viasna on patreon

"Гэта надзвычай цудоўная падтрымка". Распавядаем пра пасылкі салідарнасці палітвязням Дапоўнена

2022 2022-10-18T12:10:38+0300 2024-06-27T01:02:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bel_ocean.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праз рэпрэсіі і запалохванне адкрыта выказваць сваю салідарнасць у Беларусі з палітвязнямі робіцца ўсё складаней. Але людзей, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, становіцца ўсё болей. Палітычным зняволеным ужо больш за паўгода масава блакуюць ліставанне, таму пасылкі і грашовыя пераводы цяпер сталі асноўнымі спосабамі іх падтрымкі. Але беларускі рэжым імкнецца крыміналізаваць усю дапамогу палітвязням. "Вясна" распавядае, як сабраць пасылку салідарнасці для палітвязня, як рэагуюць на іх самі зняволеныя, а праваабаронца тлумачыць важнасць такога спосабу падтрымкі.

Ілюстрацыя @ezhi.yorsh

"Гэта надзвычай цудоўная падтрымка". Як рэагуюць палітвязні пра пасылкі?

Часта палітвязні стараюцца падзякаваць у лістах за пасылкі. Вось, як некаторыя палітвязні рэагавалі на іх:

  • "Дзякуй вам вялікі за пасылку, асабліва за паштоўкі. Яны знатна ўзнялі маю бадзёрасць духу", — напісала нядаўна асуджаная да 15 гадоў калоніі праваабаронца Марфа Рабкова.
  • "У першую чаргу, вельмі хачу сказаць вялікі дзякуй за вашу цудоўную пасылку. Усё вельмі смачна. Асаблівае дзякуй за такія душэўныя паштоўкі. Але самае галоўнае — гэта вестачка ад Вас, бо я ўжо 10 месяцаў не атрымліваў ад Вас лісты. І ў такія моманты вельмі радасна атрымліваць такія вестачкі", — адрэагаваў палітзняволены каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзь Лабковіч.
  • "Вялікі дзякуй за цудоўную пасылку. Гэта надзвычай цудоўная падтрымка. Асабліва для мяне, калі лісты амаль не даходзяць. А кожна такая вестачка кажа, што я не адзіны, што ёсць людзі, якія памятаюць", — напісаў Уладзь у іншым лісце.
  • "Дзякуй вялікі за віншаванні і за пасылку! Усё атрымаў, асабліва смачныя былі ігрушы. Люблю верасень за багаты плён у гародзе і ў лесе", — адрэагаваў на пасылку старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі.

А вось, што піша палітзняволеная керамістка Наталля Карнеева:

  • "Тваю пасылачку атрымала ў поўным аб'ёме. Заўсёды з радасцю разглядаем усёй камерай паштовачкі, якія ты дасылаеш. Нават шкада іх камусьці адпраўляць, такія прыгожыя. Пераглядаем іх заўсёды па некалькі разоў".

Былыя палітвязні, якія атрымлівалі ў СІЗА пасылкі, з вялікай цеплынёй узгадваюць іх.

  • "У нашу камеру прыходзіла пасылка ад аднаго чалавека. Там былі файныя рэчы: сухафрукты, цукаты... Шмат людзей ніколі такога не елі раней. Нас, канечне, песцілі ежай нашы родныя і добрыя людзі праз пасылкі", казаў былы палітвязень Арцём Майсіёнак.
  • "Напярэдадні карцэра, мне даслалі ў пасылцы беленькія шкарпэтачкі і лавандавае мыла, менавіта яны былі са мной у карцэры. Там акрамя шкарпэтак, трусоў і мыльна-рыльных прыладаў нічога свайго нельга. Даюць шэрую арыштанцкую робу, каб чалавек мог спазнаць усе любаты турэмнага жыцця. У карцары я абвясціла галадоўку. Галадала ўсе пяць дзён пакуль там знаходзілася. Грэлі мяне шкарпэтачкі і пах лаванды мыла)",распавяла такую гісторыю ў сябе на старонцы пасля вызвалення пасля суда актывістка руху "Маці-328" Марына Кісялевіч.

А вось, што распавядала пра шкарпэткі ў пасылках былая палітзняволеная журналістка "Белсат" Дар'я Чульцова:

  • "Пакуль я была ў СІЗА, людзі мне слалі шкарпэткі. Рознакаляровыя: ружовыя, зялёныя. Ну, можа, не сто пар, але вельмі шмат шкарпэтак. Сярод іх былі з выявай Фрэдзі Мэрк’юры, я вельмі люблю "Queen". Там ён стаіць у сваёй знакамітай позе, і надпіс "The Show Must Go On" – "Шоу працягваецца". Я зранку надзела гэтыя шкарпэткі – і мяне тут жа выклікаюць на камісію ставіць на ўлік як схільную да экстрэмізму. І вось я іду ў гэтых шкарпэтках, мяне ставяць тварам да сценкі, а стаю і смяюся сама сабе: усё правільна, "шоу працягваецца".

Як сабраць пасылку для палітвязня?

Палітвязня, прысуд у дачыненні да якога яшчэ не ўступіў у законную сілу, пасылкай можа падтрымаць любы чалавек. У пасылку можна класці ўсё, што і ў перадачу, толькі трэба ўкласці вопіс-пералік усяго, што вы дасылаеце. 

Узгадняць пасылкі з роднымі палітвязня не трэба (як у той час перадачы без узгаднення з роднымі перадаваць вельмі не рэкамендуецца), але, калі ёсць сувязь з імі, то можна дазнацца пра патрэбы і жаданні зняволенага. Таксама перад зборам пасылкі варта прачытаць гісторыю палітвязня, напрыклад, у профілях на адмысловым сайце "Вясны", каб даведацца пра яго магчымыя захворванні, інтарэсы. Напрыклад, калі ў чалавека цукровы дыябет, то не варта пасылку ўкамплектоўваць слодычам, а калі зняволены сірата, то варта падумаць у першую чаргу пра яго базавыя патрэбы, напрыклад, сродкі гігіены, а бацькі непаўнагадовых дзетак будуць рады дзіцячым паштоўкам і налепкам, якімі яны змогуць даслаць сваім дзецям на волю.

Колькасць і вагавыя абмежаванні для пасылак не вызначаныя — толькі паштовыя. Для пасылак дзейнічаюць тыя ж абмежаванні, што і на перадачы, але ёсць і дадатковыя. Напрыклад, у пасылку нельга класці прадукты, якія хутка псуюцца. Існуе пералік прадметаў, якія асуджаныя могуць атрымліваць у пасылках. Яго можна знайсці ў Правілах унутранага распарадку папраўчых устаноў. Так, у пасылкі, напрыклад, нельга класці чарнасліў, разынкі, сланечнікавы семечкі, казінакі, зёлкі, соль, кнігі, часопісы, крыжаванкі, сканворды.

Цяпер, восенню, варта паклапаціцца пра вітаміны для палітвязняў: як праз садавіну і гародніну, так і праз лекі. Другое можна аформіць праз "медыцынскую бандэроль", у якой можна пасылаць безрэцэптурныя лекі. Дазваляецца да двух кілаграмаў з улікам упакоўкі і інструкцыямі да лекаў. Такую бандэроль трэба падпісаць "з медыкаментамі". У некаторых камерах цяпер халодна, то варта падумаць, каб зняволены трымаў сябе ў цяпле. Таму для пасылак салідарнасці цяпер будуць актуальны напрыклад, цёплыя ваўняныя шкарпэткі.

Практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны”

Што класці ў перадачы, як іх перадаваць, якія лайфхакі ёсць – у дапаможніку ад "Вясны".

"Галоўнае — паказаць чалавеку, што на яго не забыліся"

"Цяпер, калі доўгія месяцы палітвязняў утрымліваюць у ізаляцыі, масава блакуючы ліставанне, пасылкі, тэлеграмы і грашовыя пераводы застаюцца асноўнымі спосабамі падтрымкі для іх. Але варта паралельна і працягваць пісаць вязням, бо часам вестачкі прарываюцца да іх.

Пасылка – добры спосаб не толькі паказаць сваю салідарнасць з палітвязнем, але і такім чынам паклапаціцца пра чалавека. Не абавязкова ўкладаць шмат грошай для збору пасылкі, яна можа быць сімвалічнай. Галоўнае — паказаць чалавеку, што на яго не забыліся. Цяпер гэта вельмі важна. Духмяны яблык з "Камароўкі", цёплыя вязаныя шкарпэткі, карысны часнык з уласнага гароду, душэўныя пустыя паштоўкі, якія палітвязень зможа дасылаць іншым, добрая кава, смачнае печыва, мыла ручной працы — гэта тое, што не каштуе шмат, але тое, што можа зрабіць настрой і падтрымаць палітвязня на вельмі доўгі час. А калі вы ведаеце тое, што асабліва падабаецца чалавеку, што ён любіць, то гэта наогул бясцэнная ўвага.

Праз тое, што ў СІЗА зняволеных акружае, так бы мовіць, не шмат прыемных рэчаў, то для іх маюць асабліва вялікі сэнс рэчы, якія ім дасылаюць. Эмоцыі, пахі, яркія колеры, цікавыя тэкстуры, смачны смак — тое, што недаступна многім цяпер у СІЗА, але гэта можа даць адна маленькая пасылачка. Трэба разумець, што ў сваёй большасці пасылкі, лісты і іншыя вестачкі з волі з'яўляюцца адзінай крыніцай радасці для палітвязня. І гісторыі былых палітвязняў гэта даказваюць. Таму варта выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы па падтрымцы палітвязняў, і пасылкі — адзін з іх", — адзначае праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук.

Іншыя матэрыялы пра дапамогу палітвязням:

"Наша сіла — у салідарнасці!" Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням

Адпраўка тэлеграмы ў зняволенне з дому, грашовы перавод на турэмную краму праз інтэрнэт-банкінг, дапамога замовіць кнігі вязню з бібліятэкі СІЗА ці нават з бліжэйшай кніжнай крамы і многае іншае — «Вясна» сабрала магчымыя спосабы дапамогі палітычным зняволеным у адным матэрыяле.

Як рабіць грашовы перавод, як атаварваюцца вязні і што адбываецца з грашыма пасля вызвалення чалавека?

«Вясна» нагадвае, чаму важна дасылаць вязням грошы, распавядае, як гэта зрабіць і як на практыцы выглядае атаварка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства