viasna on patreon

Затрыманні супрацоўнікаў "Белдзяржстраху", лясгасу, бізнэсмэна: хроніка пераследу 10-11 жніўня

2023 2023-08-11T13:48:19+0300 2023-08-11T16:06:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrodna_zatrymanne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10-11 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

11 жніўня

У Гродне затрымалі дзвюх супрацоўніц «Белдзяржстраху» 

Адна з іх (па інфармацыі, Таццяна Шылава), кажа, што была падпісана ў сацсетцы Instagram на «Зеркало». Разам з ёй была затрымана вядучая бухгалтарка таксама за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.


У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 35 прозвішчаў — сярод іх украінка і узбек

11 жніўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у спісе 3146 чалавек.

Сярод іншых, у спіс дадалі фігурантаў «справы Рабочага руху» Сяргея Шэлеста, Уладзіміра Жураўку, Андрэя Пагерыла, Ганну Аблаб, Аляксандра Гашнікава, Сяргея Дзюбу, Ігара Мінца, Валянціна Церэневіча, Сяргея Шамецьку, Аляксандра Капшуля, грамадзянку Украіны Аксану Лакозу, грамадзяніна Узбекістану Ільдара Таўхітава.

Да допіса ў тэлеграм далучаны апошні Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.


ГУБАЗіК затрымаў мужчыну з татуіроўкай «свабода альбо смерць» 

Сілавікі сцвярджаюць, што пра яго паведамілі «неабыякавыя грамадзяне».


Супрацоўніцу Талачынскага лясгаса аштрафавалі на 1110 рублёў «за экстрэмізм»

Штраф Вікторыі Казун, маці траіх дзяцей, 21 ліпеня прысудзіла суддзя Талачынскага райсуду Наталля Барысавец. Згодна з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, распачатай паводле ч.2 арт 19.11 КаАП, Вікторыя мела на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» паведамленні аднаго са СМІ, прызнанага «экстрэмісцкім». За гэта суд аштрафаваў яе на 30 базавых велічынь.

Як паведамляе «Віцебская Вясна», два гады таму Вікторыя была гераіняй артыкула «Как совместить воспитание троих детей и работу помощника лесничего, знает Виктория Казун, которая уже 16 лет трудится в Толочинском лесхозе». Артыкул быў надрукаваны ў абласной газеце «Витебские вести» напярэдадні 8 сакавіка.


10 жніўня

ГУБАЗіК затрымаў мужчыну за каментары ў тэлеграме 

Як паведамляе «Наша ніва», затрыманы — 37-гадовы Міхаіл Рагаўцоў. Цяпер мужчыне пагражаюць крымінальнай справай.


У Гродне быў затрыманы мясцовы жыхар

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што яго затрымалі за каментары ў сацсетках, у якіх ён нібыта абражаў Лукашэнку і супрацоўнікаў міліцыі.


У Гомелі затрымалі ўладальніка буйнога бізнэсу

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына з'яўляецца ўладальнікам буйных камерцыйных аб'ектаў у Гомелі, «мае вельмі немаленькі даход, дарагія машыны і нерухомасць».

На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Як паведамляе «Наша ніва», затрыманы — Дзмітрый Лебедзеў.


ГУБАЗіК затрымаў загадчыцу інтэрната БДЭУ 

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што жанчына «падбухторвала студэнтаў да ўдзелу ў парушэнні закона ў 2020 годзе і агітавала супраць улады да гэтага часу». На «пакаяльным відэа» затрыманая кажа, што ўдзельнічала ў адной з мірных акцый пратэсту ў 2020-ым годзе.

Раней сілавікі затрымалі дзвюх выкладчыц універсітэтаў — Надзею Старавойтаву і Наталлю Сівіцкую.

Як паведамляе «Наша ніва», затрыманая — Алена Драбудзька.


За пікет у сацсетках на буйную суму аштрафавалі жыхарку Оршы

Суддзя суда Аршанскага раёна і Оршы Мікалай Драгуноў 27 ліпеня за правядзенне пікету ў сацыяльных сетках пастанавіў аштрафаваць на 1110 рублёў аршанку Інгу Тыльчык.

У судзе было ўстаноўлена, што «правапарушальніца», з 14 лістапада 2020 года па 18 ліпеня 2023 года ў парушэнне парадку правядзення пікетавання, з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў, прыняла ўдзел у масавым мерапрыемстве.

Гэта выявілася ў тым, што Інга была сфатаграфаваная на фоне «палотнішча бел-чырвона-белага колеру», пры гэтым яна не атрымала дазволу мясцовага кіраўніцтва Аршанскага райвыканкама, піша «Віцебская Вясна».


Журналіста «Ранка» Андрэя Ліпскага аштрафавалі на 20 базавых

Раніцай 2 жніўня ў кватэру журналіста ўварваліся людзі з ГУБАЗіКа разам з АМАПам. Яны паказалі санкцыю пракурора адносна «зняваг і пагроз у Telegram-чаце на адрас супрацоўніка Следчага камітэта».

У кватэры шукалі беларускую сімволіку. Нічога не знайшлі, але вынялі два смартфоны: адзін — журналіста, другі — ягонай маленькай дачкі, паведамляе «Гомельская вясна».

Пасля ператрусу Ліпскага даставілі ў РАУС — там участковы інспектар склаў пратакол пра «экстрэмісцкія матэрыялы». Падставай для пратаколу стала тое, што Ліпскі быў падпісаны на Youtube на каналы «Жыве Беларусь» і «Телеканал "Прямий"», а ва «Укантакце» — на суполку «Чай с малиновым вареньем». Усе гэтыя старонкі раней унеслі ў спіс «экстрэмісцкіх». Да суда Ліпскага змясцілі ў ІЧУ Светлагорскага РАУС.

3 жніўня суддзя Гулевіч прысудзіла журналісту штраф у 20 базавых велічынь і канфіскавала смартфон у прыбытак дзяржаве. Што будзе са справай пра «знявагі і пагрозы», пакуль невядома.


Затрыманы палескі журналіст-фрылансер Аляксандр Ігнацюк 

Па інфармацыі берасцейскай «Вясны», тры тыдні як затрыманы палескі журналіст-фрылансер, відэаблогер з Пінска Аляксандр Ігнацюк. Ён даўно жыў на адлюддзі на Палессі, таму аб ягоным затрыманні стала вядома выпадкова. Неабыякавыя занепакоіліся, што ён даўно не выходзіць на сувязь.

Апынулася, што Аляксандр змешчаны ў берасцейскае СІЗА-7. Па неправеранай інфармацыі, яму інкрымінуюць «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК).

Аляксандр — журналіст-фрылансер з Пінска, уладальнік сайта і старонкі ў TikTok «Пра Столін».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства