Памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін Дапоўнена
Сёння ноччу ў рэанімацыі пры нявысветленых абставінах памёр 57-гадовы палітзняволены Алесь Пушкін. Пра гэта паведамляе ягоная жонка Яніна Дзёмух.
Як стала вядома, Пушкін трапіў у гродзенскі шпіталь учора, 10 ліпеня. У ноч з 10 на 11 ліпеня ён памёр.
У івацэвіцкай калоніі яго моцна прэсавалі, у тым ліку за беларускую мову, расказвае крыніца. У «крытай турме» ў Гродне, куды яго перавялі з калоніі, Алесь адбыў шэсць месяцаў. За кароткі час у гродзенскай турме Алесь Пушкін схуднеў на 20 кілаграмаў. Да таго ж ён прасіў перадаць яму пояс для паясніцы, бо яму балелі ныркі.
Крыніца, знаёмая з сітуацыяй са смерцю Пушкіна, распавяла выданню MOST, што адбылося ў гродзенскім шпіталі, дзе памёр палітвязень. У Алеся была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.
— Пушкіна прывезлі ў бальніцу фактычна паміраючага. У яго быў развіты перытаніт, быў сэптычны стан і паліорганная недастатковасць. Калі сказаць простай мовай, у яго была дзірка ў страўніку. Практычна не было шанцаў на выратаванне... Яго проста забілі ў турме, па-іншаму я гэта не назаву. Проста не магло быць такога, каб ён не звяртаўся ў турме па дапамогу, таму што такая клінічная карціна выклікае востры боль. Ён павінен быў адчуваць моцныя пакуты, гэта як кінжал у жываце.
Суразмоўца адзначае, што язва ў Пушкіна магла запаліцца з-за турэмнага харчавання, а таксама неаказання медыцынскай дапамогі.
— Кормяць у гродзенскай турме не вельмі, таксама сітуацыя з аказаннем медыцынскай дапамогі там на нізкім узроўні. У выніку мы атрымліваем чарговую смерць палітвязня. Нельга замоўчваць такое бесчалавечнае стаўленне, беларусаў проста знішчаюць у турмах. Начальнік медыцынскай часткі гродзенскай турмы Віктар Лутцаў адказвае за своечасовае аказанне дапамогі зняволеным. У яго абавязкі ўваходзіць рашэнне аб шпіталізацыі. Але як паказвае сітуацыя, Пушкіна шпіталізавалі вельмі позна, — сказала крыніца MOST.
Алесь — вядомы беларускі мастак, быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК). Падчас абвяшчэння прысуду Алесь гучна гаварыў і распрануўся, каб былі бачныя парэзы на жываце ў выглядзе крыжа. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар.
Прысуд яму вынесла суддзя Алена Шылько, пракурорам па справе быў Аляксандр Кароль.
Cуд над мастаком Алесем Пушкіным зрабілі закрытым: што вядома ў першы дзень?
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч 11 лістапада 2022 г. пастанавіў перавесці Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. Неўзабаве палітвязня этапавалі ў гродзенскую Турму № 1 дзе ён і знаходзіўся да смерці.
Упершыню яго затрымалі ў 1988 годзе за ўдзел у мітынгу на Дзяды. У 1999 Пушкін правёў свой самы вядомы перфоманс — «Гной для прэзідэнта»: ён прыкаціў да Адміністрацыі Лукашэнкі тачку з гноем, вываліў яго, зверху паклаў партрэт Лукашэнкі і праткнуў яго віламі. З таго часу было безліч перфомансаў, затрыманняў, сутак за кратамі. Алесь Пушкін не здраджваў сабе і працягваў ісці сваім няпростым шляхам. Справай свайго жыцця мастак бачыў роспіс царквы ў Бабры.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» выказвае спачуванні родным і блізкім Алеся.