viasna on patreon

"Больш за год пасля вызвалення я спрабаваў аднавіцца", — былы палітзняволены Аляксандр Храпко

2023 2023-08-30T17:43:00+0300 2023-09-01T11:30:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrapko_aliaksandr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Берасцейскага актывіста і былога каардынатара арганізацыйнага камітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Аляксандр Храпко ў чэрвені 2021 года асудзілі да аднаго года калоніі па гучнай "справе карагодаў". Гэта стала другой яго судзімасцю за апошнія тры гады. Падчас масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў Аляксандр знаходзіўся ў магілёўскай калоніі № 15. Другі раз яго накіравалі ў івацэвіцкую калонію строгага рэжыму № 5. Ён адбыў увесь тэрмін і выйшаў на волю мінулай вясной. Паўтара года ён жыў у Беларусі, спадзеючыся, што палітычнае становішча неўзабаве зменіцца. Але замест гэтага ён атрымаў позву ў міліцыю. Баючыся быць затрыманым у чарговы раз, Аляксандр у спешцы пакінуў Беларусь. Апынуўшыся ў бяспецы — у лагеры ўцекачоў у адной з суседніх краін — былы палітвязень распавёў "Вясне" пра свой пераслед за актывісцкую дзейнасць на працягу многіх гадоў, два заключэнні ў магілёўскай і івацэвіцкай калоніях, а таксама жыццё ў Беларусі пасля вызвалення.

Александр Храпко после выезда из Беларуси
Аляксандр Храпко пасля выезду з Беларусі

"Вынес афіцыйнае папярэджанне, што нельга дзейнічаць ад імя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»"

Актывісцкая дзейнасць Аляксандра Храпко пачалася ў 2014 годзе, калі 20-гадовы студэнт вырашыў удзельнічаць у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, але тады гэта скончылася пагрозамі міліцыі бацькам. У 2016 годзе, будучы ўжо сябрам аргкамітэта па стварэнні БХД, хлопец хацеў балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Але яго ініцыятыўная група не здала ў выбаркам патрэбныя 1000 подпісаў. Але ціск з боку ўладаў праз актывізм на Аляксандра працягваўся.

"Наогул мая палітычная дзейнасць пачалася ў 2014 годзе, калі я балатаваўся ў мясцовыя Саветы дэпутатаў на Берасцейшчыне. У той час я вучыўся ва ўніверсітэце, і ўжо тады пачаліся рэпрэсіі. Да мяне дадому прыязджалі супрацоўнікі міліцыі і нагаворвалі на мяне бацькам усякія нядобрыя рэчы пра мяне і тое, што быць у апазіцыі дрэнна. У той час бацькі вельмі знерваваліся і раззлаваліся на мяне. Гэта быў першы факт рэпрэсій. А потым яны працягнуліся. У 2016 годзе пракурор вынес мне афіцыйнае папярэджанне, што нельга дзейнічаць ад імя "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", бо яна з'яўлялася незарэгістраванай партыяй".

Напярэдадні парламенцкіх выбараў у 2019 годзе Аляксандра Храпко асудзілі за "арганізацыю незаконнай міграцыі групай асоб" паводле ч. 2 арт. 371-1 Крымінальнага кодэкса. Таму выбарчую прэзідэнцкую кампанію ў 2020 годзе, выбары і масавыя акцыі пратэсту ён не заспеў — у гэты час адбываў тэрмін у магілёўскай калоніі № 15.

"Гэта была сфабрыкаваная справа. Я рыхтаваўся да парламенцкіх выбараў, а мяне папрасілі дапамагчы чалавеку ў Брэсце зняць кватэру, а потым аказалася, што ён збіраўся незаконна перасякаць мяжу. Супраць мяне меліся паказанні трэціх асоб, што я маю нейкае дачыненне да гэтай справы. Гэта не так, але яны паляглі ў аснову абвінавачвання".

"Я проста выказваў сваё меркаванне"

Аляксандр распавядае, што падчас выбараў у 2020 годзе ў калоніі № 15 панавала напружаная абстаноўка:

"Сярод звычайных зняволеных былі "зачысткі". Некалькі чалавек адвялі ў памяшканне камернага тыпу. Нам сказалі, што "калі што" [бунт], то будуць страляць. Было вельмі жорстка. Тады быў жудасна напружаны час".

На волю Аляксандр Храпко выйшаў у канцы жніўня 2020 года. 13 верасня ён паўдзельнічаў у акцыі пратэсту ў Берасці, калі мясцовыя жыхары вадзілі карагоды.

"Пасля вызвалення я вырашыў далучыцца да акцыі пратэсту, бо таксама быў нязгодны з агучанымі вынікамі выбараў. Гэта быў мой грамадзянскі абавязак. І тады я думаў: "Хто, калі не я?" А наогул я проста выказваў сваё меркаванне ў такой форме. Я тады прадчуваў цуд, але яно так і не адбылося..."

Аднак адразу пасля акцыі пратэсту Аляксандра затрымалі. У ізалятары яго ўтрымлівалі трое сутак.

"На Маршы я быў вельмі інтэлігентна апрануты — у штанах і кашулі — можа, сілавікі падумалі, што я сур'ёзны чалавек і таму мяне не білі. Таму што я бачыў, што іншых збівалі. У аўтазаку я адказваў на званкі, а іншага чалавека, які толькі трохі тузануўся, білі дубінкай".

У канцы верасня берасцейца выклікалі ва УУС, дзе паведамілі, што супраць яго распачатая крымінальная справа паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Да сакавіка 2021 года Аляксандр знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе, пакуль яго не ўзялі пад варту да суда.

"Увесь гэты час мяне пастаянна выклікаў да сябе следчы — ледзь не кожны тыдзень ездзіў да яго. Гэта было як здзек, таму што гэта было дзеля пару дурных пытанняў, напрыклад: "А ты хадзіў па гэтым бардзюры?", "А ты ведаеш гэтага чалавека?". Я да апошняга не прызнаваў віну — казаў, што проста праходзіў міма. У сакавіку следчы ў чарговы раз патэлефанаваў і сказаў, што неабходна зноў з'явіцца да яго. Пры сустрэчы ён нядобра так усміхнуўся і сказаў: "А цяпер ты паедзеш у следчы ізалятар!" Яны ж разумелі, што я невыпадковы чалавек..."

"Другое зняволенне я маральна перанёс вельмі цяжка"

Александр Храпко после выезда из Беларуси
Аляксандр Храпко пасля выезду з Беларусі

З сакавіка 2021 года Аляксандр знаходзіўся пад арыштам да суда ў берасцейскім следчым ізалятары № 7.

"Там я тры разы раз у ежы знаходзіў металічную стружку. Кушаю, кушаю і адчуваю, што ў роце нешта іншароднае — дастаю і бачу гэта. Калі б я з'еў яе — наступствы маглі б быць страшнымі. Я ўвесь час баяўся памерці. Тады я яшчэ адмаўляўся ад дачы паказанняў, але пасля гэтага прызнаў віну. Падумаў тады: пасяджу, але хоць жывы буду. Было вельмі шмат паранойі. Страшна. Калі б тады што здарылася, хто цябе ўратуе і каму што ты скажаш. А калі і пачнеш казаць, то яны хутка зробяць так, каб ты перастаў гаварыць..."

3 чэрвеня суд Маскоўскага раёна Брэста 3 чэрвеня 2021 вынес прысуд па "карагоднай справе" супраць яшчэ 13 берасцейцаў. Суддзя Яўген Брэган асудзіў Аляксандра Храпко на 1 год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Адбываць другі тэрмін берасцейца адправілі ў івацэвіцкую калонію № 5.

"Другое зняволенне я маральна перанёс вельмі цяжка. Нават страшна. Наогул вельмі шмат было непрыемных, мякка кажучы, момантаў у зняволенні. Напрыклад, на этапе ў калонію з берасцейскага СІЗА спыняўся ў баранавіцкім СІЗА № 6. Для "прафілактыкі" мяне закінулі ў карцэр на трое сутак. Гэта была спецыяльная спецыфічная камера ў сутарэнні — з вадой на падлозе. Калі я туды зайшоў, то падумаў: "Вось якія малайцы — падлогу памылі!" А потым я зразумеў, што ў гэтай камеры вада ніколі не высыхае, там нават туман стаяў. У карцэры мяне ўтрымлівалі аднаго. Днём да сцяны прышпільвалі ложак, а сядзець — ныркі адстуджваць — можна было на металічнай тумбе. Больш сядзець няма дзе было, бо падлога была мокрая".

"Я спрабаваў уладкавацца на працу, але зразумеў, што гэта марна"

У івацэвіцкай калоніі № 5, па словах Аляксандра, ён адчуваў да сябе прадузятае стаўленне як да палітвязня. Ён параўноўвае сваё зняволенне з пазбаўленнем волі за год да гэтага ў магілёўскай калоніі.

"Асабліва гэта адчувалася з боку зняволеных, якія супрацоўнічалі з адміністрацыяй. Напрыклад, у пакоі на ложку днём сяджу я і звычайны зняволены. На мяне адразу паперку пішуць, а на іншага нават увагі не звярнуць. Даходзіла да таго, што нават зняволеныя не па палітычных старой загартоўкі заступацца пачыналі. У калоніі пастаянна ствараліся інтрыгі, якія фармавалі маральнае напружанне".

У калоніі № 5 утрымліваецца ўсяго некалькі палітвязняў. 15 сакавіка 2022 года Аляксандр цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.

"Перад самым вызваленнем хтосьці патэлефанаваў у калонію і сказаў, што мама памерла. Мяне да сябе выклікаў псіхолаг і паведаміў гэта. Я ўвечары стэлефанаваўся з сястрой, а яна кажа, што ўсё ў парадку".

Год і пяць месяцаў берасцеец жыў у Беларусі, аднак цалкам аднавіцца пасля вызвалення і ўладкавацца на працу яму не ўдалося.

"Да мяне пяць разоў на тыдзень прыязджаў участковы, пастаянна выклікалі на "прафілактычныя гутаркі" ў РУУС. Я заставаўся ў Беларусі да апошняга, таму што я люблю нашу Радзіму і была надзея, што ўсё ж гэта скончыцца. Але, калі прыйшла позва з'явіцца як сведку па невядомай справе, я вырашыў з'ехаць. Бо так многіх і затрымліваюць — адразу даеш паказанні як сведка, а потым засынаеш ужо ў СІЗА, як гэта часта бывае.

За гэты час у Беларусі я спрабаваў уладкавацца на працу, але зразумеў, што гэта марна. Мяне выклікалі на камісію па працаўладкаванні, дзе я казаў, што ў мяне маецца адукацыя і пэўны досвед працы, але мне прапанавалі толькі працу дворнікам. Таму дарослы мужчына быў вымушаны сядзець на шыі ў бацькоў. Я спрабаваў аднавіцца ў IT-сферы, але праз пастаянны псіхалагічны ціск унутры краіны немагчыма было сканцэнтравацца на працы".

"Гэта адзіны варыянт выратавацца ад рэпрэсій"

21 жніўня да Аляксандра Храпко прыйшла позва аб яўцы ва УУС у якасці сведкі. Разумеючы, што рэпрэсіі ў Беларусі ўсё яшчэ працягваюцца, ён расцаніў гэта як рэальную пагрозу затрымання і прыняў рашэнне не ісці па позве, а пакінуць тэрыторыю Беларусі. Увечары 24-га жніўня Аляксандр перасёк беларускую мяжу, а ўжо праз некалькі гадзін супрацоўнікі міліцыі прыехалі да яго дадому, пералезлі праз плот і пастукаліся ў дзверы. Бацькі былі не ў курсе, што іх сын з'ехаў з краіны.

"Больш за год пасля вызвалення я спрабаваў аднавіцца. У мяне была жудасная паранойя. У першыя паўгады я хадзіў па вуліцы і думаў, што за мной сочка. Адносна нядаўна я прыйшоў у сябе і вырашыў пачынаць нейкую працу, а тут позва ў міліцыю... Мне было складана пайсці на гэты крок [пакінуць Беларусь], бо тут мой дом, мае родныя, але гэта адзіны варыянт выратавацца ад рэпрэсій".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства