Журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч асудзілі да шасці гадоў зняволення Дапоўнена
Палітзняволеных журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі кожнага: Мажэйку — у калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юргілевіч — агульнага.
Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 2 арт. 361-4 КК за "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове". Справу ў Гродзенскім абласным судзе разглядаў суддзя Максім Філатаў. Працэс над журналістам і адвакаткай ішоў з 10 ліпеня 2023 году. Пасяджэнне праходзіла у адкрытым рэжыме.
Адвакатку Юлію Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйку пачалі судзіць за перадачу інфармацыі "Белсату"
Следства сцвярджала, што Юлія расказала ў тэлефоннай размове Паўлу пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд Алесю Пушкіну. Пракурор даказваў, што менавіта Павел размясціў гэтую інфармацыю на старонцы «Белсату» — спосаб, час і асобы не ўстаноўленыя. Павел і Юлія не прызналі віну. Юргілевіч заяўляла, што яе трымаюць у «скоцкіх умовах» і не далі азнаёміцца са справай. Да суду фігуранты адмовіліся даваць паказанні, у судзе Мажэйка адказвае на пытанні выбарачна. Бацька журналіста адмовіўся сведчыць супраць свайго сына. Паўла і Юлію прыводзілі на працэс у кайданках, але здымаюць на час пасяджання. На другі дзень яны выглядалі больш змучанымі, пісала «Радыё Свабода».
Юрыст "Вясны" Павел Сапелка пракаментаваў умовы разгляду справы Юргілевіч і Мажэйкі
14 ліпеня адбыліся спрэчкі бакоў. Дзяржабвінаваўца звярнуўся да Гродзенскага абласнога суда з просьбай пакараць Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч шасцю гадамі пазбаўлення волі кожнага з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.Апошнія словы журналіста і адвакаткі прагучала 20 ліпеня.
Аднак падчас судовага пасяджання пракурор Дзмітрый Сініла прынёс раздрукоўку артыкулаў «Белсату», паводле якіх вязняў судзяць. Суддзя і пракурор зразумелі, што час у Польшчы і Беларусі адрозніваюцца, таму яшчэ тыдзень высвятлялі з праграмістам, калі паводле беларускага часу артыкул быў апублікаваны, каб зразумець, ці далучаць гэтыя матэрыялы да справы.
20 ліпеня пасля пасяджання на «хуткай» забралі гарадзенскую актывістку Святлану Рынкевіч. Сябры і сваякі выйшлі з судовай залы і сабраліся ў двары перад будынкам суда. Святлане ў гэты момант стала кепска, яна асела на зямлю і страціла прытомнасць. Хуткая дапамога забрала яе ў бальніцу, аднак там жанчына, папярэдне, упала ў стан комы, а ўначы памерла.
Пасля прысуду Юліі Юргілевіч Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека звярнула ўвагу на грубае парушэнне нормаў міжнароднага права ў сувязі з пераследам адвакаткі за аказанне ёю юрыдычнай дапамогі, парушэнне яе права на свабоднае выказванне меркавання, права на доступ да інфармацыі, а таксама права на справядлівы суд. У заяве патрабуецца неадкладна вызваліць Юлію Юргілевіч з-пад варты і спыніць ў дачыненні да яе крымінальны пераслед.
Падтрымаць Паўла і Юлію: Турма № 1. 230023, Гродна, Кірава, 1, Павел Іванавіч Мажэйка, Юлія Пятроўна Юргілевіч