viasna on patreon

"Не хацелася, каб хтосьці трапляў туды". Экс-палітзняволены Аляксандр Бабко распавёў пра пераслед па "справе цюкоў"

2023 2023-04-20T13:55:37+0300 2023-04-21T13:39:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aliaksandr_babko-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па рэзананснай "справе цюкоў" Аляксандра Бабко асудзілі да года калоніі. На волі ён ужо 11 месяцаў, але турма яму часам сніцца. Сярод яго успамінаў – як гулялі са зняволенымі ў "кракадзіла" і як давялося прайсці "прэс-хату", як сустрэў грамадзяніна Кітая, ірваў зуб самастойна і што адчуваў падчас вызвалення. "Вясна" паразмаўляла з былым палітвязнем Аляксандрам Бабко і распавядае яго гісторыю.

aliaksandr_babko-4.jpg
Аляксандр Бабко на волі

"Пазітыўныя" успаміны: забавы падчас адсідкі

Сваё зняволенне Аляксандр Бабко ўспамінае часта. Сярод успамінаў ёсць і пазітыўныя (наколькі гэта магчыма) са зняволення ў Следчай турме № 8 Жодзіна:

"Я ўспамінаю хлопцаў, з кім знаходзіўся разам і размаўляў. Як мы мышэй кружкамі лавілі, прусакоў. Некаторым мышам давалі імя.

Трэба было нечым заняцца, хоць чымсьці сябе пазабавіць. Анекдоты расказвалі. Я таксама шмат анекдотаў ведаю.  

Гулялі таксама ў “кракадзіла”. Усё звязана ў нас было з падзеямі 2020-га года. Напрыклад, паказаць  Лукашэнку, што ён памёр. Гэта вельмі было смешна — умелі так паказваць: як яго вязуць, машына едзе і таму падобнае. Потым могілкі паказвалі, труну, а потым ужо самога Лукашэнку. І ўсе ўжо дагадваліся.

Гулялі і ў мафію, але больш атрымлівалася ў “кракадзіла”. А адзін [супрацоўнік] нам нават дапамагаў граць у кракадзіла. Напрыклад, мы загадваем слова, і іншыя не могуць разгадаць. А ён ідзе міма — і падказвае: “Хлопцы, фішка!”

А яшчэ, калі прыходзіў этап з новымі людзьмі, мы разыгрывалі перад імі сцэнку. Трэба было ўсім зрабіць выгляд, што мы молімся, а адзін з хлопцаў хадзіў па “хаце” і пытаў: “Сын мой, каешься ли ты в грехах своих?” Трэба было адказаць: “Да, отец мой” — і не засмяяцца.

Яшчэ ў нас былі сканворды. І ў адным з іх быў намаляваны цюк. Я ўзяў і на цюку чырвоную паласу намаляваў. Хлопцы палітычныя ведалі, што я гэта зрабіў. Але з намі тады знаходзілася “утка” — ён пытаў: “Хто гэта зрабіў? Хто намаляваў?”"

"Уткі", як тлумачыць Аляксандр, — гэта тыя, хто падслухваў зняволеных і даносіў пра гэта следчым.

aliaksandr_babko.jpg
Аляксандр Бабко

Негатыўныя ўспаміны: прэс-хата

Сярод негатыўнага Аляксандр перш за ўсё ўспамінае пра свайго малога сына.

"За сябе я не зусім перажываў, а перажываў больш за родных і за сына. Што сын думае, дзе я. Ён ведаў, што я павінен прыехаць да яго, а мяне не было. Мае сястра і маці казалі яму, што я ў камандзіроўцы. А сын гаворыць: “Каб тая камандзіроўка рухнула, рассыпалася па цаглінах!” Вось так ён адчуваў гэты момант, што нешта не тое".

Калі Аляксандра Бабко і іншых фігурантаў справы цюкоў затрымалі на полі, то адразу прывезлі ў ІЧУ горада Дзяржынска. Там Аляксандр трапіў у “прэс-хату”.

"Там стаялі з-пад “ролтана” дзве пластмасавыя баначкі, на якіх былі намаляваны певень і пеўнік. Прэсаўшчыкі казалі: “Зараз нехта пап’е з гэтага кубка”. І ўсё — сацыяльна-прыніжаны чалавек становіцца. І яшчэ казалі, што будуць мужскім палавым органам тыкаць — і тады ты прызнаешся. І на мяне казалі, што я як папугай. Бо ноччу ў нас не было матрасаў, і сядзець можна было альбо на падлозе, альбо на лаўцы. На падлозе холадна — прыходзілася на лаўцы. І з-за гэтага ў мяне на целе былі “пісугі”, то бок сінякі. Хоць я нацягваў сваю байку на ногі, але станавілася холадна. Я прачынаўся, пачынаў круціцца, потым злазіў — і аджымаўся ці прысядаў.

На наступны дзень у аднаго з прэсаўшчыкоў упала куртка, і ён сказаў на аднаго са зняволеных: “Слазь, и будешь вешалкой”. Той слез са шконкі і стаяў, сагнуўшы рукі, як вешалка. На яго куртку — ён так і стаяў амаль дзве гадзіны".

Аляксандр кажа, што потым ужо ў жодзінскай Следчай турме № 8 пачуў, што гэтыя прэсаўшчыкі былі выпушчаны з калоніі ў Навасадах і развезены па розных ІЧУ:

"Ездзілі там як уткі, падслухвалі размовы, раскручвалі на размовы і потым здавалі [міліцыянтам]”, — кажа Аляксандр.— Пры мне палітычных зняволеных не было ў прэсаўшчыкоў.  Былі, напрыклад, тыя, хто скраў у брата вокны — і прэсаўшчыкі прымушалі іх даваць паказанні, білі — я бачыў. Да мяне таксама ўжывалі сілу, але я зразумеў, што з мяне яны нічога не возьмуць”.

У ІЧУ ў Дзяржынску, сцвярджае Аляксандр, былі два прэсаўшчыкі і дзве ўткі. Пра гэта і збіццё зняволеных ведаў і начальнік ІЧУ Андрэй Пачкоўскі.

Андрэй Аляксандравіч Пачкоўскі
Андрэй Аляксандравіч Пачкоўскі

У Дзяржынскім ІЧУ Аляксандр прабыў дзевяць дзён, пасля чаго яму прад’явілі абвінавачванне па крымінальнай справе і этапавалі ў Жодзіна.

"Калі з Дзяржынска нас этапавалі, я зразумеў, што замярзаю, мне холадна. Тады ўжо, можа, быў лістапад. Калі спускалі ўсіх, каго прывезлі, уніз, то аглядвалі. Адзін быў увесь у сіняках — не памятаю, з якога ІЧУ ён прыехаў. У мяне тэмпература паказала 34 градусы — на гэта лекарка сказала: “Ну, памрэш, то на аднаго менш будзе”".

Гісторыя кітайца

Калі Аляксандр Бабко сядзеў у Жодзіна, ён сустрэў грамадзяніна Кітая — той трапіў за краты за студэнцкую бойку.

"Адчыняюцца дзверы — і уваходзіць кітаец, — успамінае Аляксандр. — З дзвярэй ён кажа: “Швецыя”. Ніхто не разумее, чаму Швецыя. Ён паўтарыўся. І зразумеў, што мы не разумеем, і тады прамовіў: “Шы Вай Ці”. Мы здагадаліся, што гэта яго імя. Я сказаў: “Гэта тваё імя? My name is Sasha”. Ён замахаў галавой: “Так, так”.

Потым мы гэтага кітайца называлі Вася. Ён класны чалавек быў. Сядзеў за тое, што сам за сябе заступіўся. Старшакурснік адбіраў грошы ў першакурснікаў, якія прыехалі вучыцца ў Беларусь. І ён пачаў спрачацца з імі. Адбіваўся — і пачалася барацьба. Той душыць пачаў гэтага Васю. І Вася нейкай жалязякай таму даў. Вельмі сумаваў, што так атрымалася. Казаў: “Я не хацеў, каб такое здарылася, але ён душыў мяне, мне нічога не заставалася”.

Вася распавядаў, што, калі ў яго быў этап, ён знаходзіўся на Валадарцы, і над ім смяяліся хлопцы, што ён не разумее ані рускай, ані беларускай моваў. Я яго вучыў словам, напрыклад, дакранаўся да твару – і тлумачыў, што гэта твар. Ён вельмі дзякаваў.

Вася класны чалавек. Вельмі прыгожа маляваў: кветкі, рыцараў, кабылаў. У яго вельмі такі каліграфічны почырк. Ён пісаў іерогліфы кітайскія. Неяк ён напісаў ліст на волю. Прыйшоў цэнзар — падкрэслілі, закрэслілі: “Скажыце яму, каб лісты пісаў па-руску”".

Аляксандр адзначае, што, дзякуючы свайму суседу, ён таксама пачаў маляваць. Гэта былі кветкі — іх Аляксандр дасылаў сваім родным:

babko_maliunki.jpg
Малюнкі Аляксандра Бабко да сваіх родных

Гісторыя зуба

Аднойчы ў Аляксандра пачаў балець зуб. Яго ў жодзінскай Следчай турме так і не вылекавалі:

"Я кажу: вызывайце лекара, баліць. А лекар: нічога, выжывеш, махнуў рукой. А я адчуваю, што пухне, я выдаўліваў гной.

Аднойчы на праверцы я кажу: зусім дрэнна, ці вядзіце да лекара, ці нешта рабіце. Хоць вырывайце, але штосьці рабіце. Усё, я не магу, я ўжо не сплю зусім. Каля трох дзён не спаў. І я разумею, што ў мяне ўжо ногі падкошваюцца. Бліжэй да абеда прыйшоў лекар і павёў мяне ў бальнічку. Я думаў, што мяне вылекуюць, дапамогуць. Але яны далі мне укол, знялі пухліну. А потым стаматолаг прабіў мне. Пачаў выцекаць гной. Фурацыліна было няшмат — сказаў ім прапаласкаць. Сказаў: "Я зраблю табе зуб". Але мяне тры дні пратрымалі — і ўсё".

Свой зуб Аляксандр паспрабаваў вырваць самастойна. А пасля вызвалення пайшоў да стаматолагаў. Тыя здзіўляліся такому стану зуба:

"Яны пыталі: “Дык чым ты яго вырваў?” Я кажу: “Пальцамі. Бо нічога не паложана. Было балюча, але я цярпеў і ірваў”. Для іх гэта было вельмі дзіўна".

Суд: слімакі і ілжэсведкі

Падчас зняволення з Жодзіна Аляксандра вазілі ў Дзяржынск — на сустрэчы са следчым па яго крымінальнай справе. Шлях займаў каля дзвюх-трох гадзін. Усяго такіх сустрэч было каля пяці.

А потым пачаўся судовы працэс па справе цюкоў. Праходзіў ён у судзе Стаўбцоўскага раёна. На першае судовае пасяджэнне Аляксандра прывезлі ў ІЧУ горада Нясвіжа.

"У Нясвіжы для мяне было дзіка. Вельмі непрыемна я адчуваў сябе, што трэба было на вядро ў туалет хадзіць. Жудасна смярдзела. Поўзалі слімакі. Я з імі гуляў. Напрыклад, паадціскаюся, папрысядаю, пахаджу — і назіраю за імі, што яны будуць рабіць. Слімакі з’яўляліся ў камеры больш тады, калі станавілася халодна".

Потым падчас судовых пасяджэнняў Аляксандра перавозілі ў ІЧУ горада Стаўбцы. Там ужо слімакоў не было. А для адміністрацыі ІЧУ не было розніцы, хто перад імі — палітычны ці непалітычны зняволены.

aliaksandr_babko-1.jpg
Аляксандр Бабко

Суддзёй па справе цюкоў выступіла Вікторыя Суднік.

"Яна намагалася крышку справядлівай быць, — лічыць Аляксандр, — але мы ўсе разумелі, што раз яна ўжо ўзялася за нашую справу, то яе паставілі і сказалі абавязкова даць тэрмін. І я лічу, што яна магла б разглядзець, што сведкі ілгуць".

Ілгалі ўсе сведкі: і прадстаўнікі калгасу, якому належалі размаляваныя цюкі, і міліцыянты, якія казалі, што затрымлівалі фігурантаў справы цюкоў.

"Хацелася гэтым аперам сказаць: “Дык пакажы, як ты нас затрымліваў!” Адзін сказаў, што пры затрыманні рэмнём звязваў. Хацелася сказаць: “Дык пакажы! Здымі рэмень!”

Насамрэч, пры нашым затрыманні іх не было. Гэта была не проста міліцыя, а спецпадраздзяленне".

Падчас затрымання сілавікі на вопратцы намалявалі крыжы. Фота адзення Аляксандр захаваў:

babko_vopratka.jpg
Фота прадастаўлена Аляксандрам Бабко

"Малявалі і на патыліцы, і на руках былі плямы”, — дадае Аляксандр. — Калі нас затрымалі — я гэта часта ўспамінаю, —вельмі моцна зацягнулі наручнікі і паклалі тварам у зямлю, і надавілі на твар нагою — гэта было на дарозе, калі я падняўся з поля выходзіць. Потым адвялі у поле, паклалі усіх на зямлю, паставілі тварам у цюк з сенам, а калі я на камеру адказаў на пытанне: “Што вы тут робіце?” — гэтая пытанне мне задалі, то я адказаў: “Гуляю, паветрам дыхаю”, дык двое мяне адвялі ў бок, адзін не чапаў, а другі у ногу, у калена, якое было пасля аперацыі, у грудзі, у твар, у дыхалку біў і казаў: “Ты паедзеш са мною да Мінска, і я пакажу табе, як гуляць і дыхаць”".

На першых секундах відэа ад МУС бачна, як Аляксандр Бабко кажа сваю фразу, пасля якой яго і збілі:

Міліцыянтаў, якія ілгалі на судзе, былы палітвязень памятае па імёнах. Вось яны:

kruglik-zhygala_bruhacki.jpg
Злева направа: Дзмітрый Круглік, Дзмітрый Жыгала, Дзмітрый Брухацкі

Аднаго з іх — Дзмітрыя Жыгала — Аляксандр ужо пасля вызвалення з турмы выпадкова сустрэў на запраўцы:

"Ён у мяне ў кватэры у Дзяржынску быў на вобшуку, і першы допыт са мной праводзіў. І адразу мы, паглядзеўшы адзін на аднаго, зразумелі, што дзесьці мы бачыліся. Першым успомніў я. І я пачаў вачыма яго давіць, як вош, проста вачыма забіваў яго, разрываў на кроплі. І тады ён зразумеў, пачаў хвалявацца, пайшоў і аглядваўся, ці я за ім не іду. Яны баяцца, што ім прыйдзецца за ўсё адказваць, гэта дакладна".

Аляксандр лічыць, што размаляваныя цюкі сапсаванымі не былі (фарба нанасілася на плёнку, якая ў 16 слаёў абгортвала сена). На судзе ж прадстаўнікі калгасу казалі адваротнае.

"Як можа фарба прайсці праз 16 слаёў плёнкі? Любы пакет нават вазьмі — фарба ніяк не пройдзе.  Нам нават не дазволілі выкупіць гэтыя цюкі.

Нам Суднік прысудзіла, што гэтымі цюкамі мы адцягвалі ўвагу кіроўцаў. А навошта на Дажынкі вы робіце знакі? Можа, ўвага кіроўцаў таксама на іх адцягваецца? А на полі глянуў — і праехаў міма.  Той жа зубр на трасе М1 стаіць, і ветракі — усе едуць, разглядаюць. Чаму? Зносьце! Ламайце! Крушыце! Садзіце!

Ці, бывае, да Дажынак нешта з цюкоў робяць, выкладваюць іх — дык там можна ім рабіць, фарбаваць і клеіць. Вы ж нашкодзілі — адказвайце!

Усе суддзі адмаўляліся ад нашай справы, а яна ўзялася. Чаму яна ўзялася? Я гэтага не разумею. Але я лічу, што, раз яна пагадзілася, яна павінна адказваць за гэта. Хай яна таксама год пасядзіць".

Вызваленне: хвіліна як дзень і сны пасля

10 сакавіка 2022 года Аляксандра Бабко этапавалі ў магілёўскую турму № 4. Адтуль ён вызваліўся 16 мая 2022 года. Вось як палітзняволены ўспамінае гэты момант:

"Я вельмі чакаў. Вельмі хваляваўся. Для мяне хвіліна цяжка цягнулася — такое было, калі я ў войску быў. Мабыць, хвіліна як дзень. Папярос спаліў не ведаю колькі, з самага ранку не хацелася есці. Я думаў, што паеду сваім ходам, што ў родных не атрымаецца прыехаць.

І вось, калі я выходзіў ужо, падпісваў усе паперы, я паспрачаўся. Пачалі аддаваць грошы, якія былі пералічаны на мой рахунак. Але сваю рэшту я ведаў. А яе не аддаюць. І я пачаў спрачацца з імі: аддайце мне мае грошы, вы мяне падманваеце. Там прыкладна 100 беларускіх рублёў заставалася. А яны не аддаюць — і ўсё. Тады я сказаў: Бог з вамі. Мне на волі прасцей будзе, хай на вашым сумленні гэта будзе.

І тут я пачуў голас сястры. І я зразумеў, і пачаў яшчэ больш хвалявацца, што сястра прыехала. Калі мы абдымаліся з сястрой, выйшлі — а тут мае маці і бацька стаяць… Нават цяпер, калі ўспамінаю, мурашкі па скуры. І аднаго майго “падзельніка” маці прыехала. Мы пасмяяліся. Сфатаграфаваліся. І паехалі дадому. Вось такое вызваленне".

babko_kvitok-vyzvalennia.jpg
Квіток аб вызваленні, які выдалі Аляксандру

Часам Аляксандр Бабко бачыць сны пра сваё зняволенне. Падобнае было, калі ён служыў у войску.

"Гэта было часта ў першыя часы. Бывае, прачнуся, і ў халодным поце — фух! Сню некаторыя турэмныя моманты. Не хацелася, каб хтосьці з беларусаў — не важна нават, беларус ці не беларус — каб хтосьці трапляў туды. Нікому не жадаю такога. Згублены час".

Чытаць іншыя матэрыялы пра "справу цюкоў":

Шэсць палітвязняў па "справе цюкоў" асудзілі да калоніі. На затрыманых сілавікі малявалі свастыку

Суд Стаўбцоўскага раёна вынес прысуды па рэзананснай "справе размаляваных цюкоў з саломай" супраць сямі палітвязняў, затрыманых 1 верасня ў Дзяржынскім раёне.

"На полі іх білі, на вопратцы малявалі крыжы, мне тапталі руку нагой" — экс-палітзняволеная Алена Дзядзюля распавяла пра "справу цюкоў"

52-гадовая Алена Дзядзюля праходзіла па рэзананснай "справе цюкоў". Амаль год таму пад Дзяржынскам былі затрыманы сем чалавек, якія на полі абмалёўвалі пратэснымі малюнкамі цюкі з сенам. Былая палітзняволеная распавяла "Вясне" пра сваю гісторыю пераследу, гучнае затрыманне на полі, сем месяцаў у жодзінскай турме і амаль два тыдні ў гомельскай жаночай калоніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства