2020 года прыехала чатыры міліцыянты, выцягнулі мяне, вывалаклі проста з дому, прымусілі мяне здымаць бела-чырвона-белы сцяг, але я не стаў гэтага рабіць, яны яго знялі, пасля гэтага мяне аштрафавалі, дакладней, спачатку пасадзілі на суткі, далі чацвёра сутак, я адседзеў, штраф улупілі. Я меркаваў, што канфлікт вычарпаны, але вось гэтыя падзеі, бачыце, падзялілі грамадства на дзве часткі: адны — за, іншыя — супраць. Гэта вельмі дрэнна, павінен быць кампраміс, кансэнсус у грамадстве павінен быць дасягнуты. У нас, на жаль, гэтага кансэнсусу няма. Чым гэта ўсё павернецца, я не ведаю.
Ведаю, што такое вайна. Вельмі дрэнна, што славяне ваююць адзін з адным, Украіна, Расія і Беларусь. І спадзяюся, што канфлікт неяк вырашыцца. Шкада людзей, якія там гінуць. Я ваяваў, я ведаю, што такое вайна. Я ваяваў, я ведаю, што такое забіты чалавек. Я валодаю спецыфічнай вайсковай спецыяльнасцю, я ведаю, што такое загінулы чалавек. Ведаю, што такое гора для сваякоў, калі яны даведаюцца, што іх сваяк загінуў і ўсё астатняе. Таму, што ёсць, то ёсць, вы ўжо там, паважаны Высокі суд, вызначыцеся, і з улікам майго ўзросту, таго, што я раскайваюся ў здзяйсненні дадзенага злачынства, і будзем спадзявацца, што тое, што я сказаў, вы ўлічыце. У мяне ўсё".
У сувязі з тым, што палітзняволенага ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў", яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Апроч гэтага, у Васіля няма сваякоў якія маглі б яго падтрымаць.
Адзначым, што за апошні год пенсіянер перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах: у "сталыпінскім" вагоне пад жорсткім кантролем канваіраў і сабак, у кайданах, падчас чаго іх часта не кормяць, усе рэчы яны нясуць у руках, закаваных у кайданы. Таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.