У Гомелі па "тэрарыстычным артыкуле" ў закрытым рэжыме пачалі судзіць грамадзяніна Расіі
У Гомельскім абласным судзе 7 чэрвеня распачынаецца разгляд крымінальнай справы над 33-гадовага мясцовага жыхара Андрэя Паднябеннага. Андрэй мае расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства. Андрэя абвінавачваюць па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму). Справу вёў КДБ. Яго вінавацяць у падпале машыны начальніка Кіравання дэпартаменту выканання пакаранняў, праколе колаў у 39 тралейбусаў, стварэнні і адміністраванні Telegram-канала і -чата, якія прызналі экстрэмісцкімі фарміраваннямі, а таксама падпале крана на будоўлі ў 2019 годзе. Справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Анатоль Сотнікаў.
У чым яго абвінавачваюць?
Андрэя затрымалі 5 лістапада 2021 года і змясцілі пад варту. Да 13 снежня ён быў у СІЗА КДБ у Мінску, потым яго перавялі ў СІЗА-1, а з 15 снежня Паднябенны знаходзіцца ў СІЗА-3. Пасля пераводу ў гомельскі СІЗА яго адразу змясцілі ў карцар, дзе ён правёў два тыдні.
У дзяржаўнай газеце "СБ" паведамлялі, што расейца, які родам з Хабараўска, затрымалі праз некалькі дзён пасля інцыдэнту "пры спробе выехаць у Хойнікі, бліжэй да ўкраінскай мяжы". Па месцы яго жыхарства сілавікі канфіскавалі "ёмістасці з бензінам і маторнай алівай, вопратку, якая адпавядае прыкметам чалавека, якога шукалі, пальчаткі, сістэмны блок і флэш-назапашвальнікі, у аўтамабілі — два шылы, у кватэры маці — ровар, тры мабільныя тэлефоны".
Згодна з матэрыяламі справы Паднябенны ў верасні 2019 года "пракраўся на адзін з участкаў будаўнічага аб'екта ў Гомелі з мэтай пашкоджання і знішчэння аўтакрана і іншай маёмасці. Пасля чаго нанёс на кола будаўнічай тэхнікі рэчыва, якое запальваецца. Не жадаючы быць заспетым на месцы злачынства, Андрэй не пераканаўся ў разрастанні полымя і схаваўся, тады як полымя згасла".
Ён жа з выкарыстаннем кампутарнай тэхнікі і мабільных прылад стварыў у мэсэнджары Telegram публічныя інфармацыйныя рэсурсы. Пасля Паднебенны як адміністратар канала аб'яднаў групу грамадзян і кіраваў дзейнасцю дадзенай супольнасці, схіляў да экстрэмісцкай дзейнасці, спрыяў навучанню і падрыхтоўцы да такой дзейнасці.
Рашэннем суда Цэнтральнага раёна Гомеля інфармацыйная прадукцыя створаных Андрэем Telegram-канала і -чата прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Рашэннем Камітэта дзяржаўнай бяспекі група падпісаных на названыя рэсурсы грамадзян прызнана экстрэмісцкім фарміраваннем, дзейнасць якой забароненая.
Акрамя таго, абвінавачаны ў лістападзе 2021 года, у начны час, незаконна пракраўся на тэрыторыю транспартнага дэпо, дзе з дапамогай шыла зрабіў праколы ў 76 шынах 39 тралейбусаў.
"Тым самым ён стварыў небяспеку наступлення цяжкіх наступстваў у форме гібелі людзей і прычынення ім цялесных пашкоджанняў з-за страты кіравальнасці і парушэння нармальнага функцыянавання транспарту".
Паднябенны нанёс шкоду дэпо ў суме больш за дзве тысячы рублёў.
Абвінавачаны таксама наўмысна абліў гаручай вадкасцю аўтамабіль, які належыць супрацоўніку праваахоўных органаў, пасля чаго падпаліў машыну. Ад уздзеяння высокіх тэмператур быў пашкоджаны і суседні транспартны сродак. Шкода ад такіх дзеянняў перавысіла 10 тысяч рублёў.
Паводле інфармацыі КДБ, Паднябенны падпаліў машыну першага намесніка начальніка УДВП па Гомельскай вобласці "па экстрэмісцкіх, палітычных матывах", а колы тралейбусаў пракалоў "з мэтай спынення руху грамадскага транспарту".
Дзеянні Паднябеннага кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218, ч. 1 арт. 361-1, ч. 1 і ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці следчага аддзела ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці.
23 траўня стала вядома, што КДБ унёс у "спіс тэрарыстаў" Андрэя Паднябеннага.
Пасля шасці месяцаў у СІЗА асудзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"
Пракуратура Гомельскай вобласці падкрэслівае ў сваім паведамленні: "характэрна, што раней Паднебенны прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах". Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", 24 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля, пасля шасці месяцаў утрымання яго пад вартай, над Паднябенным адбыўся адміністрацыйны суд. Яго абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Сваю віну ў судзе мужчына прызнаў. Суддзя пастанавіў аштрафаваць Андрэя на 15 базавых велічыняў (480 рублёў). Штраф ён мусіў быў выплаціць цягам аднаго месяца з моманту ўступлення пастановы ў законную сілу.
Што вядома пра суд?
Суд адразу зрабілі закрытым, таму падрабязнасці і пазіцыя абвінавачанага па справе невядомыя. Справу разглядае суддзя Гомельскага абласнога суда Анатоль Сотнікаў.
Для блізкіх Андрэя крымінальная справа за 2019 год стала нечаканасцю. Яны распавялі, што была ўшчыльняльная забудова без згоды жыхароў. Усе былі супраць — пісалі скаргі, у пракуратуру хадзілі — але безвынікова. Тады хтосьці падпаліў кран на будоўлі. Тады да Андрэя прыходзілі з ператрусам, але доказаў не знайшлі. Гэтую справу расследавалі, але вінаватага не знайшлі. Цяпер гэты эпізод ставяць у віну Паднябеннаму.
Што вядома пра Андрэя?
Мужчына навучаўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце транспарту. Пасля перавёўся ў Харкаўскі аўтадарожны. Быў ІП-эшнікам і меў дазвол на рознічны гандаль таварамі. Працаваў таксама ў гандлі аўтазапчасткамі, на курсах кіравання.
Андрэй мае жонку і двух малых дзяцей.
Ён пачаў займацца актывізмам з 2019 года. Тады выступаў супраць кропкавай забудовы ў сваім раёне: збіраў подпісы пад калектыўным зваротам жыхароў супраць ушчыльнення і друкаваў улёткі.
На выбарах 2020 года Андрэй быў назіральнікам. Яго абурылі фальсіфікацыі, ён пісаў скаргі на начальніка камісіі ў пракуратуру. Хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту. На адной з такіх ён быў на машыне: за гэта быў аштрафаваны і пазбаўлены правоў.
Андрэй вёў здаровы лад жыцця: не курыў і не піў. Сябра распавядаў гомельскай «Вясне» пра хлопца:
"Для яго не пустыя словы — прыстойнасць, салідарнасць, падтрымка. Гэта быў яго выбар, ідэйны пратэст. Накіпела, набалела, мабыць ён не бачыў іншага выйсця, калі назіраў усю тую несправядлівасць, якая цяпер вакол нас. Сацыяльна адказны чалавек. У яго раней аніякіх праблем з законам не было, толькі штрафы за парушэнне ПДД хіба. Ён займаўся грамадскай дзейнасцю і нават пацярпеў за гэта ад сілавікоў".