Палітзняволеную з Фаніпаля асудзілі на паўтара года “хатняй хіміі” за ўдзел у пратэстах
У судзе Дзяржынскага раёна другога жніўня асудзілі палітзняволеную Вольгу Колас паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Фядчук прызначыла Вользе адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Вольгу абвінавацілі ў тым, што яна 14 і 15 жніўня 2020 года ўдзельнічала ў пратэснай акцыі ў Фаніпалі і выходзіла на праезную частку. Жанчына ўтрымлівалася пад вартай з трэцяга траўня 2023 года. Яна цалкам прызнала віну і раскаялася ў здзейсненым.
На пратэсную акцыю жанчына ўзяла ружу белага колера і белую стужку. На судзе Вольга паведаміла, што нагодай выйсці на мітынг стаў гвалт з боку сілавікоў пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў.
Жанчыну апазналі па фотаздымках з акцый пратэстаў.