Гарадзенцу прысудзілі год “хіміі” за чатыры пратэсныя надпісы
Суд Леніскага раёна Гродна 19 лістапада вынес прысуд часова беспрацоўнаму Дзмітрыю Анчукову, абвінаваціўшы яго ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядала суддзя Наталля Горбач.
Па матэрыялах абвінавачання Дзмітрый Анчукоў, маючы намер, скіраваны на апаганьванне будынкаў і іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі і малюнкамі, нанёс аэразольным балончыкам чорнага колеру некалькі надпісаў на тарцаў дамоў і прыпынках грамадскага транспарта ў розных месцах горада, якія, на думку следства, абражалі пачуцці грамадзян, дэманстравалі грэбаванне маральнымі каштоўнасцямі і дыскрэдытавалі дзяржаўную ўладу.
Усяго такіх надпісаў ён зрабіў чатыры, чым прычыніў матэрыяльны ўрон камунальным прадпрыемствам на агульную суму 253 рублі 61 капейку.
Сваю віну Анчукоў у судзе прызнаў, паведаміў, што матэрыяльны ўрон пакрыты ў поўным аб'ёме.
Тым не меней, суд пастанавіў прызнаць яго вінаватым у апаганенні будынкаў і іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі і малюнкамі і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 1 год.