viasna on patreon

"Начальнік СІЗА прапанаваў мне падстрыгчыся або пасядзець у карцары". Экс-палітвязень — пра пяць месяцаў у зняволенні

2022 2022-09-08T16:00:09+0300 2022-09-09T14:29:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/artem_moiseenok_9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Арцёма Майсіёнка затрымалі 23 лістапада 2021 года — на наступны дзень пасля вяртання ў Беларусь. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа ідэнтыфікавалі яго па фота з паслявыбарчых пратэстаў. Амаль пяць месяцаў 28-гадовы хлопец правёў у 24-мясцовай камеры ў мінскім следчым ізалятары № 1 да суда. Паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса яго асудзілі да трох гадоў "хіміі" і вызвалілі ў зале суда. Неўзабаве ён пакінуў Беларусь. Былы палітвязень Арцём Майсіёнак распавёў "Вясне" пра пяць месяцаў зняволення, сукамернікаў, як яго маляваў палітзняволены мастак Алесь Пушкін, а таксама падзяліўся ўласнымі малюнкамі карцара ІЧУ на Акрэсціна і камеры на "Валадарцы".

Арцём Майсіёнак у белай шапцы
Арцём Майсіёнак у шэрай шапцы на акцыі пратэсту ў 2020 годзе

Арцёму Майсіёнку 28 гадоў, ён родам з курортнага пасёлка Нарач. Мае вышэйшую тэхнічную адукацыю — скончыў БНТУ, адслужыў у войску кінолагам. Працаваў прарабам у Расіі і Беларусі. У 2020 годзе Арцём далучыўся да пратэснага руху.

"Усе астатнія фатаграфіі ў тэчцы — гэта мінулыя і будучыя затрыманыя"

"Я ўсё свядомае жыццё разумеў, што дзейсная ўлада — нейкая не такая, якая павінна быць. У 2020 годзе большасць беларусаў адчула, што мы можам усё змяніць. Я не застаўся ўбаку і мне вельмі захацелася далучыцца".

Праз год Арцёма затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту. Як распавядае хлопец, да затрымання ён працаваў прарабам вахтавым метадам — тры тыдні ў Расіі і тыдзень у Мінску. Летась 22 лістапада ён так у чарговы раз прыехаў у Беларусь.

"Праз пару дзён я планаваў ізноў вяртацца ў Расію. Зранку 23 лістапада я прыехаў на офіс, а праз хвілін 15 па мяне прыехалі хлопцы з ГУБАЗіКа. Затрыманне было без масак-шоў: зайшлі чатыры супрацоўнікі, адзін з іх прадставіўся і сказаў: «Пройдемте»".

Арцём цяпер прызнаецца, што раней думак пра тое, што яго могуць затрымаць, не было:

"У мяне былі дзве адміністратыўкі раней і, думаў, на гэтым усё. Мяне двойчы штрафавалі за ўдзел у Маршах".

Паводле былога палітвязня, яго ідэнтыфікавалі праз здымкі з паслявыбарчых Маршаў:

"Калі я ехаў з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, то ўбачыў у іх тэчку з фатаграфіямі з Маршаў таўшчынёй дзесьці тры сантыметры. На нейкай са старонак была фатаграфія групы асобаў — чырвоным фламастарам быў абведзены я. Я разумею, што ўсе астатнія фатаграфіі — гэта мінулыя і будучыя затрыманыя".

У ГУБАЗіКу з Арцёмам запісалі традыцыйнае "пакаяльнае відэа". Ён не чакаў, што яго затрымаюць у межах крымінальнай справы — "думаў, можа сутак больш дадуць". У Следчым камітэце Арцёму расказалі, што яму ставяць у віну, але ён адразу падумаў, што гэта запалохванні.

"На Акрэсціна дагэтуль стаўленне застаецца свінскім"

Наступныя 10 сутак хлопец правёў у сумна вядомым "палітычным" карцары ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

"Там, дарэчы, сустрэўся з Данілам Касенкам і Андрэем Шляпавым, інтэрв'ю з якімі нядаўна выйшлі на «Вясне»". 

"Я больш за шэсць крокаў наперад за паўгода не хадзіў" — дваровы актывіст распавёў пра збіванні ў КДБ і шэсць месяцаў зняволення

Андрэй распавёў "Вясне" пра затрыманне і збіванні ў КДБ, АМАП на Акрэсціна, кнігі на "Валадарцы", растлумачыў важнасць падтрымкі палітвязняў лістамі і падзяліўся сваёй матывацыяй працягваць барацьбу.

У аднамясцовым карцары ўтрымлівалі сем-дзевяць чалавек. За дзесяць сутак іх не вадзілі ні ў душ, ні на шпацыр, для зняволеных ні разу не прынялі ў сваякоў перадач. Адзінае, што было ў камеры, — маленькі кранік з цёплай вадой. Вопратку ў арыштантаў забралі, але Арцём быў у швэдры, на якім ён спаў у карцары.

"Бетонная падлога, камера памерам 1,70 на 3,20 кв. м., адкрыты туалет… На Акрэсціна дагэтуль стаўленне застаецца свінскім. Там дагэтуль працуюць супрацоўнікі АМАПу — супрацоўнікі апрануты ў іх форму.

У мяне на момант затрымання былі доўгія валасы, заплеценыя ў касічку. З адным амапаўцам у мяне склаліся "цесныя адносіны", — іранізуе Арцём. — І калі я пару разоў выходзіў з камеры на праверкі, то ён абшукваў нават мой хвосцік. Ахоўніца потым, падсцёбваючы яго, пыталася, ці знайшоў ён што-небудзь, а ён, не разумеючы іронію, сур'ёзна адказваў, што не. Прычым у камеры нам выдавалі маленькія кавалачкі туалетнай паперы і мыла — усё, больш у нас нічога не было. Абшукваць нас два-тры разы на дзень, такім чынам, не мела ніякага сэнсу. Гэта ўсё робіцца, каб скласці максімальны дыскамфорт.

Малюнак і нататкі Арцёма ў карцары ІЧУ на Акрэсціна
Малюнак і нататкі Арцёма ў карцары ІЧУ на Акрэсціна

Дзесьці на пятыя суткі да нас у камеру завялі мужчыну гадоў 50, але па ім было відаць, што ў месцах няволі ён не ўпершыню. Ён як зайшоў у камеру, так і застаўся стаяць каля дзвярэй. Так стаяў гадзіны дзве і проста глядзеў на нас, не разумеючы, што адбываецца. Мне стала цікава, што гэта за мужчына. Ён расказаў, што з 50 гадоў 25 ён правёў у зняволенні за забойства і рабаванне. Мы калі разгаварыліся з ім, то ён сказаў, што ні разу за гэтыя адседжаныя 25 гадоў не бачыў такіх умоваў, як у нас. Ён дзівіўся: "А як вы ясце тут? А як посуд мыеце? А спіце як?" Мы яму адказвалі: "Я лягу тут, ён тут, а ты тут [паказвае на месцы на бетоннай падлозе] — і нам будзе цёпла". Яго перавялі да нас у якасці пакарання за канфлікт з ахоўнікам.

Каб разрадзіць абстаноўку, мы намагаліся жартаваць і пакепліваць. Калі заходзіў хтосьці новенькі ў карцар, то мы адразу на яго пачыналі наязджаць: "Ты што, супраць улады?" Яны падазрона выціскалі: "Не", — тады мы перапытвалі: "У сэнсе — не?" Тады яны казалі: "Так" [смяецца]".

"На Дзень народзінаў мне хтосьці сасіску сваю аддаў з абеду"

На наступны дзень пасля затрымання — 24 лістапада — Арцёму споўнілася 28 гадоў, якія ён адзначыў у ІЧУ на Акрэсціна:

"Я асабліва не адзначаю Дні народзінаў. Я думаў пра тое, што заўтра 25-га, а паслязаўтра — 26-га, а потым я, магчыма, буду спаць на нейкім матрацы. Я разумеў, што буду на Акрэсціна 10 дзён, і хацелася, каб яны хутчэй скончыліся. На Дзень народзінаў мне хтосьці сасіску сваю аддаў з абеду [смяецца].

Там збіраліся адэкватныя людзі, таму было вельмі нават камфортна. Мы размаўлялі на розныя тэмы, гулялі ў гульні, смяяліся. Напэўна, у ахоўнікаў быў дысананс у галаве: "Што за прыкол? Мы іх максімальна жорстка ўтрымліваем, а яны ўсё адно смяюцца".

Калі я пачуў артыкул і што мне паводле яго пагражае, я вырашыў трымацца на пазітыве".

"Калі 24 чалавекі стаяць у калідоры, не разумееш, як гэта ўсё змяшчаецца ў камеру"

Пасля 10 сутак у ІЧУ на Акрэсціна Арцёма этапавалі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Адразу хлопца змясцілі ў так званы "адстойнік" — часовую камеру чакання да размеркавання ў камеру.

"Там толькі жалезныя нары і бетонная падлога. Сярод ізноў прыбылых я быў адзін паводле "палітычнага" артыкулу. Усіх, каго прывезлі, акрамя мяне, адразу адправілі ў камеры, а мяне пакінулі на ноч у "адстойніку". Калі я зайшоў туды і ўбачыў супер-страшнае памяшканне, першае, пра што я падумаў: "Вось тут я буду жыць? Ды ну?" Там быў яшчэ адзін хлопец, які абвінавачваецца па наркатычным артыкуле 328. Мы з ім загаварылі і між іншым ён сказаў фразу: "Зранку нас будуць паднімаць у «хаты»". У мяне пазл склаўся і ўзняўся настрой, бо зразумеў, што там жыць не буду". 

Бліжэй да вечара Арцёма перавялі ў 24-мясцовую камеру № 63, у так званы "Шанхай". Палова людзей — фігуранты "палітычных" спраў.

"Калі я зайшоў у камеру, то з-за людзей, ложкаў не пабачыў нават сцяны насупраць. Аркушамі ад сшытка — замест рулеткі — мы налічылі, што камера 25 кв. м. Калі нас выводзілі на масавыя шпацыры і 24 чалавекі стаялі ў калідоры, я не разумеў, як гэта ўсё змяшчаецца ў камеру".

Арцём намаляваў камеру
Арцём намаляваў камеру "Валадаркі", у якой яго ўтрымлівалі амаль пяць месяцаў

"У нас усё ў камеры вырашалася дэмакратычна"

Арцём кажа, што ўвесь час зняволення яго падтрымлівала тое, што побач былі "добрыя людзі".

"І гэта не толькі пра палітвязняў. Там шмат сустракаецца добрых, цікавых і талковых людзей". 

Арцём у камеры сядзеў з палітзняволенымі Аляксеем Іванісавым, Дзянісам Сальмановічам, Аляксандрам Шышко, Вячаславам Кандыбам, Адамам Саўко, Сяргеем Чапегам, Аляксеем Смяшковым, Юрыем Уснічам, Міхаілам Хаміцэвічам, Алесем Пушкіным, Дзмітрыем Лукшам, Дзянісам Сасункевічам, Алегам Аўдзеенкам.

"З некаторымі з іх пазней сустрэўся ў Літве. Кожнага з гэтых людзей я лічу за свайго сябра, годнага чалавека, патрыёта сваёй краіны.

Але я не хачу падзяляць "палітычныя" і іншыя артыкулы. Шмат там цікавых людзей. Былі чатыры чалавекі па "эканамічных" артыкулах. У нас усё ў камеры вырашалася галасаваннем і абмеркаваннем — дэмакратычна".

У Арцёма з "Валадаркі" застаўся ягоны партрэт ад палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна:

"Ён амаль усіх з камеры намаляваў. Алесь казаў так: "Я цяпер знаходжуся не ў зняволенні, а ў творчым адпачынку. І я цяпер адмыслова напрацоўваю руку, малюючы ўсіх і робячы замалёўкі". Ён хоча потым стварыць нейкі музей. У яго было шмат сваіх замалёвак. Напрыклад, у цемры ён пабачыў праменьчык і хутка гэта замаляваў. Памятаю, мы стаялі ў прагулачным дворыку і глядзелі на неба і вежу праз краты, і кажам: "Алесь, класны план!" Ён пастаяў, падумаў, а потым прыйшоў у камеру і намаляваў наадварот — зверху: як быццам ахоўнік зверху глядзіць, а пад кратамі натоўп людзей.

Мой партрэт заняў хвілін 20-30. Я сядзеў на лаўцы дзесьці, пакуль ён мяне маляваў".

Партрэт Арцёма Майсіёнка. Аўтар: палітзняволены мастак Алесь Пушкін
Партрэт Арцёма Майсіёнка. Аўтар: палітзняволены мастак Алесь Пушкін

Алесь Пушкін у камеры размаўляў на беларускай мове. 

"Міша Хаміцэвіч — вельмі прыязны хлопец, які 100% не пакрыўдзіць мухі. У яго першая група інсуліну, і яго ўвесь час водзяць у медпункт, каб ён калоў сабе інсулін. Міша заўсёды трымаўся на пазітыве".

Паводле Арцёма, недалёка ад іх камеры некаторы час знаходзіўся Эдуард Бабарыка

"Начальнік СІЗА прапанаваў капітану, які мяне прывёў, пасядзець у карцары разам са мной"

moiseenak_arcem.jpg
Арцём Майсіёнак. Фота з асабістага архіву героя

Раней Арцём меў доўгія валасы, але на "Валадарцы" яму давялося падстрыгчыся.

"Калі мяне ставілі на прафулік як "схільнага да экстрэмісцкай дзейнасці", то начальніку СІЗА, палкоўніку Цэдрыку, не спадабаўся мой вонкавы выгляд. Ён прапанаваў мне падстрыгчыся або пасядзець у карцары. Пасля таго як я задумаўся над адказам, ён прапанаваў капітану, які мяне прывёў, пасядзець у карцары разам са мной, калі я не пастрыгуся. Напэўна, вельмі прыемна і цікава працаваць вось такім капітанам", — іранізуе хлопец.

"Падтрымка сваякоў палітвязняў — гэта нашмат лепш за падтрымку самога зняволенага"

Арцём адзначае, што шмат хто сутыкаўся з праблемы з лістамі, але былы палітвязень бачыць прычыну ў тым, што цэнзарам прыходзіць указ, магчыма, ад следчых, не прапускаць лісты пэўным людзям і такім чынам націснуць на чалавека, каб, напрыклад, атрымаць патрэбныя паказанні.

"Лісты даходзілі далёка не ўсе. Запомніў адну файную паштовачку ад незнаёмага чалавека, дзе было напісана: «На Нямізе рухнуў мост, і сцены хутка рухнуць!»"

Паштоўка салідарнасці, якую даслалі Арцёму за краты
Паштоўка салідарнасці, якую даслалі Арцёму за краты

Мой сукамернік Дзіма Лукша вельмі добра напісаў у сваёй вестачцы пра важнасць лістоў:

"Як і казаў, лісты тут — усё. Гэта і самыя моцныя эмоцыі, і сувязь з роднымі, і ўсё астатняе. Дзень рэальна дзеліцца на два этапы: чаканне лістоў і напісанне адказу.

Часам, наадварот, лістоў баяцца: быў неяк момант, калі аднаму мужчыну, што спаў недалёка ад мяне, прыйшоў нейкі ліст, які ён доўга чытаў, потым заплакаў і яшчэ праз пару хвілін пайшоў да сметніцы і доўга, са слязьмі на вачах, ірваў дзясяткі лістоў, якія прыходзілі яму раней. Асабліва цяжка было глядзець на гэта, таму што рабіў гэта дужы 50-гадовы мужчына, са шклянымі ад слёз вачыма і… у поўнай цішыні.

Так што, усялякае бывае. Але наогул, у 90% усе, хто тут, рэагуюць на лісты аднолькава: адварочваюцца да сценкі ці накрываюцца коўдрай і пару хвілінаў плачуць — і няважна, які ты знешне можаш быць строгі і брутальны — усе ўсё разумеюць, ніхто ніколі з гэтага не смяецца. Максімум, могуць падаць сурвэтку.

Ліст не тое, што асабістае — амаль святое, таму ён заўжды трымаецца ў сакрэце. Лісты тут — усё, у іх нашы сілы!"

Лісты вельмі ўздымаюць настрой. Калі раздаюць лісты, то ўсе ў чаканні заглядваюцца.

Таксама важна падтрымліваць сваякоў палітвязняў, і каб пра гэта дазнаўся сам зняволены. Гэта нашмат лепш за падтрымку самога палітвязня.

У нашу камеру прыходзіла пасылка ад аднаго чалавека. Там былі файныя рэчы: сухафрукты, цукаты... Шмат людзей ніколі такога не елі раней. Нас, канечне, песцілі ежай нашы родныя і добрыя людзі праз пасылкі".

"На Новы год у 23:34 мы пачулі салют"

Новы год Арцём, як і Дзень народзінаў, сустрэў у няволі.

"У атаварцы "Валадаркі" мы замовілі інгрэдыенты для торціка: каржы для "Напалеона", згушчонку, масла. Згушчонка была "Глыбоцкая", — усміхаецца хлопец. — Але ў спісе крамы там проста напісана — "Згушчонка", "Вафлі". Мы нагатавалі стол, але потым гэта ніхто асабліва не еў.

У 23:34 мы пачулі салют. Гэта было вельмі цёпла сэрцу. Мы думалі, што заўтра будзе рэвалюцыя і нас выпусцяць, — смяецца Арцём. — Прычым гэты салют быў даўжэйшы за той, што а 12-й ночы".

"Спадзяваліся, што гэта дасць пачатак вызваленню Беларусі"

Акрамя святаў, хлопец у зняволенні заспеў і пачатак вайны:

"Мы вельмі шмат глядзелі навінаў, таму што з БТ таксама можна атрымліваць патрэбную інфармацыю. Увечары 23 лютага мы ўсе глядзелі выступ Пуціна і разумелі, што нейкая бязглуздзіца адбываецца і, хутчэй за ўсё, цяпер пачнецца вайна... Так і выйшла.

Мы глядзелі тэлевізар і пераварочвалі навіны на 180 градусаў. Кажуць: "Мы не напалі!" Гэта значыць, што сапраўды з нашай тэрыторыі быў напад. Было страшна. І страшна за родных людзей, таму што незразумела, да чаго гэта можа прывесці.

Калі дазналіся, што наступ пачаўся, у тым ліку, і з нашай тэрыторыі, то спадзяваліся, што Беларусь адрэагуе больш жорстка і гэта дасць пачатак вызваленню Беларусі".

"У першыя дні на волі было нязвыкла, бо прызвычаіўся рабіць толькі тое, што скажуць" 

У сярэдзіне красавіка суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Юлія Блізнюк прызнала хлопца вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і асудзіла да трох гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Арцёма вызвалілі ў зале суда. Ён спадзяваўся, што яму дадуць "хімію", але ягоныя надзеі пахіснуліся, калі палітзняволенаму Юрыю Уснічу, з якім ён ездзіў на суды, паводле гэтага ж артыкулу 342 КК прысудзілі два з паловай гады калоніі. 

"Тады я падумаў, што мне будзе штосьці падобнае, бо ў мяне былі больш сур'ёзныя фатаграфіі. Я стаяў у счэпцы, а Юра проста фатаграфаваў натоўп, праўда, у яго больш такіх фатаграфій. Але 2,5 гады калоніі — за фатаграфіі людзей, якія мірна ідуць!!! Гэта рэаліі цяперашняй Беларусі.

Я быў гатовы паехаць і ў калонію. Мне проста хацелася, каб як мага хутчэй скончыліся суды, і з'ехаць з "Валадаркі" куды-небудзь. Там душна і мала месца, таму хацелася куды-небудзь з'ехаць — усё адно куды.

У першыя дні на волі было нязвыкла, бо прызвычаіўся рабіць толькі тое, што скажуць. Таму трэба было сур'ёзна пераключыць мазгі".

"Спадзяюся, што калісьці закон возьме верх" 

Былы палітвязень пасля таго, як прайшоў праз пяць месяцаў у СІЗА, "палітычны" суд і вымушаную эміграцыю, кажа, што не шкадуе пра свой выбар і рашэнні:

"Памятаю, ахоўнік, як толькі я прыехаў на "Валадарку", з цікавасцю запытваў, ці не шкадую я. Я яму тады шчыра адказаў, што не. Калі б я ведаў, чым гэта ўсё скончыцца, то ўсё адно б выходзіў.

Палітвязні — гэта невінаватыя людзі, якія проста вырашылі выказаць свой пункт гледжання. Рознымі спосабамі: хто якім хацеў і хто якім мог. Вось 19-гадовага Адама Саўко асудзілі да пяці гадоў калоніі — выйдзе ён у 24 ужо… Я спадзяюся, што хутка закон возьме верх і нікому не давядзецца сядзець па 5-10 гадоў за свой пункт гледжання. Там кажуць так: "Трэба верыць у добрае, але рыхтавацца да горшага". 

Арцём хоча вярнуцца ў Беларусь і непахісна верыць у "Новую Беларусь":

"Абавязкова вернемся, толькі трэба зразумець, што ўжо не будзе белых стужачак ці здымання тапачак, перад тым як залезці на лаўку. Гвалт можа перамагчы толькі сіла. А рэжым, прапускаючы праз свае жораны тысячы людзей, сам стварае гэту сілу. Галоўнае, каб людзі верылі ў тое, што пачалі ў 2020 годзе, і аб'ядноўваліся".

«Вярніце мяне на "Тытанік"». Былы палітвязень — пра два месяцы пад вартай за абразу Лукашэнкі ў Instagram

«Вясна» прыводзіць гісторыю Данііла ад першай асобы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства