“Гомельскую вясну” КДБ прызнала “экстрэмісцкім фармаваннем” Дапоўнена
Паводле рашэння КДБ Беларусі ад 9 жніўня "Аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фармаваннем і забароне яго дзейнасці” ў абноўлены Спіс дададзеныя праваабарончы сайт "Гомельская вясна”, Telegram-канал “Гомельская вясна”, а таксама старонкі ў фэйсбуку, “Аднакласніках”, на “YouTube”-канале і чат-бот “@Homiel_Bot".
Прычым, у раздзеле ўладальнікаў рэсурсаў пазначанае прозвішча былой журналісткі Ларысы Шчыраковай, якую зараз судзяць у Гомелі па шэрагу пратэсных артыкулаў. І гэта пры тым, што Шчыракова публічна адмовілася ад журналістыкі і стала зарабляць этнічнымі фотасесіямі, а таксама вучылася на псіхолага.
Крыху раней, у чэрвені, старонка “Гомельскай вясны” ў фэйсбуку, якая фактычна не існуе, была прызнаная “экстрэмісцкай прадукцыяй”. А Telegram-канал "Вясна/Правы чалавека ў Беларусі", і іншыя сацыяльныя сеткі былі прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі яшчэ ў снежні 2021 года судом Чыгуначнага раёна Гомеля.
“Гомельская вясна” – праваабарончы сайт Гомеля і Гомельшчыны, які асвятляе дзейнасць Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра "Вясна" і існуе ўжо 10 год. Сайт асвятляе выключна праваабарончую тэматыку, парушэнні правоў чалавека – як грамадзянскіх і палітычных, так і сацыяльна-эканамічных, культурніцкіх, экалагічных, змяшчае рэгулярна інфармацыю пра тое, як бараніць і адстойваць свае правы.
Заява рэдакцыі «Гомельскай вясны» ў сувязі з прызнаннем «экстрэмісцкім фармаваннем»