viasna on patreon

Агулам амаль 17 гадоў калоніі: у Гомелі палітвязня асудзілі другі раз за паўгода

2023 2023-01-03T14:30:33+0300 2023-01-03T14:56:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/padniabenny-1bov3.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гомельскім абласным судзе 3 студзеня вынеслі другі за паўгода прысуд у дачыненні да 34-гадовага палітвязня Андрэя Паднябеннага. Ён мае расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства. Першы раз Андрэя асудзілі да 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі, у тым ліку за "акт тэрарызму" за падпал машыны начальніка Кіравання дэпартаменту выканання пакаранняў. Цяпер Андрэя судзілі па чатырох крымінальных артыкулах, у тым ліку за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" і "распальванне іншай сацыяльнай варожасці". У выніку да 15 гадоў зняволення яму дадалі яшчэ адзін год і восем месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, палітвязня аштрафавалі на 1000 базавых велічыняў (37 000 беларускіх рублёў). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Руслан Царук. 

Андрэй Паднябенны. Фота з сацсетак

Андрэя затрымалі 5 лістапада 2021 года і змясцілі пад варту. Амаль месяц ён быў у СІЗА КДБ у Мінску, потым яго перавялі ў СІЗА-1, а з 15 снежня 2021 года і да гэтага часу Паднябенны знаходзіцца ў гомельскім СІЗА-3.

23 траўня 2022 года КДБ унёс Андрэя ў "спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці". 

30 чэрвеня палітвязня асудзілі да 15 гадоў калоніі паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 і ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму) за падпал машыны начальніка Кіравання дэпартаменту выканання пакаранняў, пракол колаў у 39 тралейбусаў, стварэнні і адміністраванні Telegram-канала і -чата, якія прызналі экстрэмісцкімі фарміраваннямі, а таксама падпале крана на будоўлі ў 2019 годзе. Прысуд вынес суддзя Анатоль Сотнікаў. 

Згодна з матэрыяламі справы Паднябенны ў верасні 2019 года "пракраўся на адзін з участкаў будаўнічага аб'екта ў Гомелі з мэтай пашкоджання і знішчэння аўтакрана і іншай маёмасці. Пасля чаго нанёс на кола будаўнічай тэхнікі рэчыва, якое запальваецца. Не жадаючы быць заспетым на месцы злачынства, Андрэй не пераканаўся ў разрастанні полымя і схаваўся, тады як полымя згасла". Ён жа з выкарыстаннем кампутарнай тэхнікі і мабільных прылад стварыў у мэсэнджары Telegram публічныя інфармацыйныя рэсурсы. Пасля Паднебенны як адміністратар канала аб'яднаў групу грамадзян і кіраваў дзейнасцю дадзенай супольнасці, схіляў да экстрэмісцкай дзейнасці, спрыяў навучанню і падрыхтоўцы да такой дзейнасці. Акрамя таго, абвінавачаны ў лістападзе 2021 года, у начны час, незаконна пракраўся на тэрыторыю транспартнага дэпо, дзе з дапамогай шыла зрабіў праколы ў 76 шынах 39 тралейбусаў. Паводле версіі абвінавачвання, Андрэй таксама наўмысна абліў гаручай вадкасцю аўтамабіль, які належыць супрацоўніку праваахоўных органаў, пасля чаго падпаліў машыну. Ад уздзеяння высокіх тэмператур быў пашкоджаны і суседні транспартны сродак. Шкода ад такіх дзеянняў перавысіла дзесяць тысяч рублёў. Паднябеннаму налічылі шкоду дэпо ў суме больш за дзве тысячы рублёў.

25 лістапада распачаўся другі суд над Андрэем паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Усяго адбылося пяць закрытых пасяджэнняў па справе. Нават прысуд быў агучаны ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы і пазіцыя палітвязня невядомыя.

Падтрымайце Андрэя лістамі: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Андрэй Валянцінавіч Паднябенны 

Да 15 гадоў калоніі па "тэрарыстычным артыкуле" асудзілі Андрэя Паднябеннага

У Гомельскім абласным судзе 30 чэрвеня быў агучаны прысуд па крымінальнай справе супраць 33-гадовага мясцовага жыхара Андрэя Паднябеннага. Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў Андрэю, які ўтрымліваецца пад вартай сем месяцаў, 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён унесены ў "спіс тэрарыстаў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства