"Мы прыдумлялі розныя махінацыі, каб папросту выжыць", — экс-зняволены пра жыццё і працу ў шклоўскай калоніі
22-гадовага берасцейца Дзяніса (імя змененае ў мэтах бяспекі) затрымалі 21 ліпеня 2020 года. Сілавікі прыйшлі да яго з-за шматлікіх графіці і надпісаў, якія ён пакінуў на гаражах, у тым ліку ў знак нязгоды з нерэгістрацыяй у якасці кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. Дома ў Дзяніса яшчэ знайшлі марыхуану. У лістападзе 2020 года паводле арт. 341 і ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса хлопца асудзілі да двух гадоў зняволення, адбываць якія яго адправілі ў шклоўскую калонію № 17. Пасля вызвалення Дзяніс распавёў "Вясне" пра зняволенне падчас пратэстаў, а таксама пра катаванні і нечалавечыя ўмовы працы ў шклоўскай калоніі.
"Знявагі і абразы суправаджалі мяне ўвесь час"
Раніца Дзяніса 21 ліпеня 2020 года пачалася з таго, што ў шэсць гадзін да яго прыйшлі пяць супрацоўнікаў ГУБАЗіКа з ператрусам. Прычынай сталі шматлікія надпісы на гаражах, у тым ліку, якія хлопец напісаў у знак нязгоды з адмовай у рэгістрацыі кандыдата Віктара Бабарыкі: "3%", "Саша уходи" і іншыя. У Дзяніса дома канфіскавалі ўсю тэхніку. Сілавікі пры ператрусе ставіліся да рэчаў хлопца з пагардай і высмейваннем. Таксама яны канфіскавалі кнігу "Кароткая гісторыя анархізму" і альманах "Малако плюс", называлі іх аўтараў гомасэксуалістамі. Пасля ператрусу хлопца забралі на допыт:
"Ён быў досыць банальным. Быў "дрэнны кап" і "добры кап", а таксама куча пагроз. Не дайшло да фізічнага гвалту толькі таму, што я так паставіў дыялог. У такіх умовах я не мог маўчаць, але я стараўся сыходзіць ад пытанняў. Таму што на мае спасылкі на права захоўваць маўчанне зноў сыпаліся пагрозы. На допыце мяне літаральна падводзілі да нейкіх рэплік і словаў, якія падыходзілі пад канкрэтныя часткі артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Я гэта разумеў, таму што трохі ведаў Крымінальны кодэкс, таму іх не казаў і ўвільваў. Прымушалі мяне казаць розныя юрыдычныя фармулёўкі, якія б павысілі мой тэрмін. Калі я перачытваў свае паказанні, то бачыў там тое, чаго я не казаў. Я прымушаў іх перапісваць пратакол допыту, і гэта было складана. Тут стаяла пытанне аб колькасці гадоў, якія я атрымаю. Я быў ужо гатовы да нейкага фізічнага гвалту, толькі каб яны перапісалі мае паказанні. У гэтым я быў больш цвёрды і не падпісваў гэтыя паказанні.
Падчас допыту мяне выводзілі на перакур, на якім аператыўнік спрабаваў выцягнуць нейкую інфармацыю ў мяне і казаў, каб я распавёў праўду яму. Калі сядзеў на калідоры каля клеткі, і супрацоўнікі бачылі, што я сяджу расслаблена, то пагражалі закрыць мяне ў ёй і жорстка крычалі. Знявагі і абразы суправаджалі мяне ўвесь час.
Калі мяне завялі ў аддзел, мне нагадала гэта сустрэчу навабранцаў у войску — у турме зноў прыбылых так нават не сустракаюць — грукаюць па сценах, як малпы, нібыта "мяса новае прыехала".
Пры такім жорсткім маральным і псіхалагічным ціску я трымаўся дастаткова добра, толькі таму што з'яўляюся стрэсаўстойлівым чалавекам. Думаю, што дайшло б да фізічнага ціску, калі б я не выкарыстаў свае нейкія сацыяльныя навыкі".
"Адчувальна вільготная падлога, а ў ямках стаяла вада"
Супраць Дзяніса распачалі крымінальную справу паводле арт. 341 і паводле ч.1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса. У якасці меры стрымання абралі заключэнне пад варту. Каля двух тыдняў хлопца ўтрымлівалі ў баранавіцкім СІЗА:
"Я сядзеў у падвальнай камеры, дзе было вельмі сыра, там была адчувальна вільготная падлога, а ў ямках стаяла вада. Старонкі кніг набывалі іншы колер, таму што забіралі вільгаць у камеры.
Са мной у камеры быў чалавек з эпілепсіяй і псіхічнымі разладамі. Кожную ноч ён біўся ў прыпадках, у яго ішла пена з рота, ён хадзіў у туалет пад сябе, таму стаялі адпаведныя пахі".
"Усе чакалі, калі Ціханоўская стане прэзідэнткай і ўсіх выпусцяць"
Потым да суда хлопца этапавалі ў Брэст, дзе ў мясцовым СІЗА яго пратрымалі каля пяці месяцаў. У гэты час па ўсёй краіне праходзілі пратэсты.
"Там атрымлівалася даведвацца навіны пра мітынгі, таму што тады прапускалі яшчэ "Брэсцкую газету". Таксама быў вельмі лаяльны цэнзар, які прапускаў усе лісты. Потым я зразумеў, што гэта было вельмі класна, таму што, напрыклад, у шклоўскай калоніі цэнзар проста вар'ят — не прапускаў лісты, калі там быў хоць нейкі намёк на палітыку.
Умовы там былі адносна нармальныя, але я гэта зразумеў толькі потым, калі ўбачыў астатняе. Там быў адносна чалавечны і адэкватны персанал. Нават той, хто з іх спрабаваў самасцвярдзіцца за кошт зняволеных, не выстаўляў гэта на паказ.
У брэсцкім СІЗА нам распавядалі прадольныя, што яны ўсе адмовіліся ад удзелу ў фіктыўным мітынгу за Лукашэнку. Адна сяржантка распавядала, што ўдзельнічала ў мітынгах супраць фальсіфікацыі выбараў. Там усё было па-чалавечы неяк.
У большасці выпадкаў, асуджаныя па арт. 328 КК і па палітычных артыкулах — маладыя людзі, асабліва не маргінальныя. Ціханоўская падчас выбараў абяцала знізіць шалёныя тэрміны за паўграма марыхуаны, таму асуджаныя па арт. 328 КК таксама чакалі, калі гэта надыдзе. Усе чакалі, калі Ціханоўская стане прэзідэнткай і ўсіх выпусцяць".
"Ствараецца гнятлівая атмасфера"
У выніку Дзяніса асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса да двух гадоў калоніі.
"Але я спадзяваўся на ўмоўны тэрмін, бо па першай частцы [арт. 328 КК] тады давалі ўсім "хатнюю хімію".
Хлопец за час зняволення перажыў пяць этапаў:
"Першы этап быў самы жорсткі, калі нас 11 чалавек запхалі ў адну камеру. Усе, акрамя аднаго, былі асуджаныя на строгі рэжым. Па-мойму, так рабіць нельга. Праходзілі этапы досыць жорстка. Нас шантажавалі вадой, туалетамі і іншымі рэчамі. Канваіры паводзілі сябе неадэкватна: калі нейкі пажылы мужчына ці чалавек з інваліднасцю павольна ішоў, то яны яго штурхалі і крычалі мацюкамі, пагрозамі. Ствараецца гнятлівая атмасфера, якую складана цяпер перадаць словамі. Нават калі ты проста на гэта ўсё глядзіш, то гэта вельмі моцна цісне. Я калі пайшоў у туалет, то не змог апаражніцца, таму што ззаду мяне стаяў канвойны, які кожную секунду крычаў, што трэба хутчэй. Гэта суправаджалася пагрозамі і нецэнзурнай лексікай. Галавой я быў дакладна не ў прыбіральні".
"Пры трапленні ў карцэр з 80% верагоднасцю палітычнага паб'юць там"
Адбываць тэрмін Дзяніса накіравалі ў шклоўскую калонію № 17 у канцы снежня 2020 года. У яго не было жоўтай біркі, але, з ягоных слоў, калі супрацоўнікі даведваліся падрабязнасці ягонай справы, то адразу ставіліся прадузята, як у наступстве да ўсіх палітвязняў.
"Пры размеркаванні ў атрад мяне выклікалі да начальніка, і ён пагражаў мне. Да мяне адразу сталі ставіцца не як да звычайнага зняволенага, які сядзіць, напрыклад, за крадзеж або забойства. У калоніі яшчэ не было палітычных зняволеных. Я стаў замест іх. Калі яны прыехалі, то пра мяне забыліся больш-менш.
Мяне адразу ж размеркавалі на пілараму, куды звычайна адпраўляюць палітвязняў з выразнай грамадзянскай пазіцыяй, як, напрыклад, Паўла Севярынца".
У калонію Дзяніс трапіў напрыканцы 2020 года, калі беларускія калоніі толькі пачалі запаўняць палітычнымі зняволенымі. Па назіраннях Дзяніса, сітуацыя ў калоніі толькі пагаршалася з напаўненнем установы палітвязнямі:
"Усё станавілася больш жорсткім нашмат. У шклоўскай калоніі супрацоўнікі збіваюць палітвязняў. Пры трапленні ў карцэр з 80% верагоднасцю палітычнага паб'юць там. Там жа прымушалі спяваць гімн Беларусі".
"Усе былі ўпэўненыя, што Вітольда збілі да смерці"
Дзяніс не быў асабіста знаёмы з загінулым у калоніі Вітольдам Ашуркам.
"Пра яго смерць стала вядома адразу ўсёй калоніі. Усе былі ўпэўненыя, што Вітольда збілі да смерці. Я не ведаю, як гэта было насамрэч, але тады ні ў кога сумневаў не было, што ўсё так і адбылося.
Пасля гібелі Вітольда ўсе зняволеныя спадзяваліся, што рэжым у калоніі паслабее, але нічога ў корані не змянілася".
"За выказванні супраць Расіі зняволеных закідвалі ў карцэра"
Паводле Дзяніса, асаблівы ціск на палітвязняў у ПК-17 зыходзіць ад супрацоўнікаў рэжымнага і аператыўнага аддзелаў калоніі.
"У нейкага з гэтых аддзелаў ёсць нават цэлы кабінет з дубінамі і іншымі рэчамі для збіцця людзей. На зняволенага апранаюць своеасаблівую штуку, каб ён не бачыў, хто яго збівае.
Метады ціску на звычайных зняволеных і палітвязняў не адрозніваюцца, але намаганні і фанатызм розныя".
Пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне хлопец таксама заспеў у калоніі. Яна адбілася і на становішчы зняволеных.
"Вайна ў калоніі падавалася як па тэлевізары — спэцыяльная вайсковая аперацыя. Але нават з прапагандысцкіх перадач мы разумелі, што адбываецца нешта неймавернае. За спрэчкі і выказванні супраць Расіі зняволеных закідвалі ў карцэра. І там ужо незалежна ад таго палітычны ты ці не — паб'юць цябе бязбожна. Так вельмі моцна збілі майго знаёмага, які сядзеў там паводле арт. 328 Крымінальнага кодэкса".
"Мы працавалі ў скразным цэху ў мінус 30"
Былы зняволены з жахам успамінае ўмовы працы і побыту на пілараме ў калоніі, куды яго адправілі працаваць:
"Праца на пілараме быццам злізаная з нейкіх страшных кніг. У нас неяк быў вельмі добры атрадны і, калі ён прыходзіў і бачыў гэтыя ўмовы, то казаў: "Госпадзі, гэта проста нейкі жах!" Мы працавалі ў скразным цэху ў мінус 30, дзе было гэтак жа холадна, як і на вуліцы. Там не было ніякай аўтаматызацыі — усё рабілася ўручную. Самі зняволеныя рамантавалі дрэваапрацоўчае абсталяванне. Не ведаю, з чым параўнаць нават такое можна. Гэта як быццам машыну з паравым рухавіком паставіць на трасу Формулы-1.
На пілараме атрымлівалі па два рублі ў месяц усе, акрамя накатчыкаў і людзей на пілах. Ім плацілі каля 20 рублёў у месяц у залежнасці ад драўніны, якую яны пілуюць. Натуральна, яны імкнуцца зрабіць больш і лепш, каб атрымаць грошы, але нормы павышаюцца, а абсталяванне не паляпшаецца. Яны паяюць гэтыя пілы — адбываецца нейкае вар'яцтва, незразумела з якога стагоддзя...
Туалет на пілараме — гэта дзве драўляныя уабінкі, з якіх тырчаць сталміны з лайном. Узімку гэта ўсё замярзае, а летам — гэта атрутная штука, да якой не падысці.
На пілараме ёсць душ, але на яго пускалі толькі за 20 хвілін да заканчэння працоўнага дня. У змену працуе 20 чалавек. Спякотай летам мы ўсе прасякнутыя потым з-за цяжкай працы не паспявалі памыцца.
Узімку, калі на вуліцы мінус 30, забаранялі наведваць бытоўкі і браць з сабой кіпяцільнік, каб зрабіць гарбату для сагрэву. Увесь працоўны дзень мы вымушаныя былі сагравацца рухамі, што вельмі складана. Цэлы дзень там немагчыма знаходзіцца — мы залазілі ў бытоўкі праз вокны. Мы прыдумлялі розныя махінацыі, каб папросту выжыць.
На пілараме ёсць склад, дзе павінны захоўвацца малаткі і пілы, але яны ўсе былі зламаныя. Там захоўваюцца нейкія кавалкі металу, якія запісаныя як нож ці піла. І гэта выдаецца зняволенаму пад роспіс і яго адказнасць у пачатку працоўнага дня. Але гэта былі проста кавалкі смецця".
"Там не давяраеш нікому абсалютна"
Са слоў Дзяніса, у шклоўскай калоніі вельмі распаўсюджаныя даносы зняволенымі на адзін аднаго:
"Стукацтва ў калоніі развіта вельмі моцна. Там не давяраеш нікому абсалютна, максімум аднаму-двум зняволеным у атрадзе. Размовы паміж знаёмымі ў курылцы пры кімсьці староннім табуяваныя. Варта табе сказаць, што ты асуджаеш вайну ва Украіне, і гэта хтосьці пачуе, цябе адразу саджаюць у карцэр".
Пасля выхаду са шклоўскай калоніі хлопец пакінуў Беларусь.
"Я не адчуў, што я выйшаў з турмы на волю".
Чытаць сведчанні іншых зняволеных са шклоўскай калоніі:
"Гэта ўсё адно велізарнае злачынства супраць чалавечнасці", — былы палітвязень шклоўскай калоніі
"Мораць голадам і холадам". Новыя сведчанні пра катаванні і акалічнасці смерці Вітольда Ашурка ў ПК-17