"Распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму". У Мінску судзяць заснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса Дапоўнена
Мінскі гарадскі суд сёння, 20 лютага, распачаў працэс над палітзняволеным заснавальнікам крамы Symbal.bу і культурніцкім мэнэджэрам Паўлам Белавусам. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "здраду дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК). У абвінавачванні гаворыцца, што Павел "распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму", вёў "антыдзяржаўную дзейнасць", "стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы". Таксама Паўла абвінавачваюць у "кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем" — "Беларускай Радай культуры", якая была прызнана "фармаваннем", калі палітвязень ужо як сем месяцаў утрымліваўся пад вартай. Працэс вядзе суддзя Жанна Брысіна. За кратамі Павел утрымліваецца адзін год і тры месяцы, яму пагражае ад сямі да 15 гадоў зняволення.
Як праходзіць суд?
Працэс праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна Мінска ў выязным пасяджэнні судовай калегіі Мінскага гарадскога суда.
Першапачаткова суд быў у адкрыты, але ў самым пачатку судовага паседжання дзяржаўны абвінаваўца заявіў хадайніцтва аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме "з мэтай прадухілення разгалошвання інфармацыі, размешчанай у крыніцах, прызнаных экстрэмісцкімі".
Суд задаволіў гэта хадайніцтва. Цяпер суд над палітвязнем будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
Што вядома пра абвінавачванні палітвязню?
Павел Белавус быў затрыманы 15 лістапада 2021 года пасля выкліку ў міліцыю. Пасля гэтага Паўла тройчы асудзілі па адміністрацыйных справах, у тым ліку паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваннае пікетаванне) за татуіроўку на руцэ сцяга бел-чырвона-белага колеру. Пасля "сутак" супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА.
Цяпер яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем).
Згодна з версіяй абвінавачвання, Павел "на працягу дзесяці гадоў вёў актыўную дзейнасць, накіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам".
"У 2011 годзе абвінавачаны для пошуку аднадумцаў пачаў трансляваць патрэбную яму інфармацыю ў масы. Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі. Абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў Таварыства з абмежаванай адказнасцю (крама па анлайн- і афлайн-продажы тавараў), пасля чаго пачаў праводзіць розныя масавыя мерапрыемствы.
Створаныя бізнес-праекты адкрылі прадпрымальніку новыя магчымасці. Паколькі Беларусь заўсёды знаходзілася ў цэнтры ўвагі на палітычнай арэне, хутка знайшліся тыя, хто быў гатовы спансіраваць развіццё яго антыдзяржаўнай дзейнасці. Фігурант падпісаў не менш за 12 дагавораў з рознымі замежнымі прадстаўнікамі і кампаніямі. З тых часоў экстрэмісцкая дзейнасць на тэрыторыі Беларусі набывала новыя абароты дзякуючы уліванняў з-за мяжы. Следствам устаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для хутчэйшай змены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Павел Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы. За гэта ён атрымаў ад замежных спонсараў больш за $150 тыс., 50 тыс. еўра і 40 тыс. злотых", — распавёў начальнік Следчага камітэта Сяргей Паско пра абвінавачванні палітвязня.
Начальнік СК адзначае, што Белавус "на хвалі пратэстнага руху ў 2020 годзе выйшаў на новы ўзровень":
"Распрацаваўшы інфармацыйную прадукцыю, у тым ліку фота і відэа, ён рыхтаваў грамадзян да ажыццяўлення самых радыкальных дзеянняў. У некаторых памятках змяшчалася інфармацыя аб выплаце ганарару за ўдзел у вулічных беспарадках. Акрамя гэтага, ён складаўся ў наглядальным савеце і прымаў удзел у кіраўніцтве экстрэмісцкага фарміравання "Беларуская Рада Культуры".
Палітвязню пагражае ад сямі да 15 гадоў калоніі.
Чым вядомы Павел Белавус?
Павел Белавус – культурніцкі менеджар, заснавальнік і былы дырэктар пляцоўкі "Арт Сядзіба", стваральнік крамы нацыянальнай сімволікі і сувеніраў Symbal.by, адзін з арганізатараў святкавання 100-годдзя абвяшчэння БНР у Мінску ў 2018 годзе. Таксама Белавус з паплечнікамі запусціў грамадскую кампанію "Годна", якая прасоўвае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі і дае магчымасць моладзі ствараць культурніцкія і гістарычныя праекты.
Летам 2020 года крама Symbal.by стала адным з сімвалаў пратэсту і салідарнасці беларусаў. У краме можна было набыць цішоткі і налепкі з надпісам "ПСІХОЗ%", які адсылае да выказвання Аляксандра Лукашэнкі пра "каранавірусны псіхоз" і рэйтынгу Лукашэнкі, што, як сцвярджалі яго апаненты, напярэдадні выбараў 2020 быў роўны 3%. З-за гэтай прадукцыі ў Symbal.by пачаліся шматлікія праверкі. У выніку краме давялося аб'явіць пра прыпыненне працы, а пакупнікоў, якія ў апошнія дні працы прыйшлі падтрымаць Symbal.by, жорстка разагналі сілавікі. Нейкі час Symbal.by працаваў онлайн, але 30 студзеня 2021 года ў офіс крамы прыйшла міліцыя. Сілавікі забралі ўсю тэхніку, дакументы і прадукцыю, тады ж затрымалі і чацвёра супрацоўнікаў – ім прысудзілі па 15-20 сутак адміністратыўнага арышту. Пасля гэтага крама канчаткова спыніла працу ў Беларусі.
Вершы з-за кратаў
Павел у зняволенні піша вершы. Вось адзін з іх:
Я тут жыву
Я нарадзіўся тут дакладна,
Тут я, напэўна, і памру,
Але цяпер не гэта важна —
Галоўнае — я тут жыву.
Я тут жыву, такую маю звычку,
Бо зручна, смачна і ўтульна тут,
Бо тут мая гарыць у небе знічка,
І тут прыняты першы мой статут.
Чаму не з’ехаў ты? Чаму застаўся?
Пытанні чую гэтыя каторы раз.
Тады турмы, напэўна, не баяўся.
Тады не ведаў, пэўна, я параз.
І той, хто край пакіне наш апошнім,
Прашу, на выхадзе не выключай ліхтар,
Каб ведаць, што гарыць святло ў кожным,
Хто захавае наш прастор для мар.
Прастор зямлі, дзе нарадзіўся я дакладна,
Дзе некалі, напэўна, і памру,
Але цяпер не гэта важна,
Галоўнае, што зараз тут жыву.