Палітзняволеную юрыстку Наталлю Лашч асудзілі да 6 гадоў калоніі па "справе ЧКБ"
У Мінскім абласным судзе 1 сакавіка асудзілі 30-гадовую экс-супрацоўніцу пракуратуры Наталлю Лашч — шэсць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд вынес суддзя Анатоль Дабрадзей. Наталлю абвінавацілі паводле арт. 179 "незаконны збор і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці" і ч. 3 арт. 130 "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" Крымінальнага кодэкса за "зліў" інфармацыі ў "Чорную кнігу Беларусі".
Наталля — юрыстка 2 класу, былая супрацоўніца пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска, некаторы час працавала HR-спецыялісткай у IT-кампаніі. Яе затрымалі 17 жніўня 2022 года ў межах крымінальнай справы аб "зліве" інфармацыі ў "Чорную кнігу Беларусі".
Палітзняволеную абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 179 "незаконны збор і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці" і ч. 3 арт. 130 "распальванне іншай сацыяльнай варожасці".
Суд над ёй распачаўся 25 студзеня ў Мінскім абласным судзе, па справе адбылося восем пасяджэнняў. Справу Наталлі разглядаў суддзя Анатоль Дабрадзей. 1 сакавіка суд прызнаў Лашч вінаватай і асудзіў яе да шасці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Вядома, што Наталля ў хуткім часе пачне адбываць тэрмін у гомельскай жаночай калоніі. Падтрымайце яе лістамі, паштоўкамі і тэлеграмамі: ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
Наталля Мікалаеўна Лашч
(на канвертах трэба пісаць «каранцін»)