viasna on patreon

"Я больш за шэсць крокаў наперад за паўгода не хадзіў" — дваровы актывіст распавёў пра збіванні ў КДБ і шэсць месяцаў зняволення

2022 2022-08-22T11:50:52+0300 2023-05-06T20:49:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shliapov_9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29-гадовага дваровага актывіста Андрэя Шляпава затрымалі 10 лістапада мінулага года ў Мінску. У КДБ яго збівалі, спрабавалі ставіць у "ластаўку", пакідалі на ноч прышпіленым да шафкі ў кабінеце. Адразу хлопца асудзілі на 15 сутак за тое, што ён развешваў БЧБ-сцягі ў мікрараёне Курасоўшчына, хоць прэс-служба МУС тады паведаміла, што затрымала "стваральніка закрытага чата". Пазней яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыях пратэсту 16 жніўня 2020 года і за перакрыцце дарогі ў "Дзень народнага ўльтыматуму". Пасля амаль шасці месяцаў зняволення ў СІЗА-1 Шляпава асудзілі да трох гадоў "хіміі". На сённяшні дзень ён ужо пакінуў Беларусь. Андрэй распавёў "Вясне" пра затрыманне і збіванні ў КДБ, АМАП на Акрэсціна, кнігі на "Валадарцы", растлумачыў важнасць падтрымкі палітвязняў лістамі і падзяліўся сваёй матывацыяй працягваць барацьбу.

shliapov_9.jpg
Андрэй Шляпаў. Фота з асабістага архіву

Андрэй — выхадзец з Баранавічаў, яму 29 гадоў, да затрымання працаваў спецыялістам па забеспячэнні ў прыватнай кампаніі. У 2015 годзе адслужыў у арміі — вайсковай частцы 7404 (гэта ўнутраныя войскі МУС Рэспублікі Беларусь). Тады праходзілі прэзідэнцкія выбары. Вайскоўцаў, у тым ліку і Андрэя, вучылі разганяць мітынгі: "Нас актыўна рыхтавалі, амаль штодня па чатыры гадзіны тактычнай падрыхтоўкі са шчытамі". У 2015 годзе Андрэй галасаваў у арміі за Лукашэнку, баючыся, што гэты працэс кантралюецца. Праз пяць гадоў хлопец далучыўся да актыўнага пратэснага руху. Блізкі сваяк Андрэя асуджаны да трох гадоў калоніі за ўдзел у пратэснай дзейнасці.

«Калі яны пачалі крычаць, дзе мой тэлефон, я зразумеў, што мяне рэальна затрымліваюць»

Андрэя затрымалі ўвечары 10 лістапада 2021 года ў Мінску. Гэта было першае ягонае затрыманне, звязанае з пратэстамі.

«У мяне ў той вечар была прызначана сустрэча. Праходзячы міма пад'ездаў, я заўважыў, што каля трэцяга [пад'езда], дзе павінна быць патрэбная кватэра, не гарыць лямпачка. Мяне гэта збянтэжыла. Я вырашыў прайсці далей і раптам пачуў, як хтосьці бяжыць ззаду мяне. Павярнуўшыся, я ўбачыў людзей у масках і іхныя рукі перад сваім тварам. Праз секунду я ўжо ляжаў "тварам у асфальт". Мяне збілі з ног так моцна, што з адной нагі зляцеў красовак. Удары адначасова прыйшліся ў галаву і па нагах. Адразу я падумаў, што гэта нейкі пранк сяброў, таму што ўсё адбывалася ў абсалютнай цішыні. Маю шыю і спіну прыціснулі каленамі. Калі пачалі крычаць і патрабаваць мой тэлефон, я зразумеў, што гэта рэальнае затрыманне. У мяне дасталі тэлефон, абулі красовак, які зляцеў, і запыталі маё імя. Калі я сказаў, што маё імя Андрэй, яны адказалі: "Такое высакароднае імя ганьбіш!" Па іх патрабаванні я сказаў паролі ад тэлефона і тэлеграма, але калі яны там нічога не выявілі, то пачалі злавацца, бо тэлефон быў "чысты"».

«Распранём і пакінем у вадаёме — будзеш там стаяць, пакуль не здохнеш»

На Андрэя нацягнулі ягоную шапку так, што ён амаль нічога не бачыў, завялі ў бус, паклалі на падлогу тварам уніз і павезлі, як аказалася, у будынак Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Хлопец кажа, што ў машыне было каля пяці супрацоўнікаў (КДБ і, магчыма, АМАПа).

«У бусе мне сказалі, што мы едзем на Казлова 6А [будынак КДБ] і спыталі, ці разумею я, што гэта ўсё сур'ёзна. Размаўлялі на падвышаных танах, маглі стукнуць па нырках, шыі, патыліцы, нагах. Побач з маім тварам перыядычна ставілі аўтамат — мабыць, як мера запалохвання. Дарогай казалі: "Цяпер мы паедзем у лес і прывяжам цябе да дрэва ці наогул распранём і пакінем у вадаёме — будзеш там стаяць, пакуль не здохнеш". У той момант, канечне, было страшна, і я гэтага не хаваю. Я намагаўся не паддавацца страху і быць з халоднай галавой, але гэта было вельмі цяжка».

«Калі ў яго не атрымалася паставіць мяне ў "ластаўку", то ён проста ботам наступіў мне на твар, як быццам цыгарэту пагасіў»

Андрэя прывезлі ў КДБ і адразу павялі на допыт. Увесь гэты час рукі хлопца былі ў кайданках за спінай.

«Адзін супрацоўнік КДБ правяраў тэлефон, другі задаваў пытанні, а трэці, як я гэта называю, "прыводзіў мяне да прытомнасці": мог стукнуць у жывот, даць аплявуху і г. д. Супрацоўнік казаў, каб я ўсё расказваў, бо ім нібы ўсё вядома пра маю пратэсную дзейнасць. Але я выдатна разумеў, што ўсяго яны ведаць не могуць.

Потым у мяне запыталі, ці хадзіў я на Маршы, таму што супрацоўнікаў КДБ збянтэжыла, што я ні разу не быў затрыманы. Калі я сказаў, што не хадзіў, іншы супрацоўнік пайшоў прабіваць мой нумар тэлефона праз білінг. Назад у кабінет ён заходзіў ужо з крыкамі, што я ім схлусіў, выбіў нагой з-пад мяне крэсла і паспрабаваў паставіць мяне ў "ластаўку". Калі ў яго гэта не атрымалася, то ён проста ботам наступіў мне на твар, як быццам цыгарэту пагасіў. Там увесь час фізічная і маральная знявага — спрабуюць цябе проста знішчыць».

«Раптам залятае начальнік, выбівае з-пад мяне крэсла, пачынае біць нагамі па жываце, мацюкацца і крычаць: "Ды як вы мяне заяб*лі, змагары, хістальнікі рэжыму кончаныя!"»

Андрэй Шляпаў. Скрыншот з "пакаяннага відэа"
Андрэй Шляпаў. Скрыншот з "пакаяльнага відэа"

Актывіст думаў, што яго адпусцяць дадому, як некаторых іншых ягоных знаёмых, але на ноч яго пакінулі ў КДБ:

«У кабінеце мяне прыкавалі кайданкамі да шафкі. І гэтак у становішчы седзячы, з адной рукой прышпіленай, я правёў ноч у КДБ. За маёй спінай на канапе спаў супрацоўнік КДБ, які мяне дапытваў».

Наступнай раніцай актывіст пісаў тлумачальную.

«Кадэбэшнік пытаецца: "Ну што, змяніў свет?" Я тады прамаўчаў. Але калі я быў ужо ў СІЗА, гэтае пытанне ўвесь час вісела ў мяне ў галаве. І я знайшоў на яго адказ: "Ну, я хаця б паспрабаваў". Я зрабіў усё, што ад мяне залежала. Я думаў, што мне пагражае мінімум пяць гадоў, і быў гатовы да гэтага. Раптам залятае начальнік, выбівае з-пад мяне крэсла, пачынае біць нагамі па жываце, мацюкацца і крычаць: "Ды як вы мяне заяб*лі, змагары, хістальнікі рэжыму кончаныя!"

Калі ён сышоў, нада мной застаўся стаяць іншы супрацоўнік з тэчкай дакументаў. Ён кажа: "Ну што, даскакаўся? У нас на цябе ўсё ёсць!" А я ляжу на падлозе і думаю: "Ды нічога ў вас на мяне няма!" А потым я пачуў, як яны за дзвярыма абмяркоўваюць, што ў іх рэальна на мяне нічога няма. Таксама, пасля таго як сышоў той начальнік, мне казалі: "Ты падрыхтаваны, с*ка, трымаешся! У нас тут звычайна іншыя ўсе ляжаць ад страху абасц*тыя". Потым казалі на мяне: "Забярыце яго, смярдзіць тут", як быццам я бомж нейкі».

«Калі пабачылі сцяг Украіны, то пачалі казаць: "Ты што нацыст, фашыст? Нацуга!"»

Пасля гэтага Андрэя Шляпава павезлі на ператрус па месцы жыхарства, які адразу пачаўся без панятых:

«Мы зайшлі ў кватэру, я адразу паказаў пакой, дзе жыву. На стале ляжалі канверты я сказаў, што пішу лісты палітвязням. Паказаў, дзе ляжаць сцягі украінскі і бел-чырвона-белы. Калі ўбачылі сцяг Украіны, то пачалі казаць: "Ты што нацыст, фашыст? Нацуга! Ще не вмерла Украина?"

Іх цікавіў арбалет я паказаў, дзе ён ляжыць. Потым яны ўжо выклікалі панятых. Першая суседка адмовілася ў гэтым удзельнічаць. На гэта яны ёй сказалі, што "паставяць кватэру на адмысловы кантроль". Потым прыйшлі маладыя хлопец і дзяўчына ў якасці панятых».

Пасля ператрусу ў кватэры Андрэя зноў павезлі ў КДБ, але па дарозе супрацоўнікі ўзгадалі, што ў яго ёсць падвал:

«"Разварочваемся! Ды ты за*баў!" яны так псіхавалі, што даводзіцца вяртацца. І там ужо знайшлі тое, што знайшлі… [Прэс-служба МУС у відэасюжэце паказала, што ў падвале ў "стваральніка закрытага чата" выявілі "мноства сцягоў, рагатку, падшыпнікі, петарды, ахоўныя акуляры, трафарэты для нанясення пратэснай сімволікі, рацыю, ахоўныя пальчаткі, розныя хімічныя парашкі"]. Туды прыехала шмат міліцыі, а таксама крымінальны вышук, крыміналісты і г. д.»

 

«Сусед атрымаў "суткі" за тое, што проста жыў са мной у адной кватэры»

«Майго суседа па кватэры выклікалі супрацоўнікі КДБ. Ён змог прыехаць толькі бліжэй да вечара, падыходзіў да ўсіх і пытаўся: "Я вам патрэбны?" Яму сказалі: "Не, пайшлі толькі падпішаш дакументы". У выніку ён паехаў на Акрэсціна на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за "непадпарадкаванне". Сусед атрымаў "суткі" за тое, што проста жыў са мной у адной кватэры. Гэта было больш за ўсё крыўдна, што чалавек пацярпеў праз мяне.

Адна з супрацоўніц, якая рабіла вопіс, сказала тады: "Малады чалавек, калі пойдзеце на супрацоўніцтва са следствам, то вам будзе лепш. Вось пагледзіце на Рамана Пратасевіча: колькі ўсяго нарабіў — і на волі. Я сяджу і думаю: "Ну, "файная" воля!"».

«Чаму сведка ў балаклаве?»

Пасля ператрусу, практычна ўначы, Андрэя даставілі ў Кастрычніцкае РУУС. Ізноў узялі тлумачальную, адкаталі пальцы і ўзялі сліну на экспертызу біяматэрыялаў. Ноч ён правёў у актавай зале на крэслах, бо месцаў у камерах не было.

«Двое сутак амаль не еў і не спаў, нават не піў вады. Пасля ператрусу адзін прапаршчык даў каўбасу і сказаў: "А то будзеш казаць, што ўсе міліцыянты дрэнныя". Я з ім трохі пагутарыў. Ён сказаў, што яго задавальняе заробак у 1200 рублёў і яму з сям'ёй усяго хапае. Я сяджу і думаю: "Ды каго ты падманваеш, што цябе ўсё задавальняе і ўсяго хапае?"».

Зранку ў РУУС з Андрэем запісалі «пакаяльнае відэа». Практычна адразу пасля гэтага прыехаў супрацоўнік КДБ і размаўляў з хлопцам ужо па-іншаму:

«Кажа: "Супакойся, усё нармальна, зараз твой лёс будзе залежаць ад таго, як ты будзеш адказваць на пытанні, і ад таго, што ты скажаш цяпер". Я гатовы быў сесці, не баяўся гэтага, але ўсё адно спадзяваўся на найлепшы вынік. Мне было важна не пагоршыць сітуацыю. Калі ён пачаў задаваць пытанні, я быў шакаваны, што яму сапраўды вядомыя пэўныя моманты. Напрыклад, ён казаў: "Ведаю, што ты перакрываў дарогу ў "Дзень народнага ўльтыматуму". Я адказваў: "На пешаходным пераходзе пастаялі пару хвілінаў і ўцяклі". Скончыўшы допыт, ён сказаў: "Абыдзешся лёгкім спалохам"».

Потым Андрэя дапыталі ў крымінальным вышуку з нагоды знойдзеных у падвале рэчаў. 12 лістапада Шляпава асудзілі на 15 сутак за «несанкцыянаванае пікетаванне» праз тое, што вешаў сцягі ў дварах Курасоўшчыны:

«Суд быў праз скайп. Памятаю "сведку" ў балаклаве, які прадставіўся оперупаўнаважаным Кастрычніцкага РУУС Мікалаем Собалевым. Ён нібы бачыў, як я вешаў сцягі. Я задаў пытанне: чаму сведка сядзіць у балаклаве? "Сведка" засмяяўся. Я кажу: "Усё, перастаньце, давайце мае 15 сутак і я паехаў!"»

«Заснуў, павіснуўшы на батарэі»

Першыя трое сутак у ЦІП на Акрэсціна Андрэй правёў у карцары з яшчэ чатырма арыштантамі:

«Спалі на падлозе, натуральна. Святло не выключалася. У "палітычных" забралі ўсё, нават курткі. Памятаю, як я прачнуўся сярод ночы ад холаду. Я падышоў да батарэі, схапіўся за яе рукамі і заснуў, павіснуўшы на ёй».

На астатнія 12 сутак хлопца перавялі ў іншую камеру, а ў апошні дзень адміністрацыйнага арышту да Андрэя ў камеру прывялі Анатоля Шалковіча (яшчэ вядомага як аўтара мема пра памідоры са смятанай):

«Нам з Міхалычам выпала пасядзець і пагутарыць нават».

Як распавядае Андрэй, пяць сутак у камеры ў яго атрымалася спаць на матрацы. Там нават была кніга — «Злачынства і пакаранне» Дастаеўскага.

«Тады падумаў, што гэта нечы жарт, прычым няўдалы», — усміхаецца хлопец.

«Я сяджу, на мяне афармляюць крымінальную справу, а ў мяне мокрыя шкарпэткі ў руках»

Пасля адбыцця 15-сутачнага арышту Андрэя сустрэў супрацоўнік КДБ. Гэта быў знак, што супраць актывіста распачынаюць крымінальную справу:

«А я якраз зранку шкарпэткі памыў. І калі сказалі: "Шляпаў, з рэчамі на выхад!", — я надзеў гэтыя мокрыя шкарпэткі. Кадэбэшнік запытаў: "Як справы?" і надзеў на мяне кайданкі. Мяне павезлі ў Следчы камітэт, дзе ўжо афармлялі дакументы. Я папрасіў у следчага зняць гэтыя мокрыя шкарпэткі — ён дазволіў. І вось я сяджу, на мяне афармляюць крымінальную справу, а ў мяне мокрыя шкарпэткі ў руках. Слядак потым знайшоў мне дзесьці запасныя шкарпэткі».

«І вось дзевяць мужыкоў жывуць у туалеце»

Як выявілася, Андрэя «здаў» іншы актывіст. Са Следчага камітэта ў ІЧУ іх везлі разам, прышпіліўшы кайданкамі адзін да аднаго.

«Дзесяць сутак у ІЧУ на Акрэсціна — самае цяжкае і жорсткае, што я перажыў за ўвесь час зняволення. Мяне змясцілі ў аднамесны карцар № 7, дзе на працягу ўсіх сутак стабільна знаходзіліся восем-дзевяць чалавек. Падлога — залітая бетонная сцяжка, замест умывальніка — вядро для смецця на падлозе, туалет — зліўная дзірка без перагародак. І вось дзевяць мужыкоў жывуць у туалеце. Адзінае, што там было, — гарачая вада. І вось у гэтым вядры для смецця даводзілася мыць посуд і мыцца самім. Пры гэтым карцар абсталяваны відэакамерай. І ты думаеш: "'Хочаце глядзець на голых мужыкоў? Добра"».

Андрэй прыгадвае праверкі, так званыя «шмоны», з удзелам супрацоўнікаў АМАПа пры канцы лістапада 2021 года:

«Цябе выганяюць з камеры — галава амаль паміж каленаў, і ты бяжыш "гуськом" міма цэлага кардона АМАПа. Яны крычаць: "Ніжэй, с*ка, ніжэй, бл*ць!" Могуць ударыць. Становішся: рукі на сцяну, ногі ледзь не ў шпагат. Калі недастаткова шырока паставіш ногі, то падыдзе супрацоўнік АМАПа і ўдарыць па нагах, каб ты максімальна ў нязручным становішчы стаяў».

Андрэй расказаў, што ў становішчы «гуськом» таксама вялі на сустрэчы з адвакатам і следчым. Адвакатка аднаго з ягоных сукамернікаў параўнала гэта з суправаджэннем асуджаных на смяротнае пакаранне ці на пажыццёвае зняволенне.

«Памятаю, як зранку чалавек у балаклаве накладаў адну лыжку кашы»

«Спрабуюць зламаць чалавека, але, як той казаў, беларусаў не зламаць! 10 сутак на ІЧУ былі цяжкімі, але за гэты час я так насмяяўся, як ніколі ў жыцці! Мы так смяяліся, што, мне здаецца, нас было чуваць на ўвесь ізалятар. Імкнуліся адзін аднаго падтрымліваць. Перагулялі ва ўсе магчымыя гульні. Часам нам уключалі музыку на радыё, і цяпер усе песні гурта "Міраж" я ведаю на памяць».

Як распавядае Андрэй, пасля дзесяці сутак у ІЧУ ён захварэў на гемарой:

«Усе, хто праходзяць праз ІЧУ, яго зарабляюць. Таму што ты спіш на голым бетоне. Падкладаеш тапачкі пад спіну, каб не адмарозіць ныркі. Я быў у адной майцы і тонкай спартовай кофце».

Паводле былога арыштанта, у канцы лістапада-пачатку снежня 2021 года ў ІЧУ на Акрэсціна ежу арыштантам часам раздавалі супрацоўнікі АМАПа ў майках і балаклавах:

«Я думаў тады: "Гэта сур'ёзна праца тваёй мары?" Памятаю, як зранку чалавек у балаклаве накладаў адну лыжку кашы. І хтосьці ў камеры сказаў: "Проста каб тупа не здохнуць".

Пры канцы першага тыдня ў ІЧУ, дзе ўвесь час гарэла святло, з'явілася адчуванне, што на мяне пачалі ціснуць сцены, хоць я ніколі не цярпеў на клаўстрафобію. Тады зразумеў, што трэба сабрацца».

«Гэта была самая смачная цукерка ў маім жыцці»

Пасля 25 сутак у ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна Андрэя Шляпава перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага:

«Памятаю першую перадачу ад маіх родных. Атрымаўшы яе, адразу супакоіўся, бо зразумеў, што яны ведаюць, дзе я. Калі я ўбачыў цукеркі, то хутка разгарнуў пакет і з'еў адну. Напэўна, гэта была самая смачная цукерка ў маім жыцці».

Андрэя канваявалі з ІЧУ ў СІЗА а чацвёртай раніцы, але ў камеру яго перавялі толькі каля пятай вечара.

«Я вельмі чакаў душ, таму што амаль месяц мыўся толькі з дапамогай бутэлек і вядра для смецця. Заехаў у СІЗА проста як бомж. Калі адчынілася дзверы ў камеру, я з калідора адразу ўбачыў там знаёмы твар і зразумеў, што гэта Максім Знак. У камеры мяне сустрэлі з чаем, так бы мовіць, паводле турэмных звычаях, і супакоілі. Максім у мяне адразу запытаў: "Будзеш бутэрброд?". Я з задавальненнем пагадзіўся, і гэта было вельмі смачна».

«Этапаваць Максіма Знака прыйшла цэлая дэлегацыя — чалавек 15»

З усіх сваіх сукамернікаў па СІЗА Андрэй больш за ўсё распавядае пра Максіма Знака:

«Максім — вельмі разумны, інтэлігентны і пазітыўны чалавек, душа камеры. Відаць, што ён не зламаны, моцны духам. Гэта той чалавек, які з'яўляўся прыкладам для ўсіх. У турме я дазнаўся, што Максім — трыятланіст. Ён выдатна валодае сваім целам. Мы ўвесь час адціскаліся, стаялі ў «планцы». Я быў пад вялікім уражаннем ад Максіма Знака. Яшчэ ён агітаваў камеру кінуць курыць, таму што шэсць чалавек з дзевяці курылі. Ад гэтага ў камеры стаяў «кумар», і часам было цяжка дыхаць.

На каталіцкае Раство Максім быў яшчэ з намі ў камеры. Мне родныя перадалі хлеб, і я правёў невялікую цырымонію. Распавёў пра традыцыі каталікоў у гэты дзень. Максіму вельмі спадабалася, і ён потым сказаў: "Вельмі душэўная атмасфера, як быццам мы сапраўды знаходзіліся ў сям'і".

Максіма этапавалі пры канцы снежня. Напярэдадні ён перастаўляў свае сумкі, і адна з іх была асабліва цяжкай. Я пацікавіўся, што там. Максім адказаў, што ў ёй каля трох з паловай тысяч лістоў. Яму лісты прыходзілі пачкамі, і на кожны Максім намагаўся адказваць у той жа дзень.

Этапаваць Максіма ўвечары прыйшла цэлая дэлегацыя — чалавек 15: канваіры, тры лекары, усялякія начальнікі, ледзь не генералы. Калі Максім з'ехаў, нам стала сумна. Але мы намагаліся не адчайвацца і працягвалі жыць далей».

«Салжаніцын апісваў сваю камеру, а мне здавалася, што ён знаходзіцца проста тут»

Андрэй адзначае, што, знаходзячыся ў зняволенні, імкнуўся шмат чытаць. У выбары кніг яму дапамог Максім Знак.

«Мая першая просьба да Максіма — даць параду наконт выбару літаратуры. Ён вельмі шмат чытаў — больш за 330 кніг за год. Гэта прыкладна па адной на дзень. Усе 13 кніг, якія я прачытаў у СІЗА, былі паводле парады Максіма. Першыя часы ў камеры мне было вельмі цяжка чытаць: шум, праверкі і г. д, але потым прызвычаіўся.

Я доўга чытаў «Архіпелаг ГУЛАГ». У гэтай кнізе ёсць абзацы ці нават цэлыя старонкі, дзе можна ўбачыць паралелі з нашым часам. Салжаніцын апісваў сваю камеру, а мне здавалася, што ён знаходзіцца проста тут, таму што нічога не змянілася, і я бачу гэта ўсё наяве. Яшчэ я там прачытаў "Палёт над гняздом зязюлі", "Кніжны злодзей", "Калымскія аповеды" і іншыя кнігі. Калі сукамернікі бачылі, што я чытаю Салжаніцына і Шаламава, то казалі: "Няўжо табе мала турмы ў турме?" А мне сапраўды было цікава. Я разумеў, што пра гэта трэба ведаць.

Цікава, што перад затрыманнем я набыў "1984" і "Ферма" Оруэла, але так і не паспеў прачытаць іх дома, але затое ў мяне атрымалася гэта зрабіць у турме. Апошняе, што я прачытаў у СІЗА: "451 градус па Фарэнгейце"».

«У нашых турмах сядзяць сумленныя людзі»

Андрэй Шляпаў. Фота з асабістага архіву
Андрэй Шляпаў. Фота з асабістага архіву

Андрэй адзначае, што палова зняволеных была «палітычнымі». У камеры насупраць сядзелі Анатоль Латушка і Акіхіра Гаеўскі-Ханада.

«Як у казцы "Чыпаліна": "У нашых турмах сядзяць сумленныя людзі". Турмы запоўненыя: адны выходзяць — адразу "закідваюць" туды іншых. Але людзі паводзяць сябе па-рознаму: хтосьці апускае рукі, а хтосьці змагаецца. Я для сябе вырашыў, што ніколі не здамся. Калі ты знаходзішся там, то асноўная задача — выжыць і выйсці фізічна і маральна здаровым.

Памятаю выпадак, як мяне вялі да адваката разам з адным хлопцам. Становімся тварам да сцяны, я паварочваю галаву і бачу, што гэта Саша Івулін. Я спытаў: "Саша Івулін?" Ён усміхнуўся. Я кажу: "Саша, трымайся, усё будзе добра!" Нас адразу перапынілі: "Размовы!"».

«У турме мы знаходзімся ў большай бяспецы, чым нашы родныя»

Андрэй распавядае, што ў іх паўпадвальную камеру практычна не трапляла дзённае святло, у ёй часта бегалі мышы і пацукі. Па тэлевізары ішло сем каналаў, праз іх Андрэй і ягоныя сукамернікі дазнаваліся апошнія навіны, у тым ліку і пра вайну.

«З самай раніцы мы ўключалі ранішнюю перадачу на "Беларусь 2", у якой "круцілі" музычныя кліпы. Цікава, што прыкладна 80% выканаўцаў былі ўкраінскія: "Океан Ельзи", Макс Барскіх, Monatik, The Hardkiss, Лабада, Насця Каменскіх і г. д. Для мяне было дзіўна, што гучала нямала песень на ўкраінскай мове.

У выхадныя ўсёй камерай глядзелі фільмы. Неяк паказвалі расійскі серыял "Знахар", частку якога здымалі ў СІЗА № 1. І там сапраўды галоўнага героя вядуць калідорамі "Валадаркі", ёсць момант шпацыру ў дворыку. Мы з хлопцамі нават спрачаліся, у якім дворыку знялі сцэну. Серыял здымалі ў 2000-х, з тых часоў так нічога і не змянілася.

Мы былі ў курсе пра падзеі ў Казахстане, глядзелі выступ Пуціна 24 лютага. Было зразумела, навошта гэты тэрміновы зварот — вайна ва Украіне ідзе з 2014 года, а цяпер яна зробіцца яшчэ больш маштабнай.

Я верыў ва ўстойлівасць украінцаў і ведаў, што яны так проста не здадуцца і не аддадуць свае землі. У нас былі думкі, што ў Беларусі таксама можа штосьці пачацца, але ў гэта мала хто верыў, бо беларусы цяпер запалоханы рэпрэсіямі. Мы жартавалі, што ў турме знаходзімся ў большай бяспецы, чым нашы родныя і блізкія: нас ахоўваюць. Адно што — бомба можа прыляцець, але яна можа прыляцець і ў любы дом».

«Тата, я за паўгода больш за шэсць крокаў наперад не хадзіў» 

Андрэй Шляпаў абдымае маці пасля вызвалення ў судзе
Андрэй Шляпаў абдымае маці пасля вызвалення ў судзе

Сёлета 25 красавіка за ўдзел у Маршах 16 жніўня і 25 кастрычніка 2020 года Андрэя Шляпава асудзілі да трох гадоў «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пасля вынясення прысуду хлопца вызвалілі ў зале суда.

«Калі выйшлі з суда, мы з бацькам паехалі на машыне ў СІЗА забіраць мае асабістыя рэчы. Я ехаў і не разумеў, што адбываецца. Калі мы выйшлі з машыны, то бацька пабачыў, што са мной штосьці не так. Я яму кажу: "Тата, я за паўгода больш за шэсць крокаў наперад не хадзіў". Мне нават было нязвыкла проста ісці наперад.

Я лічу, што мне яшчэ пашанцавала. Некаторых жорстка затрымлівае ГУБАЗіК. Цікава, што яны з КДБ не працуюць і канкуруюць. Вось губазаўцы канкрэтна збіваюць людзей. У мяне на патыліцы толькі была гематома. Яны ўмеюць біць так, каб у цябе не заставалася сінякоў і ранак.

За час зняволення я сутыкнуўся з татальнай несправядлівасцю. І не толькі да "палітычных", а да ўсіх. Проста ламаюць лёсы людзей. Робіцца ўсё, каб разбурыць твой унутраны свет, веру ў людзей і надзею на светлую будучыню».

Суд не вярнуў Андрэю пашпарт, нягледзячы на шматлікія скаргі. Праз два месяцы хлопец пакінуў Беларусь.

«Людзей затрымліваюць на "хіміі" і судзяць паводле больш строгіх артыкулаў. Таму я прыняў рашэнне ўцякаць. Я не баяўся заставацца ў Беларусі, мне не было страшна. Я ўцякаў не ад страху, а таму што разумеў, што тут я дапамагу людзям больш, чым знаходзячыся ў турме ні за што».

«Могуць прыйсці па кожнага, хто ўдзельнічаў у пратэстах»

Андрэй падчас размовы вельмі шмат кажа пра бяспеку:

«Калі вас затрымаюць — думайце, што і каму казаць. Людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, павінны дбаць пра сваю бяспеку. Вельмі важна цяпер зберагчы сябе і не падставіць іншых. Выдаліце ўсё здымкі з сацсетак з пратэстаў, перапіскі, будзьце асцярожныя з каментарамі. Людзей затрымліваюць па "крыміналцы" нават за плюсік! Выкарыстоўвайце VPN, "партызанскі" тэлеграм, паклапаціцеся пра свае тэлефоны. Я думаю, што могуць прыйсці па кожнага, хто ўдзельнічаў у пратэстах. Гэта пытанне часу. Ёсць знакамітая фраза: "Усіх не пасадзяць!" Так, але пасадзяць шмат каго. І тут ужо іншае пытанне: якім ты чалавекам адтуль выйдзеш? Зламаным ці больш устойлівым? Гэта ўсё залежыць толькі ад цябе. Я ставіўся да свайго затрымання як да жыццёвага досведу і імкнуўся максімальна вынесці з гэтага карысць: чытаў кнігі, па магчымасці займаўся спортам і пісаў лісты».

«Да затрымання сам пісаў лісты палітвязням, але толькі ў турме адчуў іх сілу»

Андрэй Шляпаў. Фота з асабістага архіву
Андрэй Шляпаў. Фота з асабістага архіву

Андрэй, зыходзячы з асабістага досведу, адзначае важнасць і неабходнасць падтрымкі лістамі, а таксама дае парады наконт іх напісання:

«Беларусам трэба надаваць адмысловую ўвагу напісанню лістоў палітвязням, асабліва малавядомым людзям. Бо звычайным хлопцам прыходзіць мала лістоў — таму ў іх складаецца ўражанне, што пра іх забыліся. Я да затрымання сам пісаў лісты палітвязням, але толькі ў турме адчуў іх сілу. Яны сапраўды вельмі патрэбныя людзям. Які б чалавек ні быў моцны, ён там заўсёды чакае лістоў. І нават не асабліва важна, што ў іх напісана. Сам факт атрымання ліста ўжо выклікае каласальныя эмоцыі.

Мне пашанцавала: за паўгода я атрымаў каля ста лістоў, і гэта вельмі падбадзёрвала. Пісалі нават тыя, з кім я ўжо даўно не меў зносінаў, што было для мяне шокам. Напісаць можна ўсё што заўгодна: цікавыя факты, музычныя і спартовыя навіны, віктарыны, анекдоты, загадкі. Асабіста мне бракавала мазгавой актыўнасці. Знаходзячыся там, чалавек адарваны ад свету, таму для яго важная любая інфармацыя.

Пасля затрымання я разумеў, што мне ўжо ніхто не дапаможа і я магу разлічваць толькі на сябе. Калі людзей затрымліваюць у актыўнай фазе пратэсту, то ёсць нейкая надзея, што народ "паднацісне" і рэжым абваліцца. А калі цябе "ўзялі", калі ўсё сціхла, то ты разумееш, што застаешся сам-насам са сваімі праблемамі. І каб чалавек не пачуваўся кінутым, трэба пісаць яму лісты. Гэта адна з магчымасцяў цяпер падтрымаць палітвязняў. Таксама можна дапамагаць іхным сем'ям. "Хто хоча дзейнічаць — шукае магчымасці, хто не хоча — прыдумляе апраўданні", — гэта мой дэвіз апошнія тры гады. Пытанне — у жаданні дапамагчы чалавеку, а магчымасці заўжды знойдуцца».

«Рабяты, вы сур'ёзна? Там людзі ў турмах гніюць!»

Андрэй, пасля таго як прайшоў увесь гэты шлях, цяпер кажа:

«Я рабіў тое, што лічыў патрэбным і правільным. Выступаў за справядлівасць, праўду і дабро. Я ні пра што не шкадую. Знаходзячыся ў Беларусі, рабіў усё што мог. Я лічу, што нам, беларусам, трэба было прайсці гэты шлях. Мы сталі разумнейшымі, мудрэйшымі, і ў кожным разе нам быў неабходны такі досвед, каб стаць сапраўднай адзінай нацыяй.

Мая асабістая філасофія палягае ў тым, што вельмі важна правільна выхоўваць дзяцей. Бо яны — наша будучыня. З дзецьмі трэба размаўляць пра ўсё і не хаваць нейкія моманты. Я сам жыў, як у вакууме, і шмат што не разумеў з таго, што адбывалася навокал. Мне не расказвалі пра падзеі 1990-х і пачатку 2000-х, а гэта вельмі важны адрэзак гісторыі нашай краіны. Неабходна, каб у чалавека з дзяцінства фармавалася разуменне дабра і зла, справядлівасці. Трэба выхоўваць у дзіцяці чалавечнасць. Я вельмі спадзяюся, што калі-небудзь будзе свет без межаў і зброі.

Вельмі хачу, каб усе беларусы пачалі думаць сваёй галавой. Таксама спадзяюся, што нашы дэмакратычныя сілы перастануць канфліктаваць паміж сабой і аб'яднаюцца. Таму што, гледзячы на ўсе гэтыя "спрэчкі", у галаве ёсць толькі адна думка: "Хлопцы, вы сур'ёзна? Там людзі ў турмах гніюць!"

Я б вельмі хацеў вярнуцца ў Свабодную Беларусь, абняць сваіх сваякоў і брата, які цяпер у зняволенні. У мяне цяпер няма ніякага маральнага права спыняць барацьбу за свабоду нашай краіны. І я не спынюся

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства