viasna on patreon

Cуд над мастаком Алесем Пушкіным зрабілі закрытым: што вядома ў першы дзень? Дапоўнена

2022 2022-03-10T17:55:00+0300 2022-03-10T22:31:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pushkin-sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд над Алесем Пушкіным 10 сакавіка 2022 года. Фота Радыё Свабода.

Суд над Алесем Пушкіным 10 сакавіка 2022 года. Фота Радыё Свабода.

У Мінскім гарадскім судзе 10 сакавіка пачынаецца разгляд крымінальнай справы палітвязня, вядомага беларускага мастака і перфомера Алеся Пушкіна. Яго абвінавачваюць у здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні  расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК).

Справу разглядае суддзя Алена Шылько. Дзяржабвінаваўца - пракурор Аляксандр Кароль.

Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці супрацоўнікамі МУС. Ноччу з 26 на 27 сакавіка у доме Пушкіна адбыўся ператрус. 

Сутнасць абвінавачання

Затрыманню папярэднічала ўзбуджэнне 26 сакавіка пракуратурай Гродна крымінальнай справы ў дачыненні да яго, а таксама кіраўніка прыватнай установы “Цэнтр гарадскога жыцця” Паўла Мажэйкі і іншых асобаў “за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызма”, па ч.3 арт. 130 КК (распальванне варажнечы). Павел Мажэйка быў затрыманы, але пазней вызвалены без прад’яўлення якіх-небудзь абвінавачванняў.

Як паведамілі ў пракуратуры, падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала размяшчэнне на выставе, якая праходзіла ў памяшканні ўстановы “Цэнтр гарадскога жыцця” 19 сакавіка, партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства мастака Алеся Пушкіна. Паводле паведамлення пракуратуры, у ходзе выставы Алесь Пушкін “характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні”.

У канцы лістапада 2020 года стала вядома, што мастака накіравалі на правядзенне псіхіятрычнай экспертызы. У сярэдзіне снежня 2021 Алесь вярнуўся ў СІЗА-1.

Напрыканцы мінулага году было выстаўленае канчатковае абвінавачванне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: паводле ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, здзейсненыя групай асобай) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). 12 студзеня 2022 справа была перададзеная ў суд.

У залі прысутнічае шмат супрацоўнікаў міліцыі. На самым пачатку судовага працэса  Пушкін паклаўся на лаву. А калі суддзя папрасіў падняцца, ён заявіў пра тое, што ў яго кайданкі, і няхай яго падымае канвой. Усіх наведнікаў выдалілі з залі. 

"Я быў савецкім акупантам з 1984 па 1986 год у Рэспубліцы Афганістан"

Суддзя Шылько запыталася, ці прыцягваўся абвінавачаны раней да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці?

- Неаднаразова, з 1988 года я 15 разоў судзімы адміністрацыйна і крымінальна... за перфомансы, за мастацкія рэчы і за непадпарадкаванне міліцыянтам. Я непарадкаваўся маёру і быў асуджаны на 10 сутак, гэта апошняя адміністрацыйка.

- А крымінальная адказнасць, якія артыкулы, памятаеце?

- Не памятаю і не хачу памятаць.

- А судзімасці па датах?

- Самі паглядзіце, 89 і 99 год. З часу апошняй судзімасці прашло 23 гады.

Далей Алесь Пушкін распавядае суду, што быў затрыманы 29 сакавіка 2021 года ў мястэчку Жылічы і з тых часоў знаходзіўся ў розных турмах Беларусі - Гарадзенскай, Жодзінскай і Мінскай. Паперку аб тым, што  суд прызначаны на 10 сакавіка атрымаў 1 сакавіка 2022 года.

- Скажыце, калі ласка, вы удзельнічалі ў нейкіх ваенных дзеяннях, маеце якія-небудзь узнагароды?

- Я быў савецкім акупантам з 1984 па 1986 год у Рэспубліцы Афганістан у складзе 181 палка верталётнай эскадрыллі.

Пушкін хадайнічае пра адвод судовай калегіі, пракурора і адваката

- Я б хацеў, калі гэта, магчыма абараняць сябе сам… Што значыць адвод? Ну, па сутнасці, я разумею што цяпер прававы дэфолт, судовая сістэма, пракуратура - гэта ўсе фікцыя. Мяне не запрасілі ў суд, а прынеслі, і гэта значыць, што суда ў нас зараз няма па сутнасці, вы даўно ўжо вымалявалі, якую мне меру даць... Усім адвод.

- Тады будзьце ласкавы, скажыце на якой падставе?

- Што суду ў нашай краіне няма.  Я не веру ў справядлівасць нашага суда. Я не веру нашай адвакатуры, таму што яна баязлівая, бяззубая і безабаронная. Навошта гэта усе?

- Вы заяўляеце адвод судовай калегіі, дзяржаўнаму абвінаваўцу і вашаму абаронцу?

- Правільна. Я буду сам сябе абараняць.

-  Чаму адвод адвакату?

- Прасіў адваката, каб б пасадзейнічаў у атрыманні мне пошты, а яна адказала, што не можа дапамагчы, замахала рукамі і пайшла. Навошта мне такі адвакат? Я буду сам сабе абараняць. Навошта мне такі суд, які ўжо ведае меру стрымання? Навошта мне пракуратура, якая служыць палітычный уладзе зараз

- Вы заяўляеце адвод судовай калегіі, дзяржаўнаму абвінаваўцу?

- Так.

Для таго што б дазволіць адвод судовая калегія выдаляецца ў дарадчы пакой.

Суд не задаволіў хадайніцтвы Алеся Пушкіна пра адвод судовай калегіі, дзяржабвінаваўцы і адваката.

Тым часам міліцыянты выдалілі з залі суду жонку Пушкіна Яніну за некалькі слоў, якія яна сказала мужу.

Суд па справе Алеся Пушкіна зрабілі закрытым.

Такое рашэнне пасля абеду прыняла суддзя Алена Шылько.

Наступнае пасяджэнне прызначанае на заўтра, 11 сакавіка.

Будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства