Былога вайскоўца судзяць за перадачу ўкраінцам інфармацыі пра расейскія войскі
Сёння ў Мінскім гарадскім судзе пачалі судзіць Дзмітрыя Гуліна — ваеннага ў адстаўцы, якога абвінавачваюць у дзейнасці на карысць украінскіх спецслужбаў. Працэс вядзе суддзя Святлана Бандарэнка.
Мужчыну абвінавачваюць паводле шасці артыкулаў крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 2 арт. 366 (гвалт альбо пагроза гвалтам у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак), ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыям), іншым дзеянням, накіраваным на прынясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Вядома, што Дзмітрый да 2012 году служыў ва Узброеных сілах Беларусі. Пасля 2020 года ён з'ехаў ва Узбекістан, дзе працаваў у ташкенцкім прадстаўніцтве адной беларускай кампаніі. Праўладныя крыніцы паведамляюць, што пасля гэтага ён паехаў у Кіеў, дзе яго нібыта завербавала СБУ. Паведамляецца, што мужчына — тапограф высокага класа і раней меў доступ да дзяржаўных сакрэтаў. Таксама праўладныя крыніцы пішуць, што падчас паўнамасштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Дзмітрый Гулін перадаваў украінскім спецслужбам інфармацыю аб перамяшчэнні і дыслакацыі войскаў, складзе сіл спецаперацый і многае іншае.
Пазней Дзмітрый вярнуўся ў Мінск, дзе яго затрымалі.
Падтрымаць мужчыну: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Дзмітрый Барысавіч Гулін