viasna on patreon

Палітзняволены вясновец Уладзь Лабковіч — намінант на "Праваабаронцу года-2022"

2023 2023-01-02T09:44:00+0300 2023-01-02T13:03:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/labkovich_uladz_q.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Уладзімір Лабковіч быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года, а пасля змешчаны пад варту, разам са старшынём арганізацыі Алесем Бяляцкім і яго намеснікам Валянцінам Стэфановічам. 5 студзеня іх пачнуць судзіць за "кантрабанду арганізаванай групай" і "фінансаванне пратэстаў" — праваабаронцам пагражае ад 7 да 12 гадоў калоніі. Сёлета Уладзіміра вылучылі ў Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі ў намінацыі "Праваабаронца года-2022". Таксама на гэтую намінацыю вылучаны праваабаронцы Наста Лойка і Павел Левінаў. Лаўрэата абвесцяць 11 студзеня, а сёння мы распавядаем пра нашага калегу Уладзя. 

Уладзімір Лабковіч
Уладзімір Лабковіч

У актывізме з 18 гадоў, палова жыцця — праваабарона ў "Вясне"

Уладзіміру Лабковічу 44 гады  — палову свайго жыцця ён прысвяціў праваабарончай дзейнасці ў "Вясне"У актыўнай грамадскай дзейнасці ён з 1996-га года, калі разам з сябрамі стваралі "Малады Фронт". Тады яму было 18 гадоў. У 1997-м годзе ўваходзіў у "Малады Фронт", а потым і ўзначальваў праваабарончую камісію, асноўнымі функцыямі якой былі збор інфармацыі і дапамога тым маладафронтаўцам, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці.

У 1998-м годзе Уладзімір далучыўся да Праваабарончага цэнтра "Вясна" як валанцёр. Праз два гады ён скончыў юрыдычны факультэт недзяржаўнага Інстытута сучасных ведаў. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2001 годзе стаў паўнавартасным сябрам "Вясны".

Уладзімір Лабковіч: “Вясна” – гэта унутраны свет, які ёсць у кожнага з нас"

Мы знайшлі некалькі ягоных цытат з інтэрв'ю і ўспамінаў, якія не губляюць актуальнасці і цяпер.

Уладзімір Лабковіч з'яўляецца каардынатарам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і экспертам у галіне выбарчага права ў Беларусі. Незалежная грамадская кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая ладзіцца з 2008 года сумесна праваабарончым цэнтрам "Вясна" і Беларускім Хельсінкскім Камітэтам. Праваабаронцы падчас яе ацэньваюць выбарчы працэс з пункту гледжання беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў.

Вясновец мае вялікі досвед у міжнародным незалежным назіранні за выбарамі ў розных краінах.

Вось тут можна пачытаць, як гэта адбывалася:

sustrecha_naziralnikau_labkovich.jpg

Акімат, дэпартацыя і вялікія джыпы ў Данецку. Як Уладзімір Лабковіч назіраў за выбарамі ў міжнародных місіях

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч ужо 20 год з’яўляецца сябрам “Вясны” і амаль столькі ж — каардынатарам кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у Беларусі. Мэта кампаніі — незалежнае і непрадузятае назіранне за тым, ці было рэалізавана ў беларусаў іх права абіраць і быць абранымі падчас розных выбараў.

"Калі бачыш свайго самага блізкага чалавека ў турме — зусім іншая сітуацыя". Затрыманне Уладзіміра з жонкай

14 ліпеня 2021 года раніцай да сям'і Лабковічаў прыйшлі прадстаўнікі Дэпартамента фінансавых расследванняў, правялі ператрус і на допыты забралі не толькі Уладзіміра, але і ягоную жонку Ніну. На той момант яна з’яўлялася дырэктаркай аб'яднання інвестараў Angels Band. Адразу Уладзіміра і Ніну змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Дома ў Лабковічаў засталіся трое непаўнагадовых дзяцей. Праз 10 сутак жанчыну адпусцілі ў якасці абвінавачанай па крымінальнай "справе Вясны" пад падпіскай аб нявыездзе. Праз 14 месяцаў — пасля шматлікіх допытаў, выклікаў у Следчы камітэт і яшчэ аднаго ператрусу — з Ніны знялі абвінавачванні. Праз крымінальны пераслед жонкі Уладзь вельмі хваляваўся і нерваваўся.

Ніна распавядала потым, што яна мелькам бачыла Уладзя 14 ліпеня ў Следчым камітэце і потым удалечыні ў СІЗА-1:

"Калі ты сам праходзіш гэта ўсё — гэта адно, а калі бачыш свайго самага блізкага чалавека ў турме — зусім іншая сітуацыя. Калі ён зразумеў, што мяне таксама затрымалі, то, мяркую, у яго ўжо было іншае стаўленне да сітуацыі. Было толькі адно пытанне: "Што з дзецьмі?" Ён вельмі хваляваўся. І цяпер для яго самае галоўнае пытанне — каб з намі было ўсё ў парадку".

У чым абвінавачваюць праваабаронцу?

Адразу асноўнай прэтэнзій дзяржавы да праваабаронцаў "Вясны" было тое, што яны не зарэгістравалі Праваабарончы цэнтр "Вясна". З гэтага ўлады зрабілі выснову, што вясноўцы ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам і выканання яго абавязкаў, а значыць "здзейснілі ўхіленне ад выплаты сум падаходнага падатку, якія падлягаюць падліку, утрыманню ў падаткаплацельшчыка і пералічэнню ў бюджэт падатковым агентам, шляхам утойвання падатковай базы за перыяд з 2013 па 2020 год у агульнай суме не менш за 113 428 рублёў, што складае 3911 базавых велічыняў і пацягнула прычыненне шкоды дзяржаве ў буйным памеры". 

З адвакатаў праваабаронцаў, іх родных, а таксама шматлікіх сведкаў былі ўзятыя падпіскі аб неразгалошванні, таму справа доўгі час была пакрытая таямніцай. Але напрыканцы верасня стала вядома, што крымінальную справу ў дачыненні да Уладзіміра Лабковіча Валянціна Стэфановіча, Алеся Бяляцкага і іншых вясноўцаў паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нявыплата падаткаў) спыненая. Але затрыманых вясноўцаў не вызвалілі з-пад варты — ім выставілі новыя абвінавачванні. Цяпер іх абвінавачваюць у "кантрабандзе арганізаванай групай" (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і "фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачванні за нявыплату падаткаў, але цяпер дзеянні праваабаронцаў у адносінах да іх вырашылі кваліфікаваць па-іншаму.

Цяпер згодна з версіяй абвінавачвання, праваабаронцы "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ "Вясна", а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі. Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання".

Паводле матэрыялаў справы, "яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду "BY_HELP", у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года".

У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну аплата штрафаў пратэстоўцам, утрыманне на "сутках", праца адвакатаў і іншае.

Цяпер праваабаронцам "Вясны", у тым ліку Уладзіміру Лабковічу, пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

Пагаршэнне здароўя і моцная ізаляцыя: адзін год і пяць з паловай месяцаў за кратамі

За час зняволення праваабаронца ў СІЗА-1 змяніў дзве сталыя камеры. Вось, што нядаўна распавядала ягоная жонка Ніна пра ўмовы ўтрымання Уладзіміра:

"І там, і там былі добрыя людзі. Умовы там не самыя лепшыя. Быў перыяд, калі Уладзя трымалі ў падвальнай камеры. Гэта было вельмі жахліва. Падчас рамонту ўсю камеру часова перавялі ў іншую падвальную камеру, дзе ён адразу захварэў.  

Нядаўна Уладзя перавялі ў камеру, дзе ўтрымліваецца 14 чалавек. І яна была такая перапоўненая, што першыя тры-чатыры дні ён спаў на падлозе, бо не было месца. І ўсім усё роўна, што чалавек хворы".

Ва Уладзя Лабковіча за кратамі вельмі псуецца здароўе: ён скардзіцца на пастаянныя галаўныя болі і паніжэнне зроку. У праваабаронцы ўвесь час зняволення назіраюцца моцныя праблемы з ліставаннем.

Адкрыты працэс у раённым судзе 

Мінскі дом правасуддзя. Фота: Еўрарадыё

Судовы працэс па "справе Вясны" распачнецца ў судзе Ленінскага раёна Мінска ўжо 5 студзеня. Уладзіміра будуць судзіць разам са старшынём Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесем Бяляцкім, яго намеснікам Валянцінам Стэфановічам, а таксама Змітром Салаўёвым, якога будуць судзіць у парадку спецыяльнай вытворчасці. Суддзёй па справе прызначаная Марына Запаснік.

Суд пакуль абвешчаны адкрытым. Пачатак у 11:00 у Доме правасуддзя.

Як падтрымаць намінанта за кратамі?

Уладзь Лабковіч

Уладзіміра, як і іншых праваабаронцаў па "справе Вясны", можна падтрымаць пасылкамі, лістамі, грашовымі пераводамі і тэлеграмамі. Ягоная жонка Ніна нядаўна давала парады, як можна падтрымаць Уладзіміра:

"Там за кратамі ўсім вельмі важна любое слова, якое дае разуменне, што пра цябе думаюць, што цябе не забылі і ты на парадку дня. Бо ты там знаходзішся сам-насам у абмежаваннях. І, калі людзі могуць даслаць паштоўку, то гэта было б вельмі добра. Хаця Уладзь казаў, што ён не хоча адзначаць другі Дзень народзінаў у такіх умовах. Але можна і не віншаваць, а казаць: "Уладзь, мы пра цябе думаем і чакаем!" Гэтага будзе дастаткова.

Там усім вельмі хочацца салодкага і смачнай гарбаты. Уладзь цяпер не п'е каву — гэта яго асабісты зарок. Ён сказаў, што наступную каву пап'е толькі са мной. Уладзь любіць шакалад з гарэхамі і смачную гарбату. Але і гэтага не трэба, трэба толькі слова".


Падтрымаць вясноўцаў можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч, Аляксандр Віктаравіч Бяляцкі, Валянцін Канстанцінавіч Стэфановіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства