viasna on patreon

Уладальніка гасцініцы для жывёл у Гродна асудзілі на два з паловай гады калоніі за паклёп і абразу Лукашэнкі

2023 2023-01-20T15:00:28+0300 2023-01-20T15:46:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pavel-svirbutovicz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Кастрычніцкім судзе Гродна 22 снежня 2022 года асудзілі Паўла Свірбутовіча паводле ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Дзмітрый Кедаль прызначыў Паўлу па сукупнасці абвінавачванняў два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

pavel-svirbutovicz.jpg
Павел Свірбутовіч. Фота з сацсетак

Паўла абвінавацілі ў тым, што ён у сацсетцы “Вконтакте” “размясціў публікацыі ў выглядзе непрымальных для выкарыстання з пункту гледжання сучаснай культуры выяваў з тэкставымі паведамленнямі”, якія суд расцаніў як зневажаючыя гонар і годнасць Лукашэнкі.

Там жа Павел пакінуў “абразлівую інфармацыю, злучаную з абвінавачваннямі ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў паводле ч. 3 арт. 357 КК Беларусі”, а таксама “звесткі, якія ўтрымліваюць абвінавачванні ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў, прадугледжаных арт. 127, ч. 3 арт. 357 КК, то бок, паклёпніцкія звесткі”.  

З матэрыялаў справы вынікае, што супрацоўнік міліцыі падчас маніторынгу сацсетак, знайшоў на старонцы Паўла ў “Вконтакте” каментары, публікацыі, выявы. З пратакола агляду інфармацыі вынікае, што “інтэрнэт-старонка правамі прыватнасці не абмежаваная”. 

 Мы знайшлі гэтую публікацыю.

pavel-svirbutovicz_bezumnyi-drovosek_vko
Публікацыя ў сацсетцы "Вконтакте", за якую затрымалі мужчыну. Скрыншот са старонкі Паўла Свірбутовіча

Далей у пастанове апісваецца публікацыя з карыкатурай да відэа, якое рэпоснуў Павел на сваю старонку “Вконтакте”:

“Фонавай выявай дадзенага відэароліка з’яўляецца малюнак *** з вусамі, на галаве якога размешчаная канструкцыя шэрага колеру з тэкстам “вар’яцкі дрывасек”.

Вытрымкі з экспертнага заключэння пра публікацыю

крывавы дыктатар; пацук, які скраў перамогу; жаданне ўбачыць прэзідэнта памерлым

Таксама ў тэксце падаецца заключэнне эксперта, які ўстанавіў, што “сэнсавым зместам карыкатуры ў публікацыі з’яўляецца аўтарскае вобразнае параўнанне Лукашэнкі з пацуком, які “скраў перамогу”. Эксперт сцвярджае, што выкарыстанне дадзенай карыкатуры непрымальнае з пункту гледжання сучаснай культуры. Што ў выяве прысутнічаюць элементы, якія дыскрэдытуюць дзяржаўную ўладу (сімвалічнае параўнанне Лукашэнкі з каранаваным пацуком) і адсутнічаюць элементы гумару, сатыры альбо формы гратэску. Сэнсавым зместам карыкатуры з’яўляецца параўнанне падзей Другой сусветнай вайны (генацыд насельніцтва) з падзеямі 2020 года, звязанымі з падаўленнем пратэснай дзейнасці.

“Сэнсавым зместам карыкатуры з’яўляецца вострая крытыка наяўнай грамадска-палітычнай сітуацыі, то бок, аўтарскае меркаванне аб тым, што Лукашэнка з’яўляецца крывавым дыктатарам”.

“Сэнсавым зместам відэавыявы, якая змяшчаецца ў файле, з’яўляецца парушэнне грамадзянскага этыкета, а менавіта паводзінавай формы этычнай камунікацыі, якая выяўляецца ў выкарыстанні непрымальных, абразлівых жэстаў ў дачыненні Лукашэнкі, а таксама жаданне ўбачыць Лукашэнку памерлым”.

Паводле матэрыялаў справы, Белтэлеком прадаставіў следству падрабязныя звесткі з пазначэннем даты, хвілін і секунд, калі Павел падключаўся да інтэрнэту.

Мужчына цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ў здзейсненым.  

Павел Свірбутовіч мае вышэйшую адукацыю. У Гродна кіраваў гасцініцай для жывёл.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства