viasna on patreon

«Вярніце мяне на “Тытанік”». Былы палітвязень — пра два месяцы пад вартай за абразу Лукашэнкі ў Instagram Аўдыё

2022 2022-05-31T15:40:00+0300 2022-09-08T15:35:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/daniil_kasenka5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Данііл Касенка — былы палітзняволены. Ён правёў два месяцы пад вартай да суда — за тое, што «абразіў» Лукашэнку ў Instagram. Данііл змяніў некалькі камер у некалькіх месцах (на Акрэсціна і Валадарскага, у Маскоўскім РУУС Мінска і ў Жодзіне), у тым ліку сядзеў у камеры «шызафрэнікаў». Бачыў людзей, зняволеных па справе Зельцэра. Прайшоў «экстрэмісцкую» камісію на адной назе.

За кратамі Данііл утрымоўваўся з 22 лістапада 2021 года да 21 студзеня 2022 года. Пасля вынясення прысуду (два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) хлопец уцёк з Беларусі. «Вясна» прыводзіць гісторыю Данііла ад першай асобы.

daniil_kasenka4.jpg
Данііл Касенка

Чаму я?

Я жыў у Мінску і займаўся вандроўкамі: вазіў аўтобусныя моладзевыя туры. А яшчэ арганізоўваў і вёў святы: вяселлі, юбілеі, карпаратывы, прэзентацыі. Быў у маленькія змены ў прыватным дзіцячым летніку намеснікам дырэктара і важатым, і планаваў у гэтым развівацца. А яшчэ разам з таварышам я стварыў свой праект Digital detox — пра тое, як адпачываць без тэлефонаў шляхам творчых майстар-класаў на свежым паветры. Я дарыў людзям эмоцыі і ствараў свята.

Я быў 9 жніўня 2020 года на Стэле [месца ў Мінску, дзе праходзіў найболей масавы пратэст супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў — Заўв. рэд.]. І бачыў, як людзей пачалі атакаваць сілавыя прадстаўнікі лукашэнкаўскай улады, як паляцелі гранаты, як пачалі страляць, бачыў кроў...

Пасля гэтага я не баяўся паказваць сваю пазіцыю. Калі вазіў туры, то ўключаў у аўтобусах «Ляпіса Трубяцкога», NaviВand, «Перемен» Віктара Цоя — і трансляваў гэта ў сторыс у Instagram. Запісваў я сторыс і ў цішотцы з выявай Ніны Багінскай («Я гуляю» з бчб-сцягам).

А яшчэ ў мяне было маленькае журналісцкае хобі — у сваім Instagram я рабіў хайлайтс з назвай «Перемен». У іх я сканцэнтраваў самыя, на мой погляд, ключавыя падзеі пратэсту 2020 года. Быў там і Лукашэнка. Памятаеце, калі ён выступаў каля ГЦ «Сталіца» ў Мінску 16 жніўня [на праўладным мітынгу]. Ён быў у поце, тросся — і злавілі кадр, дзе ён ускідае руку ўгару, як быццам «зіга». Я зрабіў скрыншот гэтага фота, дадаў надпіс «фашыст» і рэпостнул. Я лічу, што такая ідэалогія прысутнічае ва ўсіх гэтых рэпрэсіях — беларусам не даюць быць беларусамі ва ўласнай дзяржаве. Таму я згодзен з тым, што ён фашыст.

І вось мне патэлефанавалі з РУУС…

РУУС Маскоўскага раёна Мінска

Думаў, мяне забяруць — але не, мяне папрасілі напісаць тлумачальную наконт маіх хайлайтс.

Але мінулі тры тыдні. Мне патэлефанавалі зноў з РУУС, запрасілі ў чымсьці распісацца: пад'ехаць літаральна на 30 секунд.

У той дзень я быў вельмі загружаны працай, а яшчэ мая бабуля клалася ў лякарню з каранавірусам… І я неяк без задняй думкі проста паехаў у РУУС. Мне здавалася, што калі ў папярэдні раз было без хлусні, то, можа, і цяпер так будзе. Але мяне адвезлі ў Следчы камітэт, паведамілі пра ўзбуджэнне крымінальнай справы — і ўсё пайшло па накатанай. Толькі я думаў, што гэта будзе 10 дзён, а гэта зацягнулася на два месяцы.

Ізалятар часавага ўтрымання (1-ы завулак Акрэсціна)

На Акрэсціна я быў пяць сутак. У памяшканні карцара. Яно прызначана для аднаго чалавека — пяць з паловай метраў у даўжыню і тры ў шырыню, і там усяго адна драўляная «шконка» [адкідны ложак  — Заўв. рэд]. Але нас там у розны час сядзела ад шасці да васьмі чалавек. Мы спалі на бетоннай падлозе, а цёплую вопратку забралі. Абутак таксама.

У якасці туалета — дзірка пасярод камеры. І гумовае вядро: ім мы і змываем, у ім і мыем рукі, і ўмываемся. Рукамыйніцы няма, кран абрэзаны, і, дзякуй богу, хоць халодная вада цячэ.

Там няма ніякіх сродкаў гігіены, туалетнай паперы давалі на дзень трошкі, то бок гэтага не хапае на тое, каб нам усім схадзіць у туалет.

Пах... Клапы, вошы — усё гэта вылазіць уначы, калі ты засынаеш, і кусаецца. Смярдзіць жудасна, чуваць крыкі...

Кормяць горш за свінняў. Суп, у якім плавае тры бульбіны, — жыжка. Кормяць, каб толькі падтрымліваць жыццё. Гэта таксама свайго кшталту катаванне.

Стаўленне супрацоўнікаў вельмі жорсткае, я б нават сказаў — крытычна радыкальнае. Месцамі я пачуваўся быццам габрэем у гета — такая асацыяцыя ў мяне паўстала. На ўсе пытанні — цябе пасылаюць у адно месца... Ты для іх не чалавек. Яны самі і адзін да аднаго ставяцца не скажу, што зусім па-людску — размаўляюць суцэльными мацюкамі.

Паднімаюць уначы, каб вывесці на «расцяжку» (рукі выцягваеш да сцяны, ногі трэба ставіць шырока — а яны б'юць па нагах, каб паставіць іх шырэй), жорсткія мацюкі, глядзець нікуды нельга: калі азірнуўся, то атрымаў па нагах.

І як толькі ты засынаеш на гэтай бетоннай падлозе, то чуеш, як дубінкай з нагі ў дзверы: «Усталі! Прозвішчы назвалі!» Супрацоўнікі гэта робяць вельмі па-злому. Нібы запраграмаваныя кібаргі.

Новыя арыштаваныя хлопцы прыходзілі ў камеру кожны са сваімі гісторыямі. Яны здымалі майку — а там сляды ад шокераў і дубінак. Мяне ў параўнанні яшчэ мякка затрымлівалі, але былі тыя, каго затрымоўваў ГУБАЗіК і АМАП. Ёсць кейсы, дзе яны ветліва прыходзілі і прасілі прайсці з імі. А ёсць, дзе ўзламалі дзверы, дзе затрымлівалі тварам у падлогу, а дома былі бацькі ці жонка з дзіцем. Я не ведаю, якая ў іх градацыя…

І зноў РУУС Маскоўскага раёна

На чацвёрты дзень майго знаходжання на Акрэсціна мяне вывезлі ў РУУС Маскоўскага раёна горада Мінска і сказалі, што я еду ў Жодзіна. Мне было незразумела: як я, грамадзянін горада Мінска, еду ў Жодзіна?

У РУУС я быў вельмі злы, бо застудзіў ныркі з-за гэтай бетоннай падлогі на Акрэсціна, і ўвесь час хацеў у туалет. Я цэлы дзень стукаў у дзверы (мяне а 12-й прывезлі, а 19-й прыйшоў следчы) — у туалет мяне звадзілі адзін раз.

І за дзень мне не прапанавалі ні папіць воды, ні паесці. Ну хоць што-небудзь! Кавалачак каўбасы, хоць бы хлеб, сухар, семак насыпаць — ну што-небудзь! Нічога.

Я не разумею, чаму ў РУУС такое стаўленне — гэтыя хлопцы нібыта павінны змагацца са злачыннасцю... Ахвота лаяцца мацюкамі, калі ўзгадваеш гэтую гісторыю.

Следчы быў малады і адэкватны, але дазваляў сабе ўсмешачкі. Калі я сказаў, што спаў на бетоннай падлозе 5 дзён з вошамі і клапамі, то ён сядзеў і ўсміхаўся. Хацелася б перадаць яму прывітанне.

Затым мяне вярнулі на Акрэсціна, а на наступны дзень адправілі ў Жодзіна.

Следчая турма № 8 Жодзіна і што такое «светка»

На Жодзіна было значна лепш, чым на Акрэсціна. Але мая гісторыя — гэта кейс чалавека, які знаходзіцца ў Жодзіна пад следствам. А людзі, якія трапляюць у Жодзіна на 15 сутак [у межах адміністрацыйнага арышту, а не паводле крымінальнай справы да суда — Заўв. рэд.] — гэта зусім іншы кейс.

Параўнаем Акрэсціна і Жодзіна: у першым выпадку мы не ведаем, што з намі будзе, на нас гарлапаняць увесь час мацюкамі, нас дрэнна кормяць (дакладней, проста падтрымліваюць жыццё), зневажаюць маральна і могуць нават нанесці фізічныя траўмы — і ты ў гэтым жывеш 5 дзён. А ў Жодзіне — супрацоўнікі з табой мякчэй размаўляюць, дазволены перадачы, лісты. Бібліятэка катаецца — няхай і старая, з савецкімі кнігамі і выдранымі лістамі на цыгарэты-самакруткі… Нават у Бібліі ёсць выдраныя лісты на самакруткі — гэта блюзнерства, вядома [усміхаецца — Заўв. рэд].

З Акрэсціна я прыехаў цалкам без рэчаў. І суседзі па камеры ў Жодзіне далі мне зубную шчотку, ручнік, тапкі, ежу, дзяліліся ўсім.

Наогул, мне пашанцавала з камерай. У ёй быў парадак, культура і прынцыпы лепшыя за, прабачце, беларускую Канстытуцыю і прававое поле Рэспублікі Беларусь. У камеры было ўсё вельмі граматна зроблена: у нас [сярод зняволеных — Заўв. рэд.] быў повар і заггас, які адказвае за прадукты, бо мы жылі «абшчаком»... Гэты турэмны слэнг, гэтыя словы… Вы ведаеце, што такое «светка»? «Светка» — гэта туалет. Навошта мне гэта ведаць? [смяецца — Заўв. рэд ]. Але я гэта ведаю.

Зняволеныя паводле «справы Зельцэра»

* Згодна з версіяй беларускіх улад, 28 верасня 2021 года IT-мэнэджар Андрэй Зельцэр застрэліў супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, калі сілавікі ўварваліся да яго ў кватэру, пасля чаго быў забіты агнём у адказ. Пасля гэтага ў розных гарадах Беларусі прайшлі масавыя затрыманні людзей, якія пакідалі каментары ў інтэрнэце з нагоды гэтай сітуацыі.

Калі я ўпершыню зайшоў у камеру ў Жодзіне, то расплакаўся. Я ўбачыў там дзядулю, які сядзеў таксама паводле палітычнага артыкулу.

Ён ужо на пенсіі. Усё жыццё адпрацаваў — ні разу не быў у турмах, чыстая біяграфія, унукі ёсць… І ён адкаментаваў смерць кадэбэшніка, штосьці напісаў у «Аднакласніках». Ён вельмі стары. Хоць яму 70 гадоў — не такі стары, але выглядае гадоў на 80. І мне яго было вельмі шкада. Як дзеду жыць у гэтых умовах? У нас у камеры было 12 нар і 15 мужыкоў. Гэта проста цяжка.

Хлопцы па «справе Зельцера» — гэта жах! Хтосьці пакінуў каментар у выглядзе смайліка, хтосьці напісаў адзін сказ — і гэтыя хлопцы сядзяць дагэтуль, ужо сем ці колькі месяцаў. І сядзяць яны ў поўным вакууме і невядомасці. Ніякіх рухаў па іх справах няма.

Прычым першыя месяцы два яны спачатку сядзелі на Акрэсціна: у камеры, прызначанай для шасцярых, іх было па чалавек 20 (калі мне не здраджвае памяць) — то бок яны спалі адзін на адным. А потым — у Жодзіне, у камеры для дзесецярых іх там было па 20-40 чалавек. Лісты і перадачы ім не аддавалі. І ў такіх умовах яны месяц–два прабылі, потым іх размеркавалі ў звычайныя камеры — і вось яны дагэтуль сядзяць. Следчы прыходзіў да кагосьці з іх адзін ці два разы, і нічога ніхто не можа сказаць. Як вось пачуваецца чалавек у такой сітуацыі: месяцы турмы за каментар і за смайлік?

Я бачыў, як у такім разе маральна разлагаецца галава чалавека, — ён проста робіцца вельмі нервовым, ён у жаху ад таго, што адбываецца…

Спроба атрымаць медыцынскую дапамогу

Выпадкова я разліў кіпень на нагу — і атрымаў апёк другой ступені. Але нармальную медыцынскую дапамогу мне не аказвалі. Здаецца, на другі дзень мне прынеслі супрацьапёкавую астуджальную і абязбольвальную мазь, але гэта часовая мера — праз дзве–тры гадзіны боль вяртаецца назад.

Было вельмі балюча станавіцца на пятку, я не мог нармальна хадзіць. Але мне не давалі мыліцы і ганялі ў такім стане да следчага, да адваката. Як гэта? 800 метраў пад зямлёй мне трэба было праскакаць на адной назе туды і потым столькі ж назад, у горачку — і з горачкі... Кроў прылівала да нагі, яна апухала і не залазіла ў тапак, і я з гэтай крывацечнай ранай скакаў. А супрацоўнікі турмы ўмудраліся паджартоўваць з нагі, з траўмы, з майго артыкула. А назе рабілася ўсё горай.

Я прасіў і пісаў, каб мяне адвялі ў санчастку. Але мяне вадзілі два разы да оперупаўнаважанага турмы Жодзіна і там прасілі, каб я, наадварот, напісаў, што не маю прэтэнзій і медыцынская дапамога мне аказана. Але я знаходзіўся ў такім месцы і з такім артыкулам, што адмовіць [было немагчыма] — і я гэта напісаў, каб не сварыцца з імі. Але, канечне, у мяне ёсць прэтэнзіі. Дагэтуль.

Гэта працягвалася 8 дзён... У мяне паднялася моцная тэмпература, нага пачала ўжо гнаіцца. Я баяўся, што яе проста адрэжуць.

А яшчэ з такой нагой мяне паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму.

«Схільны да экстрэмізму»

На прафулік ставяць усіх палітычных зняволеных. З гэтага моманту на «тармазах», на ўваходзе ў «хату» з'яўляецца картка з гэтай пазнакай — і да цябе ўжо адмысловае стаўленне. «Хата» — гэта камера, а «тармазы» — ейныя дзверы.

Штораніцы прыходзяць на праверку. Дзяжурны па камеры кажа: «Я дзяжурны па камеры, у камеры ўтрымоўваецца вось столькі чалавек». І пасля гэтага ўсе палітвязні ў камеры павінны сказаць, да прыкладу:

«Касенка Данііл Міхайлавіч, 368-ы артыкул, частка першая, знаходжуся на прафілактычным уліку як схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці, якая разлагае грамадства».

Гэта трэба гаварыць, каб іх чорт узяў, штораніцы, а яшчэ часта і ўвечары.

Як мяне ставілі на прафулік?

Нага моцна крыватачыла, галава ўжо подкружвалася, цямнела ў вачах, усё было вельмі дрэнна — але мяне туды пагналі. Чакаў паўгадзіны начальніка турмы, і мне нават не дазволілі сесці. Потым я стаяў перад імі.

Прафулік — гэта проста спектакль аднаго акцёра! Не, нават цэлай тэатральнай трупы жодзінскай. Уся камісія, чалавек 15 — усе важныя асобы турмы — збіраюцца, выклікаюць цябе «на дыван», і ты ім распавядаеш, чаму ты здзейсніў тое, што здзейсніў. І яны прымаюць рашэнне, ці паставіць цябе на прафулік. Зразумела, што ставяць усіх абсалютна, у каго артыкул «палітычны».

То бок у іх такі маленькі суд усярэдзіне турмы.

Калі ў мяне запыталіся, навошта я гэта зрабіў, я адказаў: у кіраўніцтве гэтага чалавека [Лукашэнкі — Заўв. рэд] былі прынятыя няправільныя, жорсткія рашэнні ў дачыненні да грамадства ў 2020 годзе. Таму што людзей білі.

«Ты гэта бачыў?» — спыталі яны. То бок мяне пачалі раскручваць, ці з'яўляюся я ўдзельнікам [масавых беспарадкаў, як называюць беларускія ўлады падзеі 9–11 жніўня 2020 года — Заўв. рэд.] Але я ж не дурань — кажу: «Не, не бачыў».

«А дзе ты гэта бачыў?»

«У сацсетках».

«У сацсетках? Дык гэта ўсё прапаганда».

«У мяне шмат знаёмых, хто пацярпеў».

«Так, мгм, зразумела, знаёмых, — кажа хтосьці з турэмнай камісіі ўголас, а пасля запытвае ва ўсіх: «Вы згодны, што ён экстрэміст і схільны да экстрэмісцкай дзейнасці?»

І ўсе проста аднадушна руку: «Так».

З гэтага моманту я і мусіў казаць тыя словы штораніцы.

Viasna96 · Данііл Касенка — пра камісіі па пастаноўцы на "экстрэмісці ўлік"

Санітарная частка

На восьмы ці дзявяты дзень мяне ўсё ж перавялі ў санчастку. Суправаджаў мяне прапаршчык. Ён сказаў: «Мы цябе падлечым», — але з мацюком.

Я скакаў на адной назе, з усімі сваімі рэчамі — пакетамі і сумкамі. Хоць бы адзін пакет ён дапамог мне паднесці! Мяне бамбіць. Дзе наогул хоць штосьці чалавечае ў вас? Бо калі чалавек трапляе ў турму, то зверху гэтыя хлопцы робяць яшчэ горш — вось праз іх наогул ахвота павесіцца…. Мне, праўда, не хацелася, але я бачыў тых, каму хацелася.

У санчастцы на шэсць «нар» былі два «палітычныя» і два «зэкі-перасідкі».

«Зэк-перасідак» — гэта чалавек, які ўсё жыццё матляецца па турмах. Паводле правілаў яны не павінны ўтрымоўвацца разам з «першаходамі» (тымі, хто сядзіць у першы раз), але на санчастцы нас змешвалі.

Усё было добра, але потым здарыўся канфлікт: гэтыя «зэкі» пачалі дзяўбці дзядулю — палітычнага паводле «справы Зельцэра». Маральна яго елі вельмі моцна. Яны проста энергетычна падзараджаюцца, як вампіры — чалавека выводзяць з сябе, і гэта для іх забаўка. Спярша я маўчаў, пакуль нага загойвалася, але потым заступіўся за дзядулю. Хоць са здароўем у гэтага «зэка» ўсё добра — яму не прыносяць таблеткі і ён не ходзіць на працэдуры. Гэта падсадны чалавек унутры турмы, у якога дзелавыя адносіны з супрацоўнікамі Жодзіна. Гэта звычайная практыка для нашых сілавых структур — калі ёсць такія людзі. І вось я з ім пасварыўся, і мяне перавялі на наступны дзень у камеру да «шызафрэнікаў».

Камера «шызафрэнікаў»

Я не ведаю наогул, чаму гэтая камера існуе ў гэтым Жодзіне. Так, лекары там працуюць на паверсе, наўпрост насупраць гэтай камеры, але ўмовы і стан гэтай камеры… Людзей у ёй трымаць нельга.

Нас было шасцёра. Лёня-чыгуначнік, адзін намдырэктара МТЗ (не ведаю, як ён туды трапіў — кажа, выпадкова так выйшла), і хлопец-айцішнік з расійскім пашпартам, якому пры затрыманні зламалі руку.

А астатнія…

Калі мяне толькі завялі ў тую камеру, то насустрач вываліўся дзядуля з гукам «б-б-б-б-б». Ён спрабуе вырвацца з гэтай камеры, а канваіры мяне пхаюць у спіну, і следам таго дзеда запіхваюць назад.

Гэтаму дзядулю 70 гадоў, у свой час ён забіў палюбоўніцу сякерай (здаецца, за здраду), 30 ці 35 удараў, труп схаваў за печкай. А потым у яго «паехаў дах». Ён толькі выдае гук «б-б-б-б-б» і зусім не ўсведамляе рэальнасць. І замест таго, каб яго перавесці ў Навінкі [РНПЦ псіхічнага здароўя ў Мінску, дзе праходзяць лячэнне людзі з псіхічнымі разладамі, у тым ліку абвінавачаныя ў злачынствах — Заўв. рэд], яго ўтрымліваюць тут і збіраюцца судзіць. Але ён нават не кажа, не разумее мовы, а толькі ківае — як маленькае дзіця.

Пра тое, што ён забіў палюбоўніцу сякерай, мне расказалі сукамернікі.

У першую ноч я прачнуўся, а ён стаіць у мяне проста перад тварам (я спаў на другой нары — дарэчы, «палітычным» нельга спаць на першым паверсе, не ведаю, чаму). І вось ён глядзіць на мяне, усміхаецца і выдае сваё «б-б-б-б-б». У мяне пранеслася думка: Божа, спадзяюся, ён не думае, што я тая самая палюбоўніца. Гэта рэальна страшна.

Яшчэ быў хлопец-цыган, без пэўнага месца жыхарства. Ён клаўся ў ложак, накрываў галаву коўдрай і казаў усё, што думае, уголас.

Потым прывялі яшчэ аднаго чалавека. Ён увесь час ціснуў у званок і казаў: «Перавядзіце мяне ў іншую камеру, яны мяне б'юць, яны мяне п*здяць». Але мы яго наогул не чапалі...

І вось там жудасна смярдзіць, той дзед часта ходзіць міма туалета, міма рота лыжку з супам праносіць, хавае крошкі хлеба пад падушку — і там разводзяцца насякомыя. Жудасна холадна, тараканы поўзаюць там усюды, уначы яшчэ і мышы. Вось такія ўмовы. І гэта называецца санчасткай? Гэтая камера знаходзіцца ў санчастцы, сур'ёзна?!

Пяць сутак на ўсё гэта я глядзеў. А потым у дзеда здарылася эпілепсія. Я ніколі не бачыў эпілепсію раней. Ніколі. Гэта кашмарна.

Была нядзеля, канец снежня, прыкладна 19.45. Ён упаў. Мы яго перавярнулі, каб ён не задыхнуўся. Пена з рота, ягоная галава робіцца сіняй, ён надзімаецца ўвесь, яго ўсяго трасе. Мы звонім у гэты званочак, клічам па дапамогу… Прыходзіць прадольны, глядзіць у вочка, і кажа:

«У мяне перазменка праз 15 хвілінаў, можа ён пратрымаецца?»

«Якая перазменка? Ён зараз памрэ! Кліч па дапамогу!» — мы глядзелі на дзеда і думалі, што яму канец.

«Фельчар у іншым корпусе», — сказаў прадольны і пабег па яго.

Яшчэ дзесьці хвілінаў праз 10-15 прыйшоў фельчар. Агулам мы клікалі па дапамогу амаль паўгадзіны.

Нас вывелі з камеры, дзеду штосьці ўкалолі — і яго трохі адпусціла. Нас завялі ў камеру назад, а ў яго здарыўся другі прыступ. Нас ізноў вывелі, яму зноў штосьці ўкалолі. Потым трэці прыступ — тады ўжо выклікалі хуткую.

Хуткая яго не забрала, і нас пакінулі з ім у камеры. Уначы ён ізноў пачаў блукаць. На наступную раніцу мяне перавялі. Лёс гэтага дзеда я не ведаю. Але ж на ягоным месцы мог апынуцца любы чалавек.

Прабыў я там пяць сутак, і ўвесь гэты час мы пісалі разам з намдырэктара МТЗ просьбы пра тое, каб нас адтуль перавялі ў іншую камеру. Я нават казаў: «Хлопцы, калі ласка, я вас малю, я ачуняў, у мяне нічога не баліць, нага наогул проста загаілася на вачах, вярніце мяне ў маю родную камеру, дзе я быў». Дарэчы, той корпус зваўся «Тытанікам». Таму я прасіў: «Перавядзіце мяне на “Тытанік”».

Калі з санчасткі мяне вярнулі ў маю родную камеру, у якой я быў першапачаткова, у мяне слёзы каціліся — так рады я быў бачыць гэтых людзей (хоць там іх стала менш на 3 ці 4 чалавекі). Я ніколі не думаў, што можна адчуць сябе ў турэмнай камеры як дома.

Наогул я прабыў у Жодзіне паўтара месяца.

Этапы

На ўсіх этапах стаўленне да затрыманых паводле палітычных артыкулаў прадузятае. Падследныя ж па «звычайных» злачынствах (крадзеж і да т. п.) этапуюцца ў больш камфортных умовах. Кайданкі ў іх спераду, заціснутыя нямоцна. Я ж ехаў з жорстка нацягнутымі кайданкамі за спінай, у «стакане» на аднаго — але нас было двое, і мы ехалі, ушчыльную прыціснуўшыся адзін да аднаго. Той чалавек быў затрыманы за педафілію. Так было, калі нас этапавалі з Акрэсціна ў Жодзіна.

Калі нас везлі з Жодзіна на «Валадарку», то звычайным падследным не надзявалі кайданкоў і яны маглі свабодна несці свае рэчы. Я ж ішоў у кайданках, спрабаваў несці свае пакеты, яны рваліся… Добра, што хоць нага загаілася.

Нас перавозілі ў цягніку. У вагоне людзі са звычайнымі артыкуламі маглі свабодна размаўляць і курыць. Мне ж было нельга. Я ехаў асобна — побач з чалавекам, у якога, праўда, артыкул быў не «палітычны», але звязаны з нападам на праваахоўнікаў. Ён проста напіўся, а да яго прыехала людзі без формы. Таму ён не падумаў, што гэта міліцыя, памахаў перад ім нажом — цяпер яму «свеціць» 10 гадоў.

«Валадарка» і «магіла»

*«Валадарка» — СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску, дзе ўтрымоўваюцца абвінавачаныя пад следствам і ў чаканні судовага працэсу над імі.

Для мяне быў культурны шок, калі на «Валадарцы» да мяне звярнуліся на «вы». Я разоў 15 азірнуўся і запытаў: «Вы каму?», мне сказалі: «Вам» і ўсміхнуліся. Я ж прызвычаіўся да «Ты, чуеш, бл*дзь, да сценкі адвярнуўся!», а тут — «Хадземце».

90-95% ад персаналу «Валадаркі» адэкватныя і размаўляюць нармальна. Але ўсё ж будынак «Валадаркі» знаходзіцца ў жахлівым стане.

Viasna96 · Чаму важна пісаць лісты палітзняволеным?

Кормяць там больш-менш: ёсць ядомыя кашы і супы, але ўсё астатняе… Там ёсць такая страва, якую зняволеныя называюць «магіла». Вы б з'елі «магілу»? Гэта штосьці накшталт сумесі капусты і кашы (нейкай паршывай сечкі).

На «Валадарцы» я прабыў 10 дзён у чаканні суда.

Суд, зняты крымінальны артыкул і тое, як можна абразіць прэзідэнта ў Instagram

Цікава тое, што паводле абвінавачвання ў артыкуле 368 («Абраза прэзідэнта») мяне наогул нельга было трымаць у зняволенні. Мяне мелі права затрымаць максімум на 10 сутак. Але на дзясятыя суткі мне раптам інкрымінавалі і артыкул 367 («Паклёп у дачыненні да прэзідэнта»). Гэта дало магчымасць пратрымаць мяне ў зняволенні два месяцы. А калі пачаўся суд, то пракурор адразу ж прапанаваў зняць з абвінавачвання 367-ы артыкул. Цікава, так?

*Згодна з законам, мера стрымання ў выглядзе зняволення пад вартай не ўжываецца да абвінавачанага ў тым выпадку, калі максімальнае пакаранне паводле артыкулу, які яму інкрымінуецца, не перавышае двух гадоў пазбаўлення волі. У ч. 1 арт. 368 КК санкцыя была на тэрмін да двух гадоў. Але 26 траўня 2021 года ў гэтым артыкуле адбыліся змены — цяпер санкцыя прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да чатырох гадоў. Змены набылі моц праз 10 дзён. Данііла ж вінавацілі ў эпізодзе, здзейсненым «не пазней за 2 чэрвеня 2021 года», то бок паводле старой версіі гэтага артыкула.

На судзе ў мяне запытвалі пра фашызм — ці разумею я, што гэта за слова. А я яго выдатна разумею. І разумею, у якім кантэксце я ўжыў гэта слова і ў якім кантэксце гэтая публікацыя была размешчаная ў мяне. Я тлумачыў, што ў падзеях, якія адбываліся, я бачыў прыкметы фашызму ў асобе кіраўніцтва Беларусі. На судзе мне спрабавалі прышыць распаўсюд і (гэта вельмі смешна) выраб. То бок я зрабіў скрыншот, абразаў яго (каб схаваць таго чалавека, у каго я зрабіў скрыншот), выклаў да сябе ў сторыс — і таму я вытворца. Вось так.

На судзе мне далі зразумець, што калі я раскаюся, схілю калена, скажу, што я дзіка прашу прабачэння, то будуць змякчальныя акалічнасці. На што я адказаў, што гатовы папрасіць прабачэння асабіста, калі чалавек [пацярпелы па справе, Лукашэнка — Заўв. рэд] нясе душэўна-маральныя пакуты, яму цяжка, ён пакутуе, дрэнна спіць праз тое, што пабачыў мой скрыншот. Але калі ён асабіста не ў курсе, а вы мяне за гэта судзіце — то пра што гаворка?

Як можна абразіць у Instagram прэзідэнта, на якога не падпісаны? Як можна нанесці яму абразу, калі ён не ў курсе?

У апошнім слове я сказаў, што нікога абражаць не хацеў, што гэта мая пазіцыя і я не хачу адмаўляцца ад свайго меркавання. Распавёў, што я добры чалавек і чым займаюся.

Дзяржабвінаваўца зачытаў, што я не раскайваюся, віну сваю не прызнаю, у сувязі з гэтым змякчальныя акалічнасці ўжытыя не будуць — і мне даюць 2 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. І мяне выпускаюць з залы суда [да моманту пачатку адбывання пакарання — Заўв. рэд].

Усе мае былі страшэнна радыя, але я як бы нямоцна рады, бо разумею, што пасля прысуду маё жыццё ў Беларусі на гэтым этапе сканчаецца і што я буду рэлакавацца. Экстрана [і нелегальна], бо ў мяне падпіска аб нявыездзе.

Я ўцёк у Літву.

Вільня

У Вільні я паспеў правесці адзін квіз «ВАУ шоу», збіраюся зрабіць другі. Адкрываю свой YouTube-канал пра экспатаў у Еўропе, ужо зняў першы выпуск пра беларусаў у Вільні. Хутка ён з'явіцца ў сеціве.

Тут я пачуваюся нармальна, але апошнім часам смуткую, накаціла туга па доме.

У Беларусі я быў на такім узроўні, калі ў сваёй працы і жыцці планамерна набліжаўся да поспеху. Але праз прысуд я страціў усе свае працоўныя месцы, а праз знаходжанне пад вартай не паспеў зрабіць назапашванняў. Таму быў адкрыты грашовы збор для дапамогі мне.

Пра бабулю і вайну

Было балюча, што мне давялося з'ехаць і пакінуць маці без падтрымкі са старой бабуляй. У бабулі цяпер дрэнна са здароўем, і я вельмі перажываю, што яна сыдзе з жыцця, а я не змагу быць побач.

Падчас майго зняволення бабуля ляжала ў лякарні з каранавірусам. Тады сказалі, што яна не выжыве. Але яна выжыла.

Бабулі 92 гады. Яна перажыла Другую сусветную вайну. А цяпер вайна ва Украіне.

І ёй балюча на ўсё гэта глядзець, бо ейны муж — украінец, Касенка Іван Андрэевіч, мой дзядуля-нябожчык. Бабуля і сама ва Украіне правяла палову свайго жыцця, у нас там шмат сваякоў, і ёй, вядома, незразумела тое, што там адбываецца, і то, у якім святле гэта выстаўляе беларускае тэлебачанне. Ейныя душа і сэрца баляць за гэта. Яшчэ і ўнук з'ехаў любімы, то бок уцякаў, а да гэтага яшчэ і ў турме пасядзеў. Для яе гэта вялікае гора. Чалавек, які перажыў вайну, пакутуе на старасці год. Вельмі шкада, што так адбываецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства