У Гомелі пачынаецца закрыты суд над журналісткай Ларысай Шчыраковай
Гомельскі абласны суд 27 ліпеня пачынае разгляд крымінальнай справы вядомай журналісткі і культурніцкай дзяячкі Ларысы Шчыраковай. Яе абвінавачваюць паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое ажыццяўляецца паўторна). Судовы працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
Справу прызначаны разглядаць суддзя Мікалай Доля. Ён вядомы тым, што ўжо адправіў за краты на пяць гадоў журналістку Ірыну Слаўнікаву.
Палітзняволеную Ларысу Шчыракову затрымалі ўвечары 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў яе прыватным доме. Яе непаўнагадовага сына змясцілі ў прытулак. Былы муж палітзняволенай, які апошнія гады жыў у Расіі, сабраў неабходныя дакументы і 23 снежня забраў Святаслава. Іншым сваякам хлопчыка не аддавалі.
Напачатку на Ларысу завялі крымінальную справу паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і змясцілі ў гомельскі СІЗА №3. Больш месяца таму памерла маці Ларысы. Жанчыну нават не адпусцілі з СІЗА на пахаванне.
Паводле матэрыялаў следства, Ларыса “са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках прадаставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь”.
Яна ж, па меркаванні пракуратуры, "ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыё -, відэа -, фота - і тэкставай інфармацыі, для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу "Вясна" і экстрэмісцкага фармавання "Белсат"".
За сваю журналісцкую дзейнасць Ларысу Шчыракову болей за 40 разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў і арыштаў. Урэшце яна вымушаная была заявіць аб тым, што сыходзіць з журналісцкай дзейнасці і пачала займацца этнафотасесіямі і псіхалогіяй.
Падтрымаць журналістку: СІЗА-3. 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Ларыса Фёдараўна Шчыракова.
Як пачуваецца за кратамі палітзняволеная Ларыса Шчыракова