"Ні ў якім разе не гань прэзідэнта!". Бацьку былога палітвязня Станіслава Паўлінковіча выклікалі на размову ў КДБ
Магілёўца Станіслава Паўлінковіча ў кастрычніку 2020 года асудзілі на тры гады "хіміі" за абразу суддзі. Пасля яго перазатрымалі і накіравалі адбываць тэрмін у калонію. Цалкам адбыўшы тэрмін мужчына вызваліўся. Ён не змог уладкавацца на працу, атрымаўшы мноства адмоваў, і з’ехаў з Беларусі. Былы палітвязень, апынуўшыся ў бяспецы, дае шмат інтэрв’ю, у якіх распавядае пра рэпрэсіі беларускіх уладаў і жудасныя ўмовы ў зняволенні. За гэта яго бацьку выклікалі на размову супрацоўнікі КДБ. Станіслаў распавёў "Вясне" падрабязнасці.
"Некалькі тыдняў таму майму бацьку патэлефанавалі і выклікалі на размову ў Магілёўскі КДБ. Ім не спадабалася маё інтэрв’ю "Радыё Свабодзе". Бацька пагадзіўся. У кабінеце знаходзіліся тры кдбэшнікі. Яны сказалі, што я магу ў інтэрв’ю крытыкаваць чыноўнікаў ці міліцыянтаў, але ні ў якім разе нічога не павінен казаць пра Лукашэнку".
Таксама супрацоўнікі КДБ сказалі бацьку, што Станіслаў нібы можа спакойна і без пагроз для сябе вяртацца ў Беларусь. А калі будзе зашмат крытыкаваць улады, то яго пасадзяць на 15-20 гадоў.
"Я шчыра здзівіўся ад гэтых словаў. Як яны мяне збіраюцца пасадзіць? Хіба завочна, то няхай спрабуюць".
Станіслаў не верыць у заклікі сілавікоў вяртацца ў Беларусь без далейшых наступстваў і заклікае іншых не паддавацца на правакацыі:
"Гэта натуральны падман! Мы ўжо ведаем шмат падобных выпадкаў, калі людзей падманам выманьваюць у Беларусь, пасля чаго прысуджаюць вялікія тэрміны зняволення. Калі цябе пасадзяць, дапамога будзе патрэбная ўжо табе, а не сваякам".
Увага супрацоўнікаў КДБ да бацькі не была нечаканасцю, кажа Станіслаў, бо ён ведае ранейшыя выпадкі, калі сілавікі ціснулі на сваякоў ня згодных з уладамі беларусаў за мяжой.
"Пакайся, ты не Дон Кіхот. Тое, што цяпер у Беларусі – гэта назаўсёды"
У мужчыны былі нават думкі, што яго бацьку маглі завербаваць:
"Думаю, бацька распавёў мне не ўсю размову ў КДБ. Выглядае, што яго там вельмі моцна запужалі. Не здзіўлюся, калі яго там завербавалі. Калі ён дасылаў лісты ў калонію, адчувалася штосьці падобнае. Ён пісаў мне: "Пакайся, ты не Дон Кіхот. Тое, што цяпер у Беларусі – гэта назаўсёды". А таксама заклікаў напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі".
Таксама бацьку Станіслава пагражалі і падчас зняволення мужчыны:
"Калі я сядзеў у ШІЗА, баця ездзіў у Барысаў забіраць мой тэлефон, канфіскаваны кдбэшнікамі падчас майго затрымання на "хіміі". Там яму сказалі, што па вызваленні я павінен запісаць відэазварот, што я абавязуюся больш ніколі не выступаць супраць улады. У адваротным выпадку супрацоўнікі пагражалі завітаць да бацькоў "у госці". Вядома, я ніякіх відэавзаротаў не запісваў".
Мужчына не перарывае дачыненні з бацькам, але гэта яму даецца вельмі цяжка:
"Раней бацька цалкам быў за мяне. Я не ведаю, што з ім здарылася, але за час майго зняволення ён вельмі змяніўся. Стаў падтрымліваць лукашэнкаўскую ўладу, вайну ва Украіне і верыць прапагандзе. Мне вельмі цяжка з ім гутарыць, і я не ведаю, як цяпер гэта рабіць. Таму ў пэўны час прыняў рашэнне ўвогуле не абмяркоўваць з ім ніякія навіны".
“У калоніі самае балючае – гэта інфармацыйная ізаляцыя”. Размова з былым палітвязнем Станіславам Паўлінковічам
Пакуль мы рыхвалі гэты матэрыял у Станіслава памерла маці. Ён просіць падтрымаць яго матэрыяльна.
"Сябры, патрэбна дапамога. Зараз няма магчымасці фінансава падтрымаць бацьку ў сувязі са смерцю матулі. І фізічна я не магу прыехаць, таму што мяне адразу арыштуюць пасля перасячэння мяжы. За адно толькі супрацоўніцтва з незалежнымі смі мне пагражае да 6 гадоў зняволення. Трэба пахаваць матулю годна. Калі з вас хто зможа, падтрымайце маю сям'ю, хоць у якіх межах. Дзякуй вам усім".
Получатель Павлинкович Станислав Александрович (STANISLAU PAULINKOVICH) номер счёта 26 1020 1097 0000 7202 0851 2727.
IBAN -
PL26102010970000720208512727
Название банка PKO Bank Polski
Название счёта PKO KONTO ZA ZERO
BIC SWIFT BPKOPLPW