viasna on patreon

"Спадзяюся, што вы працягнеце захоўваць рашучасць і аптымізм". Сімвалічная "хросная" павіншавала Марфу Рабкову з Днём Народзінаў  

2023 2023-01-06T12:01:50+0300 2023-03-27T13:24:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marfa_dn_2023.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння — 6 студзеня — каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова адзначае сваё 28-годдзе. Гэта трэці дзень народзінаў, які праваабаронца сустрэне за кратамі.

Намесніца кіраўніка парламенцкай групы “Альянс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу Агнешка Бругер
Намесніца кіраўніка парламенцкай групы “Альянс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу Агнешка Бругер

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Агнешка Бругер, якая ў межах кампаніі #WeStandByYou з'яўляецца сімвалічнай "хроснай" праваабаронцы "Вясны" Марфы Рабковай, павіншавала яе з днём народзінаў.

"Дарагая Марфа! Ад усёй душы віншую вас з 28-годдзем!

Гэта невыносная сітуацыя, што і ў гэтым годзе вы не можаце правесці свой Дзень нараджэння на волі, з сям'ёй і сябрамі. Перш за ўсё зычу вам моцнага здароўя і каб вы не гублялі сваёй мужнасці і нястрымнай сілы.

Мяне вельмі ўразіла і кранула вашая заява ў судзе, асабліва вашыя словы: "Кожны чалавек мае правы, кожны чалавек з'яўляецца асобай, кожнае меркаванне павінна паважацца, а жыццё і свабода з'яўляюцца найвышэйшымі і абсалютнымі каштоўнасцямі. Беларускі народ заслугоўвае годнага ўзроўню жыцця, паважлівага стаўлення да сябе, захавання правоў кожнага чальца грамадства, дзяржавы, якая будзе працаваць для народа, а не насуперак яму".
Гэтае перакананне я вельмі падзяляю, і гэта таксама матывацыя для маёй працы. Для мяне, дэпутаткі Бундэстагу Нямеччыны, якая адказвае за міжнародную палітыку, барацьба за правы ўсіх людзей, за жыццё ў свабодзе і бяспецы з'яўляецца важнай візіяй, для дасягнення якой мы кожны дзень прыкладаем усе сілы, асабліва зараз у менш мірным свеце.

Мяне вельмі турбуе пагаршэнне стану вашага здароўя і адмова атрымаць неабходнае лячэнне. Таксама я працягваю сачыць за далейшымі крокамі ходу справы супраць вас і вельмі спадзяюся, што апеляцыя супраць неправамернага прысуду будзе задаволеная. Перш за ўсё, зычу вам шмат сіл для гэтых наступных крокаў. Спадзяюся, што, нягледзячы на невыносныя ўмовы вашага ўтрымання пад вартай, вы працягнеце захоўваць вартыя захаплення рашучасць і аптымізм.

Запэўніваю вас, што мы не перастанем думаць пра вас, вашых калегаў па "Вясне" і пра многіх іншых мужных людзей, якія знаходзяцца ў турмах у невыносных умовах за сваю прыхільнасць свабодзе і дэмакратыі, нагадваючы пра вас і зноў ды зноў называя вашыя імёны ў якасці вартага пераймання прыклада барацьбы за дэмакратыю і правы чалавека.

Зычу вам, вашым родным, сябрам і паплечнікам і ў далейшым шмат сіл, стойкасці і моцнага здароўя. Але больш за ўсё я зычу вам, каб вы нарэшце атрымалі справядлівасць і святкавалі ўсе свае наступныя Дні нараджэння на волі.

З павагай і салідарнасцю, Агнешка Бругер"

Як  можна павіншаваць Марфу Рабкову з Днём Народзінаў?

Адрас для адпраўленняў:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова была затрыманая разам з мужам Вадзімам Жаромскім вечарам 17 верасня 2020 года і дастаўленая ў ГУБАЗіК. У яе кватэры быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы. 

6 верасня 2022 года палітзняволеную Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў зняволення па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў.  

У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем яе неадкладнага вызвалення выказваліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў ды шмат іншых.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства