viasna on patreon

Татуіроўка на руцэ, лозунг "Слава Украіне", лістоўкі з выявай Пуціна: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў ліпені

2023 2023-08-04T19:38:07+0300 2023-08-05T12:22:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vjasna_vaina_va_ukraine_pratest_facebook-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У мінулым месяцы сілавікі працягвалі пераследаваць беларусаў, якія пратэстуюць супраць дзеянняў беларускай улады і вайны ва Украіне. Па ўсёй краіне сілавікі кожны дзень затрымліваюць дзясяткі людзей, ладзяць у кватэрах ператрусы, збіваюць і змяшчаюць іх у ізалятары з жудаснымі ўмовамі. У ліпені праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра не менш за 350 выпадкаў пераследу паводле адміністрацыйных справаў. Амаль трэць рэпрэсаваных — жанчыны. У судах разглядзелі мінімум 260 палітычна матываваных справаў, з якіх было прызначана не менш за 55 арыштаў і 34 штрафы. "Вясна назірае" склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў ліпені.

vjasna_vaina_va_ukraine_pratest_facebook
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Кампанію з васьмі чалавек арыштавалі за лозунг "Слава Украіне"

У Ленінскім раёне Мінска 9 ліпеня затрымалі сем мужчын і адну жанчыну. Згодна з пратаколамі, мінчукі "ў стане алкагольнага ап'янення прынялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з мэтай публічнага выказвання сваёй нязгоды з правядзеннем спецыяльнай вайсковай аперацыі на тэрыторыі Украіны, падчас якой выкрыквалі "Слава Украіне".

Іх затрымалі і склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП. Суды над мінчукамі адбыліся на наступны дзень. Суддзі Ленінскага раёна Мінска прызначылі кожнаму і кожнай па 15 сутак арышту. На судзе дапыталі і супрацоўніка міліцыі, які заўважыў "масавае мерапрыемства". Ён пацвердзіў, што кожны пратэставаў супраць вайны.

"Суткі" і штрафы пасля затрымання на мяжы

Цягам некалькіх месяцаў працягваюцца затрыманні на мяжы з Беларуссю, пасля вяртання людзей дадому. Пасля праверак тэлефонаў і допытаў некаторых беларусаў затрымліваюць наўпрост на мяжы, калі знаходзяць "экстрэмізм" або бел-чырвона-белую сімволіку ў тэлефоне, а таксама фота ці відэа з пратэстаў.

Так, напрыклад, у судзе Маскоўскага раёна Брэста 12 ліпеня асудзілі мужчыну, якога абвінавацілі ў пікетаванні ў прапускным пункце "Варшаўскі мост". Паводле пратакола, 12 траўня ўвечары мужчына пікетаваў "Пагоняй", размешчанай на тэлефоне. На мужчыну склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП і адпусцілі да суда. Праз два месяцы яго прызналі вінаватым і аштрафавалі на 10 базавых велічыняў (370 рублёў).

Напачатку ліпеня ў судзе Воранаўскага раёна асудзілі Сяргея Смірнова, затрыманага ў пункце проруску "Беняконі" на мяжы з Літвой. Яго асудзілі за падпіску ў інстаграме на "Люстэрка" паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суд пастанавіў аштрафаваць Смірнова на 25 базавых велічыняў (925 рублёў).

У Дуброўне 2 ліпеня разгледзелі справу мужчыны, затрыманага на мяжы з Расіяй. Супраць яго склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП за падпіску на "эсктрэмісцкую" суполку ў "Вконтакте". Суд прызначыў яму 15 сутак арышту, а таксама пастанавіў канфіскаваць тэлефон.

Арышт за фота чахла з "Пагоняй"

За фота бел-чырвона-белага чахла для тэлефона жыхару Дуброўна прызначылі 5 сутак арышту. Паводле пратакола, мужчына ў 2020 годзе выклаў фота бел-чырвона-белага чахла з выявай "Пагоні" на сваёй старонцы ў інстаграме. За гэта праз амаль тры гады супраць яго склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.

Віну сваю мужчына не прызнаў, бо не лічыць гэта экстрэмісцкай сімволікай.

Амаль 200 рублёў штрафу за татуіроўку на руцэ

У Шклове жанчыну асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП за татуіроўку з выявай бел-чырвона-белага сцяга. Яе затрымалі пасля таго, як "у месцы правядзення свята прыняла ўдзел у адзіночным пікеце з выкарыстаннем пратэснай сімволікі ў выглядзе татуіроўкі на правым перадплеччы з выявай БЧБ-сцяга".

Жанчына віну не прызнала і патлумачыла, што падчас святкавання ёй стала горача, і яна зняла вопратку, якая закрывала татуіроўку, пасля чаго была затрымана. За гэта яе асудзілі да штрафу памерам 5 базавых велічыняў (185 рублёў).

Жыхара Наваполацка арыштавалі за расклейку антываенных улётак з выявай Пуціна 

Затрыманне Іллі Двойрына. Скрыншот з відэа МУС
Затрыманне Іллі Двойрына. Скрыншот з відэа МУС

Суддзя горада Наваполацка Зінаіда Балаболава 11 ліпеня арыштавала на 15 сутак механіка ўстаноўкі ААТ "Нафтан" Ілью Двойрына. На судовае паседжанне мужчына не з'явіўся — верагодна праз тое, што знаходзіцца ў СІЗА ў межах крымінальнай справы. Ён завочна прызнаў віну, хадайнічаючы аб разглядзе адміністрацыйнай справы ў яго адсутнасць.

Паводле пратакола, раніцай 16 траўня на аўтобусным прыпынку Ілля расклеіў улёткі з выявай прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і тэкстам на палітычную тэматыку.

Вядома, што па факце распаўсюду ўлётак з выявай Пуціна хацелі ўзбудзіць крымінальную справу паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці), але ў гэтым было адмоўлена "за адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства". Паводле матэрыялаў справы, пра ўлёткі на слупе прыпынку ў міліцыю паведаміла "неабыякавая" жанчына. Сам Двойрын распавёў міліцыянтам пра тое, што ён увесну 2023 года вырабіў улёткі з выявай Пуціна і тэкстам антываеннага характару, і з 15 на 16 траўня расклеіў іх на прыпынку грамадскага транспарту ў Наваполацку.Вынік суда — 15 сутак.

Раней паведамлялася, што Двойрына затрымалі за нібыта абліццё фарбай машыны прарасійскага актывіста Сяргея Юдаева. Інцыдэнт з аблітым фарбай аўтамабілем на крымскіх нумарах і вялікай літарай «Z» на капоце адбыўся ў Наваполацку 1 ліпеня.

За некалькі дзён да здарэння ў Іллі з Сяргеем быў канфлікт на дарозе — расіянін ехаў нецвярозы за рулём, а беларус зрабіў яму заўвагу з гэтай нагоды. Пасля інцыдэнту з машынай прарасійскі актывіст узгадаў гэтую сітуацыю і паведаміў сілавікам нумар машыны беларуса, які зрабіў яму заўвагу.

Таксама паведамлялася, што акрамя самога Іллі былі затрыманыя ягоны сын Дзмітрый, нявестка і брат. 4 ліпеня ў іх дома правялі ператрусы, а сваякоў адвезлі ў РАУС. Пазней жонку і брата Ільі пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі, а яго самога змясцілі ў віцебскі ІЧУ.

Пазней стала вядома, што сына Іллі з нявесткай 6 ліпеня суддзя Зінаіда Балаболава асудзіла на 15 сутак кожнага "па артыкуле аб захоўванні і распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў". У Дзмітрыя знайшлі падпіску на выданне "Люстэрка" ў інстаграме, а ў ягонай жонкі Вікторыі — падпіску на тое ж "Люстэрка" ва "УКантакце".

Бацьку чацвярых дзяцей Максіма Дуброўскага арыштавалі на 14 сутак

Прыхажданіна царквы "Святло ісціны" Максіма Дуброўскага затрымалі 18 ліпеня. Ноч ён прабыў у ІЧУ на Акрэсціна. 19 ліпеня ягоную справу разглядзела суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня. Яна прызнала яго вінаватым паводле арт. 24.3 КаАП за "непадпарадкаванне міліцыянту".

Бацьку чацвярых маленькіх дзяцей суд прызначыў 14 сутак арышту.

За вымпел з «Пагоняй» кіроўцу-дальнабойшчыка арыштавалі на 10 сутак

Стала вядома, што 31 сакавіка суддзя суда Верхнядзвінскага раёна Таццяна Кукліна арыштавала на 10 сутак дальнабойшчыка Аляксандра Каваленку, у віну якому было пастаўлена праведзенне масавага мерапрыемства.

Па версіі суда Каваленка размясціў на пярэдняй панэлі кабіны аўтамабіля вымпел з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру і гербам «Пагоня». Паведамленне ў міліцыю аб правапарушэнні паступіла з Віцебскай мытні — з пункта пропускуГрыгароўшчына.

Пра тое, што «забароненая» сімволіка знаходзіцца ў кабіне аўтамабіля Аляксандр не ведаў. На судзе ён паведаміў, што супраць дзейнай улады ён ніколі не выступаў. Тым не менш на думку суддзі Куклінай кіроўца правёў не дазволенае ўладамі пікетаванне, якое было звязана з выказваннем грамадска-палітычных інтарэсаў і праходзіла з выкарыстаннем пратэснай сімволікі.

75-гадовага Барыса Хамайду арыштавалі на 15 сутак

Барыс Хамайда. Фота:
Барыс Хамайда

Вядомага віцебскага дэмакратычнага актывіста 29 ліпеня затрымалі памежнікі недалёка ад латвійскай мяжы, таму там бываюць патрулі, якія просяць паказаць дакументы.

Памежнікі хадзілі па дызелі, правяралі пашпарты. Убачылі, што ў Хамайды вокладка з "Пагоняй". Спачатку паразмаўлялі на агульныя тэмы. А як выйшлі ў Бігосаве на перон, дагналі Хамайду і затрымалі.

Барыса асудзілі да арышту ў судзе Верхнядзвінскага раёна, але падрабязнасцяў, паводле якога менавіта артыкула ён пакараны, сябрам і знаёмым не паведамілі. 

У Барыса Хамайды няма блізкіх сваякоў, якія маглі б даведацца дакладную прычыну арышту.

Жыхару Докшыцаў Віктару Сіўцэвічу прызначылі 10 сутак за «экстрэмісцкую інфармацыйную прадукцыю»

20 чэрвеня ў судзе Докшыцкага раёну разбіралі справу мясцовага рамесніка, у якога на старонцы ў "Аднакласніках" міліцыянты заўважылі «лагатып тэлеканала"Б"», а таксама рэпост з інтэрнэт-рэсурса, таксама прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Суддзя Вячаслаў Елісеенка пакараў Віктара арыштам на 10 сутак.

Сіўцэвіч быў затрыманы напярэдадні суда, у Докшыцкім РАУС правялі агляд ягонага тэлефона і выявілі так званыя "экстрэмісцкія матэрыялы".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства