viasna on patreon

Лідскаму ўрачу-тэрапеўту прысудзілі тры з паловай гады калоніі па шэрагу пратэсных артыкулаў

2022 2022-12-27T17:13:43+0300 2022-12-28T11:50:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/krasnik-3.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Краснік. Фота з сацыяльных сетак.

Андрэй Краснік. Фота з сацыяльных сетак.

У судзе Лідскага раёна 20 снежня вынесены прысуд па крымінальнай справе мясцовага урача-тэрапеўта Андрэя Красніка, абвінавачанага па шэрагу пратэсных артыкулаў.

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мішуроў.

Папярэдне было вядома, што 55-гадовага тэрапеўта прыёмнага пакою Лідскай гарадской бальніцы Андрэя Красніка затрымалі за каментары і лайкі, якія ён пакідаў у сацыяльных сетках яшчэ ў 2020 годзе. Аднак пазней яму выставілі абвінавачанне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 2 арт. 366 – гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак;
  • ч. 1 арт. 342 – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • ч. 1 арт. 368 – абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 369 – абраза прадстаўніка ўлады.

Па матэрыялах абвінавачання, Андрэй Краснік, з 2020 года па 2021 год у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» на асабістай старонцы размясціў публікацыі з абразлівымі выказваннямі і пагрозай прымянення гвалту ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.

Ён жа ў сакавіку 2021 года на той жа старонцы ў даступнай форме публікацыі, якая супярэчыць агульначалавечай маралі, устаноўленым правілам зносін паміж людзьмі, з заявамі ў непрыстойнай форме, прынізіў паўнамоцтвы  прадстаўніка улады – ваеннага камісара Гомельскай вобласці.

Абвінавачаны таксама з мэтай арганізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь групавых несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у перыяд з сакавіка па лістапад 2021 года публікаваў на сваёй старонцы экстрэмісцкія паведамленні, накіраваныя на арганізацыю парушэння працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый.

Суд прызнаў Красніка вінаватым і пастанавіў пакараць яго пазбаўленнем волі на тэрмін тры гады і 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства