“У калоніі самае балючае – гэта інфармацыйная ізаляцыя”. Размова з былым палітвязнем Станіславам Паўлінковічам
Станіслава Паўлінковіча ў кастрычніку 2020 года асудзілі на тры гады "хіміі" за абразу суддзі. Пасля яго затрымалі за ўдзел у тэлеграм-чаце для палітычных "хімікаў" "Валейбол па выходных", адправілі на суткі, а адтуль адбываць тэрмін у Наваполацкую калонію. У кастрычніку 2022 года ён выйшаў на волю і з’ехаў з Беларусі. Мужчына распавёў пра жудасныя ўмовы ў месцах няволі, пра кнігі ў калоніі і размовы з бібліятэкарам, пра немагчымасць знайсці працу па вызваленні і пра свой ад’езд за мяжу.
Мы сустракаемся са магілёўцам Станіславам у пасёлку пад Варшавай пасля яго начной змены на паштовым складзе. Туды мужчыну дапамог уладкавацца яго зямляк, таксама былы палітвязень. Станіслаў жыве ў хостэле, які прадаставіла працоўнае агенцтва. Нашую размову часам “разбаўляюць” гукі самалётаў у небе з аэрапорта побач.
У 2020 годзе мужчыну адпраўлялі на 15 сутак за ўдзел у пратэстах у Магілёве. Тады яго затрымалі адразу на металургічным заводзе, дзе ён працаваў. Закавалі ў кайданкі прама ў працоўнай робе, не даўшы пераапрануцца. Станіслаў з імі спрачаўся, бо быў нязгодны з затрыманнем. За гэта яму прызначылі чарговыя суткі.
"Падчас агалошвання прысуду я пачаў эмацыйна выказвацца наконт улады. Міліцыянты палічылі, што я такім чынам абразіў суддзю Ратнікаву, якая агучвала мой прысуд. На мяне завялі крымінальную справу. Трэцяга жніўня я пайшоў на допыт, дзе мяне ўжо чакалі супрацоўнікі. Я меркаваў, што хутчэй за ўсё мяне там затрымаюць, таму ўзяў з сабою цыгарэты і іншае. Так і сталася. А 18 жніўня мяне выпусцілі да суда пад падпіску аб нявыездзе".
29 кастрычніка 2020 года пасля шасці пасяджэнняў Станіславу прысудзілі тры гады “хіміі” з накіраваннем. Але ў сувязі з амністыяй яму скарацілі тэрмін на адзін год. Мужчына прызнаў віну, але, паводле яго словаў, у судовай пастанове было напісана адваротнае.
"Хімія" у Крупках
"Я ўладкаваўся сантэхнікам у мясцовы ЖЭУ. Абіраць асабліва не было з чаго. Астатнія “хімікі” працавалі вельмі далёка ад камендатуры. А я быў у саміх Крупках".
15 лютага да Станіслава прыйшлі супрацоўнікі КДБ за тое, што мужчына быў удзельнікам тэлеграм-чата “Валейбол па выходных” для палітычных “хімікаў”. Чат быў прызнаны экстрэмісцкім. Мужчыну затрымалі ў межах крымінальнай справы аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання, у якой ён праходзіў сведкам.
“Далей мяне павезлі ў Мінскае КДБ на шасцігадзінны допыт, дзе задавалі так шмат пытанняў, што я іх нават не памятаю. Пыталі сярод іншага, як я стаўлюся да дзейнай улады і Лукашэнкі. А таксама хацелі, каб распавёў ім падрабязнасці пра іншых вязняў. Я ім нічога не расказаў, бо для мяне сябры перш за ўсё. Я ў сваім жыцці нікога не падстаўляў. Лепш я сам сяду, чым кагосьці здаваць. Я ім не сказаў свой пароль ад тэлефона. Але недзе праз гадзіну яны яго ўзламалі. Праглядзелі мае фотаздымкі і прачыталі перапіску”.
"Мы цябе адпі*дзім". ІЧУ на Акрэсціна
Пасля мужчыну адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна, дзе тройчы каралі суткамі нібы за непадпарадкаванне міліцыятнам. Агулам ён там прабыў 36 дзён. Супрацоўнікі міліцыі наўпрост сказалі Станіславу, што кдбшнікі загадалі ім яго пасадзіць.
Камеры на Акрэсціна, дзе сядзеў Станіслаў, былі ўсе перапоўненыя. Напрыклад, у чатырохмясцовай было да дзесяці асобаў, у васьмімясцовай – 35 чалавек. Там мужчына захварэў на каросту, але яму зусім не давалі лекаў. Вязкія кашы, падабенства катлет – тыповае харчаванне ў ізалятары. Толькі больш менш дастатковая колькасць хлеба неяк ратавала ад голаду.
Станіслаў адразу адзначае, што большасць супрацоўнікаў Акрэсціна “проста неадэкватныя”.
“Яны мяне не білі, але іх размова была на ўзроўні дваравой гапаты. Пастаянная нецэнзурная лаянка, пагрозы. “Мы цябе адпіздзім”. Ці, напрыклад, я грукаюся ў дзверы нешта папрасіць, а супрацоўнік у адказ: “Зараз табе па галаве дубінкай дам”.
"Як гэты вы яго двойчы пасадзілі за адно і тое ж парушэнне" і 50 сутак у ШІЗА
Пасля Акрэсціна Станіслава перавялі ў ІЧУ Барысава, дзе ён агулам прасядзеў 50 сутак (усе ў ШІЗА) нібы за парушэнні адбыцця пакарання на “хіміі”. ШІЗА ў Барысаўскім ІЧУ – гэта звычайная камера. Адзінае, там забаранялі, напрыклад, чытаць кнігі і паліць. Хаця побач са мною мог сядзець чалавек і паліць сігарэту.
Цікавы момант. Адно з парушэнняў – за пратакол, за які мужчына ўжо адсядзеў на Акрэсціна. Апошні пратакол на Акрэсціна Станіславу выпісалі за дробнае хуліганства (19.1 КаАП). Ужо ў Барысаўскім ІЧУ мужчыну далі 10 сутак ШІЗА за гэты ж эпізод з дробным хуліганствам. Станіслаў кажа, што пазней нават суддзя на пасяджэнні па замене рэжыму здзіўлялася: “Як гэты вы яго двойчы пасадзілі за адно і тое ж парушэнне”.
“Самая вялікая праблема ў Барысаўскім ІЧУ – гэта клапы і кароста, лекаў ад якой мне ўсё яшчэ не выдавалі. Свярбела літаральна ўсё цела і проста немагчыма ўжо было спаць. Да таго ж я знаходзіўся ў стане абсалютнай няпэўнасці. Увесь гэты час я не ведаў, колькі яшчэ мяне будуць трымаць у ШІЗА, ці вернуць зноў на “хімію” ці накіруюць у калонію. Супрацоўнікі папраўчай установы, якія прыязджалі да мяне выпісваць парушэнні, маўчалі нібы ў рот вады набралі, а па іх вачах было бачна, што яны проста выконваюць загад КДБ. Усё гэта моцна ціснула і ад адчаю я вырашыў “ускрыцца”, каб хоць нейкім чынам паўплываць на сітуацыю. Гэта сапраўды троху дапамагло і мне нарэшце выдалі лекі ад хваробы”.
Да Станіслава ў Барысаўскае ІЧУ прыязджалі супрацоўнікі КДБ, якія пагражалі мужчыну расправаю і прымушалі яго быць іхным інфарматарам.
"У калоніі самае балючае – гэта інфармацыйная ізаляцыя"
29 красавіка 2022 года Станіслава асудзілі на 5,5 месяцаў калоніі. Затым праз Жодзінскую турму, Віцебскі СІЗА 27 траўня мужчыну прывезлі ў Наваполацкую калонію. Яго размеркавалі ў шосты атрад, дзе знаходзіўся Віктар Бабарыка. За размову з палітыкам іншых вязняў адразу адпраўлялі ў ШІЗА. Станіслаў кажа, што яму даводзілася размаўляць з Віктарам. Ён вельмі цікавы і прыязны суразмоўца, які да ўсіх звяртаўся на “вы”.
“У калоніі самае балючае гэта нават не пастаянны недахоп ежы, а інфармацыйная ізаляцыя. Аб тым, што адбываецца на волі, мы даведваліся ад людзей з доўгатэрміновых спатканняў.
Увогуле там вельмі цяжка выжыць без перадачак, без грошай, якія высылаюць. За іх хаця б можна набыць троху ежы ў краме. На мясцовай “палажняковай” ежы там проста не выжыць. У калоніі вельмі маленькія порцыі. Калі ў абед яшчэ можна неяк ператрываць, забіўшы страўнік хлебам, то пасля сняданку і вячэры ты выходзіш натуральна галодным. А ёсць жа і тыя, каму зусім не дасылаюць перадачы”.
Усім палітычным былі забароненыя відэазванкі. Яны працавалі па шэсць дзён на тыдзень, звычайныя вязні – па тры дні. Станіслаў працаваў падсобным рабочым у цэху дрэваапрацоўкі.
Станіслаў кажа, што калонія – гэта абсалютна страчаны час.
10 сутак за любоў да жывёлаў і лыжка ў футляры
Першыя 10 сутак ШІЗА у калоніі Станіслаў атрымаў за любоў да жывёлаў.
“Я нёс у кішэні на прамзону хлебны мякіш, каб пакарміць птушак. А туды забаронена праносіць літаральна ўсё, акрамя лыжкі, якую вязні носяць у футляры, цыгарэт і запалак. Нават цукерку нельга, бо за яе таксама маглі адправіць у ШІЗА”.
"Пад канец тэрміну ў цябе будзе нізкі сацыяльны статус"
Пазней Станіславу загадалі працаваць на працы, якая магла вельмі нашкодзіць яго здароўю. Трэба было арпацоўваць драўляныя дошкі вельмі шкодным для чалавека рэчывам, якое трапляючы на чорную робу пакідала на ёй белыя плямы. За адмову працаваць на шкоднай вытворчасці на мужчыну склалі рапарт за адмову выконваць працу і накіравалі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на 30 сутак. Станіслава накіравалі на так званыя “хрэсьбіны”. Вязня прыводзяць да начальніка калоніі, якому трэба адсправадачыцца аб сваім парушэнні і патлумачыць свае дзеянні. Пальчык, начальнік калоніі, тады пагражаў мужчыну: “Пад канец тэрміну ў цябе будзе нізкі сацыяльны статус”.
"На просьбу выдаць кнігу па-беларуску бібліятэкар спытаў: "Ты што, паляк?"
Станіслаў распавёў, што чытаў у калоніі, якая кніга яго больш за ўсё ўразіла.
“У атрадзе я прачытаў “1984” і “Скотны двор” Оруэла. А таксама спадабаўся гістарычны раман Рафаэла Джаваньёлі “Спартак”. Мяне ўразіла, што гэты чалавек [Спартак] змог сабраць вакол сябе дзясяткі тысяч прыхільнікаў і некалькі гадоў ваяваць з самай магутнай імперыяй на той момант”.
У ПКТ мужчына прасіў кнігі на беларускай мове, але іх там амаль не было. Бібліятэкар ў адказ на просьбу Станіслава спытаў: “А ты што, паляк?”. Яго вельмі здзівіла, што чалавек можа патрабаваць кнігу на беларускай мове. “Бібліятэкара аж трэсла ад таго, што я нацыянальна арыентаваны і размаўляў з ім па-беларуску”, — дзеліцца мужчына.
"Забудзьцеся дарогу на дзяржаўныя працы"
Станіслаў цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю ў кастрычніку 2022 года.
“Спачатку я не планаваў з’язджаць з Беларусі. У мяне была запланаваная аперацыя, пасля якой я пачаў шукаць працу. Мяне ўвогуле нікуды не бралі. А ў міліцыі, куды я хадзіў адзначацца, пастаянна патрабавалі, каб я працаўладкаваўся. Да таго ж раз на месяц мяне выклікалі ў РАУС на камісію па працаўладкаванні. Туды прыходзілі ці то нейкія чыноўнікі, ці супрацоўнікі цэнтра занятасці і прапаноўвалі вакансіі. Мне задавалі пытанні, за чый кошт я жыву. Уласныя ашчаджэнні, дапамога сяброў і фінансавая дапамога фонда BYSOL дапамаглі ўтрымацца”.
Падчас чарговай прафілактычнай гутаркі ў РАУС супрацоўнік міліцыі сказаў Станіславу, каб той нават і не думаў уладкоўвацца на дзяржаўную працу. “Забудзьцеся дарогу ў дзяржаўныя арганізацыі. Вы для нас, як баласт. Я вам не раю туды ісці”.
“Цэнтр занятасці выдаваў накіраванне, з якім я ішоў уладкоўвацца. Але мне паўсюль адмаўлялі. Металургічны завод, дзе я працаваў раней, мяне не ўзяў. Не ўзялі нават сантэхнікам у мясцовы ЖЭУ за 550 рублёў у месяц. “Мы вам адмаўляем па пэных абставінах”, — так адміністрацыя ЖЭУ патлумачыла па тэлефоне сваё рашэнне”.
"Я ведаў, што заўтра магу прачнуцца не дома, а ў ІЧУ"
Пасля марных спробаў знайсці працу мужчына вырашыў з’язджаць з Беларусі.
“Я лічу, што былым палітвязням трэба з’язджаць. Бо іншага выйсця няма. Ты там нічога не зможаш зрабіць. Ні каментар напісаць, ні выказацца адкрыта. Я нават не кажу, каб выйсці на плошчу. Увесь час ты пад пільным наглядам. Мне даводзілася штодзень “чысціць” тэлефон, не падпісвацца ні на якія незалежныя медыя. Бо я ведаў, што заўтра магу прачнуцца не дома, а дзе-небудзь у ІЧУ і СІЗА.
Я не ведаю мясцовай мовы, у мяне няма грошай. Дзякуй сябру, які на першы час дапамог з ежай і прытулкам. Але як бы цяжка мне цяпер не было, лепш тут працаваць за грошы, чым бясплатна ў лагеры”.
BYSOL адкрыў для Станіслава збор сродкаў для падтрымкі яго на першы час.