Рэдактара ABW.by Юрыя Гладчука асудзілі да 2,5 гадоў калоніі
Суд Фрунзенскага раёна Мінска ў снежні 2022 года агучыў прысуд рэдактару спецпраектаў аўтамабільнага партала «Аўтабізнес» Юрыю Гладчуку — два з паловай гады калоніі. Палітвязня прызналі вінаватым паводле арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Цяпер Юрый чакае на "Валадарцы" разгляд апеляцыйнай скаргі. У зняволенні журналіста ўтрымліваюць больш за восем месяцаў.
Палітзняволеных рэдактараў аўтамабільнага партала «Аўтабізнес» Юрыя Гладчука і Юлію Мудрэўскую затрымалі 16 чэрвеня 2022 года пасля ператрусаў. Пазней іх перавялі ў СІЗА-1 у межах крымінальнай справы.
У верасні Мудрэўскую прызналі вінаватай ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе і асудзілі на паўтара года калоніі. Жанчына ўжо пачала адбываць свой тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4.
У пачатку снежня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Юрыя. Яго абвінавацілі па арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Як стала вядома "Новаму Часу", Гладчуку прысудзілі два з паловай гады пазбаўлення волі. У Мінскім гарадскім судзе 28 лютага адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі палітвязня.
Падтрымайце Юрыя грашовымі пераводамі, пасылкамі, лістамі салідарнасці і тэлеграмамі:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Юрый Аляксандравіч Гладчук
Падтрымайце Юлію паштоўкамі, лістамі салідарнасці і тэлеграмамі:
ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
Юлія Іванаўна Мудрэўская