viasna on patreon

"Новае затрыманне — пытанне толькі часу". Як у Беларусі пераследуюць былых палітвязняў

2023 2023-10-10T10:14:00+0300 2023-10-26T09:54:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paliarviazni_paslia_vyzvalennia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі трываюць ужо больш за тры гады і, здаецца, ужо пракраліся ва ўсе сферы жыцця. Амаль не засталося такіх сацыяльных груп, якія бы не сутыкнуліся з увагай дзяржавы па палітычных прычынах. Былыя палітзняволеныя — не выключэнне. Іх пераслед не сканчваецца выхадам за вароты калоній, ізалятараў і судоў. Падвышаная ўвага з боку сілавікоў да іх захоўваецца і пасля вызвалення, таму часта проста застацца ў Беларусі для іх ужо небяспечна. Некаторыя вымушаныя пакідаць дамы адразу пасля вызвалення. Больш за дзесяць асуджаных па палітычных матывах зноў патрапілі за краты па новых крымінальных справах. Акрамя гэтага, большасць палітзняволеных пасля вызвалення сутыкаюцца ў Беларусі не толькі з пераследам, але і з праблемамі рэсаалізацыі, працаўладкавання, што таксама вымушае іх эміграваць з краіны. "Вясна" распавядае, як рэжым Лукашэнкі пераследуе былых палітвязняў, якія інструменты для гэтага выкарыстоўвае, а былы палітвязень распавядае сваю гісторыю пераследу пасля вызвалення і тлумачыць, чаму яму небяспечна было заставацца дома.

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

Новыя крымінальныя справы і вяртанне за краты

Праваабаронцам вядомыя не менш за дзесятак выпадкаў, калі супраць былых палітвязняў пасля вызвалення распачыналі новыя крымінальныя справы і зноўку адпраўлялі за кратамі на новыя тэрміны. Некаторыя з іх на волі паспявалі пабыць толькі некалькі дзён. Распавядаем гісторыі некаторых былых палітвязняў, якія сутыкнуліся пасля вызвалення з новым пераследам у крымінальным парадку.

Андрэй Іванюшын. Два месяцы волі пасля двух з паловай гады зняволення

andrei-ivanjuszyn.jpg
Андрэй Іванюшын

Байкер з Мінска Андрэй Іванюшын выйшаў на волю з шклоўскай калоніі № 17 напачатку чэрвеня гэтага года. У зняволенні мінчук прабыў амаль два з паловай гады. Яго асудзілі паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса ("гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) за інцыдэнт, які адбыўся 19 верасня 2020 года каля ГЦ "Еўропа", калі невядомыя сталі затрымліваць аднаго з матацыклістаў, а астатнія пачалі яго абараняць.

Андрэя зноўку затрымалі напачатку жніўня. На волі ён прабыў толькі два месяцы. Цяпер яму ставяць у віну тры эпізоды ўдзелу ў паслявыбарчых акцыях пратэсту паводле арт. 342 КК. Палітвязня ўтрымліваюць да суда ў жодзінскай турме.

Елісей Кузняцоў. Пяць месяцаў волі і паказальнае затрыманне ў каледжы 

kuzniacou-elisej.jpg
Елісей Кузняцоў

17 снежня 2022 года Елісей Кузнецоў цалкам адбыў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1 і выйшаў на волю. 17-гадовагаЕлісея абвінавацілі ў тым, што ён нібыта кінуў бутэльку з гаручай сумессю ў міліцэйскую машыну. Хлопцу прызначылі два з паловай гады "хатняй хіміі", але пазней узмацнілі пакаранне да пазбаўлення волі. У калоніі ён правёў сем з паловай месяцаў.

23 траўня 2023 года стала вядома, што Елісея паказальна заключылі пад варту ў Высокаўскім аграрным каледжы. Ужо 19-гадовага Елісея абвінавацілі ў здзеке з дзяржаўных сімвалаў — у аграгарадку Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці сарваў тры дзяржаўных сцяга Беларусі з установы адукацыі, гандлёвага аб’екта і аддзялення пошты.Праз некалькі месяцаў суд Камянецкага раёна прызначыў яму два з паловай гады калоніі.

Аляксандр Казакевіч. Тыдзень волі паміж месяцамі зняволення ў жодзінскай турме 

kazakevich_15.jpg
Аляксандр Казакевіч. Фота: spring96.org

Музыку з Маладзечна Аляксандра Казакевіча ўтрымлівалі пад вартай да суда за "абразлівыя" каментары амаль тры месяцы. У ліпені 2022 года яго асудзілі на паўтара года "хатняй хіміі" і вызвалілі ў зале суда.

Але праз тыдзень Аляксандра зноўку затрымалі. Супраць яго зноў распачалі крымінальную справу паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) — хлопец нібыта абразіў яшчэ нейкага прадстаўніка ўлады ў 2021 года. Яго зноўку змясцілі ў жодзінскую турму, дзе ён правёў яшчэ два месяцы.

26 верасня 2022 года ў судзе Маладзечна і Маладзечанскага раёна быў вынесены другі прысуд палітвязню — два гады "хатняй хіміі". Аляксандра вызвалілі пасля абвяшчэння прысуду і ён пакінуў Беларусь.

Былы палітвязень Аляксандр Казакевіч: "Пачуў, як хлапцу пагражалі "петушынай хатай" за беларускую мову"

Аляксандр распавёў "Вясне", якая музыка ратавала ў зняволенні і як следчая прасіла перакласці беларускае меню тэлефона на расейскую мову, бо нічога не разумела.

Аніта Бакуновіч. Затрыманне падчас эвакуацыі з Беларусі 

Аніта Бакуновіч у СІЗА КДБ. Скрыншот з фільма БТ
Аніта Бакуновіч у СІЗА КДБ. Скрыншот з фільма БТ

Напэўна, гісторыя 19-гадовай Аніты Бакуновіч адна з самых сумных у гэтай падборцы. Першы раз яе затрымалі 23 лютага 2022 года за ўдзел у акцыях пратэсту. Пад вартай на "Валадарцы" да суда яна ўтрымлівалася чатыры месяцы. Суд Савецкана раёна прызначыў 30 чэрвеня 2022 года Аніце два гады "хатняй хіміі" паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса і адпусцілі з-пад варты.

Праз тры месяцы Аніту ізноў затрымалі. Гэта здарылася 21 верасня на Гродзеншчыне падчас перасячення беларуска-літоўскай мяжы. На дзяржаўных каналах выйшаў фільм, у якім паказалі момант спробы 19-гадовай палітзняволенай нелегальна перасекчы мяжу з Літвой. Дзеянні дзяўчыны здымалі адразу нелькі камер — з зямлі і паветра. Паказалі і момант затрымання Аніты — сілавікі брутальна павалілі яе на зямлю і дапытвалі, дзяўчына плача.

Адразу дзяўчыну ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а потым зноў перавялі на "Валадарку". Перад судом яе этапавалі ў гродзенскую турму № 1. Пасля яе перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Аніце ў гэты раз выставілі абвінавачванні паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 КК (замах на незаконнае перасячэнне мяжы). Суд праходзіў у Гродзенскім абласным судзе. 5 красавіка 2023 года ёй прызначылі тры з паловай гады зняволення і штраф у памеры 100 базавых велічыняў. Напачатку жніўня гэтага года 20-гадовую Аніту адправілі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калонію.

Віталь Зарадзей. Новы суд над самым сталым палітвязнем у краіне 

zaradzej2.jpg
Віталь Зарадзей

70-гадовы былы вайсковец і ліквідатар аварыі на ЧАЭС Віталь Зарадзей выйшаў на волю з шклоўскай папраўчай калоніі № 17 у снежні 2022 года, цалкам адбыўшы тэрмін у два гады зняволення.

Першы раз Віталя затрымалі 29 сакавіка 2021 года. Яго абвінавацілі ў тым, што ён падаваў у канцылярыі судоў позвы, дзе, паводле экспертызаў, "дапускаў негатыўную ацэнку" суддзяў і Аляксандра Лукашэнкі. Сілавікі налічылі сем такіх «правапарушэнняў». Даведацца, якімі ж словамі Віталь пакрыўдзіў Лукашэнку і суддзяў, не давялося: гэтую частку суда закрылі. 9 жніўня 2021 года яму прысудзілі два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У пэўны момант лічыўся самым сталым палітычным зняволеным у краіне.

Пасля вызвалення ў праваабаронцаў не было кантакту з Віталём. Напачатку верасня 2023 года стала вядома, што суд Брэсцкага раёну разглядаў новую крымінальную справу супраць былога палітвязня паводле арт. 391 (абраза суддзі), ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч.1арт. 377 (пашкоджанне дакументаў) Крымінальнага кодэкса. Віталя судзілі ў закрытым рэжыме як асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне. Вынік суда і месцазнаходжанне 71-гадовага берасцейца невядомыя.

Аліна Горава. Новае затрыманне праз два тыдні пасля суду 

horava.jpg
Аліна Горава (Крывашэй)

Першы раз 21-гадовую Аліну Гораву затрымалі 27 сакавіка 2023 года ў Круглым. Яна пайшла ў Следчы камітэт для дачы паказанняў у якасці сведкі па крымінальнай справе аб удзеле ў мірных акцыях пратэсту і на волю ўжо не выйшла — была затрымана на трое сутак. Да суда яе ўтрымлівалі ў магілёўскай турме № 4. За два месяцы з зняволенні ў дзяўчыны абвастрыліся праблемы са здароўем. У турме ў медыцынскай дапамозе Аліне адмовілі, нягледзячы нават на дрэнныя аналізы. Турэмны лекар адмовіўся лячыць яе антыбіётыкамі і гаспіталізаваць. 30 траўня 2023 года суд Круглянскага раёна прызначыў Аліне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) адзін год "хатняй хіміі". Пасля абвешчання прысуду яе вызвалілі з-пад варты.

Праз два тыдні пасля суда Аліну зноў затрымалі. Ёй паставілі ў віну яшчэ адзін эпізод удзелу ў акцыі пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). Да суда Аліна знаходзілася пад хатнім арыштам да суда.6 верасня 2023 года Аліну (ужо Крывашэй) асудзілі на 1,5 года "хатняй хіміі".

Юры Касцюк. Два затрыманні — пасля "хіміі" і ў Расеі

Юрый Касцюк
Юры Касцюк

Жыхар Брэста Юрыя Касцюка асудзілі да аднаго года "хіміі" за тое, што ён тузануў дзяржаўны сцяг на гасцініцы, пасля чаго ён зваліўся. З 25 лютага 2021 года Юрый адбываў пакаранне ў ПУАТ № 29, а пасля ў ПУАТ № 24. Але восенню яму ўзмацнілі пакаранне і замянілі тэрмін, які яму застаўся адбываць, на 1 месяц і 16 дзён калоніі. 6 студзеня 2022 года быў вызвалены з папраўчай калоніі № 3 "Віцьбы" па адбыцці тэрміна.

Але праз месяц Юрыя ізноў затрымалі за ўдзел у чаце "хімікаў" "Валейбол па выхадных", які быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем". Супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Юрыя адправілі на "суткі", падчас адбыцця якіх да яго завіталі супрацоўнікі КДБ. Паведамлялася, што падчас гэтага зняволення Касцюк быў моцна збіты, было падазрэнні на зламаныя рэбры.

Юрыя адпусцілі пасля "сутак" і ён пакінуў Беларусь. Але ў хуткім часе яго аб'явілі ў міждзяржаўны вышук. 15 траўня 2022 года хлопца затрымалі ў Сочы. У мясцовым СІЗА некалькі месяцаў ён чакаў экстрадыцыі ў Беларусь. З дапамогай адваката ён падаўся на статус уцекача, пасля адмовы надаць яму прытулак Юрый вырашыў абскардзіць рашэнне. Негледзячы на працэс, 13 кастрычніка 2022 года прыставы адвезлі Юрыя ў аэрапорт для экстрадыцыі. Пры гэтым яго збівалі па дарозе туды і на зваротным шляху. У аэрапорце Юрый спрабаваў нашкодзіць сабе і парэзаў жывот, каб спыніць катаванні і выдварэнне. Праз тры дні Касцюка таемна вывезлі ў Беларусь і змясцілі ў ІЧУ Пружанаў, а пазней перавялі ў баранавіцкі СІЗА-6. Вядома, што там хлопец зазнаваў жорсткае абыходжанне.

13 студзеня 2023 года Брэсцкі абласны суд прызначыў Юрыю чатыры гады калоніі. Паводле версіі абвінавачвання, Юрый дапамагаў іншым палітвязням: папрасіў знаёмых адкрыць польскую банкаўскую картку, куды атрымліваў грошы ад BYSOL і By_help, якія пасля накіроўваў сваякам палітзняволеных. Грошы на дапамогу атрымліваў ад "арганізацый, якія пазіцыянавалі сабе як праваабарончыя". Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 арт. 361-4 КК. Палітвязень адбывае тэрмін у аршанскайкалоніі № 8.

Аляксей Сянькоў. Некалькі месяцаў волі пасля калоніі і новая крыміналка

Аляксей Сянькоў. Скрыншот з БТ
Аляксей Сянькоў. Скрыншот з БТ

Палітзняволены падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы Аляксей Сянькоў выйшаў на волю ў красавіку 2023 года з "Віцьбы", цалкам адбыўшы тэрмін за ўдзел у акцыях пратэсту. 5 ліпеня 2021 года яго затрымалі на працоўным месцы падчас нарады з высокапастаўленымі асобамі СК. і звольнілі па згодзе бакоў. Пазней яго асудзілі да двух гадоў зняволення за нядзельныя Маршы 16 і 23 жніўня 2020 года.

Аляксей з 2012 года да 2021 года ён працаваў на розных пасадах у Следчым камітэце. У 2022 годзе Лукашэнка пазбавіў яго звання ў ліку іншых 80 афіцэраў.

Аляксея Сянькова зноўку затрымалі ў канцы ліпеня. Дзяржаўнае тэлебачанне з ім і ягонай жонкай запісалі "пакаяльнае" інтэрв'ю. Там жа і паказалі момант затрымання супрацоўнікі АМАПу былога палітвязня. 

Момант затрымання Аляксея Сянькова. Скрыншот з БТ
Момант затрымання Аляксея Сянькова. Скрыншот з БТ

Прапагандысты сцвярджаюць, што Аляксей нібыта "паспрабаваў уцягнуць у вырашэнне пытання за хабар сваіх былых калег. Пры гэтым заведама супрацьпраўныя дзеянні ён здзяйсняў у інтарэсах грамадзяніна Украіны, які адбывае пакаранне". Аляксей утрымліваецца пад вартай.

Ягоны малодшы брат — палітзняволены былы начальнік фінансавага аддзела адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Юрый Сянькоў, адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі № 1.

Яўген Юшкевіч. Пяць месяцаў пасля СІЗА да паўторнага затрымання 

Яўген Юшкевіч. Фота:
Яўген Юшкевіч. Фота: "Наша Ніва"

Былога следчага і ініцыятара праекта bychange.me Яўгена Юшкевіча затрымалі ўвечары 24 лістапада 2020 года ў Мінску. Тады Яўгену інкрымінавалі ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Але праз 10 сутак яго вызвалілі са следчага ізалятара № 1. 

Другі раз Яўгена Юшкевіча затрымалі праз пяць месяцаў 19 красавіка 2021 года па падазрэнні ў датычнасці ў "акце тэрарызму" на Дзень Волі (арт. 289 Крымінальнага кодэкса). За месяц да затрымання ў машыне, якая належыць яго бацьку, невядомыя ўсталёўвалі праслушку  адпаведнае відэа з рэгістратара Яўген апублікаваў у фэйсбуку. Палітвязня адразу ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а потым на "Валадарцы". 26 снежня 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе Яўгена асудзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса да 11 гадоў зняволення, адбываць якія яго накіравалі ў папраўчую калонію № 3.

Зміцер Дашкевіч. Новае затрыманне, не бачыўшы волі 

Зміцер Дашкевіч. Фота: Радыё Свабода.
Зміцер Дашкевіч. Фота: Радыё Свабода.

Гісторыя актывіста Зміцера Дашкевіча, якога ўжо заўтра, 11 кастрычніка, пачнуць судзіць па новай крымінальнай справе, крыху адрозніваецца ад вышэйзгаданых. Палітвязень 11 ліпеня цалкам адбыў тэрмін у паўтара года зняволення за ўдзел у акцыях пратэсту. Яго чакалі на волі, але з калоніі № 14 ён так і не выйшаў, бо яго зноў затрымалі. Супраць Зміцера завялі новую крымінальную справу за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі" (арт. 411 КК). Ён чакае суда ў жодзінскай турме ўжо некалькі месяцаў.

Такая гісторыя склалася і ў палітвязня Дзмітрыя Сушчыка, якога таксама не выпусцілі пасля заканчэння тэрміна. Яго таксама абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса і прызначылі яму яшчэ адзін год і 15 дзён калоніі. 

Пераслед палітвязняў у калоніях паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса — цяпер распаўсюджаны спосаб ціску на іх. Пра гэта "Вясна" распавядае ў асобным матэрыле, які можна пачытаць па спасылцы.

*Гэта не ўсе гісторыі былых палітзняволеных, якіх пасля вызвалення зноўку затрымалі і кінулі за краты.

"Суткі" пасля вызвалення

Некаторых палітзняволеных пасля адбыцця тэрмінаў па крымінальных справах пераследуюць і ў адміністрацыйным парадку. Іх арыштоўваюць пасля праверак тэлефона і за спробу абараніць свае правы законным спосабам.

Былую палітвязню па "справе студэнтаў" Анастасію (Асю) Булыбенку, якая вызвалілася з калоніі напрыканцы мінулай восені, у красавіку гэтага года арыштавалі на 30 сутак і ўтрымлівалі ў нечалавечых умовах на Акрэсціна.

Адзіночны пікет Асі Булыбенка ў Вільні
Адзіночны пікет Асі Булыбенкі ў Вільні

Паводле былой палітзняволенай, гэта помста за тое, што яна абскардзіла ў судзе сваю забарону на выезд. Ася распавяла падрабязнасці "Салідарнасці":

"Мне далі падпісаць пратакол, быццам крычала матам і размахвала рукамі каля Кастрычніцкага РУУС. Тады я зразумела, што яны могуць рабіць усё, што хочуць. Цябе літаральна выкрадаюць на вуліцы і пішуць, што ты быццам нешта рабіў, застаючыся пры гэтым беспакаранымі. Суд праходзіў на Сямашка — там, дзе нас судзілі па "справе студэнтаў".Тады я зразумела, чаму выбралі Кастрычніцкі РУУС — гэта настолькі садысцкая манера, настолькі яны прадумалі, як мяне пакараць за тое, што я пасля свайго тэрміну яшчэ і скаргі пісала".

Двойчы на "суткі" пасля вызвалення адпраўлялі заснавальніка і выдаўца "Новай газеты Смаргоні" Рамуальда Улана. У студзені 2021 года яго асудзілі да 2,5 гадоў "хіміі" за тое, што "распаўсюджваў заведама непраўдзівыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў" (арт. 188 КК). У траўні яго вызвалілі па амністыі. 

ulan-ramuald_pltz.jpg
Рамуальд Улан

Пасля выхаду на волю ў чэрвені Улана двойчы затрымлівалі — агулам яму прызначылі 10 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за пасты ў сацсетках 2020 і 2021 года.

Напрыканцы верасня гэтага года былога журналістасайта "Першы рэгіён" Сяргея Гардзіевіча арыштоўвалі на 15 сутак за "распаўсюд экстремісцкіх матэрыялаў" паводле арт. 19.11 КаАП. Яго затрымалі на мяжы 14 верасня на мяжы, калі Гардзіевіч вяртаўся з Польшчы ў Беларусь. На мяжы ў яго праверылі мабільны тэлефон, а пасля ён быў затрыманы і змешчаны ў ізялятар часовага ўтрымання ў Брэсце.

Затрыманне Сяргея Гардзіевіча, фота
Сяргей Гардзіевіч

На волю з шклоўскай калоніі Сяргей выйшаў 27 кастрычніка 2022 года — журналіста асудзілі на 1,5 года за "абразу" Лукашэнкі і паклёпе на яго, а таксама ў "абразе" двух міліцыянтаў у чаце.

Некалькі разоў пасля вызвалення ў межах крымінальнай "справы Зельцэра" затрымлівалі былога палітвязня Іллю Міронава. З лістапада 2022 года па травень 2023 года яго арыштоўвалі агулам на 40 сутак. Прычынай пераследу стала актыўнасць былога палітвязня ў інтэрнэце і скаргі на прапагандыстаў. Праз новую пагрозу затрымання актывіст быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Ілля Міронаў. Фота:
Ілля Міронаў

Новыя крымінальныя справы супраць былых палітвязняў пасля таго, як яны выехалі

Былых палітвязняў працягваюць пераследаваць нават пасля таго, як яны пакінулі Беларусь. За новыя і старыя актыўнасці ў інтэрнэце супраць іх узбуджаюць новыя крымінальныя справы. Так, напрыклад, крымінальная справа за "абразу прадстаўніка ўлады" паводле арт. 369 КК узбудзілі супраць Зміцера Фурманава, які цалкам адбыў тэрмін па "справе Ціханоўскага" і пакінуў Беларусь. Нагодай для новай крыміналкі сталі каментары пра начальніка рэжымнага аддзела калоніі № 3 Сяргея Кібіка і начальніка калоніі № 3 Аляксея Старавойтава. Па факту новай крымінальнай справы ў бацькоў былога палітвязня напрыканцы кастрычніка 2022 года сілавікі правялі ператрус.

З нядаўнага часу стала распаўсюджвацца практыка, калі супраць былых палітвязняў, якія пакінулі Беларусь, узбуджаюць новыя крымінальныя справы за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" за ўзаемадзеянне з тэлеграм-каналамі і СМІ, якія прызнаныя "экстрэміскімі фармаваннямі". Так, напачатку ліпеня такая крымінальная справа была ўзбуджаная супраць былога палітвязня Аляксандра Кабанава. Гэта вынікае з інфармацыі, якая маецца на адпаведным міліцэйскім стэндзе аб вышуку. Нагадаем, што Кабанаў цалкам адбыў тэрмін у калоніі ў снежні 2022 года па палітычнай справе. Пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі і працягвае сваю актывісцкую дзейнасць. Праз гэта міліцыянты да яго бацькоў прыходзілі з ператрусамі і паведамлялі пра новыя ўзбуджаныя крымінальныя справы. Аляксандр Кабанаў знаходзіцца і ў базе вышука МУС, хаця ён не хавае, што знаходзіцца ў Польшчы. Ведамамства не пазначыла, паводле якіх канкрэтна артыкулаў Крымінальнага кодэкса яго абвясцілі ў вышук. 

Скрыншот з базы вышуку МУС
Скрыншот з базы вышуку МУС


Таксама напрыканцы жніўня гэтага года стала вядома, што супраць былога палітзняволенага Дзмітрыя Абрамука, які цалкам адбыў тэрмін і пакінуў Беларусь, узбудзілі новую крымінальную справу. Трэцюю справу супраць берасцейца ўзбудзілі паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Нягледзячы на тое, што ўжо трэці месяц Дзмітрый не знаходзіцца ў Беларусі, супрацоўнікі міліцыі прыйшлі 18 жніўня да яго маці з ператрусам, з якой ён нават не камунікуе. На маёмасць у доме накладзены арышт.

Прычынай зацікаўленасці сілавікоў, паводле Дзмітрыя, сталі дадзеныя супрацоўнікаў ПУАТ № 9, дзе ён адбываў тэрмін, у тэлеграм-канале "Дзікае паляванне". У пастах выкарыстоўваліся спасылкі на яго інтэрв'ю і матэрыялы ў медыя. Заяву на Дзмітрыя напісалі супрацоўнікі "хіміі", дадзеныя якіх былі "зліты" ў тэлеграм-канал.

"Пагражаў мне, што ў гэты раз мяне пасадзяць разам з маёй жонкай"

Віталь Жук. Фота з асабістага архіва героя
Віталь Жук. Фота з асабістага архіва героя

Днямі стала вядома пра ўзбуджаную крымінальную справу па гэтым жа артыкуле — ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — супраць былога палітвязня Віталя Жука з Кобрына. Мужчына цалкам адбыў тэрмін і 17 снежня 2022 года выйшаў на волю з бабруйскай калоніі № 2. Ён пакінуў Беларусь і цяпер жыве ў Італіі, пра што пісалі многія СМІ. Пра новую крымінальную справу Віталь даведаўся з міліцэйскага стэнда ў родным горадзе — яго абвясцілі ў вышук. Ніякіх паведамленняў ці позваў ён не атрымліваў. Віталь распавёў "Вясне", чаму ён вырашыў пасля вызвалення пакінуць Беларусь і пра новую крымінальную справу:

"Асноўнай прычынай, чаму я вырашыў пакінуць Беларусь пасля вызвалення стала тое, што пры пастаноўцы на ўлік першы намеснік начальніка Кобрынскага РАУСа Аляксандр Касяк пагражаў мне, што ў гэты раз мяне пасадзяць разам з маёй жонкай. Ён заявіў, што мяне нічога не выправіла, а я нібыта прыехаў у яго горад — ён так і сказаў "у яго горад" — і смуту наводзіць там не буду. Праехаўшы праз ІЧУ, СІЗА і лагер, я разумеў, што яны лёгка выканаюць гэтую пагрозу, бо на ўласныя вочы бачыў, колькі людзей "заязджала" на вялікія тэрміны па абсалютна бязглуздых і надуманых крымінальных справах. Таксама я разумеў, што яны лёгка выканаюць пагрозу забраць дзяцей [заўв. — у Віталя ў сям'і чацвёра дзяцей]. Час і сітуацыя паказала, што дзяцей забіраюць, а іх бацькоў садзяць... У нас цяпер у турмах людзей забіваюць — і ніхто нічога з гэтым зрабіць не можа. Таму я разумеў, што пагрозы ў адрас маёй сям'і цалкам выканальныя. Гэта стала зыходнай кропкай, калі я зразумеў, што трэба браць сям'ю і куды-небудзь з'язджаць. Калі б не гэтыя пагрозы, то я бы напэўна застаўся ў Беларусі. Але кантэкст вайны ва Украіне таксама сыграў сваю ролю.

Акрамя гэтага, з кастрычніка 2020 года па люты 2021 года я знаходзіўся ў Мінску і наведваў амаль усе Маршы. Маглі ўсплыць нейкія відэа ці фота адтуль са мной, а гэта новы тэрмін у калоніі.

Калі мы з сям'ёй былі ўжо ў Італіі, дзесьці ў сакавіку 2023 года сваякі паведамлялі мне, што да іх пачалі наведвацца сілавікі. Невядома з якога ведамства, бо яны не прадстаўлялілся ці баяліся прадстаўляцца, каб іх імёны потым не ўсплылі ў інтэрнэце. Адразу яны казалі, што ў адносінах да мяне будуць узбуджаныя крымінальныя справы і заўсёды акцэнтавалі ўвагу на тое, што ў мяне забяруць кватэру, якую нам прадставіла дзяржава, як шматдзетнай сям'і, і ўсю маёмасць у ёй. Толькі днямі я даведаўся, што ў адносінах да мяне сапраўды ўзбуджаная крымінальная справа за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Цяпер маё фота вісіць на стэндзе каля ўваходу ў Кобрынскі РАУС.

zhuk_kobryn.jpg
Фота стэнда на ўваходзе ў Кобрынскі РАУС

Гэта стала падцверджаннем, што заставацца ў Беларусі проста небяспечна. І гэта тычыцца не толькі мяне, але ўсіх палітвязняў, якія вызваляюцца з месцаў пазбаўлення волі. Новае затрыманне — пытанне толькі часу. Усе людзі падкантрольныя, яны ходзяць адзначацца, за імі сочаць, і ў патрэбны момант, калі сілавікі зноўку адчуюць нейкую пагрозу, то яны зробяць пэўныя дзеянні, пахаваўшы іх па ізалятарах і турмах па надуманых крымінальных справах. Лепшага стаўлення з боку гэтай улады да такіх людзей, як мы не будзе. Дзіўна разлічваць на нешта лепшае пры гэтай уладзе, якая ў нахабную забівае людзей у турмах ці трымае іх у ізаляцыі без вестак. Сёння ніхто не ў стане нічога з гэтым зрабіць. У свой момант мы нічога не зрабілі, таму сёння ўлада са сваімі сілавікамі з развязанымі рукамі".

Праверка праз WhatsApp, ціск на бацькоў і немагчымасць працаўладкавацца — іншыя формы ціску на былых палітвязняў

Акрамя затрыманняў, новых крымінальных справаў і судоў, рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае іншыя інструменты пераследу і ціску на былых палітвязняў. Гэта пастаянныя праверкі праз улік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі, наведванне сілавікамі былых палітвязняў дома, ператрусы ў сваякоў асуджаных па палітычных матывах, немагчымасць працаўладкавацца. 

Так, пасля таго, як былы палітвязень з Магілёва Валянцін Лабачоў пакінуў Беларусь і стаў даваць інтэрв'ю незалежным СМІ, ім зацікавілася міліцыя. Напрыканцы траўня гэтага года міліцыянты яму зладзілі праверку па WhatsApp. Міліцыянт па тэлефоне запытаў у былога палітвязня, ці жыве ён у Польшчы і ці збіраецца ён вяртацца ў Беларусь. Валянцін растлумачыў яму, што папярэдзіў інспекцыю і напісаў заяву, што з'язджае у Польшчу на год. На гэта яму супрацоўнік сказаў, што іх абавязалі штотыдзень тэлефанаваць і правяраць. Валянцін быў асуджаны да паўтара года калоніі за "абразу Лукашэнкі", якія ён адбываў ён наваполацкай калоніі № 1. Былы палітвязень пакінуў Беларусь гэтай вясной.

Праз актыўнасць у медыяпрасторы былога палітвязня Станіслава Паўлінковіча ягонага бацьку выклікалі на размову ў КДБ. Былы палітвязень, апынуўшыся ў бяспецы ў чэрвені гэтага году, даў шмат інтэрв’ю, у якіх распавёў пра рэпрэсіі беларускіх уладаў і жудасныя ўмовы ў зняволенні.  

stanislau-paulinkovicz3.jpg
Станіслаў Паўлінковіч

"Майму бацьку патэлефанавалі і выклікалі на размову ў Магілёўскі КДБ. Ім не спадабалася маё інтэрв’ю "Радыё Свабодзе". Бацька пагадзіўся. У кабінеце знаходзіліся тры кдбэшнікі. Яны сказалі, што я магу ў інтэрв’ю крытыкаваць чыноўнікаў ці міліцыянтаў, але ні ў якім разе нічога не павінен казаць пра Лукашэнку".

Таксама супрацоўнікі КДБ сказалі бацьку Станіслава, што ягоны сын можа спакойна і без пагроз для сябе вяртацца ў Беларусь, але калі зашмат крытыкаваць уладу, то яго пасадзяць на 15-20 гадоў.

"У калоніі самае балючае – гэта інфармацыйная ізаляцыя". Размова з былым палітвязнем Станіславам Паўлінковічам

Станіслава Паўлінковіча ў кастрычніку 2020 года асудзілі на тры гады "хіміі" за абразу суддзі. 

Былы палітзняволены Аляксандр Храпко з Брэста, асуджаны па "справе карагодаў", распавёў "Вясне" пра пастаянныя праверкі міліцыянтаў і праблемы з працауладкаваннем пасля вызвалення з калоніі вясной 2022 года. 

Аляксандр Храпко пасля выезду з Беларусі
Аляксандр Храпко пасля выезду з Беларусі

У Беларусі ён пратрымаўся адзін год і пяць месяцаў, спрабуючы ў такім напружаным стане ўладкаваць сваё жыццё:

"Да мяне пяць разоў на тыдзень прыязджаў участковы, пастаянна выклікалі на "прафілактычныя гутаркі" ў РУУС. Я заставаўся ў Беларусі да апошняга, таму што я люблю нашу Радзіму і была надзея, што ўсё ж гэта скончыцца. Але, калі прыйшла позва з'явіцца як сведку па невядомай справе, я вырашыў з'ехаць. Бо так многіх і затрымліваюць — адразу даеш паказанні як сведка, а потым засынаеш ужо ў СІЗА, як гэта часта бывае.

За гэты час у Беларусі я спрабаваў уладкавацца на працу, але зразумеў, што гэта марна. Мяне выклікалі на камісію па працаўладкаванні, дзе я казаў, што ў мяне маецца адукацыя і пэўны досвед працы, але мне прапанавалі толькі працу дворнікам. Таму дарослы мужчына быў вымушаны сядзець на шыі ў бацькоў. Я спрабаваў аднавіцца ў IT-сферы, але праз пастаянны псіхалагічны ціск унутры краіны немагчыма было сканцэнтравацца на працы".

"Больш за год пасля вызвалення я спрабаваў аднавіцца", — былы палітзняволены Аляксандр Храпко

Былы палітвязень распавёў "Вясне" пра свой пераслед за актывісцкую дзейнасць на працягу многіх гадоў, два заключэнні ў магілёўскай і івацэвіцкай калоніях, а таксама жыццё ў Беларусі пасля вызвалення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства