viasna on patreon

Асуджаны да 8 гадоў калоніі Раман Пратасевіч памілаваны

2023 2023-05-22T13:25:14+0300 2023-05-22T13:30:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pratasevich_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 траўня БелТА паведаміла, што асуджаны да васьмі гадоў калоніі Раман Пратасевіч памілаваны. Пасля абвяшчэння прысуда ён заставаўся пад хатнім арыштам. 

"Літаральна толькі што я падпісаў усе адпаведныя дакументы, што я памілаваны. Гэта, вядома, проста выдатная навіна", — сказаў Раман Пратасевіч БелТА.

Раман Пратасевіч распавёў, што вельмі ўдзячны краіне і асабіста Лукашэнку за рашэнне аб памілаванні:

"Перш за ўсё я вельмі ўдзячны краіне і асабіста прэзідэнту за такое рашэнне".

Нагадаем, 23 траўня 2021 года ў выніку гвалтоўнай пасадкі беларускімі ўладамі пасажырскага авіялайнера кампаніі Ryanair, які ляцеў па маршруце Афіны-Вільня, у Нацыянальным аэрапорце Мінска Пратасевіч быў затрыманы прадстаўнікамі спецслужб. Разам з ім была затрымана Сафія Сапега, студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Цяпер палітзняволеная адбывае тэрмін у гомельскай калоніі.

Пасля затрымання Пратасевіча некаторы час утрымлівалі ў СІЗА КДБ. Праз два тыдні ён ужо з'явіўся ў эфіры праграмы "Маркаў. Нічога асабістага" на АНТ. Тады ён пералічыў людзей, якія былі з ім у адным тэлеграм-чаце "Хата", у якім нібыта "прымаліся ўсе асноўныя рашэнні аб тым, дзе пройдзе наступная акцыя, і дзе абмяркоўваліся ўсе актуальныя падзеі". У чэрвені 2021 года ён быў пераведзены пад хатні арышт. 

Мінскі абласны суд 3 траўня агучыў прысуд па крымінальнай справе супраць стваральнікаў і рэдактараў праекта Nexta: Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча. Суддзя Вячаслаў Тулейка прызнаў іх вінаватымі па шэрагу крымінальных артыкулаў і прысудзіў фігурантам ад 8 да 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пратасевіч прызнаў віну цалкам. Менавіта такі прысуд запрашвала пракурорка Наталля Сакалова. Рамана Пратасевіча не ўзялі пад варту ў зале суда — ён застаўся пад хатнім арыштам. Пуцілу і Рудзіка судзілі завочна. Суд цягнуўся два з паловай месяцы, некаторыя пасяджэнні праходзілі ў закрытым рэжыме.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства