viasna on patreon

Новыя затрыманні і "экстрэмісцкія фармаванні": хроніка пераследу 14-15 лютага

2023 2023-02-15T11:19:21+0300 2023-02-16T13:50:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/malanka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14-15 лютага  збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Генпракурор хоча прызнаць экстрэмісцкай арганізацыяй "Беларускі расследавальніцкі цэнтр"

Генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні арганізацыі «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» экстрэмісцкай і забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Раней толькі адна арганізацыя была прызнаная ў Беларусі «экстрэмісцкай» — «ТУТ БАЙ Медыя».


У Мінску за каментары ў інтэрнеце затрыманы 50-гадовы Сяргей Белы

Паводле сілавікоў, мужчына пакідаў абразлівыя каментары пра супрацоўнікаў міліцыі, а таксама нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».


Затрыманы музыка Аляксандр Хадасевіч — ён перакладаў песні Scorpions на беларускую мову

З відэа, апублікаваным на праўладных каналах, вынікае, што яго затрымалі за некалькі каментарыяў у тэлеграме (у якіх ён, здаецца, нікога не абразіў, але сілавікі палічылі іх «негатыўнымі») і за кавер на песню Scorpions «Вецер перамен» ад праекта Lirival, піша "Наша Ніва". 


Праваабаронцам паведамляюць пра выклікі людзей у КДБ з нагоды данатаў у фонды салідарнасці ў 2020-ым годзе

Калі раней у СМІ з'яўлялася інфармацыя пра тое, што «на размову» выклікаюць супрацоўнікаў IT-сектару, то цяпер вядома пра выклікі ў КДБ людзей розных прафесій.

Сілавікі ставяць людзям умову — пералічыць у некалькі разоў большую за данат суму на спецыяльныя рахункі, альбо супраць іх будзе распачатая крымінальная справа.


Улады прызналі праект "Маланка Медыя" "экстрэмісцкім фармаваннем"

Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 15 лютага.

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, рашэнне прынятае «за публічныя заклікі да санкцый, арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь».


У Светлагорску масавы «хапун» — затрымана як мінімум 7 чалавек

anatol-zmitrovicz.jpg
Анатоль Змітровіч, адзін з затрыманых у Светлагорску

Як паведамляе "Гомельская Вясна", 14 лютага ў Светлагорску было затрымана некалькі мясцовых жыхароў. Яны змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС. Затрыманні і вобшукі рабіліся людзьмі з гомельскіх абласных структур міліцыі.

Паведамляецца пра 7 затрыманых – 4 мужчын і 3 жанчын. Сярод іх – Анатоль Змітровіч (на фота), які да нядаўняга часу быў індывідуальным прадпрымальнікам і актыўным удзельнікам прадпрымальніцкага руху. Ён вядомы таксама як экалагічны актывіст у перыяд будаўніцтва і запуска Светлагорскага завода беленай цэлюлозы, калі адбываліся шматлікія выкіды шкодных рэчываў у атмасферу. У апошні час працуе ў адным з прадпрыемстваў у галіне аўтасервісу.

Яшчэ адна з затрыманых — Таццяна Жураўская, старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Людзі плюс», яно вядзе працу з тымі, каго закранула праблема ВІЧ.

Астатнія затрыманыя працуюць на розных прадпрыемствах горада. Мяркуецца, што 15 лютага ў адносінах да затрыманых адбудзецца разгляд адміністрацыйных спраў судом Светлагорскага раёна.


З'явілася інфармацыя пра затрыманне беларускамоўнага пластычнага хірурга Аляксея Дужага

Па інфармацыі @belhalat_by, Аляксей быў затрыманы ўчора наўпрост на працоўным месцы і зараз знаходзіцца на Акрэсціна. Адваката да яго не пускаюць. Пазней стала вядома, што Дужага арыштавалі на 15 сутак. Пра гэта паведалімі @belhalat_by. 

У 2020-ым годзе Дужага ўжо затрымлівалі сілавікі.

UPD. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Дужага затрымалі на мінулым тыдні. 


У "тэрарыстычны спіс" дадалі яшчэ трох беларусаў — цяпер у ім 1014 чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ трох чалавек.

Сярод іх Валянцін Дуброўшчык і Алег Завадскі, а таксама палітзняволены Сяргей Грыбовіч, асуджаны за намер паехаць ваяваць ва Украіну супраць расійскіх войскаў.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1014 чалавек, з іх 267 — беларусы.


Фігурант справы "Рабочага руху" Аляксандр Капшуль 47 дзён трымае галадоўку — яго змяцілі ў карцар

У Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада праходзіць суд па справе «Рабочага Руху», фігурантамі якой з'яўляюцца адразу 10 палітзняволеных, сярод якіх — Аляксандр Капшуль. Палітвязням пагражае да 15 гадоў зняволення. Прысуд па справе будзе абвешчаны 17 лютага ў 12:00 у адкрытым рэжыме.

З 31 снежня Аляксандр абвясціў галадоўку супраць парушэння заканадаўства падчас яго ўтрымання ў гомельскім СІЗА. Галадоўка працягваецца 47 дзён, пры гэтым першыя некалькі дзён ён не піў нават вады.

Нагадаем, Капшуля затрымалі 25 верасня 2021 года на тэрыторыі РФ і перадалі супрацоўнікам КДБ Беларусі. Паведамлялася, што ў яго была зламаная нага і пашкоджаная рука.

Як паведамляе @rabochyruh, з 10 лютага Аляксандр знаходзіцца ў карцары СІЗА №3.

Падтрымайце палітвязня: СІЗА-3. 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Аляксандр Сяргеевіч Капшуль


У баранавіцкі "Выдавецкі дом "Інтэкс-прэс" прыйшлі сілавікі і канфіскавалі тэхніку

Пра гэта паведамляе @intexpress.

На мінулым тыдні ў Беларусі быў разблакаваны сайт баранавіцкага незалежнага выдання Intex-Press. Ён быў заблакаваны 1 год і 40 дзён.


Экс-палітвязню Міхаілу Жамчужнаму могуць спыніць рэжым прэвентыўнага нагляду

20 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебска пройдзе судовы працэс па спыненні прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да Міхаіла Жамчужнага. Справу будзе разглядаць суддзя Ілля Белавус.

Нагадаем, Міхаіл выйшаў на волю 19 лютага 2021 года. У дачыненні да яго быў усталяваны прэвентыўны нагляд на 2 гады. Былы палітвязень цягам гэтага тэрміну быў абавязаны 2 разы на месяц з'яўляцца для рэгістрацыі ў органы ўнутраных спраў, яму забаранялася наведваць крамы, кавярні і гандлёвыя палаткі ў мэтах набыцця алкагольных напояў.

Восенню 2021 году ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебску разглядзелі просьбу Кастрычніцкага РАУСа аб змяненні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да Жамчужнага. Супрацоўнікі хацелі зрабіць рэжым нагляду больш жорсткім, бо, на іх думку, Міхаіл «не стаў на шлях выпраўлення» — парушыў на ровары правілы дарожнага руху. Але суддзя Сяргей Будрэвіч палічыў патрабаванні міліцыянтаў неабгрунтаванымі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства