"Міжнародная супольнасць павінна палажыць канец беспакаранасці за злачынствы ў Беларусі"
Тры партнёрскія праваабарончыя арганізацыі, якія ініцыявалі судовае разбіральніцтва над былым супрацоўнікам САХРа Юрыем Гараўскім — Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), TRIAL International і Праваабарончы цэнтр "Вясна" — выступілі з заявай з нагоды апраўдальнага рашэння па справе. Яны шкадуюць аб такім прысудзе і будуць працягваць падтрымліваць ахвяр у іх імкненні да справядлівасці, у тым ліку падчас апеляцыі. Таксама яны адзначаюць, што хоць суд прызнаў адказнасць рэжыму за злачынствы, суддзі не былі перакананыя ў датычнасці абвінавачанага да гэтых падзей. Сем'і ахвяр застаюцца ў стане нявызначанасці адносна дакладных абставінаў знікнення іх блізкіх.
Пасля двухдзённых слуханняў акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швейцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачванні ў гвалтоўных знікненнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выбітных дзеячаў апазіцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.
Нягледзячы на аднадушнае меркаванне падазраванага, яго адваката, абвінавачвання і грамадзянскіх бакоў аб тым, што Гараўскі прымаў удзел у гэтых трагічных падзеях, суд прыйшоў да высновы, што яго ўдзел у гэтых злачынствах не можа быць устаноўлены па-за ўсялякімі сумневамі. Юрый Гараўскі быў апраўданы па абвінавачванні ў гвалтоўных знікненнях.
Такім чынам, праз 24 гады пасля падзей, сем'і зніклых без вестак усё яшчэ знаходзяцца ў цяжкім стане нявызначанасці адносна лёсу сваіх блізкіх, а таксама адносна асоб тых, хто ўдзельнічаў у знікненні. Для Валерыі Красоўскай, дачкі Анатоля Красоўскага, гэтае рашэнне выклікае глыбокае расчараванне: "Я маю намер яго абскардзіць". Пракурор таксама можа абскардзіць гэты вердыкт.
Тры партнёрскія арганізацыі, якія ініцыявалі судовае разбіральніцтва ў 2021, шкадуюць аб сённяшнім рашэнні, тым не менш, арганізацыі адзначаюць, што прысуд не ставіць пад сумнеў злачынствы, учыненыя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Яны таксама шкадуюць, што суд не залучаў у працэс дачок зніклых, пазоўнікаў па справе.
"Незалежна ад вердыкту судовы працэс над Юрыем Гараўскім ужо стварыў гістарычны прэцэдэнт: упершыню ў свеце суд вынес рашэнне па злачынствах, учыненых на тэрыторыі Беларусі, на аснове прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі. Сённяшні апраўдальны прысуд сведчыць, што шлях да правасуддзя часам абсыпаны падводнымі камянямі. Аднак гэта не падарве рашучасці ахвяр працягваць барацьбу за праўду і справядлівасць", — заяўляюць праваабаронцы.
Тры партнёрскія арганізацыі падкрэсліваюць, што міжнародная супольнасць павінна актывізаваць свае намаганні па прыцягненні да адказнасці вышэйшых службовых асоб рэжыму і пакласці канец беспакаранасці за злачынствы, учыненыя ў Беларусі.
Былога сахраўца Юрыя Гараўскага апраўдалі па справе аб знікненні апазіцыйных палітыкаў
Пракурор запрашваў для яго тры гады пазбаўлення волі, але суд вырашыў яго апраўдаць.