Смерць у турме, новыя затрыманні: хроніка пераследу 8-9 студзеня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9 студзеня 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У гарадзенскай турме ад пнеўманіі памёр вязень Руслан Карчаулі
Пра гэта паведаміў музыка Аляксандр Дзянісаў.
«Пайшоў з жыцця наступны гарадзенскі нефармал. Руслан "Руслапас" Карчаулі. Памёр у гарадзенскай турме. Узялі і пасадзілі за марыхуану. Не зрабілі добрага агляду. Памёр ад пнеўманіі», — піша Дзянісаў.
ГУБАЗіК затрымаў студэнта гістфаку, які "заклікаў да беспарадкаў" у 2020-ым годзе
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне студэнта гістфаку БДУ Аляксея Рамановіча. Паводле іх, на той момант 15-гадовы хлопец, у жніўні 2020-га «заклікаў да беспарадкаў з выкарыстаннем "кактэйляў Молатава"», а таксама дасылаў у чат-бот Nexta фотаздымак забастоўкі ў лідскай гімназіі, у якой удзельнічаў з сябрамі.
ГУБАЗіК піша, што хлопец «атрымае штраф і пойдзе на волю».
UPD. Як паведамляе «Наша Ніва», акрамя Аляксея затрымалі і іншага студэнта гістфаку — Андрэя Янука
Абодвух першакурснікаў затрымалі 5 і 6 студзеня.
«Яны жылі разам у адным інтэрнаце, у розных пакоях на адным паверсе. Арыштавалі іх, наколькі ведаем, на вуліцы. Адзін з іх непаўналетні. Таксама невядома, ці быў нейкі вобшук у іх у пакоях у інтэрнаце», — расказалі у «Вольным прафсаюзе БДУ».
Пасля затрымання студэнтаў на гістфаку БДУ адміністрацыя зладзіла сход у інтэрнаце № 1, на якім прысутнічалі студэнты факультэта і супрацоўнікі Следчага камітэта.
Вязню гарадзенскай турмы не дазволілі даслаць паштоўкі на польскай мове
Як паведамляе @nebovkletku, аднаму з вязняў гарадзенскай турмы не дазволілі даслаць святочную паштоўку з віншаваннямі па-польску на Раство.
Таксама вязням не даходзяць лісты з Польшчы.
Палітзняволены журнліст Анджэй Пачобут раней паведамляў пра падобны выпадак. Яму не даходзілі лісты ад сына на польскай мове.
Затрымалі Сяргея Патупчыка, сына былога міністра энергетыкі
Як паведамляе "Наша Ніва" , пакуль дакладная прычына затрымання невядомая. Папярэдне, мужчына затрыманы па крымінальным артыкуле.
Сяргей Патупчык — намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы вытворчага аб'яднання «Беларуснафта».
Таксама паведамляецца пра затрыманне яшчэ некалькіх менеджараў прадпрыемства.
UPD. "Флагшток" паведамляе, што сына былога міністра энергетыкі Сяргея Патупчыка затрымалі з-за паста ў падтрымку Украіны.
26 лютага Сяргей пакінуў на сваёй старонцы ў Інстаграме допіс: «Fuck war. Kyiv in my heart!».
Пра гэта «Флагштоку» паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
Здрада дзяржаве і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем — Паўлу Белавусу прад'яўлена абвінавачанне
Як паведамляе Следчы камітэт, Белавус "пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх была змена дзяржаўнай улады ў Беларусі".
Паведамляецца, што Павел "стымуляваў варожасць суайчыннікаў у адносінах да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы".
Па выніках расследавання 35-гадоваму палітвязню прад'яўлена абвінавачанне паводле ч.1 арт.356 (здрада дзяржаве), ч.1 арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч.3 арт.361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч.1 арт.361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем).
Затрымалі аднаго з пачынальнікаў беларускамоўнага ЖЖ Івана Марозава
Мяркуючы па відэа сілавікоў, мужчыне закідаюць удзел у пратэстах у 2020 годзе. А таксама відавочна жартаўлівы каментар пра тое, што ён атакаваў бы хаймарсамі спецназ, каб яны стаялі ў яго гаражы, паведамляе "Наша Ніва".
Аблава ГУБАЗіКа адбылася ў раёне Чкалава-Варанянскага — ёсць інфармацыя пра дзясяткі затрыманых
Некалькі крыніц паведамілі "Нашай Ніве", што ў раёне вуліц Чкалава і Варанянскага ў Мінску — у раёне, які называюць «Чкалаўскім» або «раёнам Старога Аэрапорта», некалькі дзён таму адбыліся затрыманні.
Па звестках выдання, большасць затрыманых — тыя, хто некалі быў у чатах мікрараёна. Адна з крыніц паведаміла пра 32 затрыманых, але «Наша Ніва» не змагла знайсці другое пацвярджэнне гэтай лічбы — выданню даставерна вядома толькі пра двух затрыманых.
UPD. «У нас ёсць толькі інфармацыя пра некалькі затрыманых на мінулым тыдні. Магчыма, гэтую тэму спрабуюць раздзьмуць, каб застрашыць актыўных людзей, — адказалі на запыт «Нашай Нівы» ў бот канала. — Іншай інфармацыяй аб масавых затрыманнях мы не валодаем».