viasna on patreon

Заява праваабаронцаў аб прызнанні 28 палітычных зняволеных

2023 2023-05-19T12:43:54+0300 2023-05-19T18:31:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_minsk_06.08.202026.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

19 траўня 2023 г.

У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") у дачыненні да Мікіты Найдзёнава, Анастасіі Дулгеру, Дзмітрыя Міцкевіча, Алены Міцкевіч, Уладзіслава Дуброўскага, Ігара Будніка, Сяргея Дзешчыца, Дзяніса Нядбайніка, Віктара Сабалеўскага, Святланы Сабалеўскай, Паліны Пачапскай, Вольгі Колас, Паліны Савіч, Марыі Некрашэвіч, Таццяны Некрашэвіч, Златы Філіпенкі, Ганны Гузавай, Ірыны Савіч, Святланы Касінскай, Марыяны Хадасевіч, Валерыі Баяровіч, Дзмітрыя Баяровіча, Віталя Прынесліка, Уладзіслава Адамушкі, Вольгі Мацкевіч, па ч. 1 арт. 342, 368 КК (абраза А. Лукашэнкі) Юрыя Брэйвы, па арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 188 (паклёп), 368 КК Таццяны Радчанкі, па ч. 1 арт. 342, 391 (абраза суддзі), 367 (паклёп на А.Лукашэнку), 368 КК Аляксандра Захожава, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць з-пад варты Мікіту Найдзёнава, Анастасію Дулгеру, Дзмітрыя Міцкевіча, Алену Міцкевіч, Уладзіслава Дуброўскага, Ігара Будніка, Сяргея Дзешчыца, Дзяніса Нядбайніка, Віктара Сабалеўскага, Святлану Сабалеўскую, Паліну Пачапскую, Вольгу Колас, Паліну Савіч, Марыю Некрашэвіч, Таццяну Некрашэвіч, Злату Філіпенку, Ганну Гузаву, Ірыну Савіч, Святлану Касінскую, Мар'яну Хадасевіч, Валерыю Баяровіч, Дзмітрыя Баяровіча, Віталя Прынесліка, Уладзіслава Адамушку, Вольгу Мацкевіч, Юрыя Брэйву, Таццяну Радчанку, Аляксандра Захожава і спыніць іх крымінальны пераслед.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Lawtrend;

Прававая ініцыятыва.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства