viasna on patreon

Да 15 гадоў калоніі па "тэрарыстычным артыкуле" асудзілі Андрэя Паднябеннага

2022 2022-06-30T19:48:29+0300 2022-06-30T19:48:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/padniabenny-1bov3.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гомельскім абласным судзе 30 чэрвеня быў агучаны прысуд па крымінальнай справе супраць 33-гадовага мясцовага жыхара Андрэя Паднябеннага. Ён мае расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства. Андрэя ў закрытым рэжыме абвінавацілі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) за падпал машыны начальніка Кіравання дэпартаменту выканання пакаранняў, пракол колаў у 39 тралейбусаў, стварэнні і адміністраванні Telegram-канала і -чата, якія прызналі экстрэмісцкімі фарміраваннямі, а таксама падпале крана на будоўлі ў 2019 годзе. Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў Андрэю, які ўтрымліваецца пад вартай сем месяцаў, 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён унесены ў "спіс тэрарыстаў". 

Андрэй Паднябенны. Фота з сацсетак
Андрэй Паднябенны. Фота з сацсетак

Андрэя затрымалі 5 лістапада 2021 года і змясцілі пад варту. Да 13 снежня ён быў у СІЗА КДБ у Мінску, потым яго перавялі ў СІЗА-1, а з 15 снежня Паднябенны знаходзіцца ў СІЗА-3. Пасля пераводу ў гомельскі СІЗА яго адразу змясцілі ў карцар, дзе ён правёў два тыдні.

У дзяржаўнай газеце "СБ" паведамлялі, што расейца, які родам з Хабараўска, затрымалі праз некалькі дзён пасля інцыдэнту "пры спробе выехаць у Хойнікі, бліжэй да ўкраінскай мяжы". Па месцы яго жыхарства сілавікі канфіскавалі  "ёмістасці з бензінам і маторнай алівай, вопратку, якая адпавядае прыкметам чалавека, якога шукалі, пальчаткі, сістэмны блок і флэш-назапашвальнікі, у аўтамабілі — два шылы, у кватэры маці — ровар, тры мабільныя тэлефоны".

Згодна з матэрыяламі справы Паднябенны ў верасні 2019 года "пракраўся на адзін з участкаў будаўнічага аб'екта ў Гомелі з мэтай пашкоджання і знішчэння аўтакрана і іншай маёмасці. Пасля чаго нанёс на кола будаўнічай тэхнікі рэчыва, якое запальваецца. Не жадаючы быць заспетым на месцы злачынства, Андрэй не пераканаўся ў разрастанні полымя і схаваўся, тады як полымя згасла".

Ён жа з выкарыстаннем кампутарнай тэхнікі і мабільных прылад стварыў у мэсэнджары Telegram публічныя інфармацыйныя рэсурсы. Пасля Паднебенны як адміністратар канала аб'яднаў групу грамадзян і кіраваў дзейнасцю дадзенай супольнасці, схіляў да экстрэмісцкай дзейнасці, спрыяў навучанню і падрыхтоўцы да такой дзейнасці.

Рашэннем суда Цэнтральнага раёна Гомеля інфармацыйная прадукцыя створаных Андрэем Telegram-канала і -чата прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Рашэннем Камітэта дзяржаўнай бяспекі група падпісаных на названыя рэсурсы грамадзян прызнана экстрэмісцкім фарміраваннем, дзейнасць якой забароненая.

Акрамя таго, абвінавачаны ў лістападзе 2021 года, у начны час, незаконна пракраўся на тэрыторыю транспартнага дэпо, дзе з дапамогай шыла зрабіў праколы ў 76 шынах 39 тралейбусаў.

"Тым самым ён стварыў небяспеку наступлення цяжкіх наступстваў у форме гібелі людзей і прычынення ім цялесных пашкоджанняў з-за страты кіравальнасці і парушэння нармальнага функцыянавання транспарту".

Паднябеннаму налічылі шкоду дэпо ў суме больш за дзве тысячы рублёў.

Паводле версіі абвінавачвання, Андрэй таксама наўмысна абліў гаручай вадкасцю аўтамабіль, які належыць супрацоўніку праваахоўных органаў, пасля чаго падпаліў машыну. Ад уздзеяння высокіх тэмператур быў пашкоджаны і суседні транспартны сродак. Шкода ад такіх дзеянняў перавысіла дзесяць тысяч рублёў.

Паводле інфармацыі КДБ, Паднябенны падпаліў машыну першага намесніка начальніка УДВП па Гомельскай вобласці "па экстрэмісцкіх, палітычных матывах", а колы тралейбусаў пракалоў "з мэтай спынення руху грамадскага транспарту".

Дзеянні Паднябеннага кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218, ч. 1 арт. 361-1, ч. 1 і ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса. Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці следчага аддзела ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці.

23 траўня КДБ унёс у "спіс тэрарыстаў" Андрэя Паднябеннага.

У Гомелі па "тэрарыстычным артыкуле" ў закрытым рэжыме пачалі судзіць грамадзяніна Расіі

У Гомельскім абласным судзе 7 чэрвеня распачынаецца разгляд крымінальнай справы над 33-гадовага мясцовага жыхара Андрэя Паднябеннага.

Падтрымайце Андрэя лістамі:
СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства